— У цябе прыгожы твар, Мо. Заўтра гэты твар мусіў з’явіцца ў свецкай хроніцы…
— Ч-ш-ш. Памаўчы, калі ласка. Толькі руку не прыбірай.
Аліна ўладкавалася, паклала Дзіму галавой сабе на калені і змоўкла. Яна пачувалася няёмка — не таму, што з-за яе гэтаму хлопцу балюча і нічога не зразумела, а таму, што не яна рэжысёр, сцэнарыст і проста жудасная выдумляльшчыца, стала арганізатарам выкрадання з выцісканнем грошай. Нехта скраў яе ідэю, якую Аліна агучыла на адной з нарад «творчага цэху»: схапіўшы бутэльку шампанскага, яна тады ўскараскалася на стол рэстарацыі, у якой адбывалася «нарада», і пракрычала, абярнуўшы некалькі бакалаў: «Сумна мне з вамі, вярхушка творчай інтэлігенцыі! Вы толькі і ўмееце, што піць, жэрці ды песні гарлапаніць! Вось, далібог, трэба вас усіх пакрасці ды па цёмных падполках і падстрэшшах распіхаць, каб неяк разнастаіць ваш вольны час, шаноўнае спадарства!»
Жадайце, каб атрымаць і пашкадаваць, што недакладна сфармулявалі жаданне! Маладая рэжысёрка стала першай ахвярай свайго ж уласнага пажадання, бо была, так бы мовіць, энергетычным цэнтрам творчай кампаніі. І цяпер, седзячы пасярод ляснога масіву са смярдзючай лямпай пад бокам і прыгожым маладым хлопцам на ложку, Аліна нервавалася і злавалася таму, што не ведала, які фінал будзе ў гэтай гісторыі. Як рэжысёр яна прывыкла бачыць канчатковы вынік яшчэ да пачатку мерапрыемства. З дадзенай сітуацыі вынікала як мінімум два фіналы: альбо яна застаецца крыху пакамечанай, але жывой, альбо яе вусцішна забіваюць нікому не вядомыя сквапныя дзядзечкі.
Аліну многія не любілі за ўпёртасць і просталінейнасць у фінансава-творчых пытаннях. У творчасці яна слухала толькі сваю інтуіцыю, а ў папяровых справах давярала выключна юрысту Міхалу Барысавічу. Да таго ж, Аліна дужа хутка ўзляцела на Алімп напаўжывога беларускага шоу-бізнесу і перабегла тым самым дарожку яго карыфеям, што трымалі цуглі эстрады ў сваіх зморшчаных ад старасці мазолістых далонях. «Калі б нашая эстрада была канём, яго належала б застрэліць па медыцынскіх паказчыках, бо ён жа стары, кульгавы, пляшывы і глухі!» — сказала Аліна ў адным з інтэрв’ю і ў той жа момант абрасла з усіх бакоў ворагамі і шпіёнамі. Хаця многія меркавалі таксама, як і яна, сказаць гэта ўслых было недаравальным нахабствам. Але Аліна была маладая і мела намер не ездзіць на хворым кані, рызыкуючы загінуць разам з ім, а вырасціць свайго ладнага, здаровага жарэбчыка, які б слухаў выключна яе каманды і быў сімпатычны на храпу. Аліна ўмела змагацца за свае мары і намеры. Часцяком яна вяла сябе не па-дзявочы жорстка. Але… капітан карабля пад назвай «прадзюсарскі цэнтр» не можа быць мяккім і лагодным, інакш карабель хутка ператворыцца ў інстытут шляхетных мамзэляў.
Дзіма заснуў. Аліна раптам успомніла, як пазнаёмілася з ім.
Гэта здарылася крыху больш года таму, у тыя слаўныя часы, калі яна магла сабе дазволіць такую раскошу, як аўтастоп-вакацыі з заплечнікам за спінаю і сяброўкамі з абодвух бакоў. Дзяўчына толькі што зволілася з дзяржаўнай працы, якая не прыносіла ні грошай, ні задавальнення, і знаходзілася ў пошуках свайго «Я». «Яно можа чакаць на любым скрыжаванні, але для таго, каб сустрэцца з ім, трэба пачаць шлях!»
Быў жнівень, Аліна з Ганнай і Кацяй вярталіся з Украіны. Падарожжа прынесла дзяўчатам нямала прыемных момантаў, але больш за ўсё, канешне, іх уразіў Кіеў. Перш-наперш, сяброўкі прайшліся па святых месцах: Ганна зазірнула ў сінагогу, Каця — у Міхайлаўскі манастыр, а Аліна — на Лысую гару. Праўда, старажытнае паганскае капішча яна так і не адшукала, але хутка забылася пра гэта, бегаючы па Майдане басанож ды галёкаючы:
— Віват, Майдан, сэрца ўкраінскіх рэвалюцый! Які ж ты прыгожы! Так і хочацца арганізаваць стыхійны мітынг, мяне так і цягне! Дзяўчаты, давайце зробім мітынг, невялікі такі мітынжочак, мітынг па-беларуску! Дома нам усё роўна не дазволяць, а тут ніхто не здзівіцца, ва Украіне мітынг — гэта лад жыцця!
— Не трэба, Алінка. Пра што ты тут будзеш крычаць? — паспрабавалі тактоўна пераканаць сяброўку яе спадарожніцы.
— Ды якая розніца? Напрыклад, у свеце скарачаецца папуляцыя хахуль! Гэта дужа маштабная праблема! Уяўляеце сабе, — Аліна ўскараскалася на каменны парапет каля фантана, — нашыя дзеці і ўнукі могуць не ўбачыць хахулю і хахулятак! Без хахулі ў планеты няма будучыні! А потым, — Аліна саскочыла ў цёплую ваду фантана, — потым з-за павароту вынырнуць амерыканскія рэпарцёры, а яны ёсць усюды, дзе адбываюцца мітынгі, сфатаграфуюць нас — і вось мы ўжо ва ўсіх часопісах і газетах пад загалоўкам: «Што вы чулі пра хахуль?» альбо «Хахляча-хахулячая рэвалюцыя!»
— Табе нельга ісці ў палітыку, ты пачнёш трэцюю сусветную вайну і будзеш змагацца на баку хахуль! — зайшлася рогатам Ганна, а Каця пачырванела ад сораму і зрабіла выгляд, што не ведае Аліну. Яна, і праўда, ведала Аліну даволі мала, бо тая была сяброўкай Ганны, і ўжо не адзін раз пашкадавала, што згадзілася прыняць удзел у гэтым экстрэмальным падарожжы.
— А я і не збіраюся ў палітыку. Уся палітыка па-сутнасці сваёй — гэта спрэчкі аб праблемах перыферыйных хахуль, якім усё роўна, што пра іх гавораць сталічныя хахулі: на перыферыі жывуць як жылі і будуць жыць далей, нават калі сталіцу з усім кіраўніцтвам паглыне тарнада. А сталічныя хахулі чым больш гавораць пра перыферыйных, тым хутчэй даходзяць да высновы, што без грошай, якія прыходзяць з перыферыі, яны проста пустое месца. І прыдумляюць вайну альбо рэвалюцыю, каб перамагчы і пераканаць перыферыйных хахуль, што ўвесь час тыя свае грошы аддавалі не проста ў чыесьці кішэні, а на карысць радзімы. Вось і ўся палітыка. Схема адна, змяніць яе нельга, а жыць па ёй — сорамна.
— Я лепш дапамагу хахулям такім чынам, што не буду перашкаджаць ім жыць і распаўсюджвацца! — заявіла Каця.
— А я не скажу сталічным хахулям, што недзе ёсць перыферыйныя, каб тыя не напрыдумлялі новых падаткаў! — сказала Ганна.
Дзяўчаткі хутка адцягнулі ўвагу Аліны ад праблемы абезхахульвання планеты вельмі простым, але заўсёды эфектыўным чынам.
— Аліна, ты толькі паглядзі, колькі мужчын вакол цябе! — падміргнула Ганна.
— О, праўда, як гэта я не заўважыла? З гэтымі рэвалюцыямі ў імя ідэі ніколі не бачыш, што адбываецца ў цябе пад носам! Пікап, прапаную пікап!
— Можа, усё ж такі мітынг? — перапытала Ганна і прыжмурылася.
— Не, пікап — самае тое! О, а давайце ўчынім міжсабойнае спаборніцтва: хто адвязе на радзіму больш нумароў тэлефонаў украінскіх мужчын? У каго будзе менш — з таго шампанскае! — з гэтымі словамі Аліна выцягнула з заплечніка абсалютна новы нататнік, набыты ў кнігарні на Крашчаціку. Аліна вельмі любіла прымаць удзел у спаборніцтвах і ператварала нават звычайныя сяброўскія сустрэчы ў чэмпіянаты — па красамоўстве, пражэрлівасці, выпівошнасці ды іншых смяротных грахах.
Аднаго нататніка для імправізаванай «тэлефаніяды» Аліне не хапіла, але другі яна набываць не стала, і без таго апынуўшыся абсалютнай рэкардсменкай па дысцыплінах: «Хуткасць Знаёмства», «Бессаромнасць», «Флірт» і «Шантаж». Па частцы пікапу Аліне не было роўных.
— Галоўнае — своечасова «саскочыць», каб кансумацыя не абярнулася прастытуцыяй! — павучала Аліна сябровак, што нямелі ад жаху, калі назіралі, як Аліна спакойна падыходзіць да незнаёмых мужчын і заводзіць размовы на абстрактныя тэмы. Праз некалькі хвілін Аліна клікала дзяўчат: мужчыны былі гатовы частаваць пітвом і ежай.
— Ты сапраўдны шчасліўчык! Збягаеш ад непазбежнай расплаты толькі цудам! — гаварылі дзяўчаты, пакідаючы бар, як поле бою — з дрыжыкамі ў нагах.
— Трэба адчуваць момант! — смяялася Аліна. — На што вам патрэбна інтуіцыя? А ў выпадку з мужчынамі можна нават і без інтуіцыі абысціся: у іх жа ўсё на твары напісана вялізнымі літарамі! Прачытала — апрацавала — перавярнула сабе на карысць — сышла з тэлефончыкам і адрасочкам. І ніколі, ніколі не адмаўляйце мужчынам у іх жаданні зрабіць вам прыемнае, калі не хочаце іх прынізіць. А яшчэ… не трэба даваць абяцанняў, якія вы не зможаце выканаць.
Каця, якая амаль што моўчкі назірала за Алінінымі выкрутасамі і не ўзяла ніводнага нумара тэлефона ні ў аднаго мужчыны, нарэшце не вытрымала:
— Дзяўчаты, можа хопіць, паехалі дадому!
Аліна закрыла распухлы ад запісаў нататнік, уздыхнула і згадзілася:
— Сапраўды, самы час, а то наша «тэлефаніяда» хутка перарасце ў перапіс насельніцтва Украіны. Едзем аўтастопам!
— Цягніком! — у адзін голас выдыхнулі Ганна і Каця, якія дужа стаміліся ад адчування небяспекі. Аліна нікога не баялася, бо лічыла, што ў свеце няма дрэнных людзей, ёсць тыя, да якіх складана знайсці правільны падыход. Складана — але магчыма.
Кампраміс быў знойдзены: да Чарнігава аўтастопам, а праз мяжу — цягніком, бо так больш зручна.