Пасля смерці Вітаўта ў краіне насталі цяжкія часы. З 1432 па 1439 год палыхала вайна, якую гісторыкі называюць феадальнай грамадзянскай вайной. Часцей за ўсё яе характарызуюць як дынастыйную з істотнай прысутнасцю канфесійнага чынніка, вылучаюцца два бакі канфлікту – феадалы-каталікі на чале з Жыгімонтам Кейстутавічам і праваслаўныя феадалы на чале са Свідрыгайлам Альгердавічам, які сам быў каталіком. Аднак такую трактоўку вайны 1432–1439 гг. варта прызнаць павярхоўнай, касабокай і кульгавай. Ужо ў сярэдзіне XV ст. з гісторыі гэтай вайны была выкраслена трэцяя сіла – войска вялікага пчаляра Някраса.
Някрас збіраўся ўтаймаваць федальна-канфесійныя «ростыркі» і аб’яднаць Вялікую Літву пад сваёй уладай, усталяваўшы традыцыяналісцкі рэжым з апірышчам на сакральнае пчалярства. Яго ваяры, якіх ворагі празвалі джальнікамі, здзяйснялі раптоўныя напады на хаўруснікаў і Жыгімонта, і Свідрыгайлы. Але напады рабіліся не дзеля таго, каб забіць, а дзеля таго, каб вярнуць да «своевицы». Таму і ўзбраенне ў джальнікаў было незвычайным. Яны выкарыстоўвалі полыя мячы адмысловай канструкцыі, якія запаўняліся мёдам крывых пчолаў. Лязо такога мяча, удараючыся аб цела праціўніка, рабіла балючы, але не смяротны надрэз. Спрацоўваў хітры механізм, дзякуючы якому, у свежую крывавую рану трапляў мёд, і праціўнік імкліва страчваў разуменне каштоўнасці мэты сваёй барацьбы, пераходзячы на бок джальнікаў. Частыя выпадкі такіх пераходаў прымушалі ваяроў Жыгімонта і Свідрыгайлы шукаць спосабы ўмацавання даспехаў, каб пазбегнуць «заразы пчолиной», як гэта паміж іх называлася.[98]
Прапагандысты абодвух князёў распускалі сярод свайго воінства чуткі, быццам удар джальніцкага мяча спрычыняецца да цяжкай немачы, калі пчолы ператвараюць цела параненага чалавека ў вулей. Гэта многіх страшыла, і ў сутычках з джальнікамі яны дэманстравалі выключную жорсткасць. Зрэшты, джальнікаў гэта не спыняла. У многія баі яны выходзілі не толькі з «мядовымі» мячамі, але і ў суправаджэнні крывых пчолаў. Так было пад Ашмянай, Наваградкам, Вільняй, Полацкам, Амсціславам і іншымі старабеларускімі гарадамі. Што Жыгімонт, што Свідрыгайла вельмі непакоіліся з прычыны гэтай усюдыіснасці трэцяй сілы ў грамадзянскай вайне. Пераймаліся яны і з-за ўласнай бяспекі. Ёсць звесткі, што ў абодвух князёў было па некалькі двайнікоў, каб заблытаць найперш джальнікаў. Самі ж князі апраналіся так, каб крый божа ніводная пчала не здолела дакрануцца да іх цела. Даходзіла да таго, што і адзін, і другі абмазваў свой твар глінай, днюючы і начуючы ў цяжкіх даспехах, улучна з шаломам на галаве. У 1435 годзе нехта з майстроў вынайшаў адмысловае паўпразрыстае забрала з адмыслова апрацаванага «бычога пуздыря», што трохі палегчыла ваенны быт варагуючых князёў.[99]
У часе грамадзянскай вайны паказала сябе і чацвёртая сіла – «потужни окономы» ці, як іх больш канкрэтна называюць тагачасныя дакументы, «трункари хытроумния». Яны амаль не ваявалі і адкрыта не займалі пазіцыю кагось з удзельнікаў унутрыдзяржаўнага канфлікту. Сваёй задачай у вайне яны бачылі толькі ўласнае абагачэнне. Таму бессаромна за немалыя грошы яны пастаўлялі сядзёр мязговы войскам, як Жыгімонта, гэтак і Свідрыгайлы. Трунакарам было выгодна, каб вайна цягнулася і далей. За гэта іх вельмі каралі джальнікі. У пераважнай бальшыні выпадкаў на трункароў не дзейнічалі ні мёд крывых пчол, ні самі пчолы. Таму па першым часе яны не баяліся сутычак з джальнікамі і чынілі тым зацяты супраціў. Калі джальнікі рабілі конны напад на абоз, якім перавозіўся сядзёр, трункары выпраўлялі групу сваіх найбольш падрыхтаваных і спрытных людзей, якія вешаліся коням на шыю ды залівалі ім у храпы той самы напой. Коні ад гэтага шалелі і імкліва скакалі прэч, адносячы сваіх наезнікаў, якія нічога зрабіць не маглі. Праз такі хітрык шмат джальнікаў загінула. У адказ на гэта вялікі пчаляр Някрас загадаў свайму войску змяніць тактыку. Напады на трункарскія абозы сталі рабіць або пешыя ваяры, або вершнікі, коні якіх мелі на храпах спецыяльную аснаду, што не дазваляла староннім людзям імі маніпуляваць. Да таго ж Някрас на пахаванні чарговых ахвяр трункароў заявіў: «Никоторой литости сидерастем тым!».[100] Пасля гэтага закліку джальнікі сталі не проста знішчаць бочкі з сядзёрам, як было і да таго, але абрынулі свой смертаносны гнеў і на саміх трункароў. Даволі часта апошніх папросту тапілі ў бочках з ненавідным напоем. За гэта іх Жыгімонт і Свідрыгайла па чарзе абвясцілі «выступцами панствовыми», то бок дзяржаўнымі злачынцамі.
Зрэшты, супольная непрыязь да джальнікаў не прымусіла князёў аб’яднацца. 1 верасня 1435 г. яны сышліся ў страшнай бітве пад Вількамірам. Туды ж паспяшаўся са сваім войскам і Някрас, мяркуючы раптоўна зрабіць выратавальны пчаліна-мядовы ўдар і спыніць бітву агульным замірэннем. Разрозненыя атрады джальнікаў праз сістэму пчалінага апавяшчэння атрымалі загад на агульны збор. Яны паспяхова аб’ядналіся ў раёне Наваградка і рушылі да Вількаміра. На падыходах да поля бітвы пачаліся няўдачы. Манеўруючы паміж вайсковымі станамі Жыгімонта і Свідрыгайлы, войска Някраса выбрала шлях «през бодюли кромешныя» (праз нізкія густыя зараснікі), у якіх яны не пазналі баршчэўнік. Людзі і коні, дакрануўшыся да лістоў баршчэўніку атрымалі неймаверныя апёкі скуры, пакрыліся пухірамі і былі выведзеныя з бітвы яшчэ да пачатку ўдзелу ў ёй.[101] Ворагі потым кпілі з гэтай прычыны і нават прыдумалі прыказку: «Пад’елі баршчу, як пчаляры пад Вількамірам».[102] Некалькім джальніцкім групам у абароннай вопратцы давялося вычышчаць дарогу ад небяспекі.
Тым часам пачаўся першы бой паміж варагуючымі князямі. Някрас хацеў умяшацца, як мага хутчэй, і павёў рэшту свайго войска праз поплаў пры рацэ Святой. Праваднік з мясцовых павінен быў паказаць брод. Калі джальнікі апынуліся зусім блізка ад ракі, тая раптоўна выйшла з берагоў і заліла поплаў. Гэта не было выпадковым збегам абставін. Гэта была пастка, якую Жыгімонт пачаткова падрыхтаваў для войскаў Свідрыгайлы. На вузкім участку рэчышча прыгнанае жыгімонтаўцамі цывільнае жыхарства скінула ў ваду 500 пудоў камення з руінаў даўняй крыжацкай вежы. Войска вялікага пчаляра апынулася ў вадзе. Коні мітусіліся. Джальнікі падалі. Разам з імі падалі пераносныя калоды з крывымі пчоламі. Бачачы гэта, свідрыгайлаўскія лучнікі пачалі метадычны абстрэл поплаву. Шмат джальнікаў загінула, не маючы трывалых даспехаў. Свідрыгайла загадаў свайму войску ісці ў атаку. Але адначасова з гэтым Жыгімонт наказаў частцы свайго войска сесці ў баявыя чоўны і рушыць на іх праз заліты поплаў, каб затрымаць атаку свідрыгайлаўцаў, а заадно дабіць джальнікаў. Гэты план быў паспяхова рэалізаваны. Рэшту пчалярскага войска жыгімонтаўцы «адправілі ў вырай», наступ войска Свідрыгайлы спынілі і трымаліся да прыхода асноўных сілаў.
У часе перахода праз поплаў ваяры Жыгімонта страцілі толькі адзін човен. Жыгімонт Кейстутавіч атрымаў у бітве пад Вількамірам перамогу. Свідрыгайла уцёк «на 30 конях» у Полацк. Някраса пасля бітвы знайшлі сярод загіблых. Князь-пераможца парупіўся пахаваць забітага ворага з асаблівай пашанаю як чалавека да канца адданага сваім поглядам і ідэалам. «Егды б кождый з вас воевал не токмо за пенези и здобыч, а перш за великую цель, то ж и стало бы войско наше пятикрот моцным», – падчас пахавання звярнуўся Жыгімонт да сваіх ваяроў, ставячы Някраса і джальнікаў за прыклад.[103]
Параза джальнікаў пад Вількамірам мела ледзьве не катастрафічныя наступствы. Колькасць сакральных пчаляроў у краіне скарацілася на 90 %. Крывыя пчолы заставаліся без клапатлівага нагляду. Кінутыя пасекі, калі ўлады падазравалі іх у крывасці, знішчаліся. Той жа лёс напаткаў і кінутыя лясныя борці. Плёнам грамадзянскай вайны пераможцу карыстацца не давялося – яго неўзабаве забілі польскія агенты. Вайна расчысціла дарогу на велікакняжацкі трон сыну Ягайлы Казіміру. З аднаго боку ён фармальна падтрымліваў дзяржаўны статус старабеларускае мовы, але з іншага – не бачыў нічога дрэннага ў пашырэнні пальшчызны і паціху спрыяў гэтаму працэсу. Радыкальную апазіцыю Казімір Ягайлавіч імкнуўся знішчыць. Так было з прыхільнікамі Свідрыгайлы, што паднялі паўстанне ў Смаленску (1440 г.), так было і з тымі нешматлікімі сакральнымі пчалярамі, што мусілі хавацца па лясах і балотах, ратуючыся ад пераследу карнікаў.
Калі Казімір быў абраны каралём Польшчы, ён яшчэ больш праявіў сваё паланафільскае нутро: большасць часу бавіўся ў Кракаве. Гэткія паводзіны выклікалі абурэнне ў пэўных колах Вялікага княства Літоўскага. Асабліва былі незадаволенымі слуцкія князі, якія цягам другой паловы XV ст. сталі таемнымі апекунамі сакральнага пчалярства. Пад крыло князёў Алелькавічаў з усіх куткоў зямлі старабеларускай спяшаліся недабітыя карнікамі пчаляры, ведучы за сабой нешматлікія роі крывых пчолаў. Нездарма горад Слуцак на доўгія стагоддзі стаў сапраўднай апорай беларушчыны. Нездарма ў Слуцку выспела задума Пчаліна-мядовай змовы супраць Казіміра Ягайлавіча.
У 1481 г. слуцкі князь Міхаіл Алелькавіч разам з князямі Хведарам Бельскім, Юрыем Гальшанскім і Іванам Глінскім склалі адпаведны план. Меркавалася, што на вяселлі Хведара Бельскага і Ганны Кобрынскай, дзе меўся прысутнічаць Казімір, з напояў будзе падавацца толькі мёд крывых пчолаў, а ў час кульмінацыі свята манарху паднясуць збан з пчаліным роем, каб тыя ўджалілі яго. Але змову выкрылі на стадыі падрыхтоўкі. 30 жніўня 1481 г. у Вільні Міхаілу Алелькавічу і Івану Гальшанскаму прылюдна ўцялі галовы, а трункары бясплатна раздавалі публіцы сядзёр мязговы.[104] Глінскаму і Бельскаму падчас сутычкі адбілі мазгі і тыя замест Слуцка збеглі ў Маскву. Зрэшты, паводле іншай версіі маскоўскі шлях яны выбралі наўмысна, каб адвесці удар ад сакральных пчаляроў.
Калі пра змову на чале з Міхаілам Алелькавічам, хаця і ў перакручаным выглядзе, але ўсё ж гавораць многія даследчыкі, то Пчаліная змова 1515 г. супраць вялікага князя Жыгімонта Старога і радных паноў забытая ўвогуле. Паводле адных звестак у ліпені, паводле іншых у верасні 1515 г. група змоўнікаў па «листах лживых» (фальшывых дакументах) даставіла ў сутарэнні віленскага Дольнага замка 33 пчаліныя вуллі, якія былі замаскіраваныя пад бочкі з віном. Выканаўцам задумы змоўнікаў павінен быў стаць нехта Гвідон Ліс (у іншых крыніцах – Лес). Ён добра ведаў вентыляцыйную сістэму Дольнага замку, таму яму і даручылі «довести пчол» да залы, дзе меркавалася пашыранае паседжанне велікакняжацкай рады. Спачатку ўсё ішло добра. Гвідон удала выдаваў сябе за чалядніка з ліку тых, хто выконваў рамонтныя работы. За гэты час ён здолеў зрабіць у вентыляцыі з дзясятак мядовых кропак так, каб крывыя пчолы ведалі, куды ім ляцець у часіну «Х». Але ўрэшце адна са служанак стала за ім сачыць – «албо з подозрейня небезпеки, албо з мыслями аморными». Убачыўшы, што Ліс у сутарэннях размаўляе з бочкамі, яна тэрмінова паскардзілася службе аховы. Ліс быў схоплены.
Калі кіраўніцтву аховы стала ясна, што ў бочках пчолы, яны з дазволу вялікага князя вырашылі затапіць сутарэнні. «Згамованый» (арыштаваны) Гвідон Ліс «достался катованям», пры якіх прысутнічаў сам Жыгімонт Стары. З Гвідона спрабавалі выбіць «сведоцтвы» пра іншых змоўнікаў. Вялікаму князю і яго памочнікам спачатку здавалася, што за змовай праглядаецца рука Масквы. Аднак потым стала зразумела, што змову склалі ўнутраныя сілы. «Был на меду, облил медам бороду», – адзінае, што сказаў Ліс сваім катам. Праз некалькі месяцаў ён быў пакараны смерцю перад нешматлікай публікай, бо сам факт змовы замоўчваўся.[105]
Спроба Пчалінай змовы вельмі агаломшыла Жыгімонта. Будучы правадніком паўзучай паланізацыі вярхоў старабеларускага грамадства, ён усё ж мусіў лічыцца з наяўнасцю ў краіне тых сілаў, што не жадалі рахмана перабірацца ва ўлонне пальшчызны. Гэта давалася яму з вялікімі цяжкасцямі. З аднаго боку, менавіта Жыгімонт Стары зацвердзіў беларускамоўны Літоўскі Статут 1529 г. Але з іншага – акурат у часы яго ўладарання быў кінуты ў вязніцу наш першадрукар Францішак Скарына.[106] Афіцыйнай прычынай «згамованя» Скарыны сталі нясплочаныя пазыкі яго брата. Але рэальна яго схапілі за меркаваны ўдзел у джальніцкім падполлі. Толькі пагроза антыўрадавага «закалоту» (мяцяжу) у Полацкай зямлі змусілі вялікага князя асабіста вызваліць Скарыну са зняволення.[107] Тое, што наш першадрукар быў нейкім чынам звязаны з сакральнымі пчалярамі, ускосна пацвярджаецца выяваю пчалы на знакамітай гравюры-аўтапратрэце 1517 г., а таксама гімнавым пафасам не менш знакамітага фрагмента яго прадмовы да адной з біблейскіх кніг: «Понеже от прирожения звери, ходящия в пустыни, знають ямы своя, птици, летающие по воздуху, ведають гнезда своя; рибы, плывающие по морю и в реках, чують виры своя; пчелы и тым подобная боронять ульев своих, – тако ж и люди, и где зродилися и ускормлены суть по бозе, к тому месту великую ласку имають».[108] Падаецца невыпадковым, што ў гэтым фрагменце пчолы згадваюцца непасрэдна перад людзьмі.
У часы памежных войнаў Маскоўскай дзяржавы і Вялікай Літвы канца XV – пачатку XVI ст. маскавіты выкарыстоўвалі ўласных пчол-рабаўнікоў. Адкуль яны ўзяліся, дакладна невядома. Ёсць меркаванне, што іх вывелі ў «таемных закретах», створаных на загад маскоўскага князя Івана ІІІ. Лічыцца, што пачатковым матэрыялам для маскавіцкіх пчолаў сталі некалькі крывых пчолак, якіх выпадкова прывезлі ў Маскву згаданыя вышэй Хведар Бельскі і Юры Гальшанскі. Так ці інакш, але ў азначаны час на памежныя абшары Вялікага княства Літоўскага з Масковіі прыляталі незлічоныя роі пчолаў, якія не толькі збіралі нектар з кветак, але і нахабна адбіралі яго ў тутэйшых пчолаў – як у крывых, так і ў звычайных. Летапісы і аператыўныя данясенні ў Вільню захавалі ўражвальныя звесткі пра напады маскоўскіх пчолаў на вуллі пчолаў вялікалітоўскіх. «Того року у земли а волости литовские ускраинные прылетали орды пчол московськых, точылися до вульев и чынили справжный луп, мед з вульев оных выкрадаючы и москве уносячы», – паведамляе летапісец.[109] Як толькі маскоўскія пчолы скончвалі сваю справу, пачыналася ўварванне маскоўскага войска ў землі Вялікай Літвы. І хаця такая сітуацыя паўтаралася не адзін год, амаль кожны раз Вільня не была гатовай для адэкватнага рэагавання. У «глуме» (сатырычным творы) казельскага скамароха Клопа Кумеднага «Московской и литовской бчел задушевная беседа» (бл. 1505 г.) такі стан рэчаў атрымаў сваё спецыфічнае адлюстраванне. Маскоўская пчала звярталася да літоўскай:
Літоўская на гэта адказвае:
У выніку памежных войнаў тэрыторыя Вялікага княства Літоўскага пачала імкліва скарачацца. Усходнія землі краіны пераходзілі пад уладу Масквы. Найбольш доўга трывала абарону легендарная Калодзінская воласць, застаючыся, па сутнасці, анклавам Вялікай Літвы сярод нованабытых абшараў Маскоўскае дзяржавы. Рэч у тым, што калодзінскія крывыя пчолы чынілі «презлейшее противление» пчолам-рабаўнікам. Непрыступную зямлю маскавіты ўзялі толькі тады, калі «петуха красного на болото пустили», і пажар перакінуўся на астатнюю частку воласці. Летапісцы зазначаюць, што ўсе вуллі згарэлі. Толькі народная легенда цвердзіць, што калодзінскі намеснік ды яго сям’я перанеслі некалькі дзясяткаў вулляў на чоўны і сплылі з імі кудысьці па Ацэ.[111]
Дакладна немагчыма сказаць, ці рабіліся палітычнымі вярхамі Вялікага княства Літоўскага нейкія захады, каб спыніць «пчаліныя пралогі» войнаў з Масковіяй. Здаецца, што іншым разам вярхі мусілі ісці на кампраміс з джальніцкім падполлем, каб сіламі ўдзельнікаў апошняга утаймаваць маскоўскую пчаліную агрэсію. На мяжы 1520-1530-х гг. Францішак Скарына пад маркай пашырэння сваіх кніг прыбыў у Маскву.[112] Але насамрэч ён меў заданне адшукаць і знішчыць «таемныя закреты», дзе гадаваліся пчолы-рабаўнікі. Ёсць падставы меркаваць, што ў яго атрымалася ўсё зрабіць належным чынам. Праўда, для выратавання ўласнага жыцця наш адважны першадрукар мусіў ахвяраваць сваімі кнігамі, паспешліва ўцякаючы з Масквы. Знішчэнне «закретов» зрабіла Скарыну ў вачах маскоўскіх уладцаў ворагам № 1. Дзясяткі наймітаў Крэмль адпраўляў у Вялікую Літву з мэтай забіць «дерскаго литвина». Некаторых з іх маскавіты «легендировали» як ерэтыкоў, што шукалі паратунку ад пераследу ў больш талерантнай дзяржаве. Гэта прывяло да таго, што Францішак Скарына ва ўмовах строгай сакрэтнасці быў перапраўлены на Захад – у чэшскую Прагу, дзе хаваўся ад крамлёўскай найміцкай хеўры пад выглядам каралеўскага садоўніка. У 1547 г. яго ўсё ж вылічылі і збіраліся забіць. Аднак 5 ліпеня таго ж года ў Празе выбухнула паўстанне гараджан, якое перакрэсліла планы маскоўскіх агентаў. Большасць з іх выпадкова загінула падчас задушэння паўстання войскамі караля Фердынанда.[113]
Паказальна, што пасля маскоўскай паездкі Францішка Скарыны недзе на трыццаць з нечым гадоў войны паміж Маскоўскай дзяржавай і Вялікім княствам Літоўскім спыняюцца. Старабеларускаму мемуарысту Фёдару Еўлашоўскаму на пачатку XVII ст. тая трыццацігодка здавалася «залатым векам». Безумоўна, у другой трэці XVII ст. у грамадска-палітычным і культурным жыцці Вялікай Літвы адбываліся істотныя пазітыўныя зрухі: роўнасць канфесій, Рэфармацыя, Рэнесанс і г.д. Але разам з тым краіна працягвала навадняцца пальшчызнай, якой захапляліся і велікакняжацкі двор, і магнаты. Адзіная старабеларуская (літоўская) мова, некалі зразумелая вялікай масе народа ад Дарагічына да Казельска, ад Коўны і да Чарнігава, стала штучна драбіцца. Марцінас Мажвідас распачаў кнігадрукаванне на «літоўскай» мове, якая была створана на аснове перыферыйных дыялектаў пракаветнай літоўскай (старабеларускай) мовы. Выдумляліся легенды пра рымскае паходжанне шляхты. Сакральнае пчалярства з яго ўгрунтаванасцю на тутэйшых моўна-культурных традыцыях не заахвочвалася, але і жорстка не пераследвалася – велікакняжацкі двор стараўся трымаць марку талерантнасці. Сакральныя пчаляры склалі зброю і спынілі спробы маштабнага супраціву. Зрэшты, гэта не дазволіла ім інтэгравацца ў сацыяльную сістэму Вялікага княства Літоўскага. Па сутнасці, яны і іх сем’і апынуліся за рамкамі станавай (саслоўнай) арганізацыі вялікалітоўскага грамадства. Пра іх не згадвалі Літоўскія Статуты і прывілеі вялікіх князёў. Яны жылі цалкам аўтаномна. Іх дачыненні з уладай рэгуляваліся вуснымі дамоўленасцямі.
Пашырэнне кола сакральных пчаляроў было досыць праблематычным. Шлюбы з імі станавая этыка лічыла непрымальнымі. Праўда, сяляне і мяшчане часта парушалі гэты звычай, бласлаўляючы сваіх дзяцей на жаніцьбу з прадстаўнікамі сакральнага пчалярства. Асабліва часта гэта здаралася тады, калі пчаляры сваімі ведамі выратоўвалі жыццё тым, хто да іх звяртаўся па дапамогу. Шляхта ж, нават дробная, строга трымалася правіла пазбягаць кантактаў з «необецными» пчалярамі і іх раднёй.[114] Зрэшты, як і ў кожных іншых выпадках, калі гаворка ідзе пра забарону, з’яўляліся асобы, што імкнуліся яе парушыць. Многія ведаюць пра гісторыю жарсці вялікага князя Жыгімонта Аўгуста і Барбары Радзівіл, але вельмі мала хто знаёмы з гісторыяй кахання Ждана Лятка і Ганны Міладоўскай.
Ждан Ляток быў сынам сакральнага пчаляра, які з сям’ёй жыў у пушчы недалёка ад Кобрына. Аднойчы разам з бацькам ён пайшоў у маёнтак Ягалкі, каб дапамагчы вылечыць дваравую служанку паноў Міладоўскіх. Запрашэнне сыходзіла не ад уладальнікаў маёнтку, а ад бацькоў хворай, бо пан Міладоўскі быў катэгарычна супраць якіх заўгодна зваротаў да «ведзьмакоў» (так ён называў сакральных пчаляроў). Таму візіт непажаданых асобаў адбываўся ўпотайкі. Тым не менш, Ждан сутыкнуўся з дачкой гаспадара Ганнай, якая выйшла пасярод ночы паблукаць вакол палацу. У небе вісела яркая вялікая поўня, і сярод цемры можна было не проста ўбачыць цьмяныя постаці, але і досыць выразна разгледзіць твары. Так дзяцюк і паненка пабачыліся, і адразу абодвух «працяла Амура страла». Яны сталі таемна сустракацца. Паміж любоўных справаў даводзілася размаўляць пра розныя рэчы. І выявілася, што Ганна лічыла сябе «літоўскай палячкай», гаварыла на трасянцы з вялікай колькасцю польскіх словаў, лічыла Кракаў «пенкнай сталіцай нашай супольнай Айчызны» (і гэта да Люблінскай уніі!). Ждан стаў пераконваць каханую ў адваротным, расказваў ёй аб падзеях праўдзівай крыўскай (вялікалітоўскай) гісторыі, пра чысціню і меладычнасць старабеларускай мовы, усяляк запрашаў паненку павярнуцца да «сваявіцы». Тая слухала, паловы словаў проста не разумела, але пагадзілася прайсці мядова-пчаліны абрад, каб спазнаць усё тое, пра што апавядаў каханы.[115]
Пасля абраду іх каханне толькі ўзмацнілася. Але бацька паненкі Карнэліюш Міладоўскі, які пра ўсё даведаўся, быў сам не свой ад гневу і абурэння. Ён пасадзіў дачку пад замок у адным з пакояў палаца і стаў паспешліва рыхтаваць «наезд» на лясны пчалярскі хутарок. Назбіралася нямала ахвочых «ушчыпнуць колішніх джальнікаў». Конная шляхецкая «аркгада», «крукнуўшы сядзёру дзеля большага зухвальства», рушыла ў пушчу. Аднак у дарозе іх заспеў страшэнны восеньскі дождж. Страшэнны – як з-за колькасці вады, што лілася з «продухаў нябесных», так і з-за незлічонага мноства дробных шэрых жабак, што падалі адтуль жа. Лясныя дарогі размыла дажджом. Усюды сядзелі і квакалі жабкі. Карнэліюш плюнуў і загадаў «кумпаньёнам» вяртацца ў маёнтак. Па вяртанні высветлілася, што дачка Ганна збегла з-пад «згамавання дамовага» разам са Жданам Лятком. Дапамог ім у гэтым малады шляхціц Сергій Бурнос, які збіраўся ўдзельнічаць у «наездзе», але пад шумок застаўся ў маёнтку. Зрабіў ён гэта з-за братэрскай сімпатыі да Ганны Міладоўскай. Утрох яны вырашылі з’ехаць як мага далей ад Ягалак. Ждан меркаваў скіравацца ў Панізоўе (Усходняя Беларусь), каб далучыцца да адной з буйных грамад сакральных пчаляроў. Сергій жа параіў паехаць у Полацак, дзе, на яго думку, можна было схавацца ў падзямеллях. Пра полацкія падзямеллі і іх мудрых жыхароў ён чытаў у «кнігах славянскіх, кірыліцай пісаных вязкай».
Карнэліюш Міладоўскі кінуўся за ўцекачамі ў пагоню і тры разы амаль дасягаў іх. Але шторазу яму і ягоным памагатым нешта перашкаджала. Па дарозе з Ягалак на Полацак, уцякаючы ад навальніцы панскага гневу, тройца вельмі здружылася. Пад Менскам Сергій Бурнос прайшоў пчаліна-мядовую ініцыяцыю па спрошчаным узоры. Пад Барысавам Ждан і Ганна пажаніліся, а Сергій сустрэў прыгожую «пчалярачку», у якую закахаўся і вырашыў застацца ў тых краях. У канцы снежня 1562 г. Ляток і Міладоўская прыехалі ў Полацак. На гэтым іх сляды губляюцца. Магчыма, яны ўсё ж знайшлі запаветныя полацкія падзямеллі. Але нельга выключаць і іх пагібелі падчас аблогі і штурму Полацка войскамі Івана Жахлівага. Дарэчы, пагоня Карнэліюша Міладоўскага неспадзеўкі для сябе сутыкнулася з царскімі войскамі і была дашчэнту разбітая. Гэтая параза актыўна выкарыстоўвалася маскавіцкімі прапагандыстамі ў якасці прыкладу «мощи оружия руссийскаго».[116]
Полацкі этап Лівонскай вайны ад самага пачатку быў вайной «чараўнікоў і чарадзейства», у якой вялікалітоўскі бок доўгі час зазнаваў паразы. На Полацкую зямлю абрынуліся «полчишча лупежных пчол», якія падрыхтавалі плацдарм для прыходу маскоўскіх войск. Новая парода пчолаў-рабаўнікоў, якую пад пільным кантролем сумнавядомага Малюты Скуратава вывела «лепота умов царства Московского», адрознівалася большай зласлівасцю, пражэрлівасцю і трываласцю да халадоў. Па сутнасці, гэта ўжо былі нават не пчолы, а вычварны сімбіёз пчолаў і прузяў (саранчы). Таму некаторыя летапісцы называюць іх словамі «пчузи», «пшчузи», «бчузи». Прыляцеўшы на Полаччыну, яны спярша забралі ўвесь нектар, а кветкі зжэрлі. Затым яны скопам сталі нападаць на крывыя і звычайныя пасекі, разбураючы вуллі, знішчаючы пчолаў, забіраючы гатовы мёд. Пчаляры, як і жыхарства Полацкай зямлі ў цэлым, не маглі нічога зрабіць супраць гэтага жахлівага наслання. Многія з тых, хто спрабаваў супраціўляцца сталі ахвярамі пчузяў.[117] Невядомы пераймальнік польскага паэта Яна Каханоўскага прысвяціў гэтым трагічным падзеям цыкл вершаў «Печальки», створаных на мове блізкай да царкоўнаславянскай. Адзін з красамоўных фрагментаў:
Пасля заняцця Полацкай зямлі войскамі Івана Жахлівага на месцы найбольш буйных знішчаных пасек маскавіты пабудавалі свае крэпасці, каб найперш не дазволіць адрадзіць пчалярства. Пчузі ўдзельнічалі і ў аблозе Полацка, прадэманстраваўшы выключную марозатрываласць. Палачане з цяжкасцю зразумелі, якое жахоцце навалілася на іх у дадатак да варожага войска. Ваявода Станіслаў Давойна, бачачы, як пачвары нападаюць на гараджан, прыняў рашэнне падпаліць полацкі пасад і адыйсці ў Верхні замак. Ён спадзяваўся, што дым спыніць пчузяў. Але спадзяванні былі марнымі – пчузі не здохлі, працягнуўшы выядаць жыхароў Полацка. Давялося капітуляваць.
Вайна набыла зацяжны і пазіцыйны характар. Яна падштурхнула Вялікае княства Літоўскае да Люблінскай уніі з Польшчай, вынікам якой стала стварэнне Рэчы Паспалітай. Аднак гэта ніяк не ратавала Полацкую зямлю, бо на дзяржаўным узроўні марудзілі з прыняццем важнага рашэння, спасылаючыся на нястачу грошай і іншыя надуманыя праблемы. Жыгімонт Аўгуст захрас у распусце і спірытычных сеансах, на якіх выклікаў дух памерлай Барбары Радзівіл. Супольнай дзяржавай кіравала польская магнатэрыя, якой быў абыякавы лёс беларускага Падзвіння. Сакральным пчалярам з незанятай часткі старабеларускіх земляў даводзілася ствараць невялікія атрады, якія перыядычна ўступалі на абшары Полаччыны, каб патрапаць захопнікам нервы. Найбольш ад іх даставалася тым гарнізонам маскавітаў, якія не мелі на сваім утрыманні пчузяў. Зрэшты, ад джалення маскавітаў крывымі пчоламі эфекту амаль ніякага не было. Тоўстая татарская вопратка, густыя доўгія валасы і бароды станавіліся для пчолаў непераадольнай перашкодай. А на тварах пчолы часцей за ўсё паслізгваліся і калі і джалілі, то неглыбока.[119]
Выйсце прыйшло толькі разам з абраннем на трон уладара Рэчы Паспалітай трансільванскага князя Іштвана Баторы, які ў старабеларускай традыцыі стаў называцца Сцяпанам Батурам. Ён змог не толькі сабраць баяздольнае войска, але і кансалідаваў дзеля перамогі ўсіх, хто быў у гэтым зацікаўлены не эканамічна, а поклічам сэрца. Некалькі ягоных сакрэтных дарадцаў былі сакральнымі пчалярамі. Мядова-пчалінай ініцыяцыі Батура не праходзіў, бо для ўраджэнца і носьбіта традыцый Трансільваніі гэта магло б скончыцца непрадказальнымі наступствамі. Але мёд крывых пчолаў ён каштаваў неаднакроць. «Кривский міод зовет у поход», – сказаў уладар перад вайсковай выправай па вызваленні Полацка і Полацкай зямлі.[120] Ён прапанаваў Івану Жахліваму двубой на мячах, разлічваючы, што той пагодзіцца і атрымае моцныя раны ад мадыфікацыі джальніцкага мяча, які Сцяпану падарылі сакральныя пчаляры. Аднак маскоўскі цар адмовіўся, матывуючы тым, што выбарны манарх манарху прыроджанаму нераўня.[121] Тады слова ўзяло ўмацаванае войска. На той момант ўжо стала вядомым слабое месца пчузяў – яны з нейкай прычыны не выносілі асакі. Таму асака стала адным з элементаў убрання ваяроў вызвольнага войска. Ёю ж апавілі усе вуллі крывых пчолаў, якія узялі з сабой у паход. Пчузі дохлі сотнямі тысяч, ледзьве набліжаючыся да батураўцаў. Усе дарогі Полацкай зямлі ў той час былі заваленыя дохлымі пчузямі. Людзі баяліся на іх глядзець, але потым плакалі ад радасці.[122]
Маскавіты без падтрымкі сваіх мутантаў спяшаліся як мага хутчэй адступіць. Улетку 1579 г. войска Сцяпана Батуры ўзялося за вызваленне Полацка. У маскоўскім гарнізоне згадалі часы князя Дзмітрыя Іванавіча і выклікалі залеву, каб не дапусціць прылёту крывых пчолаў. Моцная залева спачатку пахіснула баявы дух батураўцаў, але выбарны манарх загадаў выкарыстаць некалькіх бацянаў-феніксаў, каб разагнаць хмары.[123] Баючыся страціць пад джаламі крывых пчолаў маскоўскую свядомасць, маскавіты здаліся. Толькі трынаццаць чалавек з іх падалі «суплікі» (ці «челобитные») з просьбай абмазаць іх мёдам і прапусціць праз рой крывых пчол. Просьбу пераможцы задаволілі. Навернутыя ў старабеларушчыну маскавіты далучылі да вызвольнага паходу.[124]
Мяркуецца, што да часу вызвалення Полацка адносіцца з’яўленне вайсковай песні, дзе ёсць наступныя радкі:
Калі адзін з лазутчыкаў напеў гэтую песню Івану Жахліваму, той невымоўна ўгневаўся і закрычаў: «Какая собака? Не позволю про царя такие песни петь!».[126] Лішне казаць, што стала з лазутчыкам у выніку ўспышкі царскага гневу.
Пакуль войска на чале з Батурам вызваляла Полаччыну, у Масковію быў закінуты двайнік Рыгора Осціка – аднаго з прадстаўнікоў прамаскоўскай партыі ў магнацкім асяроддзі Вялікай Літвы. Велікакняжацкія спецслужбы выкрылі яго сакрэтныя сувязі з маскоўскім дваром, але вырашылі да часу не рабіць з гэтага галасу і выкарысталі наяўную інфармацыю ў сваіх мэтах. Складаную ролю Осціка выконваў адзін з сакральных пчаляроў Смяян Вуль. Справіўся ён са сваёй працай выдатна, бо ў Маскве ніхто не западозрыў падмены, што адразу ж развязала яму рукі і дазволіла выехаць у сяло Каломенскае, дзе пад бокам царскай рэзідэнцыі знаходзіўся «некоторый терем-теремок», у якім захоўваліся кантрольныя ўзоры пчузяў для магчымага далейшага іх развядзення.
[98] Селезнев В. Третья сила в феодальной войне середины XV в. в Великом княжестве Литовском. Тверь, 2005. С. 15.
[99] Толкиновский В.К. К проблеме реконструкции доспехов литовских воинов периода гражданской войны середины XV в. // Вооруженные силы Русского государства и Великого княжества Литовского в XIV–XVI вв. Москва, 1995. С. 72.
[100] Записки лазутчика русского Ивашки Сухобздуева о домашней литовской войне XV в. Екатеринбург, 1873. С. 13.
[101] Струнинский З.П. Попытка обширной реконструкции «Повести о Вилькомирском побоище» XV в. // Новое в источниковедении России и ближнего зарубежья. Москва, 2002. С. 165–166.
[102] Цянькова Л. Старыя гістарычныя прымаўкі з маргіналій беларускіх летапісаў, хронік і актавых кніг // Кнігі і кніжная справа ў традыцыі народаў Вялікага княства Літоўскага. Мінск, 1996. С. 125.
[103] Записки лазутчика русского Ивашки Сухобздуева о домашней литовской войне XV в. Екатеринбург, 1873. С. 17.
[104] Лех Н. Істинний задум змови князів 1481 р. Львів, 1875. С. 3–10.
[105] Противный П. Документы и материалы о «Пчелином заговоре» против польского короля Сигизмунда Старого // Из истории восточноевропейских бунтов, заговоров, революций. Новгород, 1997. С. 59–70.
[106] Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Мінск, 2001. Т.6. Кн. 1. С. 310.
[107] Сладенькая К. Заговорщик Франциск Скорина. Малоизвестные страницы биографии белорусского первопечатника // Из истории восточноевропейских бунтов, заговоров, революций. Новгород, 1997. С. 88.
[108] Скарына Ф. Творы. Прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты, пасхалія. Мінск, 1990. С. 45.
[109] Раднянкоў К.Ю. Летапіс Альгімонта Дзядзюлі як крыніца па гісторыі пагранічных канфліктаў Маскоўскай дзяржавы і ВКЛ на рубяжы XV–XVI стст. // Новое в источниковедении России и ближнего зарубежья. Москва, 2002. С. 190.
[111] Пасечников В. Летописное «Сказание о взятии Колодинской волости»: исторический подлинник или антирусский новодел? // Москва – Третий Рим. Сборник статей и материалов. Москва, 2007. С. 100–105.
[112] Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Мінск, 2001. Т.6. Кн. 1. С. 311.
[113] Донцова З.Л. Франциск Скорина и борьба спецслужб ВКЛ и Русского царства в первой половине XVI в. // Из истории ФСБ России (с древнейших времен до 2009 г.). Москва, 2010. С. 212–219.
[114] Сырко-Маслова Е.П. Брачные запреты в сословной этике Великого княжества Литовского накануне Люблинской унии // Очерки истории нравственности и духовности в Беларуси. Минск, 2006. С. 26.
[115] Тут і далей змест гісторыі пераказваецца і цытуецца паводле выдання: Зарыцкая А., Шчодрык М. «Гісторыя кахання шляхцянкі і пчаляра» з архіваў Вацлава Ластоўскага // Жанчыны на небакраі Еўропы. Мінск, 2007. С. 135–150.
[116] Печенька Б. Пропагандистский аппарат Ивана Грозного. Саратов, 1990. С. 187.
[117] Малоизвестные документы и материалы по истории Ливонской войны 1558–1583 гг. Москва, 2004. Т. 3. Кн. 2. С. 345–347.
[119] Васнецов-Васильченко З. Идет война позиционная, священная война // Оружие русской славы. 1995. № 8. С. 25.
[120] Кавай Н.Я. Польско-литовский властитель Стефан Баторий как афорист // Из истории риторического искусства народов Центральной и Юго-Восточной Европы. Санкт-Петербург, 2004. С. 265.
[121] Казлоў Л.Р. З дазволу караля і вялікага князя. Мінск, 1992. С. 32.
[122] Сказане о зништоженю жемеры надзной // Хрестоматия по истории природных катаклизмов на Руси. Москва, 2010. С. 240.
[123] Балахонаў С. Зямля пад крыламі Фэнікса // ARCHE. 2004. № 5. С. 191.
[124] Heidenstein R. Pamiętniki wojny moskiewskiej. Kraków, 1905. S. 89.
[126] Бунша И.В. Казусы с царем Иваном Грозным. Тверь-Владимир, 1993. С. 90.