«Змены адбываюцца тады, як мяняюцца людзі, - азвалася Пірагова, хутчэй не на яе словы, а на свае думкі. - А людзі мяняюцца, драбнеюць, сваёй Бацькаўшчыны, свайго абавязку перад продкамі і нашчадкамі цураюцца. Адны - дзеля таго, каб у дэмакратах пакрасавацца, другія - каб паспець кавалак тлусцейшы ад чужога, ад дзяржаўнага ўрваць. Бедная краіна!»
«Бедны чалавек!» - падняла Людміла свой бакал.
«Вось вы, Люсі, сказалі, - як не чула, ды і не чула тая воклічу, - што ў мяне не склаўся жаночы лёс. Лухту, прабачце, сказалі. Лёс - заўсёды мужчынскага роду. Як і час. Запомніце».
Сказаўшы гэта ўрачыста, нават крыху змрочна, яна змоўкла. I доўга маўчала. Колькі разоў прыгубіла віна, калі і адпіўшы, то самае нічога, колькі разоў адчужана, як бы з далёкае свае маладосці, зіркнула на Людмілу, на яе думку, залішне какетліва для саракатрохгадовай жанчыны апранутую: ужо ж, і свабодная, глыбока адрытая блузка з крэмавага крэпдэшыну, і абляпаныя фірмовымі біркамі штонікі, няхай сабе і дома, па-хатняму, не адпавядалі яе іміджу каляапаратнае дамы. Ну, не адпавядалі, дык і не адпавядалі: свой імідж Лялечкіна стварала сама. I старая, хоць часам і пазірала з прыхаваным асуджэннем, крыўдліва падцінаючы вусны, але ўголас асуджаць асцерагалася - памятала выказаную ёй ад- нойчы незадаволенасць.
Маўчанне зацягвалася, пачало ўжо ціснуць на плечы, а Людміла ўсё яшчэ чакала працягу сказанага. Няспешна, па глытку піла віно і ча- кала. Тое, што лёс, як і час, заўсёды толькі мужчынскага роду, Пірагова трапна заўважыла - было над чым падумаць сам-насам з сабою ў вольную хвіліну...
«Калі-небудзь я раскажу вам, як была жанчынаю».
«Хіба вы не...» - вырвалася ў яе міжволі і, ледзь паспеўшы прыкусіць язык, каб недагаворваць да канца тое, што, напэўна, пакрыўдзіла б старую, усмешку ўтрымаць усё ж не здолела: нездарма, выходзіць, не знаходзіла прыкметаў полу... Хоць чаго яшчэ ад іх чакаць?
«Іх», маючы на ўвазе старых, памянула ў думках даволі скептычна, але ўжо праз хвіліну, згадаўшы пачутае, яна была глыбока ўражана зробленым прызнаннем: з яе падобнае і абцугамі не выдралі б!
«Вы, маладзейшыя, марна абвінавачваеце нас у слепаце; вера можа быць толькі сляпою. Толькі! Інакш - разбураецца, разбураючы чалавека», - рэзка абрывала Галена Феакцістаўна гаворку, і хоць Людміле ўжо муляла распытаць яе падрабязней, знайсці разгадку яе ўпэўненасці ў сабе, дакапацца да сутнасці, якая, аказалася, не ўся ў тым, што навідавоку, усё ж пагадзілася з гэтым яе правам, кіўнула і, быццам і не было ніякае сур’ёзнае гаворкі, стала частаваць госцю купленымі ў службовым буфеце яблыкамі...
***
Тэлефон? Яе няма. Яна яшчэ не вярнулася са службы. Яна прагульваецца пад дажджом. Ці з пудзелем, калі так праўдзівей. Прымае ванну. Урэшце, ляціць на Месяц! 3 шасці да васьмі яе ні для каго няма, і ўсе, каму трэба пра гэта ведаць, ведалі. Hi выпадковых званкоў, ні выпадковых знаёмых у Лялечкінай не бывае: мінуліся тыя часы. Мінуліся і забыліся: шматкроп’е на самым пачатку біяграфіі...
Біяграфіі? Гэта яна абмовілася. У каго з іх, цяперашніх, ёсць біяграфія? Так... Абрыўкі размаляваных алоўкамі карцінак... На адным абрыўку - скрыўленыя няўмелаю рукою пяцікутнікі зорак на вежах няўклюдаў, больш падобных на ніколі не бачаных чарапах, чым на танкі; на другім - стужкі пражэктараў і букеты салютаў; на трэцім - дом з мноствам акон, завешаных стракатымі фіранкамі, з-за якіх, смеючыся, выглядвае касматае сонца... Слюдзяныя сколкі макухі, пляскатая, пашытая з анучак лялька, у якой з прарэхі на шыі цярушыцца саламяная труха; адсечаная галава баязліва звергнутага ідала, што валялася сярод рознага злому на пусташы; радасць, якая ад цямна да цямна выплёсквалася ў прасцяг з чорнага вуха рэпрадуктара на слупе, - вехі маленства! Далей - трохі ясней, выразлівей, але па-ранейшаму няпэўна, з там-сям падцёртымі гумкаю прагаламі: васьмёркі, выпісаныя веласіпеднымі коламі на пыльнай, яшчэ не забрукаванай вуліцы, ці канькамі, прыкручанымі абрыўкамі парашутных стропаў прама да валенкаў - на лёдзе свіслацкай затокі; шпаргалкі з першымі формуламі будучага шчасця; патаемная мара пра капронавыя панчохі; на свой лад пераробленыя маналогі Джульеты - перад вышчарбленым люстэркам; сіняк пад вокам як доказ жаночага раўнапраўя... Усё неаднойчы падціралася, падчышчалася, аздаблялася цытатамі з газетных перадавіц: патрабавалася ж не нейкая там біяграфія, а чыстая, па магчымасці, ідэальна чыстая анкета. Каб не было ў ёй якіхсьці там закардонных Джульетаў (раптам сваяцтва з ёю адкрылася б!), ні якіхсьці расплывістых мараў (спярша - панчохі, а потым, глядзіш, і да буржуазнае распусты пацягне!), каб, Божа збаў, нічым не вылучалася анкета з тысяч, з дзесяткаў тысяч іншых. Год і месяц нараджэння. Сацыяльнае паходжанне. Партыйнасць. Адукацыя... Усё рэгламентавана. Усё, што ад кожнага патрабуецца на працягу жыцця. Споўнілася сем гадоў - пайшла ў школу. Падбіралася да дзесяці - павязала чырвоны гальштук юнай камуністкі. Ледзьве пераваліла за трынаццаць - зубрыла першы ў сваім жыцці статут. Хіба гэта біяграфія?!
Канешне, пашукаўшы, знайшлося б колькі слабых суцяшэнняў, накшталт: «Жыццё даецца толькі адзін раз...», ці: «Я другой такой земли не знаю...», ці, урэшце: «Чалавек - гэта гучыць горда...» А то не гучыць! I горда гучыць, і правільна. У ідэале. Вось толькі ідэал, нават прыцярушаны сажаю мінулага, яго папялішчаў, таму і ідэал, што недасягальны ні ў блізкім, ні ў далёкім будучым. Недасягальны! - да гэтай сарамлівай высновы схіляецца любая філасофія, і спрадвеку зямное, глебавае «давярай і правярай» тут недарэчы: словы словамі правяраюцца, высновы - высновамі, а жыццё тым часам ідзе. Ідзе. Незалежна ад усяго існага. Як гадзіннік у пустым, пакінутым усімі пакоі.
Дні мінаюць, тыдні, гады... Сорак тры гады націкала, а калі? I што такое - гэтыя сорак тры пражытыя гады, як сэнсу ні ў іх паслядоўнасці, нi ў іх паспешлівасці няшмат? Куды, за якою такою мараю гналіся яны - і яна разам з імі! - калі даўно страчана мэта, калі, нягледзячы на ўсе намаганні, боўтаецца на жыццёвай паверхні так, як і раней? Айчынныя панчохі змяніліся імпартнымі калготкамі, культ бацькі народаў перайшоў у культ героя, паабчаплянага бліскучымі цацкамі прыдуманай славы, сумленнасць, шчырасць сталі перашкаджаць, і пазбавіцца ад іх аказалася не так цяжка...
Хоць стоп! Чаго гэта яна за ўсіх агулам распісваецца? Ёй што - да ўсіх астатніх? Каго-каго, а Лялечкіну прыпішуць да дурняў, што млеюць ад слінявага замілавання пры думцы пра народ. Ha-род! Бог бачыць, Людміла Пятроўна Лялечкіна, - не самы горшы яго экземплярчык, a і то, калі не прыкідвацца,- дрэнь. Добрая дрэнь. А пра сяго-таго з народа і згадваць нанач без таго, каб не саграшыць, нельга. Чыстыя нячысцікі. Ці таго горш - быдла. Тупое, з прапітымі мазгамі быдла, для якога не тое што мэты, сэнсу ніякага жыццё не мае: выпіць, пажэрці, а як няма чаго, то і проста рукавом уцерціся, не стрымаўшы ікаўкі... Цьфу! Дзякаваць Богу і свайму хараству, даўно службаю ў высокім доме ад гэтага народа адгароджана!
Так, так, дзякаваць трэба і свайму хараству, якое дагэтуль вабіць мужчынскія позіркі... Думае пра гэта звыкла, як пра нешта, што само сабой разумеецца, але потым, усё яшчэ крывячы вусны ва ўсмешцы, міжволі цягнецца паглядам да люстэрка. Тое, што ёй не дваццаць, ясна з першага позірку, але і яе гадоў ёй ніхто не даў бы: светлыя, колеру залацістае саломы валасы, акуратна зачасаныя і ўкладзеныя ў мудрагелістую, хоць і свабодную, як таго дыктавала мода, прычоску, чысты, без адзінае прыкметнае зморшчынкі лоб над нешырокімі, прыгожа выгнутымі бровамі, зеленкаватыя, у дробную сонечную крапінку вочы, тонкая, амаль празрыстая скура вакол іх ледзь заўважна кранутая першым, лёгкім рабаціннем, якое прыняў бы за зморшчыны толькі яўны яе незычлівец, зграбны носік, не пазбаўленыя прывабнай пачуццёвасці вусны, дагледжаная, па-майстэрску падоўжаная глыбокім выразам блузкі шыя, не чапаныя загарам і па-ранейшаму пругкія грудзі.. Усё о’кей. Гадоў сем яшчэ пратрымаецца, а там...
Там, як кажуць, Бог бацька. Сёння ж, цяпер - сама сабе гаспадыня. Хоча - моліцца, хоча - смяецца, зарупіць - поўная хата маладжавых кавалераў набяжыць, ды не абы-якіх, а з высокіх кабінетаў. Падставіць губкі катораму, пагладзіць кончыкамі пальцаў лысіну, шапне вядомае усім жанчынам запаветнае слоуца - і тон так прыліпне - не адарвеш, пакуль пра абавязак, пакінуты ў высокім кабінеце, ці пра пагрозу выпадковага выкрывання не нагадаеш...
Памятае... Дасюль не ведае, навошта ён ёй здаўся тады, гэты падпалкоўнік. Чыста заалагічная цікавасць, ці што?
Гасцініца - не тое месца, дзе ў такіх, як яна, адбываюцца знаёмствы. Тым больш гасцініца старога правінцыйнага горада, у якой і нумароў прыстойных, па сутнасці, няма: адзін-два для абласнога ці сталічнага начальства, калі б раптам уздумала яно, як у той раз, у гасцініцы заначаваць, і тыя - у агульным калідоры, наскрозь прапахлым кепска вымытаю, заляжалаю бялізнаю і хлоркаю, аддзеленыя ад гэтага калідора толькі дзвярыма, канешне ж, не двайнымі, хоць і не скасабочанымі, як астатнія.
Раззлаваная, раздражнёная не так гасцінічным нумарам, як тым, што, скарыстаная для «высокага» прадстаўніцтва на свяце горада, ці то з-за лішняе увал, ці то з боязі ўгнявіць залішняю увагаю да яго спадарожніцы Самога, пакінута на цэлы доўгі вечар у самоце, спярша мерала пакой хуткімі, нецярплівымі крокамі, потым, знясіленая гэтым кружэннем, таптаннем паміж ложкам і сталом, плюхалася ў крэсла і нейкі час тупа пазірала у пацямнелае акно.
Спадарожніца! Toe і яно, што ехала са спадзяваннем на штосьці іншае - большае, а ў выніку, быццам пакараная за гэта спадзяванне, сядзіць у казённым, з прэтэнзіяю на раскошны, нумары адна. Як апошняя з жанчын...
«Старэю!» - мільганула страшная сваёю праўдаю думка, але ў гэты момант у дзверы пастукалі, і яна, не хаваючы пераможнае радасці, кінулася адчыняць.
- Ш... што вам трэба? - праз сілу вымавіла і, сціраючы з твару ўсмешку, утаропілася у асілка, які стаяў у дзвярах: высокі, шыракаплечы, з дужымі валасатымі рукамі, якія толькі напалову прыкрывалі закасаныя рукавы тонкага чорнага світэра, ён нагадваў бы грамілу, калі б не нервовы твар і глыбокі, пранізлівы позірк ярка-сініх вачэй.
- Падпалкоўнік Шэршань. Нас, калі памятаеце, аднойчы ўжо знаёмілі,- спакойна адрэкамендаваўся ён, прытрымаўшы дзверы, якія яна ўжо хацела прычыніць.- Вам аддалі на гэту ноч пакой, дзе я жыву ўжо другі тыдзень. Я не ў крыўдзе, не, Божа мой, але...
- Але?! - злёгку павысіла яна голас, з задавальненнем адзначыўшы, што гэта не насцярожыла падпалкоўніка (Людміла ўжо ўспомніла і яго, і тое, на якой службе ён знаходзіўся), - адно твар яго на момант ажыў, падсвечаны якімсь унутраным, даволі жорсткім агнём.
- Справа у тым, што якраз сённяшні вечар я не магу правесці адзін, сам-насам, і прыйшоў прасіць вас, Людміла Пятроўна, дазволіць мне пасядзець з вамі, - сачыў ён за яе тварам, за кожным зрухам на ім, чытаючы, як здалося, яе думкі даволі лёгка. - Гатовы гутарыць на якую заўгодна тэму, нават самую небяспечную! Паверце, намер самы што ні на ёсць чысты.
- Спадзяюся, - адступіла ад дзвярэй, прапускаючы яго ў пакой, і ў пакоі адразу стала цесна і душна, так што яна на міг пашкадавала, што паддалася націску падпалкоўніка і свайму настрою: ужо ж гэты візіт не застанецца незаўважаным, ды і карысці...
- Вы, перакананы, не зазіралі ў халадзільнік,- па-гаспадарску скіраваў ён адразу ж да халадзільніка,- а я трымаю там добры каньячок. Якраз для такое нагоды.
- Якую такую нагоду, падпалкоўнік, вы знайшлі сёння тут, у нумары, што няхай і ўсяго толькі на гэтую ноч стаў маім?
Сашчапіўшы рукі на грудзях, назірала за падпалкоўнікам з цікаўнасцю ні ў што не пасвечанай жанчыны, хоць нямала для сванго полу і узросту ведала пра орган ці, дакладней, - ордэн, якому ён служыў: была б у такога хоць самая дробная зачэпка - ужо ж ён ведаў бы, як да яе пад-юступіцца. «А мо знайшоў якую зачэпку?» - мільганула ў галаве, але Людміла тут жа адмахнулася ад насцярогі: нічога, што зацікавіла б КДБ, за ёю не было, ды і падпалкоўнік паводзіў сябе хоць і па-гаспадарску, але і не афіцыйна. I некалькіх хвілін не прайшло, а на стале ўжо стаялі каньяк і мінеральная вада з халадзільніка, келіхі (менавіта келіхі, а не кілішкі) і сподак, на які, выцягнуўшы іх з кішэні, Шэршань паклаў дзве шакаладкі.