Застаецца незразумелым, чаму звесткі пра пчаліных пярэваратняў захаваліся толькі ў шведскіх гістарычных крыніцах. Дужа сумнеўна, што практыка абяртання чалавека ў пчолаў і назад была настолькі звычайнай для Вялікай Літвы, што ніхто не спрамогся пра гэта напісаць, пагатоў XVIII ст. было часам росквіту мемуарыстыкі. Магчыма, што на прыгадванні незвычайных пярэваратняў было накладзена вельмі жорсткае табу. Таму ні ў мемуарах, ні ў дзённіках, ні ў актавых матэрыялах пра гэтую з’яву няма і намёку. Фальклор таксама парадаксальна маўчыць.
Між тым, іншыя неверагодныя здарэнні, звязаныя з пчоламі, атрымлівалі пагалоску сярод прадстаўнікоў розных саслоўяў. У 1764 г. шмат шуму нарабіла вестка пра тое, што ў лясных гушчарах ў раёне Дукоры лоўчыя выпадкова знайшлі дзяўчынку-падлетка, якую выхавалі крывыя пчолы. Мемуарыст Ануфры Анцута пісаў: «Было той дзяўчынцы гадоў дванаццаць ад нараджэння. Па ўсім можна было сцяміць, што доўгі час яна жыла ў лесе сярод дзікіх пчолаў, ад якіх пераняла многія павадкі. Жытло сваё яна збудавала з вецця і травы ў выглядзе пчаліных сотаў. Ніхто не здолеў зразумець, чаму яно адрознівалася незвычайнай трываласцю і як у ім можна было зімаваць без ацяплення. Вопраткай, зробленай з нейкіх раслінаў, дзяўчынка нагадвала пчалу. Гэта так, каб нехта ў нас на рэдуту (маскарад – С.Б.) прыйшоў у адпаведным касцюме і машкары (масцы – С.Б.). На лоўчых, што яе знайшлі, яна спачатку злосна гула, як сапраўдная пчала. Убачыўшы ж, што тыя не забаяліся, дзяўчынка выхапіла з-за пояса доўгі добра завостраны касцяны кій і стала лаяцца беларускай гаворкай: «Не падыходзьце, сукі, а то ўджалю!». Лоўчыя былі не з баязлівых, паспрабавалі кій той адабраць, а грозную дзяўчынку скруціць. Скруцілі, але спярша кожны атрымаў па глыбокай ірванай ране. Таму ехалі дамоў, з крыві сцякаючы. А на ўездзе ў Дукоры на лоўчых наляцелі пчолы, якіх усю дарогу клікала скручаная дзяўчынка. Пчолы не сталі нікога з іх джаліць, а толькі паскідалі лоўчых з коней на зямлю. Джалы ж свае пчолы выкарысталі для таго, каб перарэзаць вяроўкі, якімі была звязаная іх выхаванка. Як што ніводная пчала пасля гэтага не памерла, значыць, былі ўсе з асаблівай пароды, пра якую захавалася шмат казак сярод простага люду. Вызваліўшыся, дзяўчынка ўскочыла на аднаго з коней і паскакала ў лес. Следам за ёй, выкручваючы ў паветры фацэтныя штучкі, паляцелі пчолы».[157]
Карчмар Ёсель Заштопнік, які стаў міжвольным сведкам інцыдэнту на ўскрайку Дукоры, запісаў у сваім дыярыушы фрагмент песні, якую, нібыта, спявала дзяўчынка, з’яжджаючы ў лес:
Здарэнне абмяркоўвалі і ў магнацкіх палацах, і пад сялянскімі стрэхамі. З прычыны спрэчак на гэтую тэму былі сарваныя некалькі павятовых соймікаў. Тэма абрастала неверагоднымі чуткамі. Казалі рознае: што дзяўчынка ўмела лётаць, і лоўчыя кідалі на яе сетку; што дзяўчынка спрабавала адбівацца ад лоўчых не кіем, а трэцім літоўскім Статутам, і той, хто атрымаў ім па галаве, неўзабаве загаварыў па-французску; што дзяўчынка ўцякла не на кані, а на лясным слане, які прыбег на яе покліч; што дзяўчынак было дзве, і адну з іх пчолы лічылі сваёй другой пчалінай маткай. Каб разабрацца ва ўсім, з Менску быў адпраўлены адмысловы атрад вершнікаў. Яны спрабавалі знайсці тую дзяўчынку, але пошукі выніку не далі. Таму на ўзроўні ваяводства, а потым на агульнадзяржаўным узроўні было абвешчана, што ніякую дзяўчынку дзікія пчолы не выхоўвалі, а ўсю гэтую гісторыю выдумалі і распаўсюдзілі расійскія агенты. У адказ на гэта расійскі пасол Мікалай Рэпнін выказаў рашучы пратэст («Неча на пчелок пенять, коль рожа крива»), а прарасійскія сілы ініцыявалі прысутнасць расійскіх войскаў на Сойме Рэчы Паспалітай 1764 г.[159]
На хвалі Асветніцтва і адноснага павелічэння ролі навукі адбылася першая і ці не адзіная спроба даследаваць феномен крывых пчолаў. З 1776 па 1778 год гэтым займаўся доктар Гуга Губерт, які працаваў ў Гарадзенскай медычнай школе пад патранажам Жана Эмануэля Жылібера. Навуковец спрабаваў высветліць некалькі рэчаў: 1) чаму крывыя пчолы, джалячы, не паміраюць? 2) якое рэчыва, што выпрацоўваюць крывыя пчолы, прымушае ўджаленых пераходзіць на беларускую мову? 3) гэтае рэчыва выпрацоўваецца незалежна ад вонкавых фактараў ці яго выпрацоўка мае сувязь з прыродна-кліматычнымі асаблівасцямі і адметнасцямі флоры рэгіёна?
Каб наблізіцца да адказаў на ўсе гэтыя пытанні Губерту давялося добра павыжыльвацца. Ён рабіў стаўку на эмпірыю, таму мусіў шукаць крывых пчолаў ці замаўляць пошукі, а тады разбіраць іх ледзьве не па «вінціках». Штораз, калі доктар клаў на стол чарговую паддоследную пчалу, на будынак медычнай школы налятала цэлая хмара пчаліных раёў. Служкам даводзілася шчыльна зачыняць усе вокны і дзверы, спадзеючыся, што ніводная пчала звонку ў школу не патрапіць. З крыніцаў вядома, што Губерт знайшоў адказы на ўсе пастаўленыя пытанні, але для паўнаты карціны вырашыў выпрабаваць джаленне на сабе, каб вывучыць і атрыбутаваць усе сімптомы, а таксама праверыць змены, якія адбываюцца ў крыві. Аднак, як толькі навуковец дазволіў некалькім крывым пчолам яго ўджаліць, даследаванні спыніліся.
Доктар асабіста вырашыў больш не займацца гэтым. Ён узяў усе запісы, якія рабіў у часе сваіх эксперыментаў (пяць важкіх рукапісных тамоў) і без шкадавання спаліў у грубцы, раструшчыўшы попел чапялою. Пасля доктар Гуга адчыніў вакно і выпусціў рэшту крывых пчолаў, якія ўтрымліваліся ў яго лабараторыі. Неўзабаве даследнік сабраў торбу толькі з самымі неабходнымі рэчамі і рушыў да выхаду. Прыдзвернік, які заўсёды цікавіўся ў Губерта пра новыя дасягненні еўрапейскіх навукоўцаў, звыкла спытаў на польска-французскай трасянцы: «Quoi de neuf na zachodzie?». У адказ доктар сумна ўсміхнуўся, прамовіў па-беларуску: «Усе брэшуць» і паспешліва пакінуў будынак школы. Больш яго ніхто ніколі ў Гародні не бачыў.[160] Хутчэй за ўсё, ён падаўся ў лес, дзе стаў слугой сакральнага пчаляра, каб выкупіць тым самым грэх знішчэння крывых пчолаў дзеля навукі.
Гуга Губерт справакаваў джаленне самога сябе для эксперымента. Памянёны ў пачатку гэтага нарыса Міхал Вінярскі-Пухоўскі (ці яго прататып) быў уджалены з-за намеру пакаштаваць мёду. А ці былі ў XVIII ст. людзі, якія свядома ішлі пад джалы крывых пчолаў, каб навярнуцца ў беларушчыну? Безумоўна, былі. Сакральныя пчаляры пад выглядам пчаляроў звычайных, а таксама святары-пчаляры, працягвалі ў гэты час праводзіць пчаліную ініцыяцыю не толькі дзяцей, але і дарослых. Сярод апошніх былі мужчыны і жанчыны розных станавых групаў.
Па ўсім відаць, ініцыяцыю прайшоў «князь Мірскі, стары, чуллівы кавалер», пра якога згадваецца ў Каятана Крашэўскага.[161] Князь бегла размаўляў па-беларуску, не здраджваў гэтаму нават у нясвіжскім замку Радзівілаў. Там ён як прыдворны «рэзідэнт» часцяком іграў на гітары, спяваючы розныя песні, у т.л. і старабеларускія. Удзельнікі вечарын любілі за ім назіраць: «кожны раз наступаў такі момант, калі князь здымаў з поясу невялічкую біклажку, адсёрбваў з яе нешта, вешаў назад і пачынаў спяваць песню, якая чамусь падабалася ўсё разнашорснай кампаніі, што збіралася ў Радзівілаў».[162] На жаль, да нашага часу дайшоў толькі пачатак гэтай песні:
Дуклан Шымбалоўскі ў сваіх мемуарах згадвае «гладкую заможную шляхцянку» Ліцынію Фядзюшку, якая ўлетку 1750 г. адправілася ў лясы каля Чашнікаў да пчаляра. Там яна «абрады таемныя язычніцкія мела і на даўнім беларусінскім дыялекце размаўляць пачала. Скажаш ёй: «Prosze pani», а яна папраўляе: «Не, Prosze pani, а Калі ласка, гаспадыня». Многіх кавалераў, адданых пальшчызне, тым беларусінствам сваім адпудзіла. Зрэшты, яна пра іх і не думала – два разы на месяц да таго пчаляра ездзіла, бо ўпадабала, як той па-майстэрску яе голую мёдам мазаў».[164]
У 1771 г. да сакральных пчаляроў у лясы за Рудняй Гулевай з Гомея ўцёк мешчанін Нічыпар Кутчонак, які «выпадкова спаліў карчму Арыстарха Дайнекі, дзе бочак з сядзёрам мязговым шмат было». Да гэтага здарэння гамяянін мала чым адрозніваўся ад большасці іншых мяшчан. Сакральнаму пчалярству не спачуваў. Але абставіны змусілі ратавацца ўцёкамі ад «окономов потужних», якія за спаленую карчму хацелі пазбавіць яго жыцця. Адзіным рэальным выратавальным прытулкам былі лясныя пасекі. Пчаляры паставіліся да прыбыша з недаверам, мяркуючы, што гэта шпег царкоўнікаў ці «окономов». Але мала таго, што сам Нічыпар «слёзна прасіў іх дазволу зазнаць таемнасць старажытнага абраду», дык і «пчолы ўчынілі яму нечуваную спагаду». Іх выбару пчаляры пярэчыць не маглі. Гомейскі мешчанін быў навернуты ў «сваявіцу». Яго пераследнікі каля вёскі Галоднае (досыць блізка ад крывой пасекі) нечакана натрапілі на расійскі атрад, які палічыў тых удзельнікамі Барскай канфедэрацыі і разбіў у непрацяглым баі. Пазней, гэтыя расійскія салдаты ніяк не маглі патлумачыць ні сабе, ні сваім камандзірам, якім чынам за гадзіну апынуліся за сто вёрст ад месца сваёй асноўнай дыслакацыі, дый яшчэ на іншым беразе Сожа, хаця былі пэўнымі, што раку нідзе не пераходзілі.[165]
Здаралася, некаторыя дзеля якіхсьці сваіх выгодаў свядома хлусілі, што прайшлі праз мядова-пчаліны абрад. Так, у 1790 г. на Койданаўшчыне нехта Ежы Чаплеўскі, калі пасланцы яго крэдытора прыехалі спаганяць запазычанасць, раптоўна загаварыў па-беларуску і заявіў, што польскай мовы не ведае. Пры гэтым ён спаслаўся на тое, што «хадзіў у лес, дзе яго пчала беларуская ўджаліла». Калі ж прыехаў сам крэдытор і стаў размаўляць з Чаплеўскім на чысцюткай беларускай мове, «хітрун і паловы словаў зразумець не змог, чым выкрыў сваю сімуляцыю і мусіў аддаваць доўг з усімі належнымі працэнтамі».[166] Дарэчы, фраза «Тебя что, пчела белорусская (литовская) укусила?» доўгі час была пашыраная сярод расійскіх салдат і чыноўнікаў, якія працавалі на беларускіх землях пасля падзелаў Рэчы Паспалітай. Звычайна, яе адрасавалі таму з расійцаў, хто знянацку дапускаў у сваёй мове ўжыванне беларускіх словаў і канструкцый ці пачынаў спачуваць розным праявам беларушчыны.[167]
Удзел сакральных пчаляроў у барацьбе за захаванне цэласнасці Рэчы Паспалітай улучна з паўстаннем Тадэвуша Касцюшкі і Якуба Ясінскага выглядае праблематычным. Шляхецкая рэспубліка, якая перарадзілася ў некіраваны кангламерат магнацкіх уладанняў, не выклікала ў пчаляроў ніякіх сімпатый. Яны не збіраліся ваяваць за дзяржаву, дзе не было пачэснага месца для старабеларускай мовы і традыцыйнай культуры. Зрэшты, яны разумелі, што і з прыходам расійскіх улад сітуацыя на карысць беларушчыны наўрад ці зменіцца. У верасні 1789 г. сакральныя пчаляры сабраліся на агульны сход, які атрымаў назву Мядовае веча. Сход адбыўся на адной з буйнейшых легальных пасек пад Заслаўем. У ім удзельнічала блізу сотні чалавек з розных куткоў Вялікай Літвы, у т.л. з тэрыторыі, якая ў 1772 г. адышла да Расіі. Вечавыя мужы, як яны сябе называлі, выпрацавалі агульную пазіцыю для ацэнкі сітуацыі ў краіне. Згодна з прынятым рашэннем сакральныя пчаляры і ўсе, хто быў з імі звязаны, абавязваліся дакуль існуе Рэч Паспалітая «ляхам и ляхолизам не помогати, але и москолям никоторого успоможеня не давать», дзейнічаць «з узроком на обставины, боронити родные пасеки и селения подле их, егды в обороне надоба будеть. Боронити и от одных, и от других, да не забывати, што и потужныя окономы албо крепкия хозяйственники нашому брату ворогами есть».[168] Гэта быў добра апрабаваны ў ранейшыя часы шлях стварэння атрадаў самаабароны. Землі, якія знаходзіліся пад іх кантролем, з’яўляліся пэўны час фактычна аўтаномнымі адзінкамі з цалкам крыўскай уладай. Вацлаў Ластоўскі ў 1937 г. характарызаваў гэтыя адзінкі як Крыўскую пчалярскую тэакратычную рэспубліку.[169]
Пчалярскія аўтаноміі маглі існаваць ва ўмовах слабой улады і хаосу перыяду падзелаў Рэчы Паспалітай. Расійская імперыя, завяршыўшы ў 1795 г. далучэнне амаль усіх вялікалітоўскіх земляў, стала праводзіць палітыку ліквідацыі ўсялякіх вольнасцяў. Сакральным пчалярам таксама давялося зведаць уціск, супраць якога атрады самаабароны былі бяссільнымі. У 1796 г. з блаславення імператрыцы Кацярыны ІІ з’явіўся сакрэтны цыркуляр «О некоторых мерах для упорядочения пчеловодства на землях вновь приобретенных», частка якога мела характар выразна скіраваны супраць сакральнага пчалярства: «Отныне пчеловодом в любом их облике (пасечник ли, бортник ли) строго возбраняется заниматься чародейством и прочей языческой непотребщиной. Тако ж и чародеям да прочим ласкателям непотребных языческих суеверий строго возбраняется заниматься пчеловодством в любом виде оного».[170]
Гэта быў вельмі моцны ўдар, які істотна звужаў магчымасці легальнай ці паўлегальнай дзейнасці сакральнага пчалярства. Многія пчаляры мусілі па даўняй завядзёнцы перабірацца ў лес. Тыя ж, хто вырашыў застацца пры вёсках, знаходзіліся ледзьве не пад пастаянным наглядам паліцыі. Не лягчэй даводзілася і пчалярам-святарам, бо нават у праваслаўных цэрквах на беларускіх землях расійскія ўлады пільнавалі і намагаліся выкрасліць любую яўную і ўяўную крамолу. Некаторыя вёскі, звязаныя з сакральным пчалярствам, расійскія ўлады наўмысна абралі для стварэння на іх месцы ваенных пасяленняў (праект Аракчэева). Вяскоўцаў прымусова перасялялі ў Новарасійскі край, вёскі разбуралі, каб потым пабудаваць пасяленні з аднолькавымі хатамі для расійскіх салдат. Гэта вельмі нагадвала тактыку Івана Жахлівага ў часе Полацкага этапу Лівонскай вайны. Пасекі знішчаліся разам з пчоламі. Да пчальнікоў выпраўлялі «дымную инфантерию», як жартам называлі салдат, якія пад покрывам дыму, падпальвалі вуллі.[171]
Зрэшты, на Случчыне, недалёка ад Грозава існавала даволі вялікая пчалярская вёска Мецішча, на тэрыторыю якой дзеянне памянёнага цыркуляра не распаўсюджвалася. Чаму царызм зрабіў для яе выключэнне, дагэтуль высветліць не ўдалося. Заўважым, што разам з тым царскія ўлады досыць працяглы час не імкнуліся запыніць паланізацыйныя працэсы, а кожнаму новаму пакаленню тутэйшых «крепких хозяйственников» стваралі спрыяльныя ўмовы. У 1801 г. землеўладальніку Івану Лупандзіну і купцу Васілю Мяргасаву расійскі ўрад узычыў выключнае права на вытворчасць і продаж у межах «земель вновь приобретенных» напою, які быў афіцыйна зарэгістраваны ў імперыі пад назвай «Сидр белорусский особый».[172] Такім чынам, улады, па сутнасці, санкцыянавалі новы віток сядзёрызацыі жыхароў нашага краю.
Здавалася б, увесь комплекс мерапрыемстваў павінен быў даць царызму чаканы плён. Аднак разлікі не спраўдзіліся. Урад зразумеў, што спыніць беларушчыну сядзёрам і пальшчызнай не атрымаецца. Таму ў 1831 г. імператар Мікалай І «высочайше рекомендовал» завозіць «в западные губернии боле меду из внутренних российских губерний». Апроч таго прадпісвалася «мед, добытый в белорусских и литовских губерниях, никогда не подавать на продажу без предварительной нарочной обработки с негласным, но обязательным добавлением разного рода приправ, желательно великорусского происхождения». Тлумачыўся гэты захад тым, што «пчелы в Северо-Западном краю Отечества нашего Российского чрезмерно неприхотливы в выборе цветков для изымания нектара. А посему часто тащат в ульи нектар неудобоваримых либо даже откровенно ядовитых растений, по причине чего мед у оных получается вредным для душевного здоровья подданных Нашего Императорского Величества».[173]
Практыка дастаўкі ў Беларусь мёду з іншых краёў, як і яго навязлівая рэклама, працягваюцца аж нашага часу. Але эфект ад «чужамёдніцтва» (тэрмін сучаснага пчаляра Віктара Карэбы) быў і застаецца непрадказальным. Камусьці чужы мёд робіць амаль поўную «перапрашыўку» свядомасці, а кімсьці ён не засвойваецца нават на ўзроўні страўніка. У 1835 г. на Любавіцкім кірмашы ў Магілёўскай губерні, дзе было вельмі шмат уладзімірскага і суздальскага мёду, медыкі зафіксавалі шэраг атручванняў сярод пакупнікоў і «пробователей приценщиков». Паліцыя збіралася прыцягнуць прадаўцоў да адказнасці. Аднак высветлілася, што многія іншыя, хто купляў ці каштаваў тыя самыя гатункі мёду не пацярпелі. Скрупулёзны следчы з Магілёва Аўлас Празаркевіч выявіў дзіўную заканамернасць: «расстройства желудка от сих медов обрели лишь покупатели, говорящие на чистейшем белорусском наречии. Иные же все едоки тех же медов изволят говорить на российском, польском и жуткой смеси разных славянских говоров». Ён хацеў заняцца высвятленнем прычын гэтага, але прадстаўнік «Трэцяга аддзялення» па Магілёўскай губерні працягваць следства забараніў. Паліцыянт жа быў накіраваны служыць на Каўказ.[174] Цікава, што і ў нас час з усімі яго моўна-культурнымі асаблівасцямі іншым разам даводзіцца фіксаваць нараканні беларускіх спажыўцоў на тое, што прывазны «мёд, который предлагают покупателям на выставках и ярмарках мёда, зачастую некачественный».[175]
Так званая 2-я экспедыцыя «Трэцяга аддзялення» імператарскай канцылярыі, якая здзяйсняла нагляд за рэлігійнымі сектамі, у Беларусі сачыла не толькі за пчалярамі, але і за лірнікамі. Старцы ці сляпцы-лірнікі ўяўляліся царскім шпікам небяспечнай сектай, якая перашкаджае русіфікатарскай палітыцы. Трэба прызнаць, што лірнікі заўсёды адыгрывалі важную ролю ў захаванні пракаветных этнічных традыцый, былі яе вольнымі рэтранслятарамі ў розныя эпохі, у т.л. і ў часы царскае цэнзуры і русіфікацыі. Калі яны збіраліся разам для абмену навінамі, пачутымі ў вандроўках гісторыямі, вершамі і песнямі, то абавязкова ладзілі пір з адмысловым мядовым напоем. Напой гатаваўся загадзя. У вялікі кацёл клалі соты з вулляў крывых пчолаў, разводзілі крынічнай вадой і варылі, потым злівалі ў бочачку і спажывалі халодным.[176]
5 жніўня 1847 г. вялікая група лірнікаў ладзіла такі пір у Віцебску. Пра гэта ведалі супрацоўнікі «Трэцяга аддзялення» і вырашылі падкарэктаваць яго сцэнар. Падрыхтаваную бочку з мядовым напоем таемна замянілі бочкай з валагодскім прэсным квасам. Ледзьве лірнікі паспелі асушыць па адным карцы з падмененай вадкасцю, як ва ўсіх іх схапіла жываты, пацягнула на ваніты і ў літаральным сэнсе заняло мову – яны сталі нямымі. І ў гэты ж час на дом, дзе пір адбываўся, быў здзейснены паліцэйскі налёт. Знямелых сляпцоў схапілі і звезлі ў невядомым кірунку. Гісторык Эрык Бампліміт мяркуе, што падобныя аперацыі праводзіліся па ўсёй Беларусі. Можна толькі здагадвацца, які непапраўны удар быў нанесены царскімі цэрберамі па беларускай традыцыйнай культуры. Дарэчы, захаваўся тост, які на віцебскім піры лірнікі прамовілі ўсе разам: «За родных пчол і за Крыўю наўкол!».[177]
Вы спытаеце: а як жа нашы Пачынальнікі – Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Ян Баршчэўскі, Уладзіслаў Сыракомля, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і іншыя? Натуральна, іх цікавасць да беларушчыны вельмі спакусліва звязваць з уплывам сакральнага пчалярства. Аднак слядоў гэтага ўплыву ў большасці з іх чамусьці не знаходзіцца. Захапленне краёвай гісторыяй, этнічнымі традыцыямі і мовай з’явілася ў іх на моднай хвалі рамантызму, што прыйшоў з Заходняй Еўропы. Калі б Міцкевіч ці Чачот ці яшчэ нехта прайшлі хаця б частковую мядова-пчаліную ініцыяцыю, гэта было б добра заўважна – і моваю твораў, і тэматыкай. А так выглядае на тое, што «Пачынальнікі» або не ведалі пра традыцыю сакральнага пчалярства, або ўпарта адмаўляліся хоць нейкім чынам асацыяваць сябе з ёй. Апошняе цалкам зразумела, калі ўспомніць «матку Польску», «польскі мёд», «польскія цноты» і іншыя ідэалагічна польскія элементы ў іх польскамоўнай творчасці.
Але гэта не віна, а бяда «Пачынальнікаў», якія не здолелі кволыя парасткі ўласнай цягі да беларушчыны ўмацаваць святымі джаламі крывых пчолаў (хаця напоі на крывым мёдзе ўсё ж калі-нікалі ўжывалі). Тое ж можна сказаць і пра тых тутэйшых ураджэнцаў, хто любіў Беларусь выключна як частку Расійскай імперыі – «западноруссы», накшталт Міхаіла Каяловіча. Прыхільнікі сакральнага пчалярства заставаліся па-за гэтымі ідэйнымі плынямі, мусячы каторы раз знаходзіцца ў падполлі. Аднак яны заўжды былі побач з народам і ў разе неабходнасці праяўлялі немалую актыўнасць у самыя складаныя часы.
У 1812 г. сакральныя пчаляры не верылі ні Напалеону, ні Аляксандру І, ні апалячаным элітам, якія прэтэндавалі кіраваць адроджаным Вялікім княствам Літоўскім. Менавіта ў пчалярскім асяроддзі і паміж звязаных з ім партызанаў з’явілася знакамітая прымаўка: «Каб пранцуз пабіў маскаля, дый сам не вярнуўся».[178] Нярэдкімі былі факты выкарыстання крывых пчолаў супраць французаў і расійцаў. Большая іх частка беларусізавалася. Сярод такіх варта назваць француза, які прымкнуў да віцебскіх партызан, стаў спавядаць «народнае хрысціянства» у яго праваслаўнай версіі і ўзяў прозвішча Машэра. Гэта быў прапрадзед кіраўніка Савецкай Беларусі Пятра Міронавіча Машэрава.[179]
З прыкладаў навяртання расійцаў можна назваць Мікіту Варанцова. Спачатку ён быў адным з удзельнікаў праўрадавага партызанскага руху на чале з сумнавядомым Дзянісам Давыдавым. Аднак увосень 1812 г. пад Бялынічамі Варанцоў трапіў у засаду пчаліных партызан, быў увесь чыста пераджалены крывымі пчоламі і, узяўшы мянушку Крук, стаў у выніку адным з радыкальных камандзіраў (сотнікаў) крыўскай народнай «гверыльі», як ён на іспанскі манер называў партызанскі рух. Яго «загон» (атрад) у час фінальных акордаў вайны добра патрапаў нервы і расійскім, і французскім войскам.[180] Часткова захаваўся тэкст песні (хутчэй за ўсё, літаратурнага паходжання) пра сотніка Крука:
Мяркуецца, што Мікіта Крук загінуў у баі з перадавым атрадам Дзяніса Давыдава.
Падчас паўстання 1830–1831 гг. сакральныя пчаляры сваёй галоўнай задачай бачылі супрацьдзеянне карным атрадам бакоў, якія ваявалі тады паміж сабой. Найбольш лютымі сярод апошніх былі паўстанцкія фармаванні Вінцэнта Матушэвіча і атрады казакоў ды чаркесаў пад камандаваннем Пятра Вярзіліна. Іх узаемная люць нярэдка абрыналася на тых, хто трапляўся пад гарачую руку. Што адзін, што другі бачылі свет выключна чорна-белым і патрабавалі ад жыхароў заходніх беларускіх губерняў засведчваць сваю грамадска-палітычную прыхільнасць. «Ты ці з Польшчай, ці з Масквой – трэцяй дарогі няма», – любіў паўтараць Матушэвіч.[182] «Никому не позволено быть черкесом иль поляком, не возлюбив прежде любовью могучей императора российского», – сцвярджаў у сваю чаргу Вярзілін.[183] І вось у такога кшталту шчамлётках сакральным пчалярам даводзілася рабіць усё магчымае і немагчымае, каб зберагчы сябе і носьбітаў даўніх крыўскіх традыцый. «Дзе матусэвічы і вярсіліны, для сваявіцы няма на’т шчыліны» – яскравая пчалярская прыказка з таго часу.[184]
Буйны інцыдэнт адбыўся ў траўні 1831 г. на пасецы ў наваколлях вёскі Жупраны Ашмянскага павета. Атрад чаркесаў спытаўся ў пчаляра: «Ты за царя батюшку аль за мерзких полячишек?», на што атрымалі сумленны адказ, падобны на рытуальную формулу: «Я ні мала, ні многа за сівога Бога, за крывых пчол, за сваявіцы удол». Чаркесаў гэта раззлавала і яны паспяшаліся схапіцца за шаблі, каб пасекчы пчаляра. Але, як паведамляе сведка падзей «во мгновение ока в руках оного оказалась огромная жужжащая дубинка». Карнікі адразу і не зразумелі, што «дубинку сию составили быстро собравшиеся в руках хозяина пчелы. И когда первые приблизились с саблями наголо к пасечнику, оный огрел их и лошадей, что были под ними, пчелиной дубинкой. От удара и острых пчелиных жал произошло падение, ставшее поводом для общей сумятицы. А понеже пасечник ни на миг не прекращал махать оной грозной дубинкой, то во времени скором смешались в кучу кони и люди, застонав от многих ран».[185] Джаленне прычыніла чаркесам істотную шкоду, але не падзейнічала ў сэнсе навяртання ў беларушчыну. Ім давялося ганебна адступіць, а пчолы з пагрозлівым гудзеннем дзесяць вёрстаў суправаджалі іх адступленне. Магчыма, таму карнікі так і не наважыліся на акцыю адпомсты.
Сакральныя пчаляры стаялі каля вытокаў антыалкагольнага руху, які разгарнуўся ў Беларусі сярэдзіны ХІХ ст. У многіх вёсках узніклі таварыствы і брацтвы цвярозасці. Вяскоўцы, а пазней местачкоўцы і нават гараджане публічна і добраахвотна давалі зарок не піць ніякіх алкагольных напояў. Антыалкагольны рух разгарнуўся вельмі імкліва і масава, што царскія чыноўнікі былі ў збянтэжанасці.[186] А «крепкие хозяйственники» сталі біць у звон, патрабуючы разабрацца з прычынамі адмовы сялян да алкаголю. Губернатары і іншыя чыноўнікі «западных губерний» мусілі пісаць у Пецярбург, паведамляючы, як катастрафічна падаюць прыбыткі адкупшчыкаў, казна зазнае страты, а «одновременно с уменьшением пьянства наблюдается значительный подъем самосознания населения». Магчыма, што апошняя акалічнасць хвалявала царскія ўлады ў найбольшай ступені. Імператар Аляксандр ІІ нават выклікаў «на каберац» і некалькі гадзін пясочыў віленскага генерал-губернатара Уладзіміра Назімава на прадмет скасавання таварыстваў і брацтваў цвярозасці. Спачатку вырашылі дзейнічаць пры дапамозе правакацый і «угаворванняў».
Пачалася магутная прапагандысцкая кампанія, якая даводзіла, што ўжыванне алкагольных напояў ёсць вельмі карысным, асабліва для людзей фізічнай працы. «Хочешь пахать, как могущественный бык? Сие весьма просто! Выпи сидра белорусского особого да водочкой русской закуси!» – заклікала тагачасная рэклама,[187] а «крепкие хозяйственники» з разлікам, што п’янства неўзабаве вернецца, сталі апускаць цэны на сядзёр і гарэлку. Іншым разам агенты «хозяйственников» развозілі алкагольныя напоі па вёсках і ставілі цэлымі вёдрамі на вуліцах, спакушаючы тых, хто даў антыалкагольны зарок. Аднак людзі аддавалі перавагу мёду крывых пчолаў і разнастайным напоям на яго аснове. Ніжэйшыя сельскія чыноўнікі пагражалі сялянам расправай.
Але справа на карысць царскіх уладаў і іх гаспадарлівых лёкаяў так і не вырашылася. Тады Аляксандр ІІ кінуў супраць таварыстваў і брацтваў цвярозасці войскі, надаўшы генералам надзвычайныя паўнамоцтвы. Антыалкагольны рух беларускага народа мяжы 50-60-х гг. ХІХ ст. быў брутальна прыдушаны шпіцрутэнамі, мардабоем, арыштамі, вайсковым трыбуналам. 780 беларускіх актывістаў гэтага руху выслалі ў Сібір.[188] Дзве трэці з гэтай колькасці складалі сакральныя пчаляры. Пасекі большасці з іх у выніку заняпалі або былі перафарматаваныя новымі гаспадарамі за кошт замены пчаліных раёў раямі з унутраных расійскіх губерняў. Цікава, што пік барацьбы расійскіх уладаў з таварыствамі і брацтвамі цвярозасці супадае з часам, калі Галоўнае ўпраўленне цэнзуры пастанавіла «не допускать употребления польского алфавита при печатании сочинений на белорусском наречии» (26 верасня 1859 г.).[189] Ва ўмовах шырокага панавання лацінкі польскага ўзору для пісьма па-беларуску гэтая пастанова фактычна выглядала як забарона беларускамоўнага друку. «Пчаляра ў Сібір, а мову набакір», – трапна адлюстравала сітуацыю народная прыказка.[190]
[157] Мемуары шляхтича прежнего Минского воеводства Онуфрия Анцуты в российском изложении с присовокуплением разъяснений ряда темных да маловразумительных для нынешних русских обывателей мест. Москва, 1825. С. 303–304.
[159] Набароўская Л. Гісторыя пра дзяўчынку, выхаваную пчоламі: рэальнасць ці выдумка? // Прекрасное барокко: Сборник статей. Павлоград, 2007. С. 70.
[160] Умурыка-Запольскі М. Рупліўцы беларускага Асветніцтва. Гродна, 2004. С. 177–180.
[161] Мальдзіс А. Як жылі нашы продкі ў XVIII стагоддзі. Мн., 2001. С. 133.
[162] Kraszewski K. Pamiętniki. Warszawa, 1856. S. 339.
[164] Szymbalowski D. Wspomnienia przygód miłosnych pewnych osób. Warsazawa, 1844. S. 185.
[165] Хокинг С. Экономические преступления в Речи Посполитой и фактор российского присутствия (1770–1795 гг.). Москва, 2011. С. 272–274.
[166] Zabawne wydarzenia w czasie trzech rozbiorów Polski. Wilno, 1939. S. 109.
[167] Не матом единым. Сборник документов и материалов по истории русских нематерных ругательств. Люберцы, 2009. С. 346.
[168] Апрельский П. Из истории языческой оппозиции в Европе XVIII в. Калининград, 2008. С. 347.
[169] Борсук-Шумёт В. Ці наведваў Вацлаў Ластоўскі Сталінград? // Гомельская капейка. 2010. 11 жніўня.
[170] Полное собрание указов, распоряжений и прочих документов российской императрицы Екатерины II. Верный, 1909. Т. 10. С. 345.
[171] Тарен А.А. Звериный оскал Аракчеевщины. Петроград, 1923. С. 163.
[172] Утёнков С. Из истории политики спаивания народов Российской империи в XIX в. Москва, 1987. С. 99.
[173] Печкин А., Простоквашин Б., Заметкин В. «Рекомендации» кровопийцы Николая I «Палкина» в свете учения о непрерывном нарастании классовой борьбы. Ленинград, 1933. С. 146–148.
[174] Шушпанов Б. «Третье отделение» против полиции. Из истории противостояния силовых структур в Российской империи XIX в. Красноярск, 2007. С. 72–74.
[175] Чернявский Д. Сладкий вопрос // Гомельские ведомости. 2011. 7 июля. С. 4. Журналіст разглядае скаргу гамяльчаніна Цімафея Тоўсціка.
[176] Беларуская міфалогія: энцыклапедычны слоўнік. Мінск, 2004. С. 322.
[177] Бампліміт Э. Беларускае лірніцтва ў ХІХ ст.: праблемы існавання і прычыны знікнення // Падзвінская скарбонка. Віцебск, 1998. С. 65–68.
[178] Катлярчук А. Мусю пранцуз, цi не зьясi гарбуз? // Наша Ніва. 2001. 16 ліпеня.
[179] Довнар-Запольский А. У Машерова были французские предки? // Комсомольская правда в Белоруссии. 2008. 21 февраля.
[180] Сердобольная Д. Причины и последствия предательства Никиты Воронцова // Наше Отечество. 1992. № 1. С. 55–56.
[182] Смит Ф. О польской войне 1830–1831 гг. Санкт-Петербург, 1863. С. 174.
[183] Kowalczyk D. Katy narodu polskiego. Lwów, 1863. S. 106.
[184] Posłauki krywickije. Uborciesk, 1855. S. 7. Друкаваная брашурка з прыватнага збору гомельскага калекцыянера старасветчыны Стывенсана Я. П.
[185] Заварной Ф.И. Мои белорусско-литовские приключения. Симбирск, 1877. С. 100–105.
[186] Цярохін Ст. «…Біць лазовымі дубцамі» // Беларуская мінуўшчына. 1995. № 1. С. 42.
[187] Пятковский А. Из истории русской рекламы. Москва, 1998. С. 76.
[188] Цярохін Ст. «…Біць лазовымі дубцамі» // Беларуская мінуўшчына. 1995. № 1. С. 43.
[189] Пачынальнікі: з гісторыка-літаратурных матэрыялаў ХІХ ст. Мн., 2003. С. 135–136.
[190] Лісічонак Б. Беларускія прыказкі і прымаўкі паловы ХІХ веку. Вільня, 1929. С. 10.