Галоўным апірышчам гістпартаўскіх поглядаў пра той перыяд было паведамленне Пракопа Кесарыйскага (IV ст.), з якога вынікала, што тагачасныя славяне (балта-славяне?) не кіраваліся адным чалавекам, але спакон вякоў трывалі ў народапраўстве. Гэта, аднак, не перашкодзіла “кампетэнтным органам” адчыкрыжыць у таго ж Пракопа надта важкі момант (аднаўляем у квадратных дужках): “Яны (нашы прашчуры – С.Б.) ушаноўваюць і рэкі, і німфаў, і ўсялякіх дэманаў, прыносяць ім усім ахвяры і з дапамогаю гэных ахвяраў варожаць, [а самі ж вараць сабе сочыва з ківі і ядуць проста з гаршчкоў]”. У поўным “Стратэгіконе” Псэўдамаўрыкія (VІ ст.) чытаем пра славян “верхняга Барысфена”, то бок Дняпра: “У іх мноства размаітай жывёлы і зерня, якое складаецца ў скірды, а злашча проса і полба. Ядуць, бывае, і ківі. Адкуль бяруць – розуму не дабяру”.
Магчыма, ківі было складнікам нейкай язычніцкай стравы, а назва самае ягады табуявалася, назапашвала розныя псеўданімы, як гэта было з паганскімі багамі. Ёсць падставы меркаваць, што памянёнае сочыва з ківі не было простым джэмам ці канфіцюрам, а своеасабліва згатаванай п’янкой масай, на аснове якой гатаваліся рознага кшталту напоі. Якраз адсюль паходзіць троху састарэлае, прынамсі ў літаратурнай беларускай мове, слова “ківацца”, то бок хістацца, сёрбнуўшы лішку незвычайнага морсу. Пацверджанне таму знаходзім у архаічным беларускім фальклоры. Так у часе эратычнай зімовай гульні “Жаніцьба Цярэшкі” спявалася такая “наруглівая” прыпеўка:
Цяжкасці з выясненнем краіны-экспарцёра ківі ў Беларусь тлумачацца тым, што ніякага экспарту не было. Ківі вырошчваліся тут, напрыклад, у полацкіх падзямеллях. Самыя нетры зямлі крыўскай давалі той неацэнны скарб. Нельга скідваць з рахункаў імавернасць таго, што крывічы са сваімі супольнікамі заснавалі горад Кіеў, як эксперыментальную базу па вырошчванню ківі. І толькі ў пазнейшыя часы гэтай базаю авалодалі паляне, а за імі і варагі, якія слаба зналіся ў ківіводстве і амаль дашчэнту занядбалі гэтую галіну сельскай гаспадаркі. Але яшчэ доўга памяць пра даўнейшыя кіеўскія часы жыла ў народзе, бо і сёння на ўсходзе Беларусі можна пачуць прымаўку: “Язык да ківі дапытае”.
Палачане, памятаючы пра свае колішнія садочкі ў Кіеве, вялі з “маткай гарадоў рускіх” зацятае змаганне. Варажскай дынастыі, якая ў “стольном градзе” атайбавалася, надта ж карцела паспытаць небывалай у Скандынавіі ягады. “На седьмом веце Трояни връже Всеслав жребий о девицю себе любу… и скочи к грядам киви и дотчеся стружием злата стола киевскаго”, – чытаем у Шырынкоўскім спісе “Слова пра паход Ігараў”. Гэта дае падставы цвердзіць, летапісны “поруб”, дзе нібыта цягам колькіх месяцаў 1068–1069 гг. быў зняволены Ўсяслаў Чарадзей, быў насамрэч не турмою, а падземнай дзялянкай ківі. Няўмекі “руськия” князі прымушалі слыннага палачаніна аднавіць сад, які апошні раз даваў ураджай, відаць, яшчэ за часы Рагнеды Рагвалодаўны. Яна ў Кіеве апынулася з ведамай, але няслушна інтэрпрэтаванай гісторыкамі прычыне. Усяслаў жа, як вядома, пры першай-лепшай магчымасці даў з Кіева драпака (дарэчы на аднарогу), пакінуўшы ўраджай несабраным.
Між тым рознага памеру дзяляначкі ківі размяшчаліся ўва многіх куткох Беларусі. На выяўленых нядаўна ў Гомелі рэштках кляновай граматы (з кары клёна) ясна чытаецца: “Оже еси продал черепье, а купи ми, добро творя, киви на шест гривен”. Дакумент датуецца ХІІ ст. З таго ж часу паходзіць касцяны абразок з Магілёва, дзе адлюстраваныя святыя Барыс і Глеб у вобразе вершнікаў. І той і другі на правай руцэ трымаюць нешта эліпсоіднае, пакрытае поўсцю. Суправодны цяжкачытэльны надпіс тлумачыць: “Св[ят]ыя Б[о]р[и]с [и] Гл[е]б. Киви для П[е]р[у]на”. Лішні раз бачым мы добрае сведчанне заблытанасці рэлігійнае свядомасці жыхароў тагачаснае Беларусі: хрысціянскія святыя ўручаюць ягады паганскаму боству.
У Заслаўі ў культурным пласце ХІІІ ст. была знойдзена шахматная фігурка ў выглядзе ківі. Знаходка нідзе не экспануецца, бо першаадкрывальнікі лічаць яе часткай набору жорсткаэратычных шахмат ананімнага заслаўскага вычварэнца. “Мнозии ищуть да не обращуть. Инии жь и искати не пробують”, – можна прывесці з гэтай нагоды словы невядомага полацкага кніжніка таго часу.
Пад Мазыром яшчэ перад апошняй нямецкай вайною ляжаў вялікі камень-камлыга, якую тутэйшы люд называў не інакш як кіў-камень. З адзінага вядомага апісання (насценгазета Бабчынскага педтэхнікума “Чырвоны ахеолёг і краявед” ад 5 кастрычніка 1928 г.) вынікае, што кіў-камень (d=5 м) быў укрыты без парадку размешчанымі барозначкамі (даўжынёю ў 6–8 см) рукачыннага паходжання. Паспрабуйце ўявіць падобных памераў ківі, і уцяміце, што мазырскі камень быў прысвечаны менавіта гэтаму плоду.
Сакрэты ківіводства не дасталіся забыццю і ў эпоху Вялікага княства Літоўскага. Ягада па-ранейшаму значным чынам уплывала на грамадскую свядомасць. Нездарма сярод зафіксаваных у пісьмовых крыніцах ХIII – пачатку XVI ст. імёнаў старадаўніх літвінаў з зайздроснай рэгулярнасцю сустракаюцца і вельмі выразныя: Ківімонт, Ківігайла, Ківейка. “Тайны летапісец вялікіх князёў літоўскіх”, паведамляе, што князь Міндоўг “завсюды по лазни не толко медок до споживы брал”, але яшчэ захапляўся і “варивцем з киви и зиолак, бо то велми ку силе мужеской надобне было”. Чаму ж тады мы дзівімся з таго, што сямідзесяцігадоваму вялікаму князю спатрэбілася “умыкати” чужую жонку?!
Згодна з тым жа гістарычным дакументам вялікі князь Альгерд у адказ на маскавіцкую дыпламатычную правакацыю (праз пасла перадалі агонь ды шаблю, грозячыся такім чынам вайною) прыбыў разам з войскам на Вялікдзень пад Маскву. Прыбыццё гэтае зрынула Дзмітрыя Іванавіча ў жахоты. Калі іншыя кронікі цвердзяць, што гаспадар літвінаў і русінаў падараваў свайму калегу і апаненту велікоднае яйка, то “Тайны летапісец” адзначае інакшае: “И уручил Олкгирд Деметрию не яйце пасхальное, але киви литовское, чим оного князя злякал, бо николи того яблока не бачил а мнемал, иже речь с чаровництвом вязаная”. Ясна, што ніякага чараўніцтва там не было.
Прысутнічала ківі і на стале вялікага князя Вітаўта, што надта ўражвала іншаземных гасцей. Адзін з такіх, “влох” (італіец) Джакама Абламіні, згадваў у сваіх мемуарах (1450 г.): “У рутэнскага князя Віторыё, што тады валадарыў Літваніяй, на сталах еміны было покатам, асабліва мяснога. Адылі подзіў усіхны спаклікалі вялізманыя пасудзіны з ківі – той ягады, каторую нават папеж гады ў рады смакуе. Відовішча усіх узрушыла і падкрэсліла годнасць Віторыё як валадара вартага быць каралём”.
Што да спамянутых на пачатку гэтага артыкула бутэрбродаў, дык кволая намінка на іх адносіцца да мяжы ХV—ХVІ ст. Гетман Канстанцін Астрожскі, характарызуючы тагачасную палітыку Масковіі ў дачыненні да ВКЛ, трапна адцеміў: “Хочуть киви а булку изъести, масла не улизнувши”. Беспасярэдні ж рэцэпт гэтае закускі прысутнічае ў рукапісным зборніку “Потравы вшеляки ку беседам панским” (1596 г.): “Бери ломоть хлеба бялэго, умасти оный маслом коровим, а по версе кронжки от киви положь. Будешь ядати, нихто за ушшу не отволочит, а звлаще после горилки”.
Нельга, аднак, думаць, што ківі ўжываліся толькі асобнымі сацыяльнымі групамі. У той ці іншай ступені гэта ягада была даступная ўсім. У старабеларускай студэнцкай песні (не пазней канца ХVІІ ст.) ёсць такія характэрныя радкі:
У гарадскім рамансе сярэдзіны ХVІІІ ст. з т. зв. “Курніцкага сшытку” лірычная гераіня ўздыхае аб страчанай прыхільнасці да яе з боку былога каханка:
У інвентары вёскі Шарсцін (сучасны Веткаўскі раён) 1609 г. адзначаецца, што сяляне выконвалі для пана Ленскага не толькі традыцыйныя павіннасці, але яшчэ і “кивийное”. Паводле дакумента прыгонныя мусілі “з дыму кождого в осень по 25 киви побритых сплатити”. Пан Ленскі або быў задужа далікатным і грэбаваў першасным выглядам спелае ягады, або ўяўляў з сябе зацятага прыгонніка, якому – хлебам не кармі! – дай толькі памучаць сацыяльныя нізы.
У попісах маёмасці астравецкага кляштара дамініканаў (1639 г.) сярод іншага наяўнага на той час за ягонымі мурамі правіянту згадваюцца “дзесят фасок – з бочку виленскую кожная – з варивом киви”. Праваслаўны святар Нікадзім, звяртаючыся з казанню да магілёўцаў (блізу 1683 г.), выславіўся: “Аще горелицы крякнеш, буде безплоден ден. Аще же киви снедеш – получный, лепый и много для здравия приятный”. Пра карыснасць ягады для здароўя айцец не падманваў, хоць пэўна і ведаў пра якое здароўе вядзецца.
І ў “Лякарствах дамовых” (1619), і ў “Доме лячэння” (1625), якія амаль цалкам парывалі з сярэднявечнымі псеўдамедычнымі прыдумкамі, фігуруе рэцэптура шматлікіх узвараў з ківі ў спалучэнні з іншымі інгрэдыентамі (арэхамі, смятанай, яечным бялком). Рэкамендавалася таксама простае ўжыванне ягады, бо “дапамагае барза канец дзяржаць на пагатове”. Лексіка сведчыць, што аўтар “Дома лячэння” быў знаёмы з паўлегальнымі “Арыстотелевыми вратами”. Сімяон Полацкі досыць стрымана азываўся аб ахвотніках спажываць ківі, папераджаючы такіх:
Але не царква і яе паасобныя дзеячы прычыніліся да поўнага занядбання ў нас ківіводства. Так ужо сталася ў гісторыі беларускай, што многае добрае і пазітыўнае скончылася пры канцы ХVІІІ ст. пасля “воссоединения” з Расіяй. Падобна адбылося і з ківі. Яшчэ за доўга да падзелаў Рэчы Паспалітай лёс ківі быў вырашаны ў Полацку. Ліпеньскім вечарам 1705 г. пасля вядомага інцыдэнту ў Сафійскім Саборы расійскі манарх Пётр І ласаваўся тутэйшымі прысмакамі. З’еў і пару бутэрбродаў з ківі, а маленькае зернейка ад ягады прыліпла дзесьці ў царскім горле. “Зачали его императорское величество кашлять зело, – распавядае ў сваім дзённіку адзін з тагачасных целаахоўнікаў цара Мікіта Павелін, – вплоть до того страшен был кашель оный, иже пришлося Петра Алексеича скамеечкой дубовой по спине звездошити”. Угневаны імператар зараз жа загадаў зніштажаць, дзе патрапяцца, агародчыкі ківі. А потым наагул запавеціў рабіць гэта ж і сваім наступнікам.
Пераемнікі Пятра старанна выконвалі ягоны наказ, змагаючыся з “чертовой ягодой подземной, коя из литвина богатыря лихого творит”. Таму пасля падзелаў Рэчы Паспалітай на беларускіх абшарах разам з руйнаваннем замкаў ды земляных умацаванняў адбывалася разбурэнне ўсяго, што толькі магло нагадаць расійцам пра тую ягаду. Калі за часы Аляксандра І апамяталіся, захацеўшы частавацца таннымі беларускімі пладамі ківі, было ўжо надта позна ратаваць справу. Даўняя галіна беларускае гаспадаркі спыніла сваё існаванне. І толькі спарадычна народная памяць давала знаць пра ківі. У адным са спісаў “Энеіды навыварат” упамінаюцца “мязгі і ківі рашаты”. У 1857 г. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч у лісце да Ўладзіслава Сыракомлі хваліўся, што сканчае новую вершаваную аповесць “Век з ківі векаваць”. Лёс гэтага твора невядомы. Пэўную інфармацыю ўжо за савецкім часам меў Вацлаў Ластоўскі. У 1927 г. ён прапанаваў увесці ў кампазіцыю новага герба БССР заміж канюшыны ягады ківі. Але нават такая памяркоўная прапанова, бо рэальна Ластоўскі хацеў бачыць гербам Беларусі “Пагоню”, была адхілена як контррэвалюцыйная і нацыяналістычная.
Гісторыя з ківі на Беларусі і сёння замоўчваецца. Толькі гурт N.R.M у 1996 г. голасам Лявона Вольскага з горыччу адцеміў: “У нашай краіне няма бананаў і ківі” (слухай “Песню падземных жыхароў”). Дык давайце ж, спажываючы ківі, штораз нагадваць сабе і сваім субяседнікам пра беларускую традыцыю гэтай прыўкраснай ягадкі!
Зямля пад крыламі Фенікса
У самы чад кіравання ў Грэцыі рэжыму «чорных палкоўнікаў» (1970 г.) археолаг Мікас Тэлемакас у часе раскопак пад г. Касторыя выявіў фрагменты рукапісу II ст. да н. э. Пры бліжэйшым азнаямленні высветлілася, што гэта ўрыўкі няведамай паэмы, якая паслужыла ўзорам для рымскага паэта Авідыя ў яго «Метамарфозах». Першаўзор у пэўных момантах размінаўся з класічным тэкстам. Спаміж гэткіх розмінаў было і ўдакладненне легенды пра птушку фенікс. Калі ў Авідыя рабілася адно цьмяная намінка на асірыйскі радавод гэтай птушкі, то ў грэцкім тэксце радзіма феніксаў лакалізуецца зусім у іншых мясцінах:
Арыгінал, так і не ўведзены ў шырокі навуковы ўжытак, згарэў у машыне разам з Мікасам Тэлемакасам, якога за апазіцыйныя погляды прыбралі спецслужбы грэцкіх фашыстаў. Фотакопіі ж знойдзеных ім фрагментаў былі абвешчаныя камуністычнаю фальшыўкай. Між тым іншыя гістарычныя росшукі сведчаць, што археолаг дакапаўся да праўды.
Неўрыдай старажытныя грэкі называлі паўночна-ўсходнюю, усходнюю і паўднёвую Беларусь. Згаданыя рэкі Барысфен і Нірэя – старагрэцкія назвы Дняпра і Сажа. «Бацяном» у паўднёвых і цэнтральных беларускіх гаворках аж да сёння называюць бусла. У гэтым канкрэтным выпадку, найбольш верагодна, гаворка вядзецца не пра звычайнага бусла, а пра нейкі пераходны разнавід ад крылатай рэптыліі да птушкі. Тое, што наш край быў радзімаю фенікса, ускосна пацвярджае, напрыклад, чарнігаўскі спіс XI ст. ператлумачэння грэцкага «Фізіёлага»: «Так преречено бысть Фисилохом, нам жь видно естьство финиксов, егда летають над сивер и радимичська земли, изроня иноды на головы неблюдников яицы своя желязны».[2]
Цікава, што пра гэтую ж акалічнасць праз два стагоддзі ўспамінаў і царкоўны дзеяч Вялікага княства Літоўскага Рыгор Цамблак: «Финиксам час яйце метати, людем веремя гузы собирати».[3] Як вынікае з т. зв. «Ятвяжскіх пергамінаў» (захавалася выданне ў перакладзе на польскую мову Аляксандра Рыпінскага пад агульнай рэдакцыяй Адама Клакоцкага), у Х—ХІ стст. феніксы сапраўды вяліся на Палессі і шанаваліся, прынамсі, ятвягамі як святарныя стварэнні: «Для гадавання чуласці да нашай звабнай Ятвезі вельмі добра пілігрыміку ў далёкія куткі свету чыніць. Адно тады дойдзеш да цяму, чаго ж з-за цёплых мораў бацяны, знаныя там феніксамі, спяшаюцца вярнуцца на Прыпяць».[4]
З пратографу «Аповесці мінулых гадоў» даведваемся, што ключ феніксаў, які ўвесну 945 г. ляцеў да родных берагоў, выратаваў драўлянскую сталіцу, горад Іскарасцень, ад першае спробы кіеўскае княгіні Вольгі вынішчыць яго: «Голуби же и врабьеве полетеша до гнезда своя: голуби до голубники, врабьеве под стрехи, абыхом тамо взгарахуться. Но летеша обок финиски и согнаше птичство мало в болото дико».[5] Праўда, драўляне не скарысталі з гэтай дапамогі і праз пэўны час ізноў паддаліся кіеўскай правакацыі. Мабыць, за падобныя ўчынкі тагачасныя падпальнікі войнаў ды іхныя прыдворныя ідэолагі не паважалі бацяноў-феніксаў.
Нехта Лука Бяссонны ў лісце да Аўрама Смаленскага (1199 г.) дазволіў сабе наступнае: «Вы там всегды сплошь бледьню деяете, и фюниксы – черны, аки смоль – в сей бледьне вам напервые пособници».[6] Аднак не ўсе трымаліся гэткіх поглядаў. Кіеўскі мітрапаліт Іларыён (XI ст.) у першым варыянце знакамітага «Слова о законе и благодати», непрыязна азываючыся аб беларускіх землях, пра фенікса разважаў у станоўчым ракурсе: «Тако имам, иже благостны птици фенексы обитаху в местех, где не чтяху обло законы божи, места си всяк весть – дебри и блаты, ис каких Припеть проистекше».[7]
Многія жыхары Беларусі XIII ст. сімпатызавалі феніксам. Рэч у тым, што акурат гэтыя крылатыя стварэнні адбаранілі практычна ўсе абшары нашае краіны ад мангола-татарскага нашэсця. Блізу 1239 г. пад татарскім націскам паў Гомій (Гомель), але вырушыць на поўнач нязваныя госці не наважыліся. Італьянскі пілігрым Алінард Гротафэрацкі, што цудам ацалеў ад гомельскага пажару, хаваючыся ў прысожскіх зямлянках, згадваў пазней пра тыя падзеі: «Кароль тартарскі прыслаў на Гомель паглумленне – дождж стрэлаў гострых і мора страшнае агню. Ваяводы мангольскія зазбіраліся былі і далей з паўночным ветрам пайсці, і пэўна зрабілі б тое, калі б феніксы – птушкі чорныя – іскраю вачэй сваіх не паказілі іхныя замеры».[8]
Дзіўная прыгадка пра «іскру вачэй» троху раз’ясняецца іншай гістарычнай крыніцай. «Тайны летапісец вялікіх князёў літоўскіх», апавядаючы пра паход галіцка-валынскіх князёў Данілы і Васількі Раманавічаў у 1253 г. на ятвягаў, удакладніў прычыны наяўнасці ў ваяроў спецыфічнага рыштунку: «Мняше на ятвингов рушити, имали надобу одевати хытрость резинову на себе, и кони такожде опрятнули. А то не ради похвалки якой, но здравия власного для, ыбо знавали уже в тых краех поражки, которы финисты своими бодцами рыхло чинили през силу их ентарну, она же в еллинах електрикой ся прозываеть».[9] Адсюль вынікае, што феніксы-бацяны мелі здольнасць выпраменьваць электрычныя разрады. Але як што згадкі пра гэтую свомасць нерэгулярныя, можна памеркаваць, што біць токам умелі толькі вельмі старыя птахі, якія ўсё жыццё назапашвалі прыродную электрычнасць. Кагадзе памянёныя «яйцы желязны», імаверна, патрабавалі электра-магнітнага імпульсу, каб з іх маглі вылупіцца птушаняты. Што праўда, феніксы былі бацькамі нядбалымі, бо многія яйкі так і прападалі. Недасведчанае паспольства, «ничтоже сумяшеся», уважала іх іншым разам за тэстыкулы старажытных волатаў. Рыжскія біскупы, аднак, нярэдка выпраўлялі ў заходнюю Беларусь адмысловыя гастранамічныя рэйды. Прыпамінак пра тое знаходзім у «Другой інфляндскай рыфмаванай хроніцы» Дытлеба фон Альпэнштока (XIII ст.):
Лішне казаць, што часцей бравым крыжацкім ваякам даводзілася, шылам патакі хапіўшы, вяртацца ў свае калоніі. «Лето 1290 з благославенства божъего немцам в каршель натолкали, дабы не покушалися гнезды ботяновы росскидать, ища потравы утробам своим ненасытным», – паведамляе прыпіска да «Наваградскага евангелля».[11] Тагачасныя кніжнікі цудоўна разумелі, што знікненне фенікса-бацяна можа спрычыніцца да крызісу экалагічнай сістэмы. У пасланнях Гедыміна ёсць добрае таму пацвярджэнне: «Жывёлу і птушку біем памяркоўна, каб і прырода да нас талеранцыю мела. Вот, скажам, бацян, або фенікс (batsian sive phaenix), птушка бязладная быццам, але мусім дбаць, каб жыла і яна, бо бязладдзе ейнае ёсць часткай суладдзя агульнага».[12]
Бязладнасць феніксаў прыгадваюць і іншыя дакументы. Вышэй паменаваны Рыгор Цамблак называў нашых бацяноў-феніксаў не інакш як «блазны летащи».[13] Што тут за прычына? У зборніку павучальных карацелек Івана Касабокага «Літуанскі дзесяцідзён» (канец XIV – пачатак XV ст.) занатавана гісторыя пра фенікса, які спыніў бой паміж літвінамі і крыжакамі: «В низине под горой да под дубом разложистым сойтися хотели наши литвины руськия з немчины рымськия в бою крывавом, в сечи бесщадной. Брали уже силы и отвагу ку початку сей марсовой деи. Але, оком мигнув, огледили фюнкиста-птицу в небеси, которая в полети оморочны крунгели вписовала и даже в древо тое вечистое ся стукнула звучне. По сем добре ся з дуба ляснула, на земли посела и якбы з подивленьем голову вбок свернула и смешно барзо «о-оу!» молвила. З того ооуканья воины обопольно животы со смеху надрывати стали, и смех трвал годину целую, по сей нихто уже не рачил брань усчинати, поехав восвояси улыбчиво».[14]
[2] Греческий «Физиолог» по черниговскому краткому списку XI века. Киев, 1848. С. 39.
[3] Церковь и литература в Западной Руси во времена литовских князей (от Гедимина до Витовта). Ревель, 1898. С. 91.
[4] Pergaminy Jadźwingów. Paryż, 1834. S. 15.
[5] Цыт. паводле: Коленко Ф., Шанцев И. История Руси: Что от нас прятали? Ростов-на-Дону, 1995. С. 60.
[6] Эпистолярное наследие русской православной церкви: Древний период. Сергиев Посад, 1912. С. 140.
[7] Летяго В.В. Вокруг «Слова о законе и благодати»: источники, черновики, наследования. Орел, 1992. С. 56.
[8] Quellen des Mittelalters. Darmstadt, 1962. Band XIa. S. 654.
[9] Тайный летописец Великих князей Литовских: [Рукапіс з прыватнага збору гомельскага калекцыянера старасветчыны Стывенсана Я.П. Пагінацыя адсутнічае.]
[11] Штогоднік Беларускага Архіву Сноў. Менск, 2002. С. 18.
[12] Послания Гедимина. Калининград, 2000. С. 42.
[13] Церковь и литература в Западной Руси во времена литовских князей (от Гедимина до Витовта). Ревель, 1898. С. 92.
[14] Decameron di Lithuania; албо Литуанский Десятиден, где кратко припадки вшелякие оповедаеть Иван Кособоцкий, котрый был за Витовта господаря часы: Рукапіс Новасібірскай абласной аб’яднанай універсальнай бібліятэкі. Інв. № 4591. С. 69.