Афіцыянтка змоўкла, але сыходзіць не спяшалася. Мікіта усунуў у яе кішэньку яшчэ адну купюру. Афіцыянтка нахілілася да Мікіты і сказала напаўголаса:
— Шчыра кажучы, гэта хлопец маёй… прыяцелькі.
— Нічога сабе! — прысвіснула Ганна, выняла з кайстрачкі некалькі купюр, запхнула дзяўчыне ў кішэньку і спыталася:
— Ці ёсць у вас нумар тэлефона вашае прыяцелькі?
— Так! Яе завуць Таня! — радасна адказала афіцыянтка, напісала нумар на сурвэтцы і паляцела абслугоўваць суседнія столікі.
— Во як! «Учыніце неспадзёўку — здайце лепшую сяброўку!» Вельмі добры сэрвіс, я так лічу! — Ганна задаволена глытнула малочны кактэйль.
— Нешта мне падказвае, што трэба тэрмінова званіць Тані! — занепакоіўся Мікіта. Ён набраў нумар, але пачуў той жа мужчынскі голас, які паведаміў:
— А я пачынаю да цябе прывыкаць!
Мікіта раззлаваўся і кінуў трубку. Ганна спакойна дапівала кактэйль.
— Ці вялікія грошы патрабуюць ад вас? — спыталася яна.
Мікіта напісаў на сурвэтцы: «5 млн еўра». Твар Ганны выцягнуўся, яна скамячыла сурвэтку і, азіраючыся, схавала ў сваю кайстрачку. Потым прашаптала на вуха Мікіту:
— Шукайце, каму Аліна нашкодзіла!
— Дык як жа адшукаеш, ёй кожны другі зайздросціць, а кожны першы яе забіць гатовы!
— Тады шукайце, хто апошні на яе пакрыўдзіўся. Свежыя раны баляць мацней.
Дзіма прачнуўся і азірнуўся. Нічога не змянілася: тыя ж сляпыя вокны, тая ж газовачка, хіба што Аліна не сядзела, а пасопвала побач. Дзіма прыкрыў яе коўдрай і падняўся. Балеў правы бок, драпіны пяклі твар, хацелася ўмыцца і выбрацца з гэтага драўлянага карцара, але ні збана з вадой, ні сякеры Дзіма не знайшоў, хоць і абследаваў яшчэ раз усе куткі. У спадзяванні адшукаць што-небудзь у падпечку, Дзіма забраўся туды — і ўбачыў люк. Сапраўдны жалезны люк з ручкай на крышцы. Хлопец ухапіўся за ручку, пацягнуў люк на сябе, ён са скрыпам пасунуўся наперад. Ад шуму прачнулася Аліна і ўбачыла ніжнюю палову Дзімавага тулава, што тырчала з-пад печкі. Аліна дужа расхвалявалася:
— Дзімачка, што з табой? Ты там захраснуў? Цябе нехта трымае? Давай я табе дапамагу!
— Я не захраснуў! Тут нара! Хачу ў яе залезці! — сказаў Дзіма, выпаўзаючы назад.
— Ты мой Белы Трусік… Ведаеш, лепш не трэба лезці ў незнаёмыя норы, ці мала што там схавана!
— А я не хачу тут сядзець у прыцемках і чакаць, пакуль мяне зноў будуць біць.
— Добра. Тады прапусці мяне наперад, я не хачу, каб падземная пачвара адкусіла табе галаву па самы хвасцец.
Аліна схапіла лямпу, саскочыла з канапкі і паправіла штонікі. У памаранчавым святле бліснула зорка на бляшцы рэменя, што Мотуз-старэйшы перадаў Аліне ў спадчыну. Дзіма ўспомніў татавы метады выхавання, перахапіў з рук Аліны газовачку і палез у нару першы.
Праз некаторы час вузкі лаз ператварыўся ў прыстойны бетонны тунэль такой вышыні, што ў ім можна было падняць рукі ўгару і нават падскочыць. Аліна гэтым і займалася — скакала па тунелі і ўзрушана сакатала:
— Гээй! Як у кіно пра падпольшчыкаў! А калі з-за вугла выбяжыць жудасная пачвара-мутант і захоча нас з’есці? Што мы будзем рабіць?
Дзіма не падзяляў Алінінай радасці і таму сціпла адказаў:
— Аміга мія, я пастараюся прачнуцца, таму што не веру, што са мной можа гэта адбывацца.
— Вой, а мне ж так цікава! Я даўно гэтак не забаўлялася! Уяўляеш — нас могуць «шлёпнуць»!
— Вельмі добра сабе ўяўляю. Мяне тут ужо нашлёпалі.
— Нічога, за аднаго бітага двух нябітых даюць! А на маладым арганізме ўсе шнары зацягваюцца з той хуткасцю, з якой распаўзаецца плесня па «Ракфоры».
— Слухай, — Дзіма прыпыніў хаду і паглядзеў Аліне ў вочы, — мяне цікавіць адно пытанне. Чаму ты ніколі не даеш людзям права выбару? Усе мусяць рабіць тое, што ты ад іх хочаш! Чытаць «патрэбныя» кнігі, слухаць «патрэбную» музыку, насіць вопратку, якую ты лічыш самай прыгожай і зручнай. Гальштукі завязваць правільна. Што гэта за комплекс багіні?
— Ну, Дзіма… жыць сумна. Як сама сябе не развесяліш — то загнешся ад тугі. Вось і весялюся, як умею. А сапраўдная весялосць — гэта працэс, які трэба добра арганізоўваць. Стыхійныя забавы прыводзяць да траўм.