Ганна з Кацяй пераглянуліся і адмоўна пакруцілі галовамі.
— Якія вы нешчаслівыя! Я ж усё дзяцінства ў лагеры адматала, шэсць сезонаў!
— Як страшна гучыць! — жахнулася Ганна.
— Нічога не страшна! Лепшае, што ўва мне ёсць, выхавана ў піянерскім лагеры! — Аліна перакульнулася на ложку, на секунду ўявіўшы сябе маленькім прыгожым дэльфіняткам, абавязкова — залатым.
— Ага, і неўтаймаваная бадзёрасць круглыя суткі. Вас там, мусіць, у вашым лагеры электрычнасцю катавалі… — Каця нацягнула коўдру па самыя вушы: яна палову гадзіны намагалася заснуць, а Аліна ніяк не супакойвалася.
— У лагеры бадзёрасць проста неабходна, інакш назаўсёды застанешся сярод аднагодкаў мямляй і недарэкай. Трэба быць увесь час наперадзе. Вышэйшай, спрытнейшай і разумнейшай за астатніх. Быць лепшай сярод роўных!
— Нашто траціць энергію? Адсядзелася да канца змены ў куточку — і дадому… — сказала Каця з-пад коўдры.
— Не, калі ты дакладна ведаеш, што вернешся ў гэты лагер яшчэ неаднойчы, трэба ў яго сістэме знайсці сабе ўтульнае месца. Быць лепшай — значыць атрымаць прывілеі перад іншымі. Напрыклад, такую прывілею, як не спаць у дзённы час. Альбо не дзяжурыць па сталоўцы. Альбо з’ездзіць з важатымі ў горад за пакупкамі. Быць духоўным лідарам рэжыму — значыць ніколі па ім не жыць, а жыць па тым распарадку, які ты абярэш для сябе сам. Ненавіджу жыць па чужых рэжымах, люблю прыдумляць свае! — Аліна ізноў перакульнулася на ложку.
— Дык ты заўсёды была з важатымі і рабіла паклёпы на сваіх аднаатраднікаў? — спыталася Ганна.
— Ну чаму адразу такія думкі? Наадварот, я для свайго атрада магла выгандляваць лішнюю гадзіну дыскатэкі альбо паход у краму. Мой электарат быў задаволены. Эх, што з вамі размаўляць…
Аліна перакульнулася яшчэ раз. Яна ўспомніла непераказальную рамантыку піянерскага лагера, у якім правяла васямнаццаць летніх змен: шэсць год запар па тры змены. Лагер быў заводскі, бацькі-рабочыя адпраўлялі сваіх дзяцей на лета прэч з вачэй, каб пасярод дзікага лесу — яловых фітанцыдаў, камароў, вавёрак і папараці — дзеці спасцігалі асаблівасці жыцця ў соцыуме, які вельмі добра ўладкаваны сістэмна, але дужа блага ўладкаваны ў побытавым сэнсе. Немагчыма забыцца на хрыплаваты «пераплюй» падгулялага горна, якім заспаны гарніст неахвотна склікае ўсіх на ранішнюю гімнастыку. Гарніст — ён і не гарніст, а так, проста адзіны з усіх дзвюх соцень дзяцей, які змог здабыць са старога савецкага іржавага горна хоць-які гук. Гімнастыку праводзіць фізкультурнік. Ён ўсю ноч піў чысты спірт і занюхваў яго лагерным плямістым катом. Таму фізкультурнік баіцца нахіліцца ці прысесці, бо адчувае, што адразу ж упадзе. Ён стаіць на адным месцы і хістаецца з боку ў бок, і ўсе дзеці паўтараюць за ім гэтыя немудрагелістыя практыкаванні, гайдаючыся ўлева і ўправа. Пасля актыўнай гімнастыкі — сняданак, пасля сняданку — прыбіранне тэрыторыі. Смецця няма, яго ніхто не кідае долу, бо за такую справу — адбой у восем гадзін вечара, але ў мэтах працатэрапіі важатыя знаходзяць выйсце, і дзеці вымятаюць з карэння елак ігліцу бярозавымі венікамі і збіраюць шышкі. Шышкі падаюць проста на галовы, бо немагчыма сабраць сіламі двухсот дзяцей усе шышкі ў лесе, гэта відавочна — але важатыя думаюць па-іншаму. Гадзіна збору шышак — і прыбіранне тэрыторыі ператвараецца ў шышкавую вайну, потым хлопчыкі ідуць у медыцынскі пункт, дзе ўрач замазвае ім драпіны зялёнкай, а дзяўчынкі выпаўзаюць з-пад лавак і пачынаюць рыхтавацца да конкурсу самадзейнасці. У дзяўчынак адзенне і абутак — агульныя на ўсіх, і пахнуць усе маленькія мамзелькі адной парфумай! Вечарам дзверы карпусоў замыкаюцца на ключ, але кожны ўмее адчыняць іх пры дапамозе шпількі: гэты карысны навык перадаецца з пакалення ў пакаленне. А яшчэ — раз на змену ў лагер абавязкова прыязджае перасоўная станцыя хуткай стаматалагічнай дапамогі. Там усім запар лечаць зубы, нават тым, у каго яны здаравейшыя, чым макеты ў шафцы стаматолагаў. Але самае галоўнае, што выносілі дзеці з піянерскага аздараўленчага летняга лагера, — гэта, канешне, ніякае не аздараўленне, а адчуванне пляча і сяброўства. Праверанае дурным неўладкаваным побытам і жорсткай ломкай сістэмы, у якой здрада нясе табе больш карысці, чым вернасць, — такое сяброўства засталося на ўсё жыццё.
— А «каралеўская ноч» у самым старэйшым атрадзе? Вы ўсім атрадам апоўначы ідзяце на паляну сярод лесу, дзе вашыя выхавацелі і важатыя ўжо расклалі вялікае вогнішча. Вы печаце бульбу, граеце на гітарах і глядзіце ў неба, а там зарапад, жнівеньскі, сапраўдны, знічкі сыплюцца проста на макаўку, ажно не хапае жаданняў, каб загадаць! — пачала ўспамінаць Аліна ўслых.
— І што ты загадала? — пацікавілася Каця.
— Я? Мы з Ромкам у апошнюю «каралеўскую ноч» пайшлі ў заклад, што я стану багатай і знакамітай, арганізую прадзюсарскі цэнтр.
— Чаму — прадзюсарскі?
— Я ў лагеры ўсімі культурнымі мерапрыемствамі кіравала. Шукала таленты і адпраўляла іх на сцэну. І была ў мяне дзіцячая мара — свой прадзюсарскі цэнтр. З мяне ўсе кпілі. Я ж пасля гэтага і пайшла вучыцца — на рэжысёра, бо школы прадзюсараў у нашай краіне не было.
— І як, спраўджваецца жаданне?
— Спраўджваецца, але дужа марудна. Разумееш, паветра ў жніўні такое… густое, хоць рэж яго, жаданняў чалавечых напхана па самы Млечны Шлях, то зоркі ляцяць вельмі акуратна, каб не паламаць праменьчыкі. Вось і мае зоркі ляцелі і прытарможвалі.
— А як жа каханне? Чаму ты кахання не папрасіла? — спыталася Ганна.
— Ну, як гэта — не папрасіла? Папрасіла, не хвалюйся! Аднак мне патрапіліся дужа сквапныя рэжымныя зоркі, якія нічога не разумелі ў каханні, але перфектна разбіраліся ва ўсім, што прыносіць славу і здабытак. Блін, а мой пеньюар жа на Майдане трапеча, як сцяг, як я магла забыцца? Ну, пайду тады голая! — абвясціла Аліна, загарнулася ў прасціну і накіравалася да «пакоя хлопчыкаў».
Ганна і Каця даўно спалі. Аліна вынырнула ад хлопцаў, ціхутка пракралася ў кухню, паставіла на пліту чайнік, выйшла на балкон і прыбрала з твару ўсмешку. Яна дазваляла сабе не ўсміхацца толькі ў той час, калі заставалася сам-насам з адзінотай. Абраная прафесія прымушала Аліну ўвесь час несці радасць людзям.
— Жнівень! Прывітанне! — сказала Аліна некуды ў неба. — Дзе твае знічкі? Альбо яны падаюць толькі для тых, каму шаснаццаць год?
Рыпнулі дзверы. На балкон выйшаў Дзіма. Ён стаў побач з Алінай і закурыў, а праз хвіліну сказаў:
— Кожнай зорцы — свой час. Як у арміі. Трэба чакаць. Дарэчы, можаш зваць мяне — Мо.
Аліна з Дзімам прагаварылі да самай раніцы. Дзіму апанавала бяссонне, а Аліна наогул рэдка спала па начах. Аліна не магла надзівіцца на Дзімаву прыгажосць і вельмі, вельмі злавалася на яго за тое, што ён такі мілавідны. Але а шостай гадзіне Аліна канчаткова вырашыла адкрыць свой прадзюсарскі цэнтр: Дзіма пераканаў яе, што знічкі знічкамі, але за мары трэба змагацца. «Калі б у мяне была мара, — сказаў ён, — я не спадзяваўся б на неба». «Хіба ў цябе яе няма?» — спыталася Аліна і пачула ў адказ: «Я хачу выратаваць свет, але яшчэ не ведаю, ад чаго. Неканкрэтная мара марай не лічыцца!»
Прадзюсарскі цэнтр «MoST» быў адкрыты ў Мінску праз паўгода. Нікому са сваіх таварышаў, якіх Аліна запрасіла да сябе на працу, яна не распавяла, што за намаганні належала прыкласці, каб яе задума спраўдзілася. Аліна проста не хацела, каб сябры турбаваліся. Яна выявіла ў сабе надзвычайную абаяльнасць і пераканальнасць у перамовах, і ў гэтым Аліне дапамог яе ўнікальны радавод — вось усё, што ведаў калектыў маладых спецыялістаў. Пра начныя паездкі да «мяшкоў з грашыма» Аліна маўчала, бо гэта была інфармацыя, лішняя для любых вушэй, нават тых, каму можна даверыць жыццё.
Найперш Аліна накіравалася да аднаго са сваіх старых знаёмых, які ніколі не вызначаўся казачнай дабрынёю, але на той момант, як Аліна з ім сустрэлася ўпершыню, ужо валодаў шыкоўнай лысінай і саліднай маёмасцю. Дзе і як ён зарабіў такія грошы, для Аліны заставалася загадкай. Пагаворвалі, што ён выйграў буйную суму ў казіно, але сама Аліна чуткам не верыла, бо ведала па ўласным досведзе: лёгкія грошы не затрымліваюцца ў таго, да каго прыйшлі з ветрам удачы, і не могуць зрабіць свайго ўладара ні багатым, ні шчаслівым.
Больш за ўсё Аліну здзіўляла тое, як яе знаёмы распараджаўся сваімі грашыма. Грошы яму былі патрэбны ў асноўным для таго, каб прасаджваць іх па французскіх публічных дамах, нямецкіх барах ды кітайскіх рэстарацыях, а потым лячыць хворую пячонку ў Лондане. Жонкі ён не меў, дзяцей таксама. Была ў яго толькі беспародная сука, што прыўкрашвала тыя рэдкія гадзіны, калі ён не бадзяўся па Еўропе, а сядзеў у Мінску. Звалі суку адпаведна яе беспароднасці — Жуля, і ў гэтай мянушцы Жулінаму гаспадару чулася нешта шыкоўна-французскае, шляхетна-гішпанскае і тэатральна-шэкспіраўскае адначасова. Калі ж ён з’язджаў, за Жуляй прыглядаў спецыяльна вывучаны сабачы гувернёр.
І вось, застаўшыся ў сорак пяць гадоў з грашыма, лысінай і Жуляй, адзінокі магнат сабраў сваіх школьных таварышаў у музычны калектыў, даўшы яму меланхалічны назоў — «Мікстура ад тугі», скарочана — «МАТ». Сумныя адзінокія панове спявалі песні ў стылі «шансон», ладзілі выступы, а пасля канцэртаў ехалі да свайго духоўнага лідара дадому і назюзюкваліся ў хламоцце. Дарэчы, ездзілі яны да лідара значна часцей, чым здараліся канцэрты. А яшчэ больш дакладна — яны прападалі ў яго кожны вечар, які ён праводзіў на радзіме.
Звалі старога Алінінага знаёмага — Джэром. Аліна не ведала, ці то сапраўднае яго імя, ці сцэнічны псеўданім, ці наогул мянушка. Яе галаву не займалі такія тонкія дэталі ягонай біяграфіі. Аліна цікавілася ў асноўным фінансавымі гальфстрымамі Джэрома, што расцякаліся ва ўсе бакі і сваёй цеплынёю абмывалі кішэні афіцыянтаў і ўрачоў. Аліна ведала з крыніц, якім можна давяраць: у Джэрома раз-пораз здараюцца вострыя прыступы дабрачыннай актыўнасці, і тады фінансавыя гальфстрымы лашчаць рукі маладых творчых асоб.