Чым? Нежаданнем успамінаць? Раптоўна збуджаным пачуццём незразумелай віны? Ці мала каму ён штосьці некалі абяцаў!
- Ты забыў... А я рабіла ўсё так, як ты хацеў, як перадаваў праз тых, каго пасылаў у мой дом...
«Ды нікога нікуды я не пасылаў! - абурыўся ў душы Ковач. - Толькі звар’яцелай ад адзіноцтва бабы мне не ставала!»
Абурэнне было непадробным: ён не мог уцяміць, у чым яго абвінавачвалі. I хто? Жанчына? Ён - жанаты. У яго сям’я. Двое дзяцей.
- Я палюбіла цябе... Люблю! I штодня, штоміг паміраю ад любві, растаптанай тымі, каму ты мяне аддаваў... аддаў... I нават калі б сказаў, што аддаваў на пагібель, я не запярэчыла б! Любоў не можа абараняцца... абараняцца ад людзей... ад жорсткага свету... I гіне. Чуеш? Яна гіне - і губіць мяне. Пагубіць! Чуеш?
«Чуеш? чуеш?.. чуеш?..» - перакочвалася дзесьці глыбока ў ім рэха ледзь чутнага клічу, і Ковач адчуваў, як болем адгукаецца на яго сэрца.
- Што здарылася? Што павінна здарыцца?
Падумаў ён ці прамовіў, пэўна б не вызначыў. 3-за разарванай пытаннямі запоны цьмянага святла выплывала карціна сквера, звычайна бачнага з акна яго кабінета, фантан, будыніна тэатра... Яшчэ да таго, як перш на каменнай сцяне будыніны, а потым на вышчарбленым асфальце з’явілася выява жаночага твару, Ковач зразумеў, каму належаў голас, хто звяртаўся да яго з памяці. Хоць хіба толькі з памяці?
- Лю-ба?! - ці то здзівіўся, ці то перапытаў здагадку Ковач, і цішыня выбухнула, на вачах развальваючыся на кавалкі, рассыпаючыся на друзкі. Лыпнуў вачамі, тузануўся ў крэсле, вяртаючы больш зручную позу: задрамаў ён, ці што?
Падаўся да кубка, але піць не стаў, а ўключыў сувязь з прыёмнай і папрасіў прынесці наноў завараны чай. Потым падняўся і, перасмыкнуўшы плячамі, пайшоў да акна. Нейкі час бяздумна, бяспамятна дзівіўся на заснежаны сквер, у цэнтры якога стаяў выключаны, укрыты ад халадоў фантан, на амаль бязлюдныя цяпер алеі, ачышчаныя ад снегу, на гмах нацыянальнага тэатра, які нечым няўлоўна нагадваў агромністую, завешаную ад адсутных гледачоў і акамянелую ў сваёй нерухомасці сцэну. Якога спектакля чакала яна? Чым - пражэктарамі ці вогнішчамі? - асветліцца?
***
Здавалася, ночы не будзе канца: яна то правальвалася ў цішыню - і тады ўсё вакол мярцвела, пачынала растварацца ў дрогкай цемры, то з нейкай сляпой безвыходнасцю білася ў сцены, у вокны - і тады гучнеў, нарастаў халодны, нейкі металічны звон, ад якога было не ўкрыцца, не схавацца ні пад коўдраю, ні пад падушкамі. Любу як ліхаманка трэсла: перш яна не магла сагрэцца, потым аблівалася потам, скідвала з сябе ўсе коўдры - і ўсё на працягу некалькіх хвілін, а то і адной хвіліны. Незразумела, адкуль кожны раз бралася сіла на новы pyx, але зноў і зноў яна саскоквала з ложка, каб, зрабіўшы круг па кватэры, знайсці ручнік ці любую сухую анучыну і ўцерціся, зноў і зноў пасля таго, як вярталіся дрыжыкі і пачынала ляскаць зубамі ад холаду, кідалася да ложка, накідвала, нацягвала на сябе ўсё, што трапляла пад руку.
Тэмпературу Люба не мерала, нейкім дзесятым пачуццём адчуваючы, што прастуда тут ні пры чым, - атрутнай стрэмкаю перасела ў душы крыўда, і атрута болем расцякалася па раптам аслаблым целе, знясільваючы, нявечачы яго. Вось-вось, здавалася, абваліцца яно хоць на ложак, хоць на падлогу і пачне нерухомець, мярцвець - і нарэшце адпусціць душу, адпусціць жыццё на ўсе чатыры бакі, ажно не. Вярталася думка пра загнаны ў душу боль - вяртаўся боль - і стогнам адгукалася на яго жанчына.
А ноч доўжылася і доўжылася, стрэлкі гадзінніка быццам бы ўвогуле спыніліся... I - каб які нечаканы тэлефонны званок! Каб якая ратавальная думка! Не... Чым далей, тым горш. Калі стома або чарговы наступ ліхаманкі перапынялі яе кіданні па пакоях - з пакоя ў пакой, Любе пачыналі мроіцца нечыя постаці паблізу, нечыя твары. Мноства самых розных твараў! I ўсе схіляліся над ёю, па чарзе, а то і ўсе разам корчылі грымасы, крыва пасміхаліся, запаўняючы пакой спярша гэтымі абразлівымі усмешкамі, потым не менш абразлівымі словамі.
- Вы толькі зірніце на яе! Вяхотка, а туды ж! - пра любоў, пра слёзы па страчаным каханым...
- Званне выслужвала, перад кожным чыноўным кабялём спадніцу задзірала, перад кім іншым недатыкальную з сябе корчачы.
- Маладая, ды ранняя!
- Усім вочы не завяжаш: ба-а-ачылі - і... неаднойчы бачылі, як перш скача, а потым плача!
- Даскакалася...
- А гонару колькі! I той ёй не пара, і той не партнёр... Не тым заваблівалі, відаць. Не ўхваляць, а добра пужануць трэба было, каб у абдымкі трапіць.
- Ды не абдымаў шукалі...
Галасы таўклі цішыню, якая калючымі іголкамі асыпалася на Любу, і хутка яна перастала ўспрымаць сэнс слоў, сэнс таго, што адбывалася.
- Мама! ма-ма! - гукала тую, чыйго твару не памятала, а над ёю схіляўся перакошаны злосцю твар незнаёмай жанчыны.
- Любоў... Бач чаго захацела!
- Саня! Я збіралася ўсё табе расказаць... Абавязкова расказала б! - адпіхвала яна незнаёмы твар, звяртаючыся да сяброўкі, а ў адказ гучаў смех, чыйсьці істэрычны смех.
- Другая ганарылася б сонмам грашавітых палюбоўнікаў, а гэта апраўдваецца.. I перад кім!
- Я палюбіла цябе... Люблю цябе! Няўжо ты не адчуваеш, як я паміраю? - узгадвала Люба каханага, а сэрца спынялася, дыхаць не было чым.
Неймаверным намаганнем волі змусіла сябе ўстаць, уключыла святло, каб яшчэ раз пераканацца, што ў пакоі нікога не было, і зірнула на гадзіннік. Пяць гадзін раніцы... Улетку дзень бы ўжо займаўся, а цяпер... I цяпер яна магла апрануцца і пайсці на вуліцу. Прайсціся па ўсё яшчэ сонным горадзе, падыхаць чыстым марозным паветрам.
Думка падбадзёрыла. I яшчэ да таго, як прыйшло рашэнне, Люба пачала нацягваць боты, шукаць паглядам футра і шапку: на вуліцы, на марозе ўсё прыйдзе ў норму, усё нейкім чынам вытлумачыцца - і боль аціхне. Паціху, памалу адпусціць, вярнуўшы спакой. Хоць некалькі гадзін спакою, у якія льга будзе адпачыць, адаспацца. I тады... Тады яна здолее ўгаварыць душу змірыцца - прыняць адзіноту як належнае і змусіць яе дараваць адступніцтва сяброў, адступніцтва каханага. Каб жыць. Каб неяк жыць далей...
Спускаючыся па лесвіцы, Люба лічыла прыступкі. Чаплялася за парэнчы, змушала сябе ісці далей, рабіць крок за крокам і лічыць. Сто дзевяноста шэсць... сто дзевяноста сем... Лічбы свядомасцю не фіксаваліся, але думкі адганялі - і адно гэтым дапамагалі, падтрымлівалі, адлічваючы і прыступкі, і крокі, і імгненні, уціснутыя ў паўцёмны лесвічны прагал з усё яшчэ адключаным ліфтам.