«Які палёт? Чый голас? - зазлаваў, папікнуў сам сябе ў душы Ковач. - Не ставала яшчэ з глузду з’ехаць!»
Але і тады, калі ён адвярнуўся ад акна і заняў сваё месца за сталом, каб абдумаць адзін-два хады хуткага, па ўсім відаць, візіту ў Маскву, засяродзіцца на рабоце не змог. Напэўна, не збягаць трэба было ўвесь час ад спомінаў, ад пытанняў, якія яны заўсёды нечакана высвечвалі, а паспрабаваць разабрацца, на што натыкаўся ў сваіх разважаннях, ледзь толькі азіраўся назад, на некалькі гадоў назад...
Што, урэшце, здарылася тады? I калі - тады? Ён і ў тэатры нячаста бываў, звычайна - з якой афіцыйнай нагоды, калі яго адсутнасць успрынялася б пэўным выклікам, і з натоўпу жанчын (а тым больш - актрыс) вылучаў каго-небудзь ад выпадку да выпадку, і то чыста вонкава. Па крайняй меры, нічога дзіўнага ў тым, што не адразу і ўспомніў кароткі флірт з адной з актрыс купалаўскага тэатра, не бачыў: калі б не фізічная - недарэчная! - смерць яе, то ўсё дарэшты сцерлася б з памяці непрыкметна, без аніводнае ўзгадкі.
Ковач вынуў з шуфляды пачак цыгарэт і запальнічку, падсунуў бліжэй да сябе попельніцу. Потым адкінуўся на спінку крэсла, перакінуў нагу на нагу. Памарудзіў, вырашаючы, ці варта курыць (курыў цяпер рэдка - толькі калі нерваваўся), і ўсё ж пстрыкнуў запальнічкай. Прыкурыў не адразу, нейкі час проста дзівіўся на агеньчык, які ледзь заўважна паміргваў (быццам падміргваў), але калі зрабіў першую зацяжку, то адчуў асалоду: атрута атрутаю, а штосьці абуджала - штосьці выцягвала з глыбіні забытага, узбуджаючы і супакойваючы адначасова.
«Старэеш, браце! - пакпіў з сябе. - Ад адной зацяжкі рассіропіўся, як маладзён». Але асалода не знікла, і колькі хвілін, расслабіўшыся, ён адпачываў нават ад думак. Хітраваў крыху, вядома, бо намерваўся ж разабрацца з успамінамі, але прыспешваць іх, баронячыся невядома ад чаго, не хацеў. Усё даспявала ў свой час, думкі таксама... Даводзілася напружваць памяць, каб аднавіць падзеі мінулага хоць бы ў нейкім парадку: ні падзеямі тыя некалькі стрэч не ўспрымаліся і тады і цяпер, ні ў больш-менш выразную карціну споміну не складваліся. Так... Урыўкі... Імгненні...
Прывабілі ўвагу, памятаў, радасны бляск у вачах актрысы і тое, што гэты бляск быццам наліпаў на яго, узвышаючы і амалоджваючы адначасова. Ён нават не адразу зразумеў, у чым справа, адкуль з’явілася маладая зухаватасць, але паводзіны яўна мяняліся, настрой паляпшаўся і хацелася жартаваць, паддражніваць памочніка, які, улавіўшы гэты яго настрой, завіхаўся каля актрыс, вынаходзіў усё новыя прычыны для таго, каб вечар прадоўжыўся дзе-небудзь у невялікім рэстаранчыку. Прычыны хапіла б і самай недарэчнай, але жанр, як кажуць, патрабаваў.
Рэстаран... Рэстаран ніхто асабліва не выбіраў: у падобных выпадках выкарыстоўваўся загарадны, пад Заслаўем, на беразе Мінскага мора, дзе мелася не толькі закрытая ад старонніх позіркаў зала... Усё - як зазвычай. Усё - па вышэйшым разрадзе. Ковачу мо таму, што нячаста дазваляў сабе падобныя вечары, усё падабалася: і вячэра, і вясёлыя байкі, і дрогкае плечыка актрысы, якая, апынуўшыся побач, хінулася да яго і пазірала радасна, наіўна-закахана. Наіўна закаханая цнатлівасць актрысы, пэўна ж, была найграная: хто дзе страчаў цнатлівую актрысу! Але ў той вечар хацелася верыць нават у гэта.
«Люба, Любоў!» - пры знаёмстве назвалася жанчына, і так потым і называў яе Ковач: Люба-Любоў. Што ж да любві... Хто гаварыў пра любоў?
Увогуле, цяжэй за ўсё ўспомніць, пра што гаварылі яны падчас тых дзвюх-трох сустрэч: словы (як для яго, Ковача, то абсалютна пэўна) ніколі не мелі асаблівага значэння ў адносінах з жанчынаю. А тут - актрыса... лялька ў мужчынскіх руках... Вядома, лапатала штосьці на сваёй птушынай мове, перш чым пачынала стагнаць у ягоных руках, але і ў галаву не прыйшло б усур’ёз услухоўвацца ў падсалоджаныя момантам словы! Разумеў, што за ўсё трэба плаціць, і амаль адразу, без доўгіх роспытаў, ведаў, чаго ад яго чакала Люба-Любоў: усе яны чакалі і прагнулі аднаго - вядомасці. Славы! I не тлумачыць жа прыгожай жанчыне, распаленай страсцю, што і вядомасць, і слава не варты ніводнага з такіх імгненняў, - калі наогул чаго-небудзь варты...
Ковач глыбока зацягнуўся, нават папярхнуўся дымам - і рашуча патушыў цыгарэту: знайшоў чым бавіцца, забыўшыся на ўзрост? Што было - было. Ён - заплаціў за кароткія ўцехі напоўніцу, і хто б мог яго папракнуць? Хто - з тых, каго яна потым прывячала ў сваім ложку?
- Ты казаў, што любіш... - зноў з’явіўся, прагучаў у ім голас.
- Кожны чуе тое, што прагне пачуць, - не стаў адмахвацца ад думкі Ковач. - Hi розніца ва ўзросце, ні неадпаведнасць уяўленага рэальнасці не спыняе.
- Рэальнасць у любві - сама любоў.
- Скамечаная пасцель, падкамечаныя збуджанай у целе жарсцю абяцанні і прызнанні - не любоў, і толькі наіўныя дурніцы вераць у прызнанні цела, - невядома каму патлумачыў Ковач, міжволі нядобрым словам памянуўшы таго, хто скіроўваў на гэту ўяўную спрэчку яго думкі. - I толькі такія старыя дурні, як я, потым пачынаюць апраўдвацца хто ведае за што!
- Апраўдваецца той, хто вінаваты, - мякка папракнуў голас, які і жаночым наўрад ці выдаваў з усёю пэўнасцю.
- Ві-на-ваты?! За што? За тое, што не адпіхнуў прыгожую жанчыну, якая ліпла да мяне? Што разлічыўся за любоў тым, чаго прасілі? Што не азірнуўся, аднойчы развітаўшыся назусім? - ён быццам абкручваў сябе непрагучалымі і ад таго яшчэ больш даўкімі пытаннямі, хоць і адчуваў, што зноў навальваецца незразумелая стома. Цяжкая, непад’ёмная стома...
Міжволі прыкрыў вочы. Нават далонню - паверх павекаў. I не проста адкінуўся на высокую спінку крэсла, а як уплішчыўся ў яе ўсім цяжарам цела. Здаецца, каб можна, зліўся б з ёю, шукаючы ці то абароны, ці то спакою - хвіліны спакойнага адпачынку. Але думкі вярэдзілі душу, малюючы, выяўляючы то адну карціну, то другую. Дакладней, не карціны, а фрагменты іх, якія самой гэтай фрагментарнасцю нагадвалі нейкія сколкі, абрыўкі, чарапкі цэлага. Чаго - цэлага, у думках не чыталася. Mo таму, што Ковач i не хацеў нічога прачытваць ці ўдакладняць. Галоўным скрозь была работа, а побыт, сям’я - тым больш, выпадковыя знаёмствы! - заставаліся калі і не па-за свядомасцю, то ўжо ж, не на пярэднім плане яе. Партыя развальвалася, улада ледзьве ліпела, ужо амаль няздольная прадухіліць распад краіны ці хоць бы не застацца каля разбітага карыта, а думкі разбрыдаліся - расцякаліся хто ведае куды...
- Апраўдваецца той, хто вінаваты, - вярнулася ўжо прагучалае колькі хвілін таму, і гэты раз Ковач ніяк не зрэагаваў на словы: апраўдвацца - перад кім? Перад ахвяраю ўласнага глупства? Перад сабою?
- Прэч! Прэч усе ўзгадкі! - мовіў уголас і рашуча выпрастаўся ў крэсле. Пакратаў плячамі, быццам гэтымі няспешнымі рухамі атрасаўся ад здранцвення, і, уключыўшы сувязь з прыёмнай, загадаў выклікаць машыну.
***
Эвеліна, разваліўшыся ў крэсле так вальяжна, як магла толькі яна, пакручвала ў пальцах цыгарэту, нібы раздумвала, прыпальваць яе ці пакласці ў пачак і засяродзіцца на тым, што, часам зрываючыся на фальцэт, даводзіў ёй Пекар. Але цяпер гэта давала занятак пальцам і, калі яна над чым і раздумвала ў гэту хвіліну, то над тым, чаму такія чыноўныя пацукі, як ён, аказваюцца ва ўрадавых структурах: прагрызаюць сабе дарогу, ці што? Акцёрам некалі хацеў стаць - не стаў, не пацягнуў. У рэжысёры спрабаваў падацца - на партыйную работу вылучылі. А там прасцей: сачы, каму, дзе і як прыслужыць - і ўся работа. За каго даведкі пісаў, каму дзве-тры ідэйкі ў даклад падкідваў, а з кім вышэй і ў верных лакеях пахадзіць год-другі не саромеўся...
- Ты не слухаеш мяне, Эвеліна! - перастаў Пекар размахваць рукамі і ўтаропіўся ў жанчыну.
- Пакуль што не было чаго слухаць, - прыўзняла яна цяжкія ад тушы вейкі. - Супакоішся - скажаш. Пашукаў бы лепш агню.
Гаварыла ленавата, разглядвала колішняга свайго палюбоўніка калі і не грэбліва, то без імпэту. Пастарэў... Мяшкі пад вачамі... За дамачкамі наўрад ці ўхлёствае, як раней: няма чаго прад’явіць...
- 3 мяне скуру здымаюць, а ёй хаханькі!
- У такіх, як ты, my dear, новая скура тут жа вырастав, так што скарга не прымаецца, - ўсміхнулася Эвеліна і, назіраючы, як ён корпаецца ў шуфлядзе ў пошуку запалак, спакойна адкрыла сумачку і ўзяла запальнічку. - Чаго ты ўсхадзіўся, быццам пораху пад хвост сыпанулі? Даручана правесці выхаваўчую гутарку - праводзь. А то: нігілізм! западэншчына! знявага ўлады, вінаватай за амаральнасць усіх і кожнага!
- Дык ты ўсё-ткі чула ўсё, што я думаю...
- Ты ніколі ні пра што не думаеш, my dear, i мы абое гэта ведаем, - пстрыкнула яна запальнічкаю, і хутка прыемны пах дарагога тытуню паплыў над сталом, каля якога сядзела ў залішне вольнай для начальніцкага кабінета позе. - Ты паўтараеш тое, што кажуць твае начальнікі, паплечнікі ці сабутыльнікі. I правільна робіш! Так лягчэй. I бяспечней. Калі ўсур’ёз успрымаеш сваю пасаду.
- Хто каго выхоўвае? - гэпнуўся Пекар на крэсла насупраць, наперад пагадзіўшыся, што ніякая гаворка ні да чаго не прывядзе. - Не я ж, а ты напісала: «У нас няма палітыкаў, ёсць партфункцыянеры».
- I што? Я схлусіла?