- Той, хто становіцца лялькаю ў чыіхсьці руках - па сваёй волі ці пад прымусам, - аднойчы ламаецца. Ламаецца, бо ніводная канструкцыя, апроч створанай Богам па Ягонай волі і ласцы, не мае сілы і ўстойлівасці, не можа вытрываць зменлівасці і жорсткасці жыцця. Не можа ў прынцыпе. А калі не пра прынцып, а пра чалавека разважаць, то творчую, тонкую чалавечую натуру, адораную Госпадам не толькі свабодай волі, a і асобым дарам, талентам, нішто не абараняе, не ратуе ад краху. Найперш - душэўнага. А ўжо за ім...
- За ім - беспрасветны змрок, - зноў пазмрачнеў Стас, хоць і адчуваў у сэрцы ўдзячнасць Сані за тое, што не пакінула яго сам-насам са сваімі думкамі і гаворка працягвалася.
- Беспрасветны тады, калі не асветлены нічыёй памяццю, - ледзь заўважна кранулася яна дрогкай рукі Стаса, быццам супакойвала, быццам пералівала ў яго крупіцу сваёй сілы. - Ты напішаш... лепшыя свае вершы напішаш, Стас, прысвяціўшы іх памяці Любы. I ўсе будуць чытаць іх, узгадваючы вялікую актрысу, дзівячыся радкам, якія прадыктуе любоў.
- Так, так! Я напішу!
- Веру, Стас, - пагладзіла яна яго руку, падымаючыся. - А я запрашаю цябе на спектакль. Апошні спектакль па шэкспіраўскай п’есе, дзе Люба сыграе Кардэлію.
- Сы... сыграе?! - падымаўся той услед за ёю. - Ты... Вы што такое гаворыце?
- Яе не будзе, Стас. I ўсё ж - яна сыграе гэты спектакль! Гэта паклон наш ёй на расстанне. Прыходзь. Сам усё ўбачыш.
Саня пайшла да выхада, чамусьці, нягледзячы на стан паэта і яго разгубленасць, упэўненая, што ўсё будзе добра, што Стас прыйдзе на спектакль і потым напіша цудоўныя вершы, над якімі заплача не адна чуйная душа.
***
Слізгаючы паглядам па афішы, якая абвяшчала аб апошнім спектаклі па п’есе Шэкспіра «Кароль Лір», мала хто заўважаў, што ў ролі Кардэліі па-ранейшаму значылася Любоў Гаруня. А калі хто і заўважаў, то не надаваў асаблівага значэння: старая афіша, ранейшы склад трупы - не паспелі ці не схацелі мяняць... Пытанне, чаму ў сярэдзіне сезона гаворка ішла аб апошняй пастаноўцы, гэтаксама асабліва нікога не хвалявала: хто гэтым часам хадзіў у тэатр? Заўзятых тэатралаў, якія ведалі пра тэатр калі не ўсё, то многае, дзесяткі два набралася б, ды што яны маглі ў атмасферы агульнае абыякавасці да сваёй - і, тым больш, чужой - долі? У іх была свая роля, зусім нязначная, можна сказаць, незаўважная, і на авансцэне, чаго б ні тычылася, яны рэдка з’яўляліся. Адно каб кветкі каму з акцераў перадаць.
Урэшце, афіша і афіша! Апошні спектакль дык апошні! Чуткі пра трагічную смерць адной з галоўных гераінь калі і не зусім аціхлі, то добра прывялі, а нечая задума... Якой новай задумаю можна ўзрушыць сучасную публіку?
Пэўная інтрыга, вядома, была. Адчувалася. У блізкіх да тэатра колах, сярод тых, хто асабіста, па ўзгодненай схеме, запрашаўся на спектакль у гэты вечар. Пасвечаных жа ў разгадку яе не набралася б і дзесятка. Ды і сярод іх двое-трое выглядалі залішне напружанымі і незадаволенымі: Саніна задумка... I яшчэ невядома, чаму раптам рэжысёр пагадзіўся з ёю, адступіўшы ад уласнае інтэрпрэтацыі.
Урэшце, Стас над такімі рэчамі не задумваўся: напярэдадні пазваніла Саня, нагадала пра запрашэнне - хіба мог ён не пайсці? Хіба мог прапусціць спектакль, прысвечаны памяці Любашы? Надламаная трагедыяй душа паціху распроствалася, звыкалася з прыступамі болю і праваламі у пустату, адкуль патыхала холадам і адчаем, наноў вучылася прамауляць да неба. Паэзія, хоць і нячаста, гасцявала ў яго заваленым кнігамі пакойчыку - і тады нараджаліся сумныя, шчымлівыя радкі. «Ноч заварвае чорную каву, чорны дзёгаць бяссонных хвілін, ледзь прыгубіўшы, штосьці пра славу, пра пакутніцтва шэпча зямлі. А якая ў тым слава - памерці? Дзень прачнецца папросту раней, каб паспець тую плямінку сцерці, што зашэрхне крывёй на сцяне. Разагнуўшыся - гэткага гора! - нават не прыгадае імя, што насіў толькі ўчора. Учора... Ноч нясе шкадаванні дарма: я прымаю і гэту пакуту. Веру ў пеўчую долю сваю і па кроплі - па слову! - атруту з пераможнай усмешкаю п’ю...»
3 пераможнай усмешкаю? Гэта наўрад ці. I ўсё ж цем паціху адступала, упускаючы у душу святло, - і жыцце аднауляла свае ранейшыя прэтэнзіі і прапановы. Іх можна было не прымаць, але незаўважнымі яны больш не з’яўляліся, і значыць, прыйдзе - ужо набліжаўся! - час, калі ўсе правы жыцця на яго адновяцца. Адновяцца, аднаўляючы інтарэс да ўсяго навокал. Найперш - праз паэзію, праз слова.
I па кроплі - па слову! - атруту з пераможнай усмешкаю п’ю... - паўтарыў заключныя радкі верша уголас, заўважыўшы гэта толькі па рэакцыі пасажыраў тралейбуса, які пад’язджаў да цэнтральнай плошчы, і папракнуў сябе ў душы: занадта засяроджваўся на сабе, на сваім - добра, што выходзіў якраз на гэтым прыпынку і не трэба прабачацца.
Саскочыў з прыступкі на зацярушаны снегам асфальт, удыхнуў паветра на поўныя грудзі і, агледзеўшыся (раптам хто са знаёмцаў дзе паблізу?), няспешна пакрочыў убок сквера. Думкі пачалі рассыпацца, і Стас рабіў немалыя намаганні, каб утрымліваць увагу і не наткнуцца на каго з прахожых. Лягчэй стала, калі ўвайшоў у сквер і, трымаючыся краю алеі, яшчэ больш запаволіў хаду: раптам нахлынулі ўспаміны, узгадаліся доўгія вечары, праведзеныя тут, пад старымі таполямі і ліпамі, сам-насам з паэзіяй, у чаканні Любы. Нейкім крайком свядомасці адзначыў, што боль, як звычайна раней у падобныя хвіліны, не азваўся ў душы, і толькі ціха ўздыхнуў. Быццам у адказ на ўздых, наперадзе асыпаўся зіхоткім срэбным воблачкам іней, і Стас прыпыніўся, задраў галаву і доўга дзівіўся на цёмныя вершаліны, падсвечаныя знізу святлом ліхтароў і бела-блакітным атачэннем намерзлага на галіны інею: усё хацелася дамкнуць паглядам да высокага неба, убачыць зорны россып па ім. Не адразу, не ў першую хвіліну, але праз пэўны час, калі перастаў заўважаць каго б там ні было паблізу ці воддаль, усё ж убачыў - і неба, і зоркі сям-там, у прагалах паміж галінамі, высока ўгары.
Паўгадзіны мінула ці крыху больш, але зрушыўся Стас з месца адно тады, калі холад да яго дабраўся і стала зябка. Пацепваў па ходу плячамі, памахваў рукамі, адганяючы хвіліны засяроджанасці і спрабуючы вызначыць, прыпазняўся ён на спектакль ці паспяваў. Калі меркаваць па тым, што сквер амаль абязлюдзеў і перад уваходам у тэатр ніхто не маячыў, - прыпазняўся.
Цяжкія дзверы не паддаваліся. На спробы Стаса дастукацца да вахцёра ніхто не абзываўся. Здалося нават, што там, за дзвярмі, у тэатры, нікога і не было, а спектакль прызначаўся не на гэты дзень - на іншы. Але будыніна заззяла усімі вокнамі, ледзь толькі ён адышоўся і падняў пагляд, - і каб думка якая пра магчымае выйсце! Час назад не адкруціш, але штосьці ж ён мог зрабіць!
Незразумела адкуль узніклая злосць не давала супакоіцца, змірыцца - ён таптаўся каля ўвахода, раз-пораз зіркаючы на асветленую афішу, пакуль раптам не спыніўся перад ёй. Што яго запыніла, не ведаў. А позірк слізгаў па тэксце - спярша хутка і бяздумна, потым усё павольней...
- Кардэлія - народная артыстка Любоў Гаруня, - прачытаў уголас, раз і другі раз, і ўсё ніяк не мог уцяміць значэння прачытанага: Любоў Гаруня? Люба?! Але ж яна... Яна ніколі не іграла ў званні народнай... Яна не паспела... не ведала...
Думкі таўкліся адна ўкруг адной, пакуль раптам не адхлынулі ўсе разам, пакінуўшы ў ім пустату. I рэальнасць паведамленага ў афішы падалася самай што ні на ёсць рэальнай, і Стас кінуўся да дзвярэй, пачаў малаціць па іх кулакамі. Потым, узгадаўшы, што ёсць яшчэ адзін уваход у тэатр - службовы, кінуўся бегчы ўздоўж сцяны, каб апынуцца там, перад ім, і ўсё ж дастукацца да каго-небудзь з вахцёраў, патрапіць у залу і ўбачыць Любу.
***
Глінскі нерваваўся. Мала таго, што выслухаў перад спектаклем доўгую натацыю ад Пекара, у якой, нягледзячы на тэлефонныя «праслушкі», вядомыя абодвум, гучалі толькі нелітаратурныя выразы і словы, дык і залу запоўніла ўсё больш журналісцкая публіка. «Зляцеліся... няйначай, як груганнё на мярцвячыну... Нябось, і тое, што ён, рэжысёр, ад вачэй хаваецца, заўважылі!» - лаяў сябе ў думках Глінскі і так, і гэтак, хоць і разумеў, што позна і карысці аніякай. Не адмяняць жа, на самай справе, спектакль пры бітком набітай зале! Не толькі журналісты не ўспрымуць...
Мёртвая цішыня панавала ў тэатры. Не, спектакль ішоў, акцёры жылі спектаклем, перажываючы ўсё, што адбывалася ў часы Шэкспіра, без адзінай нацяжкі, без аднюткага збою: і іх галасы, і голас Любы з магнітафоннай стужкі чуліся і ў зале, і тут, за сцэнаю, у прапахлым пылам закуліссі, ясна і выразна, а ўражанне, што вакол стаяла мёртвая цішыня, не знікала.
- Цьфу, чорт! - нягучна вылаяўся Глінскі, не ўпэўнены, што вытрывае ўсё да канца, што не сарвецца. - Дай бабе веры...
Вядома, тлумачэнне ўсяму простае: калі ўжо і развітвацца са спектаклем, то эфектна - па-тэатральнаму эфектна. I незадаволены Глінскі (тут ён не падманваўся!) зусім не ад таго, што званіў раз’юшаны праяўленаю ініцыятываю Пекар, а хутчэй таму, што ініцыятыва гэта сыходзіла не ад яго, рэжысёра, а ад занятых у спектаклі акцёраў. Як змовіліся, паставіўшы яго перад выбарам: сыграюць без актрысы, якая замяніла б Любу, ці ўвогуле адмовяцца іграць... Нават Ганна ўступіла ў змову! Нават Генік лапатаў пра абавязак перад памяццю! Быццам яму, Глінскаму, не муляла памяць...
Вось і даў згоду. А з чым, запытацца, пагаджаўся? 3 тым, каб распаўзлася чутка аб задуманым па горадзе, не абмінуўшы высокіх кабінетаў? 3 тым, каб успыхнуў нездаровы інтарэс прэсы? Каб зрэагавала як ніколі гнеўна начальства? Зрэагавала. Пекар дагаварыўся да таго, што ў бязволлі і некампетэнтнасці абвінаваціў. Яго, Глінскага?! I хто?! Чыноўны пацук з даўно вышчарбленымі ад залішняй сквапнасці зубамі!
Злосць саступала абурэнню, і Глінскі зноў мераў цёмную пляцоўку закулісся шырокімі ўпэўненымі крокамі. Урэшце, Пекар - толькі Пекар! Хоць пакуль і пры пасадзе. I хто-хто, а галоўны рэжысёр галоўнага нацыянальнага тэатра яму не па зубах. I зубы ўжо не ранейшыя, і за Глінскага заступіцца было каму. I ў Мінску, і (калі што якое) у Маскве. Так што самы час плюнуць на ўсё і выйсці на людзі. Не ў ложу, вядома, не пад прыцэл журналістаў, але бліжэй да акцёраў, да сваіх, што б яны часам пра яго ні думалі...
Прайшоўшы на сцэну, стаіўшыся за бліжняй кулісаю, Глінскі ўважліва агледзеў залу - той край яе, які быў відзён з яго месца. Адзначыў лёгкае напружанне, якое дзіўнымі хвалямі перацякала з канца ў канец памяшкання. Заўважыў, што некаторыя гледачы, не зважаючы на слёзы, плакалі. I каб крэсла дзе зарыпела! каб шолах дзе абудзіўся!
Ён, дзівячыся, перавёў увагу на сцэну. Прыслухаўся нарэшце да акцёраў, як бы збоку, адасоблена, успрымаючы іх ігру, іх рэплікі. Спектакль завяршаўся. Ігралася апошняя сцэна трагедыі. Менавіта трагедыі! - і ні час, ні месца, дзе адбываліся тыя далёкія падзеі, не мелі у гэтыя хвіліны значэння: на сцэне гінула жыццё і перамагала саму смерць любоў. Стары Лір (і думкі не ўзнікла, што гэта толькі вобраз, таленавіта ўвасоблены акцёрам!), які, перажыўшы і сваю славу, і сваё вар’яцтва, спяшаўся да любай дачкі, прыспешваў і сцежку, і сэрца. I ў той напружанай цішыні, якой дыхала зала, здавалася, чуўся кожны ўдар бацькоўскага сэрца, кожны ўсё цішэйшы усплеск яго.