- Ну, чаму адразу - чартаўшчына? Тэатр. Тэатральны эфект, - прыйшло тлумачэнне, і Ковачу ў галаву не стукнула задумацца, адкуль - прыйшло.
- Тэ-атр? - перапытаў, азіраючыся.
Здалося, менавіта тое, што заазіраўся, змяніла бачную карціну. Змяніла кардынальна. Бо вось ужо - ні цёмнай пространі вакол, ні паміргвання зорак, ні іскраў ці іскрачак. Змрок раптоўна саступіў святлу, і калі спачатку святло было цьмяным, халодным, то ў наступныя імгненні значна пацяплела, паступова набіраючы яркасць, і адразу выразна ўбачыўся брукаваны пляц, каменная сцяна высокай будыніны за ім, рухомыя цені на сцяне.
Ковач напружана ўзіраўся ў іх, каб зразумець, дзе іх гаспадары і хто яны, а святло ярчэла - і так хутка, што, здавалася, вось-вось выбухне, як выбухнула б ад перанапружання электралямпачка. Ён нават заплюшчыў вочы, перасцерагаючыся, але перасцярога аказалася марнаю, бо, і не пазіраючы, усё да драбязінкі і ледзь заўважнай шчэрбінкі на каменнай сцяне выразна бачыў.
«Ат!» - адмахнуўся, скараючыся непазбежнаму, узгадваючы, што ўвогуле збіраўся заснуць, адпачыць, а не бадзяцца думкамі хто ведае пад чыімі сценамі...
«Хіба зусім незнаёмая сцяна? - пакпіў нехта нябачны. - I зубцы яе нічога не нагадваюць?»
«Якія яшчэ зубцы?» - не зразумеў ён, але тут жа пазнаў чырвоную зубчастую сцяну, і плошчу, і цёмную ўсечаную піраміду маўзалея, і постаці наверсе... Хоць наконт таго, чые постаці, мо і памыляўся: адразу, з усёй пэўнасцю сцвярджаць не ўзяўся б. Ці мала хто там стаяў! Ды і ці стаяў, невядома: цені на сцяне зніклі, яны з'явіліся...
«Дурню сёе-тое з неверагоднага паказаць хочуць, а ён за разважанні чапляецца», - азвалася цішыня, і Ковач не знайшоў, чым адказаць: што - адказваць? каму?
А дзеянне ўжо было запушчана, спружына пачала раскручвацца, і хоць адчуванне калі не ўдзелу, то прысутнасці падчас разыгранага дзеяння заставалася, нідзе і ніяк ён сябе больш не ўсведамляў, ні з чым і ні з кім не атаясамліваў. Усё адбывалася без яго ўдзелу і неўзапраўду - так, нібы разыгрываўся дзіўны спектакль тэатра марыянетак, дзеючыя акцеры якога заставаліся за шырмаю (дакладней, за каменнымі парэнчамі маўзалейнай трыбуны), а ўсе ролі выконвалі марыянеткі. Лялькі!
Вядома, кожная лялька нагадвала аднаго з вядомых лідэраў партыі і дзяржавы, але пэўны час, пэўныя абставіны не ўплывалі ні на іх вобразы, ні на іх паводзіны. Хто ў вайсковым фрэнчы ўзору двадцатых гадоў, хто ў цывільным, хто ў форме военачальніка, завешанай гірляндамі ўзнагарод самага рознага кшталту, хто ў акулярах, якія засланялі ўвесь твар, а то і ўсю постаць. Іх можна было назваць. Пайменна. Але імёны ў гэтым спектаклі не мелі ніякага значэння для ходу дзеяння: і сюжэт, і акцёры, няхай і ў пазнавальных ролях занятыя, - выдавалі вечнымі, вечна запатрабаванымі. Ды так яно і было, бо ў сляпой і жорсткай барацьбе за ўладу паўсюдна, дзе мелася хоць якая вышэйшая прыступка, працаваў адзін і той жа закон: хто - каго. Сродкі маглі быць любымі: пераможцаў не судзілі... Звычайна, не было каму судзіць...
Зразумець, што адбывалася на імправізаванай сцэне, Ковач нават не памкнуўся. Мо таму, што не бачыў сябе, свайго месца ці ролі ні на трыбуне, ні сярод публікі, хоць нейкім чынам не толькі прысутнічаў, але і быў задзейнічаны ва ўсім. Калі верыць адчуванню і пагляду. Усё - проста на вачах - мянялася, жыло і знікала па нечай волі, быццам хто нябачны тузаў за нябачныя матузкі, сціраў ці мяняў дэкарацыі, асуджаў - каго на жыццё лакея, каго на смерць. I адно і другое выглядала скамарошым розыгрышам. Яно б і нічога, калі б крыху на ніжэйшым узроўні - не на фоне крамлёўскай сцяны - ішоў гэты розыгрыш, а то атрымлівалася, не проста лес таго ці іншага правадыра высвечваў і падсвечваў, а лёсам дзяржавы забаўляўся нябачны рэжысёр. То раптам шчытна, плячо да пляча, ссоўваў доўгую шарэнгу малых і большых правадыроў у купку, і тады ўсе бачыліся на адзін твар, і твар гэты нагадваў ці то злепленую абы з чаго маску, ці то морду нейкага монстра. А то пачынаў перастаўляць фігуркі, увесь час мяняючы месцамі, быццам разыгрываў вядомую толькі яму шахматную партыю, - і тады то адна, то другая постаць дзе паступова, дзе раптоўна знікала. Знікала ў прамым сэнсе - прыплюснутая цяжкой каракуле- вай шапкаю, ці здушаная накручанымі на вушы дужкамі агромністых, ва ўсесь твар, акуляраў, ці раструшчаная ссунутымі тулавамі паплечнікаў, у той міг ужо былых...
Пры ўсёй фантасмагарычнасці карціна была жывою. I, больш таго, усё відочней уцягвала Ковача ў сваё дзеянне, хоць ён па-ранейшаму нідзе, ні за чыімі плячамі, і ценю свайго не знаходзіў: і ранг не той, і роля не вызначаная... Наконт ролі, вядома, мог і памыляцца (для нечага ж яму гэты спектакль наладзілі!), а рангам далёка не дацягваўся да крамлёўскіх дзеячаў - хоць прамінулы час узяць, хоць цяперашні. Разагнаць бы іх, як зграю крумкачоў, ускормленую на бедах людскіх, ды не было каму. Не мечанаму ж! Стаіць асобна, вылучаючыся хіба што адноснай маладосцю, а ў вачах - джалы чужых маланак: пабліскваюць, палохаючы, вытыркаюцца з усіх бакоў, нават з-пад шапкі, пагражаючы спаліць усё «кідрэні фені» што тут, пад крамлёўскай сцяною, што на ўсіх абсягах краіны за ёю, - цьфу на нячысціка!
Ковач сплюнуў так рашуча, што перш затанцавала над ім выкліканае гэтым абуральным рухам рэха, а потым, ужо ў адказ на яго, пасыпаліся камяні са сцяны - сама сцяна пасыпалася, завальваючы скрышанымі цаглінамі і розным друзам і трыбуну, і плошчу, і прасцяг вакол. «Сапраўдны каменяпад!» - падумаў, міжволі спрабуючы ўцягнуць галаву ў плечы і хоць неяк прыкрыцца рукамі. А цагліны, дробячыся, ужо траплялі і па ім, пэўна, бо хоць вонкава гэта ніяк не ўспрымалася (сябе ж, сваёй постаці не бачыў), але балючыя дотыкі Ковач адчуваў усё выразней.
- Ды прачынайцеся, мужчына! Мінск! Прыехалі!
- А? Што? - лыпаў вачыма ён раз ад разу і ўсё ніяк не мог прачнуцца, а калі ўсё-ткі расплюшчыўся, то ўбачыў усмешлівы твар правадніцы і вялізную сонечную пляміну за ім, на процілеглай сцяне купэ.
***
Афішу, якая з’явілася напярэдадні, і з’явілася не публічна, не на афішных тумбах, а ў калідорах устаноў (і то - выбарачна), і афішаю цяжка назваць. Так... Абвестка, што калі і прыцягвала ўвагу, то сваёю нязвыклай навязлівасцю. Нават крыклівасцю. «Розыгрыш! У БДТ - розыгрыш!» - вялікімі літарамі рознага колеру і рознай канфігурацыі стракаты плакат, а далей - па ўсім перыметры - скамарошыя заклікі: «Калі не навязаны страхам да мінулага - прыходзь! Калі не баішся пазнаць сябе ў адным з персанажаў і ўмазаць яму аплявуху - прыходзь і дзейнічай! Калі збрыдла балота будзённасці - падары сабе свята! Калі хочаш уразумець, з чым сутыкнешся заўтра, - плюнь на ўсе сумненні і будзь з намі!» I - усё. Hi дзень не пазначаны, ні час, ні дзейныя асобы. Быццам і тыя, хто будзе на сцэне, і тыя, хто знойдзе месца ў зале, ведалі ўсё, што трэба ведаць, а астатнім і тлумачыць не варта было.
Хоць навошта тады сама гэта абвестка? Нейчы жарт? Але ж за падобныя жартачкі...
Урэшце, хоць перабудова і буксавала, жыццё - мянялася. Мянялася, мяняючы і людзей, і іх прэтэнзіі і запатрабаванні: выходзіла, свет жыў іначай, іншымі каштоўнасцямі, і, на думку абывацеля, калі апярэдзіць каго з бліжніх, то магло і падфарціць выбіцца нарэшце ў людзі, набыўшы сякое-такое дабро. А жарт... Калі пільнасці не губляць, то і падчас розыгрышу чым-небудзь разжывешся. Не медзяком, дык словам.
«Ро-зы-грыш... Ведама, знайшлі, чым здзівіць! Усё жыццё чалавечае - суцэльны розыгрыш: то Бог, то д'ябал забаўляюцца з чалавекам. А ўжо як самі чалавекі возьмуцца...»
Думкі не перашкаджалі Івану займацца няхітрымі чыноўніцкімі справамі: паперчына - сюды, паперчына - туды, тэлефонная гаворка з адным, кабінетная разборка з другім. Рабочы дзень завяршаўся тым, чым і пачынаўся, і ад дакукі ўжо зводзіла скулы. «Мо зазірнуць у тэатр? I начальству будзе што пераказаць...» - падумаў адно для таго, каб памяняць кірунак думкі, але ідэя нечакана спадабалася: як не развеецца, то хоць сведкам стане!
Сведкам - чаго? Для чаго? Падобныя пытанні ў галаву не прыйшлі. Сведкам дык сведкам. Не першыня. За тое і цанілі на службе. Спатрэбіцца - скажа што якое, не спатрэбіцца - забудзе і ніколі не ўзгадае. Нават для пацехі - тады, калі адчуе (як часта адчуваў) сваю перавагу над усімі начальнікамі і начальнікамі начальнікаў. Сабе даражэй выходзіла. I карысці аніякай.
- Правільна мысліш, таварыш! - падбадзёрыў сябе ўголас і тут жа чмыхнуў, пакасіўшыся на шкляную дзверку шафы, дзе, хоць і цьмяна, люстраваўся яго торс, увянчаны буйною аблыселаю галавой. - Ну, ну!
Ніхто яго не прыспешваў, нішто не перашкаджала. Нават думкі аціхлі і пэўны час не абзываліся. Вечар выдаўся па-вясноваму цёплы, нетаропкія крокі супадалі з рытмам нетаропкіх хвілін, і ён, чаго даўно не адчуваў у такой меры, адпачываў: пагляд немітусліва кранаўся то ліповага вецця галавою. то зыркай вітрыны, у якой пакалыхваліся яго адбіткі, і зноў бязмэтна лунаў паперадзе. Ногі самі знаходзілі патрэбны паварот з адной вуліцы на другую. Хады той з праспекта на праспект! - перш праз мост, потым праз сквер і цэнтральную плошчу...
- Добры вечар, - машынальна адказаў на нейчае прывітанне, і галавы не павярнуўшы: не хацелася прыпыняцца, ублытвацца ў неабавязковую і нікому не патрэбную гаворку з кім бы там ні было - нашто ж паварочвацца? Падсвядомая мэта вяла яго, жаданне або нежаданне застацца ў нешта не пасвечаным, пекараўскі памочнік нават не задумваўся - ішоў і ішоў!
Калі крокі за тры-чатыры ад увахода ў тэатр узгадаў раптам, што ні білета, ні запрашэння на гэты вечар не меў, хады не запаволіў. Адно перасмыкнуў плячамі і падаўся да дзвярэй. Як не хлусіла абвестка і «розыгрыш» пачнецца а дзевятнаццатай гадзіне (звычайна ўсе спектаклі пачыналіся ў гэты час), то да пачатку заставалася хвілін пятнаццаць. Якраз каб адшукаць вольнае крэсла. Ці выбраць з незанятых - зручнейшае.
«Чаго табе няймецца?» - пацікавіўся ўнутраны голас, але так ціха, так нясмела, што і зважаць Іван на пытанне не стаў.
Ступіў да двух малойцаў пры ўваходзе ў фае (здалося, нават знаёмых), пачуў спакойна патрабавальнае: «Ваша пасведчанне!» і дастаў з кішэні дакумент. Тыя расступіліся, упускаючы яго, і Іван Сымонавіч упершыню падзівіўся з сябе, са свайго рашэння, нікім, нават Пекарам, не санкцыянаванага: з ягоным вопытам, з ягонай заўсёднаю асцярогай ва ўсім, што не сыходзіла непасрэдна ад начальства, асмеліцца на такі самастойны крок?
«Ну, не вяртацца ж назад, паўз адметна безаблічных ахоўнікаў!» - падбадзёрыў сябе ў думках, перадаўшы плашч гардэробшчыцы і рушыўшы наверх. Ступаў няспешна, нават прыступкі лічыў, каб не думаць, чаму ні ў раздзявальні, ні ў круглым фае перад дзвярмі ў тэатральную залу нікога не было.
- Смялей! Розыгрыш пачынаецца!