— Ну, добра, нешта я помніў, прыкідваўся з месяц, што не помню, бо на мяне ўжо чарнавую ў штабе выправілі, дахаты паслалі: загінуў смерцю героя… Не хацеў я туды, у тую сям’ю, да той жанчыны зноў, разумееш?.. Пісарчуком у штабе зямляк мой быў, я ўгаварыў яго не высылаць болей маёй радні ніякіх дакументаў, сам, маўляў, напішу, што жывы. Але ім пенсію за мяне далі, дык нашто пісаць?..
Калі вайна скончылася, мяне пакінулі ў Прусіі рэпа рацыямі займацца, нагледзеўся я, як палкоўнікі нашы з генераламі барахло вагонамі вывозілі… А я тым ча сам жалеза цягаў, млыны вадзяныя ў прусакоў разбіраў і ў Расію адпраўляў. Раптам аб’яву чытаю ў газеце армейскай: хто памятае, дзе ў сорак першым годзе, пры адступленні, тэхніка наша кідалася, хай паведаміць, а знойдзецца тэхніка — узнагарода. Я і паведаміў, мяне ў самалёт — і сюды. Мы тут якраз адступалі і ў лесе Наратоўскім дзесятак гармат схавалі, не было іх чым і як цягнуць. Тапчуся, блукаю з асабістамі па лесе гэтым дзень, другі — не магу знайсці. І тут нібыта — і не тут. Асабісты нацягаліся — і да мяне з пагрозамі: «Ты што, жарцікі строіць? Захацеў узнагароды? Дык мы цябе!..»
«Давайце, — кажу, — у тутэйшых спытаемся. Можа, бачыў нехта, не іголкі ж у сене». Ды пытацца, аказваецца, нель га, бо не магла Чырвоная Армія ў лясах зброю кідаць. Такая нявыкрутка, я ўжо не рады, што на ўзнагароду тую паквапіўся, а на трэці дзень твая маці да нас на ўзлеску падыходзіць: «Вы не гарматы шукаеце?..» Я, як яе ўбачыў, самлеў: вось яна — узнагарода!
«Гэта праўда, — усміхаецца маленькі Мірон, — а тое, што бацька ўпершыню ўбачыў маці, калі з дзядзькам Мацеем у вёску ўехаў, для некага прыдумана, можа, для Яромхі. Маці за бацьку таму і пайшла, што ён да яе вярнуўся».
— Знайшліся тыя гарматы… За чатыры гады ў балота ўгразлі — адны рулі тырчаць. Мяне на машыну — і ў во бласць. Па ўзнагароду, думаю, а там мне кажуць: «Вайна скончаная, ты дэмабілізаваны, але застаешся салдатам партыі, якая пасылае цябе на фронт калектывізацыі, на арганізацыю калгасаў у вызваленай ад ворагаў Заход няй Беларусі!» Я арганізоўваў калгасы ў Расіі, ведаў, што гэта такое, і падумаў адразу: «Вайну праскочыў, а тут заб’юць!» «Ніяк не магу, — адказваю, — у мяне сям’я дома: жонка і дзяцей двое». «Гэта ўся праблема? — пыта юцца. — Дык мы яе вырашым». І напісалі, каб не чакалі мяне дома, бо загінуў я пры выкананні сакрэтнага за дання. Яшчэ адну чарнавую ў сям’ю маю паслалі, разу мееш? Дзве чарнавыя за адну вайну на мяне прыйшлі, а я ўсё жывы і жывы…
З калгасамі ад мяне не адчапіліся — і я сюды папрасіўся. Калі ўжо калгасы арганізоўваць, дык тут, каб з маці тваёй быць. А там не разводзіўся, бо двойчы забіты — як развядзешся?..
Калі прыйшла другая чарнавая, жонка тая давай ва ўсе канцы пытацца: дык дзе і як мой муж загінуў?.. Ну, і высветлілася ўрэшце, што нідзе і ніяк. Мусібыць, пара мне недзе і неяк загінуць, як ты думаеш?..
Маленькі Мірон думае пра тое, чаму вялікі Мірон, які нідзе і ніяк не збіраецца гінуць, кажа, што загінуць яму пара, гаворыць пра гэта — абы гаварыць. Мірону не прыемна, што бацька, які не пабаяўся ні лясных братоў, ні пісталетаў, баіцца нейкага дваяжэнства, аліментаў, жонкі… Хіба вайна, з якой ён вярнуўся, не страшней? Блытаніна сярод гэтых дарослых… Блукаюць адны ў ад ных, як у лесе.
— Заблукаў я, Мірон, заблытаўся… І вас люблю — і тых шкада, і не жыву ні тут, ні там. Да таго ж — як бы і не жыў яшчэ зусім. На вайне хіба… Ты зноў не паверыш, але вайна — найлепшае, што ў маім жыцці было. Што я да вайны меў?.. Работу з раніцы да ночы. Варочаў ды варочаў зямлю, гной, дровы, каменне… Праўда, ордэн мне далі, сам Калінін начапіў. Я з Масквы ехаў, ордэ нам бліскаў, думаў: «Огого! Цяпер, з ордэнам, зажы ву!..» А з тым ордэнам зноў за плуг. Ды яшчэ паганя юць: гэй ты, з ордэнам, хутчэй давай рухайся, на цябе раўняюцца! І пасля вайны тое ж… Вось і застаецца вай на ва ўсім гэтым, як палонка ў лёдзе. Падплываю і ды хаю… Нехта смерць, кроў успамінае, а я не. Смешнае, вясёлае ў памяці… Ведаеш, якую дзядзьку Мацею, які таксама пакінутую зброю знайшоў, узнагароду далі?.. Веласіпед! А веласіпедаў тых у Кёнігсбергу, як гразі ў Казані. Паўсюль наваленыя, па вуліцах ад іх не праехаць, не прайсці. Ён і кінуў сваю ўзнагароду да кучы. Ранкам прачынаецца, а каля ложка ягонага — два веласіпеды. Ён вон іх адзін за адным, назаўтра ўстае — чатыры! І так дзень за днём: хлопцы не ленаваліся веласіпеды яму цягаць, вар’яцелі ад рогату… На вайне яно так: сёння жывы — сёння шчаслівы. Калі б заўтра вайна, з песнямі пайшоў бы, абрыдла ўсё…
— Не пойдзеш ты нікуды! — паўстае перад Міронам вялікім маці з маленькім Міронам на руках, перакрыва ючы дзверы з хаты ў сені. — Калі царкву парушыш, нам тут не жыць! Ці ты прычыны шукаеш, каб не жыць тут, каб туды падацца?..
Бацька моўчкі адсоўвае маці ўбок і выходзіць. Маці кідаецца за ім, чапляецца ў сенях за парог і ляціць ніцма, прыціскаючы да грудзей, не выпускаючы з рук малень кага Мірона, які балюча б’ецца аб ганак, аб пляскаты ва лун галавой — і з болю, з крыку і плачу ад болю гэтага пачынаецца, запамінае сябе ў свеце: «Аааа!..»
— Мірон! — надрыўна ўслед бацьку крычыць маці. — Мірон, стой, сын твой забіўся!..
Бацька, ідучы падворкам да вуліцы, дзе чакае яго Яромха, з якім пасля стрэлу ў Наратоўскім лесе не спадзявана пасябраваўся ён больш, чым з франтавым сябрам сваім Мацеем, нават не паварочвае галавы.
— Божа ўсемагутны, Божа літасцівы, што ж гэта та кое?.. — сама плача маці, супакойваючы плач Мірона. — Што ж будзе, што будзе?..
Мірон, у якім не замглілася яшчэ дапершаўспамінная памяць, плача, ведаючы, і што гэта такое, і што будзе… Чатыры дні таму бацьку выклікалі ў вобласць — туды, адкуль прыслалі. «З чаго ты ўзяў, што можаш не вы конваць устаноўкі?.. Чаму ты думаеш, што ў сельсавеце тваім могуць быць і царква, і касцёл, і мячэць, і сінагога?..
Тыдзень табе даём, каб разабраўся!..»
Дзвярэй у кабінеце, дзе бацьку ўпікалі, што не вядзе барацьбу з Богам, было двое: праз адны ўваходзіш і вы ходзіш, калі ўсё абыйдзецца і выпусцяць, а праз другія выпраўляешся туды, скуль цябе ўжо ніколі і ніхто, апроч Бога, не дагукаецца. Тыя другія дзверы былі абцягну тыя арэхавага колеру скурай пад колер сцяны, іх цяж ка было ўбачыць, заўважыць, але ўсе пра іх чулі, ведалі і адразу заўважалі, упіраліся ў іх паглядамі і маліліся:
«Госпадзі, хоць бы не туды!..»
Знадворку за тымі дзвярыма, калі ў кабінеце засядалі, дзяжурыў, чакаючы свайго, чорны варанок.
Татарскіх двароў было ў Карунах з тры тузіны, усе на адной, канцавой Татарскай вуліцы, двароў габрэйскіх — утрая менш, усе ў сярэдзіне вёскі, у мястэчку, якое гэтак, Мястэчкам, у вёсцы і называлася. Мячэць і сінагога былі невялічкімі, з дошак ды плашак; татары і габрэі пасля гаворкі з вялікім Міронам самі іх разабралі і перанеслі ў лес, тэрыторыя якога адносілася ўжо да лясніцтва, а не да сельсавета, і з ляснічым і леснікамі татары з габрэямі неяк дамовіліся. З касцёлам старшыня сельсавета такса ма разабраўся, бо ксяндза ў касцёле з вайны не мелася, збег ад страху перад бальшавікамі і не вярнуўся, і палякі, як называлі сябе тутэйшыя каталікі, насуплена, спадыл ба глядзелі, як вялікі Мірон са сваёй хеўрай скідвае з касцёла крыжы і крычыць з верхатуры: «Бальніца тут будзе! Бальніца!.. Лячыцца тут будзеце, а не опій піць, маць вашу перамаць!..»
Заставалася царква. Не так нават сама царква, як поп, талакняны лоб, які пра Міронавы праблемы з начальствам, пра арэхавыя дзверы ў абласным кабінеце і слухаць не захацеў. «Крані толькі святыню! Паўтысячы гадоў яна тут стаіць, да цябе стаяла і пасля цябе стаяць будзе!..»
Да белай, высокай, узнесенай ледзь не ў неба камя ніцы на крутым пагорку над рачулкаю Мірон, Яром ха, Мацей і Ютка ішлі даўжэзнай вясковай вуліцай пад сцішаную лаянку і праклёны. Праваслаўныя карунцы былі не большымі хрысціянамі, чым карунцыкаталікі, хутчэй яны, як і ўсе беларусы, былі паганцамі, але ў іх быў поп, бацюшка.
— Не падыходзьце! Не змушайце грэх на душу браць! — крыкнуў бацюшка з пагорка, па якім узбягала да царквы старадаўняя, як і царква, як і Карунскі замак цераз ра чулку ад яе, з камянёў выкладзеная лесвіца. Стагоддзе за стагоддзем па лесвіцы гэтай падымаліся карунцы да царквы, хрысціліся ў ёй, вянчаліся, адпяваліся… Замак за царквой, ад якога адна кутняя вежа засталася, пару шыла ў першую сусветную вайну руская артылерыя, а царкву ніхто не крануў: ні крыжакі, ні татары, ні шве ды, ні палякі, ні немцы…
«Тратататак!.. Тратататак!..» — пратататакала з царкоўнай званіцы, калі вялікі Мірон з хеўрай, не звяртаючы ўвагі на крыкі бацюшкі, ступілі на першыя прыступкі лесвіцы — і над галовамі іх прасвісталі кулі.
— З кулямёта?.. — здзівіўся Мірон. — Дзе ён кулямёт узяў?..
— А то няма дзе… — адступіў з лесвіцы, падымацца па якой яму і не хацелася, паштар Ютка. — Тут кулямётаў гэтых… І ад першай вайны, і ад другой. Поп ваяваў на першай. Дый дзяк таксама, ён і палівае…
Мірон сплюнуў і дастаў пісталет.
— Поп, дзяк, такрастак!.. Мацей і Яромха на лесвіцы застаюцца, а мы з Юткам з тылу зойдзем.
— Не пайду, — сказаў Ютка, уцягнуты ў барацьбу з Богам толькі праз сваё швагерства з Мацеем.
— Як не пойдзеш?