Перш чым звярнуцца наўпрост да пытання даследніцкіх росшукаў, варта сцісла нагадаць сюжэт Super Mario Bros. узору 1985 г. Галоўны герой гульні водаправоднік Марыё (ці яго брат Луіджы як персанаж для другога гульца) мусіць прайсці праз Грыбное каралеўства. У нялёгкай дарозе яму трэба застацца жывым, абмінаючы ці знішчаючы ваяроў чарапашага караля Купы (другое імя – Боўзэр), вельмі падобнага да цмока. Сярод яго вояў – грыбы, рознага кшталту чарапахі, венерчыны мухалоўкі, спруты, рыбіны, дзікабразы, вялікія жукі. Урэшце Марыё павінен пераадолець 32 узроўні, каб выратаваць прынцэсу Тоўдстул Піч, скрадзеную памянёным каралём.
Па дарозе герой разам з тым збірае манеты і бонусы: б’е галавой па адмысловых блоках, пазначаных пытальнікам, а таксама натрапляе на сакрэтныя сховы манет у цагляных мурах. Істотны бонус – памаранчавы грыб. Здолеўшы яго ўзяць, Марыё робіцца вялікім, то бок ператвараецца ў Супер-Марыё. Калі ў стане “Супер” персанаж здабывае як бонус кветку, ён робіцца Агністым Марыё і атрымлівае магчымасць кідацца вогненнымі клубкамі. Яшчэ адзін бонус – гэта зорка, якая скача наперад. Злавіўшы яе, Марыё робіцца на пэўны час непаразлівым і можа знішчаць праціўніка адным сваім дотыкам.
Небяспечная вандроўка персанажа адбываецца па зямлі, у лёхах пад зямлёй, пад вадой, па агромністых грыбах і платформах, што вісяць у паветры. На кожным чацвёртым узроўні ён трапляе ў замак, дзе даводзіцца змагацца з чарапахападобным цмокам. Шторазу, апроч апошняга ўзроўню, пасля перамогі над цмокам героя сустракае жыхар Грыбнога каралеўства, які кажа: “Дзякуй, Марыё, але наша прынцэса ў іншым замку!”.[224]
Акурат з паведамлення Марты Мэрцэнлінднэр і сюжэта гульні Super Mario Bros. нам давялося пачынаць росшукі. Каліўца да каліўца складалася ўражвальная карціна. Галоўным яе момантам сталіся доказы, што Марыё з відэагульні меў рэальнага прататыпа, які паходзіў з беларускіх земляў.
Яшчэ ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. у некаторых паветах Магілёўскай губерні існавалі дзіўныя выразы “вадзіць Марымона”, “вадзіці Марыкона”, “вадзіць Мар’яна”. Дзіўныя таму, што этнографам не шчасціла выявіць іх дакладнага значэння, бо “белорусские крестьяне, употребляя сии словестные конструкции, никогда не осмеливались объяснить их истинный смысл, а лишь воровато улыбались и утверждали, что не могут вспомнить всё”.[225] Этнограф Адольф Санькоўскі быў перакананы, што ў гэтым выпадку мы сутыкаемся з сінонімам выразу “вадзіць вала”, ад якога паходзіць дзеяслоў “валаводзіць”. І тое, і другое азначае “марудзіць”. З ім пагаджаліся і Лук’ян Дазорцаў, і Андрэй Беларэцкі. Даследніку Мікіту Ракіцкаму ў гэтых фразах бачылася водгулле “древнебелорусских богатырских былин”. Ён лічыў, што “изначально сие речение имело иной вид, а именно водить Илью Муромца”.[226] Але ён не здолеў уцямна растлумачыць, які сэнс мела такая фраза. Толькі Еўдакім Раманаў, якому з дзяцінства быў вядомы выраз “вадзіць Мар’яна”, сцвярджаў, што ён мае значэнне “рызыкаваць”, “наважвацца на рызыкоўную справу”. “Выражение происходит из народной легенды о неком смелом Марьяне, изничтожившим огнедышащего змея, который к тому же метал каменные молоты”, – даў сціслы каментар Е. Раманаў.[227] Гэта вельмі цікавая для нас акалічнасць, бо кароль Купа на 24-м, 28-м і 32-м узроўнях гульні Super Mario Bros. не толькі дыхае агнём, але і шпурляе ў Марыё вялізныя молаты.
Знайсці згаданую Е. Раманавым легенду не ўдалося, а сам ён не пакінуў ніякіх спасылак на які-небудзь пашыраны яе варыянт. Аднак ускоснае падабенства да прыведзенага ім кароткага пераказу назіраецца ў шэрагу народных казак, зафіксаваных на Ўсходзе Беларусі.[228] У казцы “Марка Суччы сын” галоўны герой выпраўляецца ратаваць ад трохгаловага змея “царовых дачок”. У казцы “Іван Мар’ін сын” аб’ектам выратавальнай місіі з’яўляецца “князева жана”, якую выкраў “смок”. Герой казкі “Мірон Беларасейскі” ратуе з цмачыных капцюроў “каралеву белаліцу”. Ва ўсіх гэтых казках цэнтральныя фігуры зазнаюць звычайныя для чарадзейнага цыклу выпрабаванні, якія цяжка адназначна звязаць з сюжэтам гульні Super Mario Bros. У нейкі момант нам нават падалося, што мы пайшлі няслушнай пуцявінай і што пералічаныя казкі ёсць занадта адвольнай народнай інтэрпрэтацыяй гісторыі пра выкраданне князем Міндоўгам сястры яго памерлай жонкі. І толькі больш уважлівае прачытанне кожнай з названых казак скасавала падобныя аблуды.
Марка Суччы сын у фінальнай бітве са змеем патрапляе “пад змеева полымя, пад гадаў умалот”. Хутчэй за ўсё, слова “ўмалот” тут звязана не столькі з вобразам крывавага жніва, як можа падасца на першы погляд, а акурат з ударамі молата. Не дарма ў казцы гаворыцца, што асілак “ад гадава ўмалоту ўвярнуўся”. Іван Мар’ін сын, ваюючы са “смокам”, кідае ў ворага сваю “булдаву на дваццаць пяць пудоў”: “Шыбане Іван у смока булдаву сваю крэпкую, а варачаецца яна з тройчай сілаю”. Напэўна, маецца на ўвазе не тое, што булдава (яна можа вельмі нагадваць молат) адспружньваецца ад “таўстой скуры” пачварыны, а тое, што пачварына сама шпурляе колькі булдаў у адказ. Бітва Мірона Беларасейскага з цмокам у казцы пададзена досыць схематычна, без лішніх дэталяў (у выніку нават невядома, якой зброяй асілак перамог). Але да гэтага ў казцы ёсць эпізод, дзе Мірон прабіраецца праз дзіўнае “поле капанае”. На гэтым полі яму сустракаюцца ворагі – блізняты з’ядоткі, якіх ён без кампрамісаў вынішчае “мечам-самасечам”. У першым чытанні мы прынялі з’ядотак за нейкі варыянт дробных пачвар накшталт заходнееўрапейскіх злобных гномаў. Але пры высвятленні паходжання іх назвы адкрылася, што насамрэч гэта адно з дыялектных абазначэнняў расіцы – жамяраежнай расліны, якая належыць да аднаго сямейства з венерчынай мухалоўкай.[229] Падабенства з Super Mario Bros. проста ўражвае. Аднак гэтых перагукаў між беларускімі казкамі і японскай відэагульнёй было недастаткова, каб рабіць пэўныя гістарычныя высновы.
Паўторныя аналітычныя захады з мэтай лакалізаваць геаграфічны абсяг, на якім адбываецца дзеянне ў разгляданых намі трох казках, не даў плёну. Ніякіх адметных геаграфічных аб’ектаў у параўнанні з рознымі іншымі казкамі ў іх не сустракаецца. Толькі ў “Міроне Беларасейскім” утрымліваецца пэўная алюзія, хутчэй спароджаная заклапочанай даследніцкімі пошукамі свядомасцю, чым ад пачатку закладзеная казачнікам: “Прайшоў Мірон трошку, відзіць быстру вогненну рэку ў сажавых берагах, а на рацэ калінавы мост”, – апавядаецца ў адным з эпізодаў.[230] Толькі навуковая аб’ектыўнасць, нежаданне падганяць факты пад уласную канцэпцыю і тым самым прыпадабняцца сумнавядомаму Лаўрэнцію Абэцэдарскаму спыніла нас ад спекуляцыйных інтэрпрэтацыяў гэтага фрагменту. “Сажавы берагі” засталіся берагамі з сажы, а не ператварыліся ў берагі Сожа (Сажа). Мы ўзбіліся церабіць іншы шлях.
Усе тры казкі сваім часам публікаваліся з належнымі каментарамі. Таму нам вядома, дзе, калі і ад каго іх занатавалі этнографы. Казка “Марка Суччы сын” занатавана ў вёсцы Даўгалессе Рэчыцкага раёна Менскай губерні ў 1888 г. ад Гервасія Здольніка. Казку “Іван Мар’ін сын” у 1900 г. распавёў жыхар вёскі Данілавічы Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні Самсон Куторга. Казкай “Мірон Беларасейскі” збіральнікаў фальклору ў 1938 г. пацешыла вядзьмарка, камсамолка і проста красуня Вольга Громава, якая жыла ў вёсцы Насовічы Добрушскага раёна Гомельскай вобласці. Калі зірнуць на мапу і аб’яднаць пералічаныя вёскі лініямі, то атрымаецца амаль правільны трохкутнік, у пункце перасячэння трох бісектрыс якога месціцца Гомель. Зыходзячы з гэтага, мы вылучылі працоўную версію: гістарычныя падзеі, якія склалі сюжэтны падмурак трох казак, разгортваліся ў Гомелі або яго наваколлі.
Гэтая версія дазволіла рабіць наступныя даследніцкія крокі і марш-кідкі больш мэтанакіраванымі, засяродзіцца на гістарычных матэрыялах, звязаных з гомельскім сярэднявеччам. Аднак нам па-ранейшаму не ставала невядомага дакументу з архіваў Ватыкана. На дапамогу прыйшоў інжынер Віторыё Пэльвіні – муж нашай колішняй сяброўкі, удзельнік “Таварыства аматараў гісторыі італьянскага футболу імя Умбэртына Казальскага” (Мілан). Яго задача троху спрашчалася, бо ў вялізным масіве дакументаў з архіваў Святога Пасаду трэ’ было шукаць толькі тыя, дзе згадваўся Гомель. Дзякуючы стараннай каталагізацыі назапашаных у Ватыкане гістарычных крыніц высілкі В. Пэльвіні не нагадвалі пошук іголкі ў стозе сена і ўжо на шосты дзень завершыліся неспадзяваным поспехам. Так мы атрымалі фотакопію лацінамоўнага данясення папскай выведкі, датаванага ліпенем 1451 г. з характэрнай назвай “Аб паганскіх забавах злога нораву каля замку Гомей, што ў Літве”.[231]
З дакумента “Аб паганскіх забавах” вынікае, што ў сярэдзіне XV ст. на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага дзейнічала агентура папы рымскага Мікалая V. Агенты адсочвалі тагачаснае канфесійнае супрацьстаянне на ўзроўні як палітычных элітаў, гэтак і паспалітага жыхарства. У поле ўвагі папскага выведніка Антонія Адмаравіна трапілі і таямнічыя падзеі, што адбываліся недзе пад Гомелем. Дазволім сабе прытачыць досыць вялікі урывак з гэтага данясення (за дапамогу ў перакладзе вялікі дзякуй спадарыні Ліндзе Торбе).
“Непадалёк ад гомейскага замку месціцца вельмі вялікае поле. Яно ёсць цалкам паганскім свяцілішчам, якое дзейнічае з папушчэння гомейскага ўладара князя Свідрыгайлы (Svitrikella). Падтрымка адшчапенцаў для яго не навіна. Хоць сам каталік, ён нейкі час таму ўзначальваў сілы літоўскіх артадоксаў. Што да згаданага свяцілішча, дык тамтэйшыя паганцы за бога шануюць кракадзіла. Нават хрысціянскі люд тых мясцін апавядае як праўду, што на выспе пасярод возера, якое ляжыць за тым полем жыве велізарны кракадзіл. На полі вядзецца размаітая жыўнасць пякельных памераў: жукі, вожыкі, чарапахі. У пракапаных і напоўненых вадою равах плаваюць хіжыя рыбіны і медузы. Мухалоўкі ў два чалавечыя росты пільнуюць няўважлівых небарак. Атрутныя грыбы выкідаюць у паветра смурод. Зрэшты, на поле гэтае абазнаныя людзі ісці не спяшаюцца. Да ўсіх небяспек дадаецца яшчэ і тое, што там падрыхтавана мноства пастак і перашкод. На ўласныя вочы паганцаў мала хто бачыў. Відавочна, стары князь Свідрыгайла з імі ў змове. Відаць, што хрост святы не змяніў яго паганскай натуры. На яго загад у аднаго чалавека, які капаў калодзежы, а зваўся Марыён (Maryon), выкралі жонку. Служкі Свідрыгайлы перадалі яе паганцам, а тыя запраторылі бядачку на кракадзілаву выспу. Марыён у роспачы прыбег да князя патрабаваць праўды. А стары ліс Свідрыгайла сказаў, маўляў, той можа забраць сваю жонку, а яшчэ і золата ў дадатак атрымае, калі застанецца жывым пасля падарожжа праз поле. Пачцівы каталік Марыён не хацеў стаць лялькай у забавах злога нораву паганцаў, але мусіў пабегчы праз паганскае поле, бо жонку сваю любадайную кахаў вельмі. Князь Свідрыгайла глядзеў на яго шалёны бег з вышыні вялізнай драўлянай вежы на колах, якую для яго загадзя пабудавалі. Чым далей адважны Марыён прасоўваўся ў полі, тым далей колькі дзясяткаў добрых коней цягнулі колаваю вежу ўздоўж поля, каб князь мог бачыць усе прыгоды таго, хто бег. А ён у небяспечнай дарозе сваёй не меў ніякае зброі, апроч уласных ног. Адзінай дапамогай яму былі спажыўныя грыбы, якія раслі на полі сярод атрутных. З’еўшы такі грыб, Марыён рабіўся больш моцным і нішчыў сваёй моцай усе перашкоды, спаруджаныя паганцамі, адольваў усе равы з вадою, а таксама падземныя сховы. Да таго ж пасля спажывання гэтых грыбоў ён мог адрозніць сярод звычайных зёлак вогненныя кветкі, якімі адганяў чарапах і хіжых рыбінаў. Запас вогненных кветак дапамог яму ўрэшце перамагчы страшнага кракадзіла. Але перад тым на вочы Марыёна наўмысна патрапляўся нехта з паганых і з дзікунскім гергетаннем паведамляў, што жонка таго дзеліць ложак з кракадзілам. Гэта вельмі ятрыла калодзежніка, і ён урэшце абрынуў ў нябыт сустрэтую ім пачварыну, дарма што тая дыхала гарачым смуродам і адкідала ад свайго панцыра шчыткі з шыпамі, што дужа нагадвала палёт кавальскіх молатаў. Марыён не пабачыў ні сваёй жонкі, ні абяцанага золата. Паганцы схапілі і з надыходам чырвонае спёкі прынеслі яго ў ахвяру іншым сваім надуманым божышчам”.
Як бачым, стваральнікі Super Mario Bros. і сапраўды пазычылі з цытаванага дакумента ладную долю сюжэтных хадоў для гульні, хоць шмат чаго прыдумалі самі (згадайма, напрыклад, зорку непаразлівасці). Але ад самага пачатку знаёмства з ватыканскім дакументам у нас узніклі сумневы ў праўдападабенстве розных дэталяў, зафіксаваных у данясенні папскага агента. Цалкам мажліва ўявіць існаванне перакананых язычнікаў на Гомельшчыне ў сярэдзіне XV ст. Аднак суцэльнай фантастыкай выглядае наяўнасць разгалінаванай сістэмы камунікацыяў, якую Антоній Адмаравін называе свяцілішчам. Яе стварэнне каштавала б немалых высілкаў і вялікіх грошай. Ніводны тагачасны палітык, якім бы паганафілам ён ні быў у душы, не ўзяўся б спрыяць рэалізацыі такога кшталту праектаў. На перабольшванне выдаюць і будаўніцтва колавай вежы, і гвалтоўная смерць Марыёна. Імаверна, агент жадаў дадаць лішніх барваў у сваё апавяданне, аздобіць яго каліўцамі праўдзівай ілжы, каб урэшце атрымаць добрую ўзнагароду за працу ва ўмовах скрайняй небяспекі. Што тычыцца ўсяго астатняга, дык пасля выразных паралеляў з беларускімі народнымі казкамі мы не наважыліся адназначна палічыць тое прыдумкамі. Пагатоў касцюкоўскі краязнаўца Лявон Стрыкоўскі, ведаючы пра наш клопат, даслаў наступны вельмі сімптаматычны тэкст народнай песні, занатаванай ў 1946 г. ад гамяльчаніна Ананія Бязмена:
Песня яшчэ раз засведчыла, што народная памяць пра нетрывіяльныя падзеі далёкага 1451 г. трывала вельмі доўга. Лагічна задацца пытаннем: няўжо ў пісьмовых крыніцах, якія паходзяць з Вялікага княства Літоўскага, пра гэтыя падзеі не засталося ані згадкі? Калі б да нашага часу захаваўся “Другі Гомейскі летапіс”, падобнае пытанне было б залішнім, бо тутэйшы летапісец ніколі б не прамінуў увагаю надзвычайнае здарэнне. А вось шырокавядомыя спісы агульнадзяржаўных летапісаў і хронік (XV–XVI стст.), дзе асвятляецца фактура азначаных часоў, не ўтрымліваюць хоць бы найменшага намёку на нешта надзвычайнае, што дзеялася каля Гомеля ў сярэдзіне XV ст. У малавядомым “Тайным летапісцы вялікіх князёў літоўскіх” ёсць толькі цьмянае паведамленне, што 20 ліпеня 1451 г. “в Гомеи покрадена была коханая внуча князя Швитрыгайлы. От той несподеванки великое множество турбот размоитых стало, понеже князь хотел, абы панну тую некто з бояр обращил а высвободил. Так ся и сдеяло. Только не през моц та розум боярския, але през силу и кемност вольного чоловека гомейского. “Я ся верну. З панной”, – обецал той и слово свое, яко сталь твердое, стримал”.[234]
Хто выкраў княскую ўнучку, хто канкрэтна і якім чынам яе выратаваў, летапісец не паведаміў. У Свідрыгайлы і папраўдзе магла быць даволі дарослая ўнучка ці нават праўнучка. Усё ж гомельскі ўладар меў на той час за плячыма, паводле адных звестак, 80, а паводле іншых – амаль 100 гадоў.
Тое, што ў дакуменце “Аб паганскіх забавах” і адпаведным фрагменце “Тайнага летапісца” вядзецца гаворка пра адны і тыя ж падзеі, сумневу не выклікала. Аднак узнікла страшная дылема: якая крыніца вартая большага даверу? Даць адназначны адказ без пашырэння крыніцавай базы было немагчыма. Росшукі працягнуліся.
Князь Свідрыгайла памёр у 1452 г. у Луцку (адным са сваіх гарадоў), і таму нашу ўвагу прыцягнулі пэўныя дакументы тамтэйшага паходжання. У фрагментах “Кнігі замка Луцкага” паведамляецца пра выезд князя ўлетку 1451 г. у Гомель. Пісар Алексій Бубен акрэсліў прычыны і вынікі паездкі наступным чынам: “На замку Гомейском ся прылучила беда. Запропала гдесь без ведома внучка князя Швитригайлы. Князь призвал мужей зацных и ку отвазе схилных, абы девицу оную знайдовали. Але помощи правдивой пан приждал только от лозоходца Мариана, который изыскал панну на лузе редкостно дивном. А дивным вышменованый луг был за тым, што розмаитыми обфитостями и зверья дикавого рожаю наполненый был. Мариан той, не злякшися моцы и хитрых фортелей животин всих, а звлаща громадной ящерицы, рушился противко них и потомчас вернулся назад у Гомей з внучкой князя Швитригайлы”.[235]
Як бачым, данясенне папскага агента ўсё ж утрымлівала перакручаныя факты. І ўрывак з “Тайнага летапісца”, і запіс з “Кнігі замка Луцкага” ніякім чынам не згадваюць існаванне агромністага паганскага капішча спецыяльнага прызначэння пад Гомелем. Да таго ж дзеянні вольнага чалавека Мар’яна паўстаюць як дзеянні добраахвотнага характару, а не як вынік шантажу мала не тэрарыстычнага кшталту.
Урэшце “лазаходзец” (знахар, што ведаў, як шукаць падземныя воды) ратуе не ўласную жонку, а крэўную былога вялікага князя. І дзейнічае ён не ў камандзе, а самастойна, дэманструючы адметны гераізм. У сістэме каштоўнасцяў сярэднявечнай этыкі яго ўчынак выглядае як рыцарскі. Калі перад здзяйсненнем свайго вычыну Мар’ян і не належаў да баярскага стану, дык паводле вынікаў выправы на “дивный луг” факт прылічэння яго да баярства заставаўся толькі пытаннем часу. Свідрыгайла асабіста зрабіць такі дарунак не меў права, аднак мог хадайнічаць перад дзейным на той час вялікім князем літоўскім Казімірам Ягелончыкам. І сапраўды, у спісах надання баярства за снежань 1451 г. (гэткі падарунак на Каляды) мы знаходзім імя “жихоря гомейского” Мар’яна Лазоўскага, які “живота власного не лютовал а в речах обороны безпеченства Великого князства Литовского мужность великую указал”.[236] Няма прычын сумнявацца, што Мар’ян Лазоўскі і Марыян, які згадваўся ў “Кнізе замка Луцкага”, – адна і тая ж асоба. Але чаму ягоны учынак пад Гомелем вялікі князь звязаў з “речами обороны безпеченства” дзяржавы? Адказаць на гэтае пытанне нельга без разумення таго, што ж насамрэч адбывалася ў ліпені 1451 г. пад Гомелем і якую небяспеку для Вялікага княства ўяўляў “дивный луг” і большая частка яго насельнікаў.
Усе апісанні “дивнаго луга”, якія мы маем на гэты момант, так і ці інакш засведчылі пэўныя адхіленні ад нормаў у тамтэйшай экасістэме. Можна з пэўнасцю казаць, што ў той час пад Гомелем існавала анамальная зона. Толькі так можна вытлумачыць наяўнасць вялізных жукоў, агрэсіўных вожыкаў, чарапах (такія чарапахі, дарэчы, трапляліся яшчэ Аляксандру Македонскаму) ды іншых біялагічных адхіленняў. Па сутнасці, анамальная зона несла вялікую небяспеку дзяржаве і ўзгляднай стабільнасці ў ёй. Людзі сутыкаліся з невытлумачальным і адначасова пагрозлівым з’явішчам, якое не маглі нейтралізаваць ні дзяржаўныя дзеячы, ні хрысціянскія царкоўнікі абедзвюх канфесій. Зразумела, што падобная нямогласць мусіла спараджаць сярод жыхароў ВКЛ паняверку, змяншаць ровень легітымнасці элітаў. Магчыма, што і да 1451 г. на “дивном лузе” здараліся рознага кшталту пературбацыі, а інцыдэнт з унучкай Свідрыгайлы папросту стаўся апошняй кропляй. У такім разе здаецца, што Мар’ян Лазоўскі не проста адшукаў (выратаваў) панну, але і знішчыў саму крыніцу анамалізацыі.
Што магло быць такой крыніцай? У найноўшай гісторыі зафіксавана з’яўленьне анамальнай зоны каля расійскага горада Перм, вядомай пад рознымі назвамі: М-скі трохкутнік, Малёбкінскі трохкутнік ды інш. Лічыцца, што пачаткам фармавання Малёбкінскай зоны сталася падзенне ў 1980 г. у адну з сажалак невядомага касмічнага цела.[237] Калі праводзіць аналогію, дык можна дапусціць, што пачатак гомельскай анамальнай зоны ў XV ст. таксама быў пакладзены нейкім касмічным аб’ектам. Як ні дзіўна, гістарычныя крыніцы цалкам пацвярджаюць наша дапушчэнне.
“Супрасльскі летапіс” паведамляе пра незвычайную нябесную з’яву, што назіралася ў сакавіку 1402 г.: “Во великое говение месяца марта знамени бысть на небеси: явлъшюся во вечерьную зару на западе звезда велика, аки копеинымь образомь явльшеся, верьху же ея, яко луча сияше, иже на востоце восходящи, на западе летнемь явлынеся, юже видихомь все говение великое в пятьницю великую. Идяше та же звезда весь день пред слнцемь, вси ми видихомь ея идуще”.[238]
Беларускі астраном Мірольд Камінскі, спасылаючыся на ліст жонкі чачэрскага старосты Соф’і Рыжай да мазырскага лекара Андрыя Дулітлоўскага (XV ст.), сцвярджаў, што нябесная з’ява 1402 г. супала з момантам, калі тэрмінатар (лінія светлападзелу) прайшоў праз Гомель.[239] Ігумення Свята-Ўзвіжанскага манастыра пад Шарпілаўкай Таціяна Міразоўская ў асабістым запісе за травень 1450 г. працытавала паведамленне з “Супрасльскага летапісу” і дадала: “От звезды той отделиша ся менша звезда, и полетеша на землю великих князей литовских ко граду Гомею, и отвариша близь града того врата в преисподню. Мнозе времени гомеяне живяху и не знаху, яко зло велико сотворися окол них. Аз, грешна раба божья, молитвы деннонощно изрекаю, уповая, ижь Бог не дасть хищнику дияволу радости поглотити град оный и начяти с того конец света”.[240]
Такім чынам, незвычайная нябесная з’ява 1402 г. мела наступствам падзенне нечага на абсяг гомельскіх ваколіц. Што б гэта ні было – метэарыт з незямнымі бактэрыямі ці касмічны карабель іншапланетнікаў – яно цягам паўстагоддзя працавала на тое, каб ператварыць маляўнічыя гомельскія краявіды ў анамальную зону. Не стае дакументаў, але можна меркаваць, што там знікалі, трапляючы ў пашчы пражэрлівых мутантаў, і свойская жывёла, і людзі. Няма ніякай пэўнасці, хто ці што насамрэч тоіцца за постаццю галоўнага драпежніка гомельскай зоны – змеем/смокам/цмокам/вялізным кракадзілам/агромністай яшчаркай. Вядомы беларускі ўфолаг Аскольд Мянжынскі лічыць, што гэта мог быць дыназаўр, парэшткі якога пад пазазямным уздзеяннем зазналі рэгенерацыю, і ён вярнуўся да жыцця. Кіданне молатаў/булдаў/кувалды/панцырных шчыткоў з шыпамі руплівец уфалогіі тлумачыць пэўнай абараняльнай асаблівасцю арганізму дыназаўра.[241] Іншы спецыяліст па анамальных з’явах Алекс Зюзькавец цвердзіць, што на “дивном лузе” гамяльчанам супрацьстаяў іншапланетны розум: “Гэта мог быць агромністых памераў рэптыліёд, які здолеў выжыць пасля крушэння свайго летака. З іншага боку, нельга скідаць з рахункаў і тую версію, што нашы продкі ў знаёмых ім катэгорыях (“цмок”, “яшчарка” і т. д.) адлюстравалі нейкі транспартны сродак, якім карысталіся іншапланетнікі. Упэўнены, калі б гамяльчане XV ст. убачылі месяцаход, аўтамабіль “Hummer” ці нават які-небудзь гарбаты “Запарожац” і пакінулі б пасля гэтага апісанні, мы ўбачылі б у іх вобразы казачных пачвараў”.[242]
Якая б з версіяў ні была бліжэйшай да ісціны, відавочна адно: Мар’ян Лазоўскі не пайшоў бы ў анамальную зону без зброі і іншага рыштунку. Хутчэй за ўсё, акурат сярод рыштунку і знаходзіліся “спажыўныя грыбы” – народны болеспатольны і адначасова ўзрушальны сродак на грыбной аснове, далёкі продак сучасных кубікаў грыбных булёнаў. Што да “вогненных кветак”, дык пэўна, што гэта была самая галоўная зброя. Яна ўяўляла сабою гліняныя збаночкі з запальнай сумессю. Фрагменты такіх збаночкаў рознай ступені захаванасці археолагі рэгулярна знаходзяць на тэрыторыі г. зв. Вялікага Гомеля.[243] На жаль, навукоўцы практычна нічога не ведаюць пра складнікі названай запальнай сумесі і не могуць высветліць, быў спосаб яе вырабу тутэйшым вынаходніцтвам ці яго аднекуль запазычылі. Спадзяемся, што з цягам часу навука атрымае адказы і на гэтыя пытанні.
Што тычыцца канкрэтызацыі месца, дзе знаходзілася анамальная зона, дык пасля параўнання досыць сціслых дакументальных звестак з вядомымі геаграфічнымі рэаліямі, можна выказаць колькі меркаванняў. З аднолькавым поспехам гэта маглі быць сённяшнія:
1) Мельнікаў Луг з Валатаўскім возерам;
2) раёны, якія прылягаюць да Любенскага возера;
3) аўтавакзал і раёны, што суседзяць з ім, то бок месца, дзе да другой паловы ХХ ст. існавала Гарэлае балота – ранейшае возера ледавіковага паходжання.
Калі ж выбудоўваць рэйтынг гэтых мясцін з улікам анамаліяў, што фіксуюцца да гэтае пары, то бясспрэчным лідэрам тут будзе Мельнікаў Луг. Вялікая доля фактаў з’яўлення НЛА прыпадае акурат на яго. Шмат дадатковай інфармацыі дало б маштабнае археалагічнае даследаванне гэтай часткі горада. Аднак у агляднай перспектыве яно бачыцца абсалютна немагчымым. Частка Мельнікава Луга засыпана рачным пяском, які намывалі з Сажа яшчэ ў 1970-я гг. Цяпер там вядзецца інтэнсіўнае будаўніцтва.
[224] Энциклопедия компьютерных игр. Тверь-Смоленск, “Крестный ход”. 2007. С. 174.
[225] Бесарбаш П. Белорусские пословицы, поговорки и иные речевые обороты, находящиеся ныне в употреблениии крестьян Могилевской губернии. М., 1871. С. 20.
[226] Лугавая А. Асобныя проблемы этнографічных досьледаў у дарэволюцыйнай Беларусі ХІХ веку // Магілеўскі этнографічны агляд. 1928. Вып. 4. С. 37–39.
[227] Романов Е. Р. Добавления к белорусскому сборнику. Вильна, 1912. С. 25.
[228] Белорусские народные волшебные сказки. Киев, 1889. С. 120–132; Чарадзейныя казкі. Менск, “Совецкая Беларусь”. 1940. С. 18–29; Казкі невычэрпная крыніца. Мінск, “Мастацкая літаратура”. 1977. С. 111–128.
[229] Булгарин Ф. Несколько замечаний по поводу белорусских трав // Булгарин Ф. Собрание сочинений. Москва, 1837. С. 76.
[230] Чарадзейныя казкі. Менск, “Совецкая Беларусь”. 1940. С. 22.
[231] Archivio Segreto Vaticano. F. 777 (HL). S. 69. A. 45. Fol. 9.
[234] Тайный летописец Великих князей Литовских. Рукапіс з прыватнага збору гомельскага калекцыянера старасветчыны Стывенсана Я. П. Пагінацыя адсутнічае.
[235] Извлечения из “Книги замка Луцкого” XV в. Новгород-Волынский, 1914. С. 41.
[236] Акты, относящиеся к истории Северо-Западного края России. Ревель, 1899. Вып. 1. С. 448.
[237] Пушкарева Е.В. Как нам обустроить Молёбкинский треугольник? // Гламур и дискурс. 2007. № 11. С.118.
[238] Полное собрание русских летописей. Москва, “Наука”1980. Т. 35. С.53.
[239] Камінскі М. Астрономія ў прыкладах з даўняй і блізкай мінуласьці Беларусі. Вільня, “Фэнікс Бацькаўшчыны”. 1927. С. 29.
[240] Дом Г., Морро Д. Личные записи духовенства Западной и Южной Руси. Воронеж, “Изд-во г-на Кокса”. 1892. С. 89.
[241] Аўдыёзапіс гутаркі з асабістага архіва аўтара гэтага даследвання.
[242] Тамсама.
[243] Снопкович Г.Б. Археология средневекового Гомеля. Гомель, “ИЗО-Плит”. 2009. С. 16.