Дзяўчаты падцягнулі рамяні на заплечніках, накіраваліся на трасу Кіеў — Чарнігаў і сустрэліся там са стоперам Ромам, які, па супадзенні, таксама ехаў у Беларусь, і — зусім містыка! — тым жа метадам, што і дзяўчаты: да Чарнігава «стопам», а потым на дызелі.
Аліна пільна прыгледзелася да хлопца і раптам кінулася да яго на шыю:
— Ромка! Рамонак! Як даўно я цябе не бачыла, з часоў піянерскага лагера! Як ты вырас, не пазнаць!
— А ты? Як твой прадзюсарскі цэнтр? Яшчэ не арганізавала?
— Бач ты, усё памятаеш! Не, яшчэ не арганізавала, але я на правільным шляху!
Ехалі Рома і дзяўчаты ў розных вагонах, а калі зноў сустрэліся, як выйшлі з цягніка ў Гомелі, то Рома быў не адзін. Як толькі пасажыры дызеля, схапіўшы клункі, у якіх перавозілі праз мяжу тавары з чарнігаўскага кірмашу для продажу на кірмашах Гомеля па неапраўдана высокіх цэнах, растварыліся ў начной цемры, на пероне засталіся, апроч дзяўчат, яшчэ дзве постаці. Рома прадставіў сваім новым знаёмым Дзіму, загарэлага чорнавалосага хлопца з чубком набок, як носяць эма; праўда, для эма Дзіма быў дужа вясёлым. Выглядаў ён вельмі пакамечаным. Аліна зморшчыла нос. Дзіма заўважыў гэта і сказаў у сваё апраўданне:
— Трэція суткі на трасе. Пыл, сонца… Дадому еду.
— Вы самі з Гомеля? — спыталася Ганна.
— Не, — адказаў Рома. — Я магілёвец, а Дзіма — з Дружнага, гэта пад Мінскам.
— А дзе начаваць будзеце? — захвалявалася Каця. Лёсы бяздомных і безабаронных асобін заўсёды хвалявалі яе куды больш, чым лёсы таленавітых і здатных. Яна ахвотна раздавала грошы бамжам і ніколі не ахвяравала ніводнага рубля вулічным музыкам.
— У парку, на лаўцы. Ці нам упершыню? — перазірнуліся хлопцы.
— А-я-яй, Ганна, трэба нешта рабіць! — захвалявалася Каця ў два разы мацней.
— Што я магу прапанаваць? — задумалася Ганна. — Мы можам разам пайсці ў парк Румянцавых-Паскевічаў і выбраць вам самыя ўтульныя лаўкі!
Аліне Дзіма не прыйшоўся даспадобы: у яго быў вельмі прыгожы твар. Прыгожы той пекнасцю з часопісаў, калі, у залежнасці ад полу, твар гэты можа належаць і дзяўчыне і хлопцу, і адразу не разбярэш, хто перад табой на вокладцы. Аліна не любіла прыгожых мужчын, таму што вельмі часта сутыкалася з тым, што мужчыны карысталіся сваім прывабным выглядам дзеля дасягнення ўласных мэт. Аліна лічыла такое светаўспрыманне выключна жаночай прэрагатывай. Больш за тое, у ёй гаварыла зайздрасць: хоць Аліна была і не дурніцай, але знешнасць яна мела дужа звычайную. Яе сябар Мікіта неяк адзначыў, назіраючы, як Аліна прасуе кашулю: «Калі б ты была яшчэ і прыгожая, з-за цябе мужчыны б вешаліся!» Само сабой, Аліна па-сяброўску адлупцавала Мікіту — дзякаваць Богу, што не гарачым прасам, а гэтае ягонае выказванне запомніла назаўсёды. Таму яна ішла ў парк натапыраная, як вожык, і ўсёй паверхняй цела чакала: калі ж, калі пыльны прыгажун Дзіма пачне зачароўваць яе, такую неабаяльную, але псіхалагічна падкаваную?
Пасля трэцяга літра піва, распітага пасярод нацыяналізаванай раскошы былога маёнтка Румянцавых і Паскевічаў, высветлілася, што Дзіма за дзевятнаццаць гадоў свайго жыцця так і не навучыўся прымяняць прыродныя дадзеныя на практыцы. Аліна так гэтаму здзівілася, што выцягнула з заплечніка пульхны нататнік з тэлефонамі ўкраінскіх мужчын і сунула яго Дзіму ў рукі разам з асадкай:
— Пішы!
— Што пісаць? — не зразумеў той.
— Адрасы, тэлефоны, па якіх цябе можна знайсці. Ты харошы хлопец, губляць сувязі з такім знаёмцам — недаравальна. Пішы! — выбухнула тырадай Аліна.
— Нашто я табе патрэбны? — паспрабаваў адмовіцца Дзіма.
— Пакуль што не ведаю, — паціснула плячамі дзяўчына. — Потым прыдумаю.
Дзіма ацаніў Алініну прамату і аддзячыў ёй, надрапаўшы ў паўзмроку свой мэйл і тэлефонны нумар на апошняй старонцы нататніка. Аліна адразу ж набрала той нумар, што напісаў Дзіма, і ў хлопца ў кішэні зазвінеў мабільнік.
Аліна адцягнула Ганну ўбок, пад гістарычны клён, якіх у парку было поўна, прыціснула да дрэва і прашаптала:
— Ну, што магу сказаць: хлопцы харошыя, не алкаголікі і не наркаманы, вены чыстыя, думкі светлыя, кажуць — не мГаннаць, наўрад ці будуць нешта красці, а калі іх прыкарміць, то вясёлая ноч нам забяспечана. Думаю, можна запрасіць іх да цябе ў госці, каб не калелі на лаўках і Каця лішні раз не пакутавала са сваім неўтаймаваным сумленнем.
Ганна паглядзела на хлопцаў, на яўна паніклую Кацю, на ўзрушаную Аліну і гучна абвясціла:
— Ёсць ідэя — нам усім паехаць да мяне! У кватэры два пакоі — значыць, адзін для дзяўчатак, а другі для хлопчыкаў. Хто супраць?
Ніхто не быў супраць, толькі Дзіма сказаў:
— Ёсць умова. Калі мы з Ромам скінем абутак, вы зробіце выгляд, што нічога не адчулі, добра? Я трое сутак кеды не расшнуроўваў…
— Рыхтуйцеся, хлопчыкі, хутка дзяўчынкі прыйдуць да вас у госці, як у старым добрым піянерскім лагеры! — правуркатала Аліна ў напаўрасчыненыя дзверы «пакоя хлопчыкаў» і вярнулася ў «пакой дзяўчынак», па большасці за тым, каб адшукаць у сваім заплечніку пеньюар, якога там не мелася, бо ён быў шчасліва пакінуты на Майдане ў Кіеве — каб ізноў туды вярнуцца.
— Ты што, сапраўды пойдзеш да хлопцаў? Як гэта можна? — спыталася Ганна, а Каця буйна расчырванелася.
— Пайду. А што такое? — Аліна шукала пеньюар сярод складу рэчаў, што змяшчаў яе заплечнік. — О! Электрашокер, а я думала — згубіўся. Мы ж з імі нічога не будзем рабіць, хлопцы тры ночы нармальна не спалі, я проста хачу зрабіць ім масаж і паразмаўляць пра сёе-тое… о! Набор адвёртак! Клёва, можна што-небудзь адрамантаваць. Добрай фірменнай адвёрткай можна адрамантаваць усё, што заўгодна, акрамя здароўя і біяграфіі. Ведаеце, дзяўчаты, не заўсёды апынуцца ў адным ложку з хлопцам азначае абавязкова мець з ім інтым. У мяне, напрыклад, сёння — настальгія! О, дарэчы, глядзіце, што ў мяне ёсць! — Аліна выцягнула на свет савецкі піянерскі значок. — Вы калі-небудзь праводзілі лета ў піянерскім аздараўленчым лагеры?