- Чуткі? - спрабаваў настроіцца на гаворку Стас. - Хіба яшчэ не ўсё абгаджана і заплявана? Прабачце...
- Ты ўпэўнены, што хочаш са мной гаманіць? - раптам перайшла на «ты» Саня, нейкім сёмым пачуццём адчуўшы, убачыўшы тую глыбіню пакуты, з якой імкнуўся выбрацца Стас.
- Канешне. Калі вас не бянтэжаць ні мой стан, ні мой выгляд, Аляксандра Юр’еўна, - не адразу ўспомніў ён яе імя па бацьку. - Папраўдзе, і ўзгадаць цяжка, калі я апошні раз зазіраў у люстэрка. Усё каціўся, каціўся пад адхон... услед за абрынутым у сумёт часам...
Дагаворваў, нізка апусціўшы голаў, - быццам прыслухоўваўся да водгулля сказанага, да таго, як зрэагавала на забароненыя дагэтуль словы душа. I Саня, ад якой не схаваўся міг глыбокага ўнутранага напружання, перажытага Стасам, адгукнулася не адразу. Няспешна, па глытку, піла сок, разглядваючы паэта, яго схуднелы твар, цёмныя кругі пад вачамі, зблытаныя, не прыгладжаныя валасы, непаслухмяныя нервовыя пальцы, якія ён то сціскаў, то распростваў... «Мо ніхто так, як Стас, не перажываў смерць Любашы», - мільганула думка, і Саня, хоць і адчула, што ў гэтай нечаканай выснове тоіцца папрок ёй самой, апраўдвацца нават у думках не стала. Быццам не адно гэты папрок заслужыла і даўно пагадзілася з ім.
- Бог мой, усяго два тыдні мінула, а думаецца пра ўсё, як пра штосьці, што даўно мінула! - не падумала, сказала. I - уздрыгнула, не ведаючы, як зрэагуе на яе словы Стас, але той толькі падняў ад стала пагляд і зірнуў у яе бок. Менавіта не на яе, а ў яе бок, таму што вочы па-ранейшаму засталіся згаслымі, без іскры цікавасці і гэта чамусьці абурыла яе. - Думаеш у сваёй гардыні, што табе горш за ўсіх? Думаеш, адзін ты любіў яе? Не ведаю, ці стане сказанае мною табе суцяшэннем, але скажу: Любаша была для мяне ўсім тым, чаго не ставала ва мне самой, і я не проста любіла яе - я... шмат у чым менавіта я вінаватая ў тым, што адбылося.
- Вы?! - ад нечаканасці, ад нечаканае рэзкасці ў яе голасе, ад патрабавальнасці ў словах, звернутых да яго і ўсяго свету, ускінуўся Стас, свідруючы Саню паглядам, у якім мільгацелі шалёныя іскаркі. - Вы не можаце быць вінаватаю. Вы - адзіная, каго... каго Любоў Георгіеўна любіла.
- I адзіная, што магла яе ўратаваць, - шморгнула носам і хуценька адвярнулася, шукаючы ў сумачцы насоўку, Саня. - Вось што горай за гора, Стас. Вось чаму менавіта я магу сказаць табе: до! досыць!
- I розум тое кажа. А сэрца не пагаджаецца.
- Ты нават не разумееш, што шчаслівейшы - так, так, і ў горы шчаслівейшы! - заўважыўшы, што той збіраўся пярэчыць, павысіла голас Саня. - У цябе - талент, над табою няма рэжысёра, ты - вольны ўсе свае пачуцці, увесь свой боль выказаць у слове. Праз слова. А гэта - многага каштуе. Вышэй мо і няма нічога.
- Вы так рашуча сцвярджаеце... - не знайшоў, чым адказаць на падобную шчырасць Стас, хоць адчуваў, што словы яе ўплываюць на ўвесь настрой думак, што недзе ў іх, за імі - супакаенне. Абяцанне супакаення.
- Я шмат думала. Шмат перажыла за тыя дні і ночы, што прамінулі пасля забойства Любашы.
- За... забойства? - здавалася, не ўздрыгнуў, а здрыгануўся Стас і, каб схаваць разгубленасць, моцна абхапіў сябе рукамі.
- Неразуменне людское... Наша неразуменне забіла яе, - зрабіла Саня пэўнае душэўнае намаганне, каб прадоўжыць, як мага спакайней прадоўжыць: - Душэўна тонкія натуры - безабаронныя. Абсалютна безабаронныя! Не толькі жорсткасць, не толькі злосць людская раняць такія душы, a і любая несправядлівасць, любая няшчырасць, любая спроба за дабро адплаціць насмешкаю. Многія гэтага не разумеюць... Я, здавалася, разумела, а ў нейкі момант адступілася, адышла ўбок, замест таго, каб прыкрыць Любашу сабою.
- Вы нагаворваеце на сябе, - паспрабаваў перапыніць паток прызнанняў Стас, нарэшце заўважыўшы, як цяжка, як пакутна цяжка даецца ёй кожнае слова.
- Дзякуй, Стас. Але я ведаю, што гавару.
Саня змоўкла. Апусціўшы голаў, нейкі час маўчала, перабірала сказанае і нясказанае, прыйшоўшы да думкі, што карысць была хоць бы ў тым, што, здаецца, вывела Стаса з утрапення - змусіла зірнуць на ўсё не толькі праз сябе, праз сваё гора: дасць Бог, і ён, і яна сама акрыяюць, знойдуць у душы сілу прадоўжыць шлях, прадоўжыць працу.
Паўза, напэўна, дужа зацягнулася, бо калі Саня падняла пагляд на Стаса, то ўбачыла трывожны бляск у яго ў вачах. Паспрабавала ўсміхнуцца - і ўсміхнулася.
- Не напалохала цябе сваімі разважаннямі?
- У мяне яны яшчэ больш бездапаможныя, - не здолеў той усміхнуцца ў адказ.
- Я толькі цяпер задумалася, чаму яна... чаму мы выбралі сцэну, тэатр. Былі ж іншыя мажлівасці, іншыя дарогі, - зноў думала ўголас Саня. - Святло пражэктараў, апладысменты, кветкі... Гэта вабіла, так, і было б смешна аспрэчваць падобную прывабнасць штодзённага... штовячэрняга свята. I ўсё ж, галоўнае - гульня. Вечная гульня ў стварэнне новага свету, якая давала і дае мажлівасць штораз быць іншаю - не мяняючы ні знешнюю, ні унутраную структуру свайго жыцця, пражыць пэўны прамежак жыцця гераіні, усякі раз новай, незнаёмай. 3 гэтым мала што можна параўнаць.
- Але ж так заўсёды ў творчасці. У любой творчасці, - не вельмі ўпэўнена пагадзіўся Стас.
- Калі хтосьці не прысвойвае тваё права на творчасць, не патрабуе слепа следаваць сваім уласным уяўленням і патрабаванням. Нават у дробязях, у дэталях, у гучанні тваіх фраз. Так, быццам ты - не з племені акцёраў ці няхай нават простых скамарохаў, быццам ты - лялька. У касцюм таго ці іншага стагоддзя апранутая лялька з тэатра марыянетак.
- Жыццё - тэатр... - мармытнуў Стас і тут жа апамятаўся, нават пачырванеў. - Прабачце, Аляксандра Юр’еўна! Я перапыніў вашу думку... Неяк само вырвалася!
Саня піла сок, і заўважалася, што выказанае толькі што працягвае ў ёй вымалёўвацца, гучаць, доўжачы разважанне. Твар заставаўся спакойным, нават яшчэ паспакайнеў, і пазіраць на яго было прыемна. Hi пра што такое Стас, канешне, не думаў. Проста цішком узіраўся ў Саню, проста дзівіўся яе душэўнай сіле і адкрытасці: падышла да яго, загаварыла, суцешыла, не шкадуючы для яго дабрыні, разумеючы яго муку. Трэба б падзякаваць, а не мог. Не знаходзіў патрэбнай ноты. Не хацеў, каб гаворка перапынялася.
- Жыццё - тэатр, і ўсе ў ім - скамарохі... Сёння гэта часта - і не беспадстаўна - паўтараецца, - быццам пачуўшы яго нямую просьбу, прадоўжыла Саня. - Вось толькі тэатры розныя здаўна існавалі: драматычныя, музычныя, сатырычныя, эксперыментальныя... Страшна, калі ўсе яны раптам - па патрабаванні адпаведна настроенай публікі - ператвараюцца ў тэатры марыянетак, з тым, каб сцэна і зала зліліся ў жаданні іграць і перайграць уся і ўсіх. Калі не будзе ні акцёраў, ні гледачоў, а тыя, і другія акажуцца лялькамі ў спрытных руках якога-небудзь рэжысёра, свайго ці заезджага. Свят, свят, свят!
- Няўжо такое магчыма? На самай справе, магчыма? Мы ж - жывыя!
- Той, хто жывы, жыве. Змагаецца. Супрацьстаіць любому замаху на сваю індывідуальнасць. Не аддае каму б там ні было права на творчасць. I не адно табе кажу гэта, Стас, з усёй цвёрдасцю, на якую здатная, a і сабе.
- Няўжо такое магчыма? - зноў задумліва паўтарыў ён.
- Усё магчыма. На жаль. Ці на шчасце... Як для каго, напэўна. Але я пра іншае, Стас, - узіралася ў яго Саня.
- Пра іншае?