— А піцу?
— Мне нельга, я не зусім упэўнена ў кашэрнасці прадуктаў, з якіх тут яе гатуюць.
— Добра. Два малочныя кактэйлі, — прадыктаваў Мікіта заказ афіцыянтцы, што ўжо стаяла побач і завучана ўсміхалася. Афіцыянтка запісала заказ, гучна паўтарыла яго і знікла, як прывід.
— Дык вось, Ганначка. У нас небагата часу. Меней як суткі да таго моманту, як нас, а можа — і вас, пазбавяць жыцця не самым гуманным метадам. Ад нас патрабуюць грошы, Аліна знікла, а юрыст сцвярджае, што апошнія яе словы перад развітаннем былі пра нейкага дружнага чалавека. Вы пра гэта што-небудзь ведаеце?
— Ай, Аліна, ай, шэльма! Дастала яго ўсё-ткі! Як жа ён там, няшчасны, з ёй змагаецца? Бедны хлопча! — усклікнула Ганна.
— Каго дастала? Хто бедны? — не зразумеў Мікіта.
— Каго-каго. Дзіму Мотуза. Аліна ўсё хадзіла-прычытала, што дужа ён падабаецца ёй, што ён сама пекнасць і прыгажосць, што такіх хлопцаў яшчэ пашукаць трэба!
— Гэта ён — дружны?
— Не, ён, на маю думку, крыху дзікаваты. Дружны — гэта горад, дзе Дзіма пражывае.
— Думаеце, Аліна з’ехала ў Дружны?
— Не выключаю, яна даўно збіралася пазнаёміцца з яго бацькамі.
— Нашто?
— Ну, як… Аліна хацела з Мотузам узяць шлюб, ды толькі ўсё не магла прыдумаць, як зацікавіць у гэтым асабіста Дзіму, бо ён жаніцца не хоча, а на Аліне — дык і ўвогуле, ён жа не самазабойца.
— Паслухайце… а як Дзіма выглядае? — Мікіта трасянуў галавой, каб з самых далёкіх куткоў памяці выкаціліся вобразы шматлікіх хлопцаў і мужчын, з якімі яго знаёміла Аліна па рабоце альбо выпадкова. З гэтых вобразаў можна было адабраць патрэбны і ідэнтыфікаваць яго з тым хлопцам, якога апіша Ганна. Вобразы выстраіліся перад вачамі Мікіты ў роўныя шэрагі — цэлая армія мужчын, з якіх ніводзін не змог зрабіць Аліну шчаслівай.
— У Дзімы чубок набок, доўгі такі чубок, і яшчэ пляма высветленая на чубку, быццам у янота, — сказала Ганна.
Мікіта заплюшчыў вочы і пачаў метадычна аглядаць Алініных мужчын, што ўзніклі ў ягонай памяці. Сярод іх былі тоўстыя і хударлявыя, высокія і нізенькія, чарнявыя і бялявыя, але чубкоў «пад янота» не меў ніхто. Мікіта заплюшчыў вочы яшчэ мацней, глыбока выдыхнуў, і разам з выдыхам перад ягоным унутраным зрокам паўстала маленькая фотакартка. На ёй быў чарнавокі хлопец з тым самым чубком «пад янота». Мікіта ўспомніў, што колькі дзён таму Аліна сабрала дзяўчат у сваім кабінеце, і яны доўга спрачаліся, які тып мужчынскага твару будзе найбольш ёй пасаваць. У выніку, пасля гарачых спрэчак і ўзаемных абвінавачванняў у безгустоўнасці, дзяўчаты напіліся глінтвейну, памірыліся, перацалаваліся і аднагалосна пастанавілі, што менавіта гэты хлопец складзе выдатную пару іхняй дырэктарцы для выхаду ў свет. Аліна тады паказала фотаздымак Мікіту і заявіла: «Знаёмся, гэта мой будучы муж!»
— Ёсць! Успомніў, быў такі персанаж! — узрадаваўся Мікіта. — Напэўна, Аліна паехала да яго. А ў вас няма ягонага тэлефончыка? А то ў нататніку Аліны нічога не знайсці: ці то яна шыфруецца на выпадак вайны, ці то здзекуецца з патэнцыйных шпіёнаў…
— Недзе быў, калі не выдаліла, я нумары ўсіх хлопцаў нядаўна вычысціла. О, знайшла, ён у мяне зваўся Мона Ліза, захаваўся. Толькі самі яму званіце, я не магу званіць мужчынам.
Мікіта набраў нумар Дзімы, і ўжо знаёмы ранішні голас адказаў:
— Прывітанне! Грошы знайшліся?
— Мы… мы над гэтым працуем! — Мікіта паклаў тэлефон на стол.
— Ну, як? — пацікавілася Ганна.
— Блага. Аліна і Дзіма разам, і ёсць такая ў мяне думка, што ратаваць нам давядзецца іх абаіх. Цікава, ці вялікую кампанію людзей арганізавала наша непаўторная арганізатарка перад тым, як іх схапілі.
— Вось, дарэчы, гэта Мотуз, — Ганна паказала Мікіту фота, якое таксама цудам захавалася ў яе тэлефоне. — Ён?
— Ён самы! — адказаў Мікіта, кінуўшы позірк на выяву.
Афіцыянтка прынесла кактэйлі, прыўзняла брыво, паглядзела на фота і ціха шапнула:
— Вой, гэта ж Дзімка!
— Вы яго ведаеце? — у адзін голас перапыталі Мікіта і Ганна.
Афіцыянтка запунсавела і апусціла вочы, але не сышла. Мікіта выняў з партманета хрумсткую купюру і паклаў яе ў маленькую кішэньку фартуху дзяўчыны. Афіцыянтка стала амаль барвовай і ціха прамовіла:
— Так, я яго ведаю, вучымся разам. Дзіма быў тут з маладой дырэктаркай цэнтра гэтага новага… «Мост» ён называецца, — можа, месяцы два таму, альбо тры. Яны заказалі піцу, потым пілі віно, яна Дзіму цалавала ў нос. Увесь час у нос. Ён вельмі бянтэжыўся.