Марознае паветра, ледзь толькі ўправілася Люба з цяжкімі ўваходнымі дзвярамі, апякло дыханне, змусіла страпянуцца, апрытомнець, узгадаць пра мэту сваіх дзеянняў. Прайсціся... аддыхацца... забыць пра начныя прывіды... суцішыць боль у грудзях... Словы, як толькі што лічбы, надавалі пэўны рытм руху, павольным, калі не запаволеным, крокам. Прайсціся... аддыхацца... забыць... Неглыбокі снежны покрыў, у які ўдрукоўваліся і словы, і крокі, ледзь прыкметна адбліскваў час ад часу сваімі сінімі крышталікамі, хоць Люба наўрад ці заўважала гэта. Ішла, куды ішла, - уздоўж доўгай сцяны. Калі сцяна заканчвалася, паварочвала, рухаючыся ўздоўж другой сцяны. Што гэта за сцены, чаму яна як навязана да іх увесь час, куды б ні паварочвала, не ведала. Ды і не хацела ведаць. Важнейшым здаваўся сам рух, павольны, але няспынны, - пакуль не пакінула сіла, пакуль не скавала стома, трэба было ісці. I ні аб чым не ўзгадваць, ні пра што не думаць!
Дзіўнае (калі б хто дзівіўся на яе ў гэтыя хвіліны) гэта кружэнне вакол дома - круг за кругам вакол дома, дзе жыла, - крыху запавольвалася, але Люба не магла спыніцца. Ледзьве ногі валакла ўжо, заграбаючы снег то адным, то другім ботам і раз-пораз спатыкаючыся, а ішла і ішла. Імкнулася прагуляцца па горадзе - вось і прагульвалася! У той бок ці іншы - якая розніца! Яна толькі ўзрадавалася б, калі б раптам заблудзілася ў бязлюднай шэрані гарадской прасторы. А яшчэ лепш - у бяздоннай шэрані ночы, адкуль ужо не выбралася б... Ды не гэта, не гэта змушала рухацца, бо вось жа ўжо заазіралася Люба, пазнаючы і не пазнаючы дом, няроўную сцежку, пратаптаную ёю ўздоўж дома, дзверы ў пад’езд. Вось ужо збірала апошнюю сілу, каб адолець некалькі прыступак да дзвярэй, адчыніць дзверы...
Яшчэ ў ліфце адчула, што задуха вяртаецца, што трэба расшпіліць футра і зняць шапку. Перад дзвярмі ў кватэру ўзгадала, што не ўзяла ключы, але дзверы, не прымкнёныя пры выхадзе, лёгка адчыніліся, упускаючы яе ў прыхожую.
- Вярнулася... вярнулася... вярнулася... - засіпелі з усіх бакоў, здавалася, самі сцены, і Люба не вытрывала новага наступу думак: абхапіла галаву рукамі, сціснула яе, быццам хацела разгнесці, раструшчыць, каб нічога не чуць. Сіла пакідала яе - і трэба было паспець... Паспець выбавіцца ад усяго, што тузала, мучыла, гняло!
На падлозе засталася кінутая шапка, потым - футра, потым - шалік, што, як удаўка, доўга працівіўся акалелым Любіным пальцам... Pyx доўжыўся - і гэта было галоўным. Апошнім, на што яшчэ Люба была здатнаю цяпер.
- Дурніца! дурніца... дурніца... - падганялі думкі, а паветра не ставала, дыханне перапынялася.
Не ўціраючы слёз, якія залівалі шчокі, засцілі позірк, Люба навобмацак шукала шлях на балкон, натыкалася на крэслы, пераварочвала іх, не звяртаючы ўвагі на грукат, па сутнасці, і не заўважаючы яго. Доўга, адкашліваючыся, тузала цяжкую штору, якой звечара завесіла акно і дзверы на балкон. I калі дзверы нарэшце адчыніліся, і свежае марознае паветра хлынула ў пакой, ледзь не збіваючы Любу з ног, раптам - і зусім нечакана - прыйшла палёгка. Ці то перадсвітальнае неба, да якога памкнулаея душа, кранулася яе, супакойваючы, ці то там, за спіной, у пакоі, засталіся ўсе крыўды, усе балючыя згадкі і настаў час пакінуць іх назаўсёды, не вяртаючыся да іх ні ў думках, ні наяве, - Люба былому ўжо не належала. Яна рабіла і зрабіла, што магла, на што стала сілы, і цяпер не павінна нікому нічога. Слёзы высахлі, дыханне аднавілася, пагляд лунаў высока ў небе, між зорак, якія зачароўвалі, вабілі, гукалі яе кудысьці ў невядомыя пространі.
Ніводнага свайго наступнага руху яна не ўсведамляла. I не магла ўсвядоміць, бо жыла толькі душа, і жыла ўжо ў іншай рэальнасці - нябеснай. Люба проста адштурхнулася ад пражытага - не ад парэнчаў балкона, а менавіта ад пражытага і перажытага за трыццаць гадоў і апошнія, атручаныя болем дні - і ўзляцела, паляцела ўслед за душою. I не было ў гэту хвіліну ніякага спачування целу, скаванаму, скурчанаму жахам падзення і потым уплішчанаму ў зямлю, прысыпаную снегам, побач з няроўнаю, натаптанаю ёю нядаўна сцежкаю. Яна рабіла і зрабіла, што магла, на што хапіла сілы...
***
Рэпетыцыя даўно ўжо павінна была пачацца, але «выхад» Эд Саныча, па якім звычайна звяралі гадзіннікі ўсе прысутныя, затрымліваўся, і адно гэта выклікала пытанне. Яшчэ больш загадкавай здавалася адсутнасць гераіні дня - Любы, чые партрэты красаваліся на першых палосах центральных газет з нагоды прысваення ёй звання народнай артысткі БССР: з чаго б ёй не прыляцець на крылах славы своечасова, пакуль не сагрэлася падрыхтаванае шампанскае?
- Крылы славы... крылы славы... - бурчаў у адказ на Саніна пакепліванне Гукаў. - Калі ўзгадаць, чым, здараецца, яны запэцканыя...
- Мо Любашу разам з «рэжам» выклікалі наверх? - зрэагавала на нейкую сваю думку Ганна, падымаючы галаву і акідваючы позіркам прысутных з незразумелай трывогаю.
- Ага! Зрання! Тады ўжо хутчэй - сярод ночы! - фыркнула Саня, хоць для перасцярогі і адступіла крыху ўбок, абапёршыся на спрытна падстаўлены Генікам локаць. - Маглі б патэлефанаваць. Спіце, маўляў, даўжэй, даражэнькія: у нас свята...
- Свята - у тэатра! - сказаў, як адсек Гукаў. - I нават у такой зайздрослівай душы, як твая, Саня, павінна ж хоць на міг ускалыхнуцца гордасць за наш, купалаўскі.
- Знайшоў дзе шчырасць шукаць!
Ганна нервавалася, і сама не вытлумачыла б, чаму. Ну, не адказаў тэлефон... Ну, спазняецца Люба... Дык жа горад, транспарт... Выпадковая стрэча ўрэшце!
Разумела: гэта не вытлумачэнне. Hi на якую сустрэчу з кім бы там ні было не прамяняла б Любаша рэпетыцыю: тэатр быў яе лёсам, яе жыццём - і адно смерць...
- Цьфу ты, насланнё! - адпюнулася яна ад недарэчнай думкі, не адразу заўважыўшы, што ўсе змоўклі і ўтаропіліся ў яе. - Што? Чаго вочы вылупілі?
- Ты сказала...
- Я нічога не казала! Я падумала... Я не ведаю, чым вытлумачыць узніклую сваю трывогу, а вы! Вы... - у Ганны пачыналася істэрыка, і зразумеў гэта толькі Гукаў, які падышоў, узяў яе рукі ў свае і стаў моўчкі ківаць на кожнае яе слова, супакойваючы. - Вы... Усе мы - чурбаны бяздушныя, калі маглі асудзіць, судзіць Любашу за мяккасць, за дабрату!
- Ды хто што казаў? - падміргнуў Сані Генік. - I каму з нас костачкі ў гэтым жыцці ні абмывалі?
- Прысядзь, раба Божая Ганна, - папрасіў Гукаў. - Пасядзі са старым. Удваіх і маўчаць лацвей.
- Ты не думаеш...
- Я думаю: хутка ўсё праясніцца, - хаваў ён раптам узніклую і ў яго ў душы трывогу. - Гэткая навіна для любога не хухры-мухры.
- Прыехаў! - высунуў галаву з-за кулісы хтосьці са статыстаў.
- Хто? Эдуард? - віхлянула клубамі Саня, атросшы Генікаву руку.
- Пайшоў да сябе... Твар чорны, як зямля... - пакаціўся шэпт ад аднаго да другога, і ўсё аціхла.
Саня дзвюма рукамі ўчапілася ў парэнчы крэсла, каб устаць, прыўстаць, і не змагла нават зварухнуцца. Яшчэ нічога не было сказана, а жах ужо ўціскаў яе ў крэсла: яна адчувала! прадчувала нядобрае! ёй не варта было пакідаць Любашу адну пасля той балючай размовы!
- Вазьмі, - падаў ёй Гукаў таблетку. Саня машынальна ўзяла і, зглынуўшы пераселы ў горле камяк горычы, паклала пад язык.
- А што здарылася? - падскочыў Генік. - Што адбываецца? Мы што - на пахаванні?