— Хоць бы сляды знайсці якія… Хоць бы даведацца, дзе ён і што з ім…
Калі скончылася зіма і настала вясна, маленькі Мірон перастаў несуцешна плакаць, ляжаў моўчкі і глядзеў у столь, дзе не было чаго бачыць, ці спаў з адкрытымі ва чыма.
— Страшна, Наста… — казала Альбіна. — Яшчэ страшней, чым плач бясконцы… І што ён бачыць?
— Нешта ж бачыць, я ўжо звыкла, — падыходзіла да калыскі, у якую пераклалі Мірона з люлькі, маці. — Не шта ж ведае…
Неяк у сонечны, ясны і звонкі, з капяжамі, дзень, вяр нуўшыся ці з раёна, ці з вобласці з нейкай добрай вест кай, з маленечкай нейкай надзеяй, маці ні з чаго, про ста з павесялелага настрою спыталася:
— Мірон, наш татка не забіваў нікога?
— Ага, ён табе скажа, — з другога боку калыскі падшла Альбіна. — Дый як гэта не забіваў, калі на вайне быў? — І тут жа спытала сама:
— Мірон, наш татка не забіваў нашага Яромху?.. Маленькі Мірон паглядзеў працягла на Альбіну, на маці, нібы вызнаваў, ці ўсур’ёз яны пытаюцца, і з боку ў бок пакруціў галавой — раз, другі і трэці:
«Не. Не. Не».
— Госпадзі!. — схапілася за сэрца маці і абсела каля калыскі.
— Дзіця галавой пакруціла, а ты за сэрца хапацца… — падала ёй вады Альбіна. — Хоць схопішся тут, я табе скажу… Але ж і Сівакоўскі не забіваў…
— Скуль ты ведаеш?
— У мяне ён быў, калі з Наратоў уцёк, стуль і ведаю! І ў той дзень быў у мяне.
Маці глядзела на Альбіну амаль няўцямна.
— А Яромха?..
— І брат ведаў, у адной жа хаце жылі. На тое і разлік быў… Бандыт хаваецца ў партыйнага сакратара — хто падумае?
— Чаму ж тады Яромха ў Багушы пайшоў?
— Таму і пайшоў, што лавіць у Багушах не было каго… Замірыцца хацеў з Міронам. Замірыўся… Ён і з Міронам мірна жыць хацеў, і з Сівакоўскім… Той яму: пратурым бальшавікоў, зажывём на сваёй зямлі гаспадарамі — дзе падзенешся? Так што думай, глядзі… А сам штодня га рэлку жлукціць, я ўжо не ведала, дзе яе браць. Сама не п’ю, брат у партыйных сакратарах, а я з хаты ў хату па гарэлку… Ну і выгнала! Усё адно ж брата праз яго не стала.
— Калі выгнала?..
— Праз тыдзень недзе пасля смерці Яромхі. Ды не выгнала, калі праўду казаць. Сам пайшоў. Як гарэлку насіць кінула, бо глядзець пачалі, каму ж нашу, сабе, ці што? — так і падаўся. А да гэтага: кахаю, ажэнімся, з саветамі толькі справімся… П’яны з дня ў ноч, з саветамі ён справіцца! Цяпер ведаеш, дзе спраўляецца? Зноў у Наратах, у той самай Сілічыхі, з хаты якой салдаты яго выкурылі! Жаніх…
— Гэта ён каля Багушоў у Мірона страляў?
— Выбіраўся ад нас колькі разоў, так што можа быць… Пра такое ён і п’яны маўчаў.
Маці ўжо зусім не цяміла, што ёй думаць.
— Калі не ён… калі не Мірон… хто ж тады Яромху забіў?
— Дазнаемся, Насця… Маленькі Мірон падрасце і скажа… Толькі забыцца можа, дый чакаць доўга…
Вясна ўзялася такая дружная, што снег сагнала за тыдзень, і ў канцы тыдня злавілі ў Наратах наймалод шага Сівакоўскага — нехта на яго і ўдаву Сілічыху да нёс. Злавілі міліцыянты з тым самым гэбістам, які пры язджаў у Нараты, калі спалілі сыраварню.
Напачатку першага вясновага тыдня не маці, а Альбіна некуды з’ехала, аб’явіўшыся пасля не ў Карунах, а ў Наратах, у Станіславы з Мацеем. Даўно, сказала, не бачыліся… Яна стаяла на вуліцы і глядзела, як нядаўняга яе жаніха, звязанага, запіхваюць у машыну. Той таксама глядзеў на яе, але ні ён ёй, ні яна яму — ні паўслова…
Сілічыху з ім чамусьці не пасадзілі, асобна павезлі на падводзе з двума міліцыянтамі. Хату замкнулі, ключы гэбіст аддаў Мацею Цяжкаробу. «На, карыстайся».
— У мяне і так дзве хаты, — нязграбна ўпусціў клю чы Мацей, нахіліўся іх падымаць, а гэбіст наступіў яму на руку бліскучым хромавым ботам.
— Гэта не тваё, калгаснае… Уцяміў?