- Нічога звышардынарнага, урэшце, не адбываецца. I калі б табе, Таццяна, часцей выпадала зазіраць да нас за кулісы ці ў грымёркі, тако-о-ога б наслухалася! Ды гаворкі гаворкамі, а работа работай... Спектаклі, як бачыш, ідуць. Рыхтуецца новы... Рэпетыцыі штодня... Што яшчэ?
- Толькі тое, што гэта - рэпетыцыі «Караля Ліра». Упершыню ў гісторыі тэатра.
- Згодны, - павярнуўся да яе Гукаў. - Гэта не шухры-мухры за будзь здароў, І я не адмоўлюся ад ролі Лipa толькі таму, што рэжысёр бачыць караля шутом, старым шутом, які з’ехаў з глузду і аддаў царства, а потым і жыццё, дзеля пацехі публікі.
- О-о-о, штосьці новенькае...
- Старое як свет, - рэзка абарваў ён Геніка, не даўшы сябе перапыніць. - Вось толькі, відаць, дагналі нас часы, калі ўсё - на пацеху, усё - каб публіку весяліць. I не толькі ў тэатры - паўсюль. На плошчах, на экранах, у часопісах... Так, так, так, Таццяна, не ў крыўду табе будзь сказана, і ў часопісах! I да твайго часопіса, як бачна, чарга дайшла...
- 3 чаго ты ўзяў?
- 3 чаго? У тэатр - падчас рэпетыцыі - прыходзіць - упершыню, заўваж! - не хтосьці з аддзела культуры, а намеснік галоўнага... I прычына, як я зразумеў, самая банальная: пайшлі чуткі! трагедыя Шэкспіра прачытваецца, як скамарошы розыгрыш! трупа не разумее рэжысёра!
- Усё так і ёсць, - сказала, як цвік забіла, Ганна.
- I гэта наша ўнутраная справа. Табе так не здаецца? - пакпіла, прыпудрываючы носік, Саня.
- Не знаю, што вам, бабам, здаецца, а мне, старому - і дадам: заслужанаму! - акцёру, раздзьмуты перабудоваю касцёр амбіцый не даспадобы, - сплюнуў Гукаў. - Хутка плюнуць не будзе куцы, каб на генія не патрапіць, а ўся геніяльнасць сяго-таго ў адным слове ўмяшчаецца: брыдота!
- Во дае стары! - буркнуў, схіліўшыся да Сані, Генік.
- Сказанае можна аднесці да новай пастаноўкі ці гэта проста думкі ўслых? - звярталася Голубева ўжо толькі да Гукава, у душы папікаючы сябе за спробу выйсці на гаворку аб тым, што цікавіла, з наскоку, адразу з парога: па усім было відаць, што канцэпцыя спектакля нават тымі, хто заняты ў ёй у галоўных ролях, успрымаецца неадназначна. - Мая цікавасць, павер, падагрэта не чуткамі, і не жаданнем першай ухапіць штосьці смаленае, тым больш - за кошт аўтарытэту акцёраў. Адусюль плыве такое, што і падумаць страшна: а раптам захлынёмся? Не спахопімся своечасова - і захлынёмся брудам, пацехі дзеля... Вось чаму прыйшла да цябе.
- Мо астатнія тут увогуле толькі для масоўкі? - фыркнула Саня і, неяк грэбліва агладжваючы спадніцу, паднялася. - У мяне асабіста - больш ні хвілінкі вольнае.
- Канешне, канешне. Прабачце! - на міг схіліла ў яе бок голаў Голубева. - Гаворка толькі для зацікаўленых... Так што дзякуй. Дзякуй усім!
Усе, апроч Гукава, падняліся: хто звяраўся з гадзіннікам, хто збіраў свае паперчыны, перш чым развітацца. Ганна, якой муляла застацца (іх жа ўсіх папросту ветліва выправаджвалі), не адразу, але рушыла за астатнімі. Азірнулася на Голубеву: тая схілілася да суразмоўніка і штосьці ціха даводзіла яму, ці то супакойваючы, ці то дапытваючы, і толькі ўзмахнула рукой, калі тая заўважыла яе марудлівасць.
- Ты што? Застаешся? - гукнула з калідора Люба.
Куліса захінулася. Стала ціха. Так, быццам сцэна зусім апусцела. Хоць крыху ўбаку ад пляміны святла ў цэнтры сцэнічнай пляцоўкі па-ранейшаму гаманілі двое - жанчына і мужчына. I ў гэтыя хвіліны не мела значэння, што яна - вядомая журналістка, а ён - народны артыст, што гаманілі яны пра адносіны да трагедыі Шэкспіра і мажлівасць поспеху альбо правалу яе пастаноўкі ў Мінску. Голубева нічога не запісвала, стары акцёр нічога не сцвярджаў пэўна і безапеляцыйна - ён, здавалася, увогуле страціў усякую цікавасць да нечыяй там трактоўкі, быццам ніколі і на міг не губляў упэўненасці, што Лір на беларускай сцэне будзе такім, якім сыграе яго ён, Гукаў.
***
- Ды хто ён такі, гэты ваш Гукаў? - лена адмахваўся ад гаворкі Глінскі. - Ну, сорак гадоў на сцэне... Ну, народнага яму выбілі некалі... Дык не яму аднаму! А гады - той скарб, што належыць яму, акцёру, а не тэатру.
- Дык жа не сабе пад нос бурчыць, а на буйны паклёп...
- Ты ідзі, Ген. Я сам разбяруся.
Глінскі праводзіў паглядам Геніка да самых дзвярэй, потым лёгкім рухам рукі сцёр з твару пагардлівую усмешку, што нагадвала грымасу, і нягучна, але груба вылаяўся, памянуўшы далёкую прабабку ўсіх на свеце шутоў: і ходзяць, і гадзяць адзін на аднаго...
«Калі б вы ведалі, з якога смецця...» - выплыў з памяці ахматаўскі радок, і Глінскі стомлена адкінуўся на спінку крэсла, прыкрыў вочы, спрабуючы адключыцца ад занадта шэрай і бязрадаснай рэальнасці свайго, па ўсіх мерках, высокага становішча. Рэжысёр... Галоўны рэжысёр... Тэатр - не нейкі там тэатр марыянетак... А ўсё з марыянеткамі меў справу. Што тут, у тэатры, што вышэй.
«Калі б вы ведалі...» Ды ведаў, ведаў ён, з кім меў справу! 3 кім даводзілася мець справу тут, на зямлі, на гэтай смярдзючай грудцы гразі, на якой адно і льга зрэдку пацешыць сябе, спіхнуўшы каго з разумнікаў у змрок апраметнай, каб пад нагамі не блытаўся. Носіцца то адзін хто, то другі з думкаю на кульгавай кабыле яго аб’ехаць на якім з паваротаў шляху, а таго і не падазраюць, што і шлях, і любы паварот яго ў той ці іншы бок не так званай грамадскасцю вызначаюцца, нават не дзяржаўнымі дзеячамі самага высокага кшталту, а імі - такімі, як ён, Глінскі. Абраннікамі. 3 незапамятных часоў, з жыцця ў жыццё, перадавалася гэта права на абранніцтва лепшым з лепшых у іх крузе - і нікому не разарваць гэты круг, покуль стаіць Зямля і кіруюць усім на зямлі грошы. Нікому са смертных.
Змовы, рэвалюцыі, войны, смерці... Калі трэба - мільёны смярцей! План падпарадкавання ўсіх дзяржаў, усіх народаў адной магутнай купцы Абраных прапісаны да дэталяў не сённяшнім днём, не ў апошнім стагоддзі. I - няўхільна выконваўся. Без якіх бы там ні было адхіленняў ці няўвязак. Так было скрозь. I ніхто не мог парушыць - і не парушаў! - рух па ўзведзенай на пачатку часоў лесвіцы здзяйсненняў і перамог, падножжа якой гублялася ў змроку прамінулых тысячагоддзяў. Прыступка за прыступкаю адольвалі яе не народы, як уяўлялася гісторыкам, падманутым грудамі пакінутых ці, дакладней, падкінутых, ім сведчанняў, а Пасвечаныя. Жрацы, Філосафы, Архітэктары, Папы, Пастыры... Hi займаемае месца, ні імя ніколі не мелі значэння! Іерархія выбудоўвалася па іншых прынцыпах, і таямніцу будовы не разгадаў дагэтуль ніводзін разумнік.
Урэшце, таямніца на тое і таямніца, каб, нават высвечаная з таго ці іншага ракурсу промнікам разумення, была здольная тут жа ачысціцца, адкінуць выяўлены фрагмент і зноў замкнуцца, стаць недасягальнай не толькі для позіркаў, але і для думкі. Пасвечаных жа ў таямніцу - у кол, пад уздзеяннем якога адкрывалася б яна хоць адной гранню, - заўсёды было няшмат. Адзінкі. I яны - Зямлі не належалі...
Думкі забуксавалі, і Глінскі ўнутрана насцярожыўся: раптам перайшоў мяжу дазволенага? Міжволі ж паспрабаваў і сябе ўбачыць на лесвіцы іерархіі... Але насцярога праз міг знікла, не закрануўшы свядомасці, і спакой вярнуўся. Хутка ён ужо зноў закалыхваў Глінскага на сваёй плыні: блакітныя ўсплёскі то ўспыхвалі, то злёгку чэзлі, не згасаючы, а быццам аддаляючыся. Аддаляючыся і вабячы, уцягваючы яго ў незнаёмую духоўную пространь.
I - ці тое, пра што думаў, выклікала адпаведную асацыяцыю, ці то збуджанае думкамі ўяўленне ўзялося маляваць жывую, рухомую карціну, але перад паглядам замест кабінета, застаўленага старой, ледзь не даваенных часоў, мэбляю, з’явілася бязмежная ў абодва канцы пірамідальная лесвіца. Яна ні на чым не трымалася, ні на што не абапіралася - проста імкнула адначасова ў абодва бакі. Дакладней, не сама лесвіца ўтварала гэты pyx, а напачатку шматлікі, а потым, з кожнай новай прыступкаю, усё больш разрэджаны людскі натоўп. Натоўп паломнікаў, натоўп прэтэндэнтаў на вышэйшае становішча, агалцелы натоўп вечна галодных і незадаволеных... Вызначаць Глінскі не ўзяўся б, ды і не было на тое ні часу (усё рухалася, мянялася, знікала і зноў узнікала адначасова, аднамомантна), ні выяўленага праз волю жадання. Мільганула думка: дзе ў гэтым натоўпе ён, Глінскі? - ды мільганула і мільганула, згасшы незаўважнай іскаркай у густой цемнай сінечы.
Выява лесвіцы не знікала. Наадварот - быццам набліжалася, узбуйняючы постаці. Мо толькі для таго, каб у нейкі момант убачыў ён твар натоўпу. Менавіта не кагосьці аднаго ў натоўпе, а - натоўпу. I відовішча аказалася мярзотным (якім яшчэ яно магло аказацца?!), калі, здавалася, усе грахоўныя памкненні, уся жывёльнасць людскіх істотаў увасабляліся ў паточаных чорнай злосцю рысах - усе штурхаліся, кожны груба адпіхваў іншага, працярэбліваючы сабе шлях угору, а pyx, быццам замыкаючыся ў самім сабе, не доўжыўся, а закручваўся, скручваўся ў жахлівы клубок брудных, потных целаў. Піхні - і пакоціцца гэты клубок уніз, душачы, трушчачы тых, хто яшчэ не дапяў сюды, на вышыню пагляду...
Няйначай, думка нейкім чынам матэрыялізавалася, увасобіўшыся ў рух, жорсткі сваёй неадменнасцю, - натоўп адхлынуў, клубок целаў абрушыўся ўніз, крышачы ўсё на шляху. Бачылася гэта выразна, ва ўсёй жорсткай рэальнасці імгнення - і здзівіла Глінскага (калі б мог ён усведамляць цяпер здзіўленне) не аголеная, нічым жыццёва неабходным не выкліканая жорсткасць пакарання, не скрыўленыя, а то і вывернутыя невыноснай пакутаю смертнікаў твары збітых з ног, раздушаных гэткімі ж, як самі, гарапашнымі людзьмі, а тое, што ён пазіраў на ўсе з задавальненнем. Хоць калі задумацца...