Аліна патэлефанавала Джэрому а дзясятай гадзіне вечара: яе папярэдзілі, што званіць днём бессэнсоўна, бо тады ён цвярозы, а як цвярозы, то абсалютна неадэкватны, злы, а здараецца — нават буйны. Прыблізна а дзясятай вечара Джэром бываў ужо добра даты, але надзвычай шчодры, і яшчэ мог звязваць словы ў складана-дапасаваныя сказы.
Аліна падумала, што наўрад ці Джэром успомніць яе: яны былі знаёмыя праз трэціх-пятых-дваццатых асоб і бачыліся зусім не часта. Праўда, сустрэчы былі вельмі прадуктыўныя. Мінулым разам Джэром падарыў ёй пазалочанага Пегаса — сімвал паэзіі, які Аліна вельмі хутка збыла ў адзін з аграгарадкоў пад лозунгам «Даёш развіццё конегадоўлі!», а на выручаныя грошы набыла нармальную аўдыёсістэму.
— Джэром? Ты, напэўна, пра мяне зусім забыўся! Не тэлефануеш, не пішаш… а-я-яй, як не сорамна? — прамурчэла Аліна ў званілку, а ўжо праз дзесяць хвілін імчала насустрач грашам на самай дарагой таксоўцы, бо ведала, што Джэром аплаціць паездку.
Джэром сустрэў Аліну ў персідскім халаце, гучна выдыхнуў: «Ха!» — і ад яго пацягнула алкаголем і тытунём.
— Вітанкі, Заяц! — прамовіла Аліна, пацёрла каленкай каленку і ўвайшла, не счакаўшы запрашэння, у жытло.
— Вітаю, Андатра! Я проста невымоўна шчаслівы бачыць вас у маім сціплым дамку!
Аліна хмыкнула. Джэром заўсёды выдумляў дзяўчатам разнастайныя жывёльныя мянушкі, бо не запамінаў жаночых імёнаў: праз яго ложак прайшло столькі Настачак, Валечак, Кацярынак і Сняжанак, аднолькавых звонку і знутры, што, збіўшыся з ліку і ўшчэнт заблытаўшыся ў іхняй аднолькавасці, Джэром ператварыў свае інтымныя адносіны ў заапарк. Аліне ледзьве не дасталося кодавае імя «Сарна» («Такая ж лёгкая і хутканогая!»), але Аліна тады папярхнулася салодкім «Марціні» і паспяшалася пераназваць сябе ў Андатру, бо слова «Сарна» не лашчыла яе слых. Шчыра кажучы, Аліна ніяк не атаясамлівала сябе з капытнай антылопай, а хутчэй з вадзяной пацучкай — гэткай жа хітрай і спрытнай. Дзякуючы такім якасцям характару, Аліне пагэтуль удавалася шчасліва пазбягаць сексу з Джэромам. І канешне, ёй да колікаў у жываце не падабалася насіць на сабе хоць-якую мянушку, але правілы гульні тут устанаўліваў той, хто быў старэйшы і багацейшы за астатніх.
— А мы тут адпачываем і спраўляем хаўтуры… — трагічна прамовіў Джэром.
— Авой, а што, нехта памёр? — спыталася Аліна.
— Так. Сёння раўнютка дзевяць дзён. Спадарства, арганізуйма Андатры месца пад электрычным сонцам! — звярнуўся Джэром да сваіх гасцей. У зале пачуўся гук перасоўвання мэблі.
Аліна прайшла ў залу і агледзелася. Нічога не змянілася з тае пары, як яна гасцявала тут два гады таму: тое ж мядзведжае футра на дубовым паркеце, тое ж пудзіла ваўчыцы пад фінікавай пальмай, тыя ж нацёртыя да бляску даспехі даўно памерлага сярэднявечнага рыцара, шпагі і мячы ў падстаўцы для парасонаў і рассечаная гэтымі шпагамі і мячамі падвясная столь. Гарэхавы столік пад лямпай з зялёным абажурам, а за столікам — кампанія з малазнаёмых Аліне людзей, сярод якіх было дзве дзяўчыны-бландзінкі. Гаспадар не любіў мяняць інтэр’ер, у якім было зручна арганізоўваць папойкі, і ягоныя госці здаваліся таксама часткай інтэр’ернага дызайну, адухоўленай мэбляй, якая час ад часу казала хвалебныя оды ў гонар гаспадара жылля.
— Хто ж памёр, спадарыкі? — спыталася Аліна і па-кашэчы апусцілася ў крэсла, ад чаго яе непрыстойна кароткая спаднічка зрабілася спаднічкай-невідзімкай. Нехта падсунуў да Аліны чыстую талерку і напоўніў кілішак гарэліцай.
— Ты не спяшайся. Спярша — давай за сустрэчу! — засмучана прамовіў Джэром.
— Давай! — Аліна залпам асушыла кілішак і павольна сцягнула зубамі аліўку са шпажкі.
Джэром забыўся пра сваё гора і шапнуў Аліне на вуха:
— Ах, Андатра, як ты гэта робіш?
— Што? — спыталася Аліна, адчуўшы, што з’едзе адсюль з грашыма і пацягнула руку за другой аліўкай на шпажцы.
— Ясі. Ты ясі проста па-каралеўску. Я заўсёды казаў: чым прыгажэй жанчына есць, тым больш вынаходлівая яна ў ложку! — Джэром падсунуў да Аліны талерку з аліўкамі.
Аліна праглынула аліўку:
— Дык раскажы мне, Заяц, што адбылося і каго больш няма з намі?
Твар Джэрома зноў набыў трагічны выгляд:
— Дзевяць дзён таму не стала маёй сяброўкі.
— Як гэта здарылася?
— Яна захварэла. Я паклікаў лепшага доктара. Дыягназ гучаў як прысуд: цыроз. Яна памірала. Я спытаўся, ці можна нешта зрабіць. Мне адказалі, што мажліва ўсё, але на лекаванне спатрэбіцца многа грошай і цярпення. Ты ж мяне ведаеш, Андатра: я ніколі не шкадую грошай на сяброў! Ёй калолі самыя дарагія лекі. Яна зноў пачала хадзіць, пайшла на папраўку! Я быў шчаслівы, урач таксама: ён дапісваў дысертацыю пра тое, як можна хутка вылечыць цыроз пячонкі новым, дагэтуль не вядомым навуцы метадам!
Джэром наліў сабе гарэлкі і выпіў. Аліна працягнула яму аліўку, але ён не стаў закусваць, толькі занюхаў пітво валасамі бландзіністай дзяўчыны, што сядзела па левую руку ад яго.
— І вось, любая мая Андатра, калі яна ўжо зусім вылечылася, гэты сукін сын павёў яе на праменад… і там яе збіў аўтамабіль! Я быў у Германіі, калі мне паведамілі! Раструшчыў некалькі шыбін у адной дрэздэнскай таверне, плакаў усю ноч, прыляцеў сюды і сказаў яму: яна загінула, але і ты, скаціна, не будзеш хадзіць па гэтай зямлі!
— Ты забіў яго, Джэром? Ты што?
— Не. Я ўсё-ткі чалавек. Я зламаў яму ногі.
Аліна заўважыла на стале фотаздымак у чорнай рамцы. Джэром, пабачыўшы зацікаўленасць госці, адразу ж узяў фота і сунуў у рукі Аліне:
— Вось. Гэта яе лепшы здымак.