Удыхаючы марознае паветра і дзівячыся на водсветы неба паўсюль - на сумётах праваруч і леваруч ад руху, на камлях і галінах соснаў, шукала паглядам патрэбную сцежку. I наўрад ці адшукала б адразу (столькі снегу панамятала ўкруг!), калі б не ўбачыла грудок з вянкоў і кветак, толькі злёгку прыцярушаных інеем, метраў за дваццаць ад цэнтральнай алеі.
- Я прыйшла, Любаша! Ты пагукала мяне - і я прыйшла... - падумала ці прашаптала Саня, і рэха думкі, крануўшы нахіленую цяжарам наліплага снегу галіну, асыпалася празрыстай аблачынкаю інею проста на плечы.
Непадалёку заценькала сініца, ёй азвалася другая - і зноў усё аціхла. Ледзь чутна парыпваў снег пад нагамі, глыбела, запавольваючыся, дыханне. Бязгучна пырхалі вакол сонечныя бліскі, і крокі Саніны цішэлі, цішэлі. Пакуль увогуле не аціхлі, прыстыўшы да пратаптанае ў снезе сцежкі.
Перш чым пакласці ружовыя гваздзікі, Саня намерылася змахнуць іней з прымерзлых да грудка кветчын, але штосьці ўтрымала руку. Упалі, рассыпаўшыся круга, гваздзікі, і калі яна выпрасталася і падняла пагляд, то знямела ад нечаканасці. Спачатку - ад нечаканасці, якая нават напужала яе ў першы момант, потым - ад захаплення, якое межавала з містычным жахам. Саня не трызніла, не! Яна нават вачэй не заплюшчыла, знерухомеўшы. I калі б раптам уздумала спытаць, што азначала сцэна, якая паўстала перад паглядам, пытаць не было б у каго: нікога - на ўсёй бачнай пространі могілак. Нікога, апроч...
Розум адмаўляўся верыць, а душа ўжо цягнулася да таго, што адкрывалася ёй: крокі за тры ад сцежкі - там, дзе толькі што ўзвышаўся над грудаю кветак драўляны крыж, бачыліся ёй дзве постаці ў белым. Адна - зіхоткая - уся акружаная ззяннем! - стаяла тварам да той, што ўкленчвала, і Саня чамусьці баялася паверыць у такую стрэчу, у такое шчасце. I сама б укленчыла, апусцілася на калені проста ў снег, калі б здольная была зварухнуцца. Яна і ўсвядоміць не магла ўзніклае жаданне, не тое што выканаць.
Ад Маці Божае (ад каго ж яшчэ?!) сыходзіла такое яркае ззянне, што часам усё патанала ў ім, - і толькі душа Саніна сваім нястрымным парываннем прарывала ўзніклую запону. Больш таго: усё-ткі ўставала перад Багародзіцаю (не Саня, а душа яе) - і ўразумець, як падобнае магло адбывацца, калі ўвогуле адбывалася, не дадзена нікому са смертных: ні ёй, ні кам б там ні было. Ды ў гэты момант і не хацела Саня нічога разумець: не розум - сэрца валодала цяпер усімі правамі...
«Ты давярала жыццю, а не ўласнаму сэрцу, - гучалі ў ёй словы. - Але толькі сэрца можа крануцца прамень Ісціны, прамень Любві».
«Любаша загінула ад нелюбві», - міжволі запярэчыла яна ў душы, тут жа спалохаўшыся, сцяўшыся ў чаканні адказу.
«Шлях заўсёды вядзе чалавека ад нелюбві да Любві. Тут, на Зямлі, вонкава, рух можа перапыняцца, нават перарвацца на адно-два імгненні, вяртаючы таго, хто заблукаў, на адно-два жыцці назад, але pyx прадоўжыцца. Абавязкова прадоўжыцца, каб выправіць часовую, выкліканую часовай апантанасцю крывізну думкі, аднавіць абламаную прыступку росту, аднавіць радасць быцця. Разуменне гэтага прыходзіць праз пакуту, так. Але сіла - і сіла любві таксама! - адно пакутаю прырастае. Пакутаю, прынятаю з радасцю і тым самым радасцю пераадоленаю...»
«Якая радасць у тым, каб памерці маладою?» - мільганула ў ёй нязгода.
«Той, хто апынуўся ў тупіку, змушаны вяртацца назад і пачынаць усё спачатку. 3 любві, а не з нелюбві».
«Я любіла яе!»
«Любіш... Любіш і будзеш любіць», - мякка азвалася на яе вокліч пространь, і раптам такім цяплом, такім шчасцем напоўнілася душа, што, здаецца, і вытрываць немагчыма. Саня захлыналася шчасцем, плакала ад шчасця, не чуючы гарачых - гаючых - слёз, узіраючыся ў сляпучае ззянне непадалёку - у Тую, ад Kara яно сыходзіла, лілося на зямлю, і бачыла то Любашу, то сябе на каленях перад Ёю.
«Маці Божая! Святая Багародзіца!» - прасіла Саня, а чаго прасіла, і сама не ведала.
Перш чым пачало згасаць ззянне, адчула бязважкі дотык рукі... ці толькі пяшчотнага павеву... Схіліла голаў, на міг убачыла сваю маці, яшчэ маладую, і сябе, малую, заплаканую, у яе на руках. Памкнулася ўцерці слязінкі, потым, верачы і не верачы пагляду, ціха пагукала:
- Мама!
Тучна заценькалі ў адказ сініцы - чародка іх успырхнула з нізка навіслае над сцежкаю галіны, гучна зарыпеў пад нечыімі крокамі снег крыху воддаль, і цішыня растварылася ў гуках зімовага дня, якія раптам быццам ажылі, вяртаючы і яе, Саню, да рэальнасці гэтых пражываемых хвілін.
- Мама! - ужо адно сцятымі вуснамі паўтарыла яна і толькі тады заўважыла, што стаіць на каленях проста ў сумёце, за крок ад прыцярушанага інеем крыжа, невядома як там апынуўшыся, невядома чаму гукаючы да маці, памерлай пазалетась: прыйшла ж на магілу Любашы, да яе...
Падымалася няспешна, спрабуючы ўспомніць штосьці важнае і імгненна забытае. Потым яшчэ хвілінку пастаяла моўчкі і, не крануўшыся крыжа, стала выбірацца з сумёту на сцежку. Хацела паправіць шаль, якая спаўзла на каўнер футра, але так і не паправіла. Пагляд упёрся ў фота, якога дагэтуль не бачыла з-за ссунутых вянкоў: Любаша ўсміхалася ёй з фота светла і радасна, і Саня не вытрымала - заплакала ўголас, наўзрыд, не хаваючыся.
***
Вяртаўся з Масквы Ковач з цяжкім сэрцам: ведаў, бачыў ужо, што ішоў развал партыі, але не думаў, што працэс зайшоў так далёка і, па сутнасці, стаў незваротным. Каб утрымаць ці, тым больш, выправіць сітуацыю, трэба было прымяніць сілу, сілавое ўздзеянне - ды хто б яе прымяніў, як былы генсек даўно хадзіў з падцятым хвастом не толькі перад лідэрамі заходніх краін, а і перад арангутангамі мясцовага разліву, якія рваліся да ўлады, ламаючы, крышачы ўсё без разбору? Трыкалор, сцяг свабоднай Расіі, вочы засціў, а тое і ў галаву не прыходзіла, што ні свабоду, ні свабодную Расію з латак потым не сшыеш: то адзін шывок разыдзецца, то другі. I што потым папрэ праз дзіркі, утвораныя разрывамі, аднаму д’яблу адгэтуль відаць...
Думкі тузалі, як ні бараніўся ад іх, як ні стараўся з іх выбавіцца. I хоць ў купэ ехаў адзін і хуткі цягнік мерна адстукваў начныя кіламетры, сон не ішоў: бакі змуляў Ковач, варочаючыся, а сну не было ні ў адным воку.
- Скамарохі! Шуты гарохавыя! - нягучна вылаяўся, каторы раз падымаючыся, каб булькнуць у шклянку каньяку: не было выпадку, каб піў калі адзін, а тут... А тут гатовы пляшку залпам асушыць, абы даць душы адпачынак!
Пляшка паціху пусцела - думкі, хоць крыху і запаволілі цяжкі свой рэй, не адпускалі. I ціснулі на душу, прыгнечвалі, каменя на камені не пакідаючы ад колішніх спадзевак: яны, паточаныя рознымі пражэктамі перабудоўшчыкаў, і раней не вельмі ўсцешвалі, цяпер жа, пасля сустрэч не адно з кіроўцамі перабудовы, а і з сябрамі, што належалі да «старой гвардыі» і так і не ўпісаліся ў новыя часы, як ні перажывалі за згвалтаваную дзяржаву, ад спадзевак і ўвогуле нічога не засталося. Непрафесіяналізм ва ўсім... Ды што там - непрафесіяналізм?! Местачковасць! Местачковая прага вылезці «на самы верх», красавацца перад усім светам! То адзін, то другі прадстаўнік гэтага «свету» прагматычна адхопліваў, аддзіраў кус за кусам ад таго, што складала Савецкі Саюз, а ім у адказ толькі дзякавалі... I ў вернасці «дэмакратычным» ідэалам кляліся...
- Цьфу! - сплюнуў Ковач горкую думку, перш чым, моршчачыся, дапіў каньяк, і зноў распластаўся на мулкім вагонным матрацы.
Ляскаталі колы. Парыпвала недзе над дзвярмі кепска замацаваная панелька. Пахістваўся раскалыханы рухам цягніка змрок, які запаўняў купэ, і, зрэдку раздзіраемы на колькі імгненняў бліскамі ліхтароў за чыгуначным палатном, дзесьці над соннай, засыпанай снегам станцыяй, быццам пакрэктваў у адказ на ўвагу Ковача. Увагу няпэўную, расплывістую, як сама ноч, што не ўтрымлівала цягнік, а неслася ўслед за ім - па ягоных думках, праз ягоныя думкі... I ці лёткі рух гэты, ці выпіты каньяк - а мо і тое, і другое разам? - уплывалі на іх, але хутка Ковач ўжо нічога не ўзгадваў, нічога не ўспрымаў, апроч палясквання колаў і пахітвання спаласаванага промнямі ліхтароў змроку побач. Побач - і над сабой...
Праўда, зрабіўшы пэўнае намаганне, заўважыў: над ім змрок здаваўся бяздонным. Быццам не стрэшка вагона, а начны прасцяг пакалыхваўся ўгары. Усё вышэй і вышэй. Так што ў хуткім часе пагляд проста не дацягваўся да нейкай мяжы яго - тануў, патанаў у бязмежжы, перш цёмным, амаль чорным, потым усё больш разрэджаным і пасвятлелым. «Ноч мінае, ці што?» - мільганула далёкае і нібыта чужое, незнаёмае недаўменне: ён жа толькі прылёг, толькі збіраўся прыкрыць вочы краем ручніка і чарговы раз паспрабаваць заснуць!
Мяжа паміж яваю і сном чэзла, знікала, але гэтага Ковач ужо не ўсведамляў. Вышыня - ці, дакладней, глыбіня - уцягвала, зацягвала ў свае тоні пражытае і перадуманае, зацягвала яго самога, і з’явілася дзіўнае адчуванне лёгкасці. Так, нібы ён раптоўна выбавіўся ад усіх повязей з жыццём - і адпачываў. I было не важна, колькі такіх хвілін адпачынку выпала яму гэтым разам, - яны выпалі, доўжыліся, кіруючыся нечым па-за яго свядомасцю, па-за рэаліямі здоўжанай ночы.
Хоць якія ўжо там рэаліі! Усёй рэальнасці, што паляскванне жалеза, ды і яно хутка пачало нагадваць паляскванне бізуна, перш - па камені, потым - па нечыіх стогнах. Удар за ўдарам - рытмічна, няўхільна, бязлітасна, і што самае дзіўнае: рэха іх іскрамі рассыпалася круга, каб праз міг-другі яркія іскры-бліскі ўзмывалі ўгору, застываючы там россыпамі зорак. Самых сапраўдных зорак і зорачак! Яны нават паміргвалі...
- Гэта яшчэ што за чартаўшчына? - не пацікавіўся, а, хутчэй, абу- рыўся Ковач, шукаючы паглядам відочную праяву хоць бы якой прычыны: нечым жа гэта павінна было вытлумачвацца!