- Саня. Сяброўка, - салгала, не задумваючыся, і пагладзіла даўно апушчаную трубку: ці то для большай пэўнасці, ці то з падсвядомым шкадаваннем.
- Я сей мамент! Ты ідзі, ідзі ў спальню.
Загад і ў малой ступені не паходзіў на просьбу, і Любе, якая ціха зглынула ўздых, нічога не заставалася, як прыглушыць святло ў кухні і ісці разбіраць пасцель. Яна спрабавала падключыць, як рабіла звычайна, уяўленне і паставіцца да таго, што адбывалася і прадоўжыцца на працягу наступнай паўгадзіны, як да ролі, - да чарговай ролі, на якую пагадзілася і якую змушана была выканаць, пажадана - без адзінай фальшывай ноты. 3 кожным разам рабіць гэта было ўсё цяжэй: уяўленне прабуксоўвала, душа пачынала пратэставаць... Яе, Любу, выкарыстоўвалі, перадаючы з рук у рукі, і віной таму - яе страх. Так, так! Хацела яна ў тым сабе прызнацца або не, усяму віной - жывёльны страх, у які, як у пастку, загналі яе душу. 3 яе, Любінай, згоды загналі. Напачатку. На самым пачатку, калі ёй, наіўнай, здалося: за поспех на сцэне, за мажлівасць увайсці ў кола набліжаных да ўлады людзей можна ахвяраваць усім, аддаць усё.
3 чаго пайшло? 3 гатоўнасці пайсці на што заўгодна дзеля будучай славы - дзеля славы! Адкуль Любе тады, тры гады таму, было знаць, што з усяго ёй паабяцанага і сотай долі яна не атрымае, што давядзецца расплачвацца сабою ўсё жыццё! - перш за абяцанне, потым заплаціўшы, пачаўшы плаціць - хоць і ў думкаах не трымала, што будзе плаціць, - за страх? За страх, што адкрыецца ўся гнусная падаплёка яе двухмесячнага замежнага ваяжу, дзе давялося «тушыць» сексуальны жар вырваных з дому, з цёплых жончыных абдоймаў чыноўнікаў - аднаго за адным, па чарзе, хаваючы ўласны жах перад тым, што чынілася...
- Як? Ты яшчэ не ў ложку? - перапыніў яе думкі голас Пекара, і Люба, перш чым азірнулася на яго, незаўважна змахнула набеглыя слязіны. - Позна... Так што часу ў нас няшмат.
«Сухажылы, нахабны, упэўнены ў сваёй перавазе арангутанг...» - падумала яна, распранаючыся і прымружваючы вочы, каб не адкрыць, не адкрываць іх потым на працягу усіх наступных хвілін: цела скаралася чужой волі, душа, калі б магла, калі б мела неабходную сілу, пакінула б цела...
Жалобна зарыпеў ложак, сцялася ў ложку пад цяжарам распуснай грубай страсці Люба, збіраючы ўсю волю ў сцятыя кулачкі, каб не ўзвыць ад бездапаможнасці, ад бездапаможнай тугі па волі, па чыстым паветры любві, якога каторы ўжо год ёй так не ставала.
***
Дзіўны трохкутнік утваралі ў цэнтры горада гэтыя тры будыніны, аддзеленыя адна ад адной старым скверам. Цяжкі, грувасткі гмах ЦК, цэнтральны ўваход у які ахоўвалі аграмадныя каменныя галовы (менавіта не бюсты, а галовы) правадыроў пралетарыяту, пампезны ў сваіх прэтэнзіях на архітэктурны шэдэўр тэатр з гэткай жа пампезнай прыбудоваю грамадскага туалета на рагу паміж сваім службовым уваходам і цэнтральным ўваходам у высокую партустанову, і па-канструктывісцку строгі шэры сталактыт Дома афіцэраў, да якога выкшталцона і па-свойму грацыёзна ляпіўся разам з узгоркам, дзе стаяў, былы архірэйскі дом. Мала хто пра гэта помніў, але сапраўды ў канцы XIX - пачатку XX стагоддзя тут мясціўся архірэйскі падворак, і тое, што сёння дом займаў Саюз тэатральных дзеячаў, адно з невялікіх памяшканняў на паўпадвальным паверсе за рыфлёнымі непразрыстымі аконнымі шыбінамі аддаўшы пад рэспектабельную забягалаўку, празваную ў народзе «Мутным вокам», было глыбока сімвалічна. Асабліва, калі накласці намаляваную на цэнтральным пагорку Мінска карціну на знак эзатэрычнага трохкутніка з вокам у верхнім куце.
Ну, ды такія асацыяцыі нават Стас рэдка спалучаў падчас разважанняў - з чаго б раптам? Калі было што містычнае ў «Мутным воку», зазірнуць куды заўжды знаходзілася нагода, то сама атмасфера там... Атмасфера элітарнага басяцтва, інакш не вызначыш: мэтры ад культуры з тужэй, чым у астатняй браціі, набітымі кашалькамі, заходзілі сюды рэдка - звычайна менш крэдытаздольная і больш кампанейская публіка збіралася, каб пагаманіць за чаркаю ці выпіць пад бясконцую гаману...
Гул галасоў, то ціхі, то грамчэйшы, як і воблікі цыгарэтнага дыму і лёгкага кухоннага чаду над галовамі, даўно не ўспрымаўся чымсьці неардынарным ці, тым больш, надакучлівым: дзеля сустрэч, выпадковых ці прызначаных, сюды, ва ўлонне старога пагорка, спускаліся... Калі ж звыклы голас выбухаў зрэдчас гнеўным крыкам ці істэрычным рогатам (здаралася і такое), парушальніка няпісаных правілаў паводзін тут жа ўціхамірвалі. Налівалі... Выводзіць каго нячаста даводзілася: усе ж, ведалі адно аднаго або не, - свае. А са сваімі - па-свойму і абыходзіліся. Не дапамагала чарка налітая, і мацюкамі абкласці маглі, гукнуўшы буфетчыцы: «Тома, заткні вушы!» I напіваліся, і цверазелі тут хутка. Мо таму, што ніхто нікога не выганяў, покуль вечар доўжыўся і было каму заплаціць за чарговую пляшку...
- Нешта ты невясёлы, Стас. I гэта - пасля чацвёртай чаркі? - распавёўшы ўсё, што хацеў, пра сваю новую п’есу і не дачакаўшыся сур’ёзнага водгуку ці хоць бы проста ўхвалы, азіраўся ў пошуках весялейшай кампаніі Жлуктаў. - Прабач, што я ўсё пра сябе ды пра сваё... Ты - як? Што з кнігай?
- Днямі абяцалі сігнальны экземпляр.
- Ну-у, гэта ж падзея! Сама радавацца, а ты...
- Не зважай, - крыва ўсміхнуўся Стас, не здольны ўзяць сябе ў рукі пасля сутычкі з Генікам, які злосна шыпеў: «Шлюха! Ды Любаша - простая шлюха, а табе ўсё няймецца ўзвысіць яе, апець...» - 3 адным мярзотнікам не размінуўся, ідучы сюды.
- Плюнь! - махаў некаму драматург з таго кутка, куды яны ўплішчыліся, шукаючы вольнае месца. - Не адразу, не з маладых гадоў пачынаеш разумець, што ўсе людзі - мярзотныя па сваей сутнасці істоты, але калі ўразумееш, жыць значна лягчэй. Hi на каго не ўскладаеш надзей, нікога не падпускаеш бліжэй, чым на аплявуху.
- Жанчыне ж аплявуху не ўмажаш, - падумаў услых Стас і сам уздрыгнуў ад нечаканасці. - Я гэта.. Не ўсё ж аплявуха вырашае...
- Баба! Як жа я адразу не ўцяміў, тваю перакошаную фізію ўгледзеўшы? - усплёснуў рукамі і тут жа пачаў разліваць гарэлку па чарках. - Ды пра баб і ўвогуле думаць не варта. Замуляе - падкоцішся да якой на гадзінку, дужа не ўзіраючыся і не выбіраючы, а здаволішся - гуд бай, май бэбі! I не ўспомніш потым.
- Цынік ты, Жлуктаў.
- Я - цынік, ты - дурань... У чым розніца?
- У тым, што за дурня можна і пакрыўдзіцца, - не стаў піць Стас, нават чарку адсунуў крыху.
- Хочаш праўду? - зрабіў выгляд, што не заўважыў яго руху Жлуктаў, і наліў сабе яшчэ. - Дык хочаш - ці кішка тонкая, каб яе пераварыць?
- Адзін ужо сказаў... - буркнуў Стас, думаючы, як падняцца і прайсці між шчытна ссунутых крэслаў.
- Угу. Сказаў. А ты, паверыўшы, не паверыў...
- Ты - пра што? - тузануўся ён, зачапіўшы стол, і Жлуктаў ледзь паспеў утрымаць яго хісткую раўнавагу. - I ты - ўсё ведаеш?!
- А хто не ведае, стары! Ды выпі, ёш тваю! Выпі і плюнь. Шукаць небажыхарку сярод актрыс толькі паэту ў галаву прыйдзе, а рэальнасць...
- Паслаць бы вашу рэальнасць!
- Вось і пашлі. Адразу палягчэе, - шукаў на стале, чым прыкусіць, і, не знайшоўшы, зноў напоўніў чарку Жлуктаў. - Сюжэт твой і на драму не цягне, не тое што на трагедыю.
Стас моўчкі выпіў, моўчкі пасунуў чарку да Жлуктава, каб той зноў напоўніў яе: лягчэй ад гарэлкі не станавілася, але ж не сядзець як на пахаванні.
Думка зачапіла, і чамусьці стала не па сабе. Якое пахаванне? Каго ён хавае? Што яму раптам убілася ў галаву? Ажно мурашкі па спіне папаўзлі... Міжволі пацягнуўся да ўжо амаль пустой пляшкі, хоць паўнюткая чарка стаяла перад ім.