- Мяркую, ты, Віктар Віктаравіч, не можаш не здагадвацца, што вымагае нашай гаворкі тэт-а-тэт, далей ад чужых вачэй і вушэй, і разумееш, што не гукаў бы, каб не давяраў табе як раней, так і цяпер.
- Я высока цаню гэты давер. I не падвяду.
- Знаю. I таму хачу, каб слухаў і запамінаў. Не па пратаколе, а па сутнасці.
Нейкі час ён маўчаў. Ішоў, не запавольваючы крокаў і не паварочваючыся да Ковача, і нават шолах крокаў, шолах дажджавых кропель, здавалася, не парушалі цішыні.
- Цана свабоды - вечная пільнасць, казаў хтосьці з філосафаў, - прадоўжыў гаспадар, - і справядлівасць гэтага сцвярджэння адчуваецца асабліва ў нашы дні. Пільнасць, пільнасць і яшчэ раз пільнасць! Каб не застацца ў дурнях. Каб не аддаць усё, што такою працаю здабывалася.
- Усё так сур’ёзна? - не здолеў схаваць заклапочанасці Ковач.
- Вярхушка ўжо амаль нічым не кіруе, хоць многія - і мы! - па інерцыі падпарадкоўваемся. Робім выгляд, што падпарадкоўваемся! Але ж калі з-пад носа імкнуцца вынесці не толькі напрацаванае народам, a і на будучыню партыі, народа з Крамля замах робіцца, нельга жыць, быццам нічога не адбываецца. Мы проста абавязаны прадугледзець, прадухуліць што якое з магчымых наступстваў задуманага развалу краіны і абараніць, калі спатрэбіцца, сваіх. Сваіх людзей.
Зноў колькі хвілін чулася толькі пастукванне кропель, і Ковач не перапыняў узніклую паўзу, абдумваючы не пачутае (нічога новага - таго, чаго ён не знаў, - не прагучала), а магчымасць павароту гаворкі бліжэй да ўласных спраў і планаў. Хто ўспомніць пра іх, рэспубліканскіх лідэраў, у выпадку чаго? Хто да іх прыслухоўваецца сёння?
- Самастойнасці нам не стае! - нечакана вырвалася ў яго даўняе, не аднойчы абсмактанае ў думках.
- Правільна. Правільна мысліш, Віктар Віктаравіч, - запыніўся той, паварочваючыся да Ковача. - Нават тэатр марыянетак развальваецца, калі няма таго, хто ведае, калі і за якую вяровачку тузануць, каб дзеянне працягвалася. Што ўжо казаць пра краіну? Пра вялікую краіну! То змаразмелым старым дазвалялі тузаць сябе туды-сюды без толку і карысці, то мечанаму нячыстай сілай падкаблучніку аддалі ўладу, а цяпер дзівімся, што усе рассыпаецца.
«Смела! - мільганула ў Ковача. - Відаць, і сапраўды справы дрэнь...»
- Вось і кажу, - рушыў той далей, атросшы парасон. - Галоўнаму перабудоўшчыку архітэктары гэтай перабудовы з Захаду шчодра з плацяць - Нобелеўскай прэміяй не абыдзецца! Тым, хто акружае яго сёння, мала што перападзе - і яны, разумеючы гэта, выходзяць, прадзіраюцца на авансцэну падзей самастойна і думаць не думаюць, чым усё абернецца. Чым можа абярнуцца... Рэспубліканскія ж партыйныя эліты - і наша ў тым ліку! - пакуль што толькі прыглядваюцца да сітуацыі. Чакаюць. А чаго чакаць? Таго, што у выпадку змовы калякрэмлёўскіх арлоў застанёмся незапатрабаванымі ні ў Маскве, ні дома? Што апынёмся пад нагамі ў больш нахабных пераемнікаў, якіх самі гадавалі ў камсамольскіх школах? Што будзем пахаваны пад шалёнай плынню зняславы і нянавісці? Усё да таго ідзе.
- I выкліча хаос, калі выявіцца, - падумаў уголас Ковач і тут жа папікнуў сябе ў душы за нястрыманасць.
- Хаос... Хаос... - у галовах. I даўно ўжо, - зноў задумаўся Першы на хвіліну, перад тым чым прадоўжыў. - Давераных асоб, з кім можна гаварыць больш-менш адкрыта, няшмат. Мажліва, кола іх трэба яшчэ звузіць, пакідаючы толькі самых-самых. Верных - пры любых абставінах. Пры любым павароце падзей. 3 табой першым гавару, Віктар.
- Дзякуй. Я апраўдаю...
- Не спяшайся дзякаваць, бо на цябе ўскладваю немалыя спадзяванні: спатрэбіцца ж не толькі сіла душы, але і сіла волі, і вопыт работы ў органах, і ўменне маніпуліраваць патрэбнымі людзьмі на карысць справы, і актыўна задзейнічаная памяць. 3 гэтага дня - ні слова нідзе не занатоўваць! Увесь распрацаваны план дзеянняў, усе прозвішчы - у схронах памяці. Да таго моманту, калі што якое спатрэбіцца падняць і скарыстаць. Інакш - не тое што кагосьці са сваіх не далічымся, а і ворагаў новых нажывём раней часу. Задача на сёння: калі ўжо і не застацца на кані, то і пад канём, пад капытамі яго не апынуцца.
Не перапыняючы яго, Ковач слухаў уважліва і, як ні дзіўна, усё больш супакойваўся: тое, пра што не мог не думаць усе апошнія гады, набывала выразнасць, думкам адкрывалася новае рэчышча і, як аказалася, не з размытымі брудам і раскаю берагамі, а ўжо ўмацаванымі наколькі магчыма, і цяпер штосьці пачынала залежаць і ад яго, ад яго руплівасці і кемлівасці. Было ж - было, было! - рыхтаваўся шукаць нейкае выйсце самастойна, не давяраючы нікому. Не прызнаўся б, напэўна, у тым самому сабе (з кім жа тады ён працаваў?), а не давяраў, не верыў...
Што ўжо што, а кадэбісцкі нюх яму ніколі не здраджваў: не раз даводзілася пераконвацца, што самыя заўзятыя абаронцы ленінізму і чысціні партыйных шэрагаў без ценю сумнення пакідалі гэтыя шэрагі, здраджваючы і ідэі, і сваім паплечнікам за панюх тытуню... Ну, няхай не за яго, але цана заўсёды аказвалася мізэрнай: ніхто са здрадцаў каму б там ні было ці чаму б там ні было, па вялікім рахунку, ніколі і нідзе ў свеце не разжыўся на шчасце. Пакуль служылі - служылі. Пайшоўшы на здраду, і ў старых і ў новых гаспадароў выклікалі адно пагарду. 3 тым і жылі. Паблізу ад Крамля ці ў адной з рэзервацый заходняга раю, значэння не мела: на душу - на тое, што ўжо пушчана на распрадажу, - ніхто больш не квапіўся...
Думкі не перашкаджалі Ковачу ўважліва слухаць і запамінаць пачутае. Першачарговыя дзеянні, праверкі, сустрэчы, прозвішчы, банкаўскія рэквізіты... Усё вымагала канспірацыі, усё запатрабуе дадатковых высілкаў: спатрэбяцца не толькі рашучасць, адкрытая і непахісная, але і хітрасць. Абыгрываць жа збіраліся вядомых ігракоў і на іх полі, што заўсёды таіла небяспеку: любая ўцечка інфармацыі магла прывесці да краху. Не да пройгрышу, а менавіта да краху, і таму вывяраць і ўзважваць кожны pyx, кожнае слова давядзецца пастаянна: чым менш пасвечаных, тым лепш.
- Чым менш пасвечаных, тым лепш, - пацвердзіў, замацаваў гэту думку Першы, завяршаючы гаворку.
- Ёсць.
- Застацца на абед не запрашаю: яшчэ адна сустрэча наперадзе. На развітанне скажу: думай. I дзейнічай. Так, як вызначана, - з асцярожнасцю, але няўхільна. Спатрэбіцца - знойдзецца мажлівасць сустрэцца і пагаварыць.
- Ёсць, - зноў адгукнуўся Ковач.
- Не мы распачалі новарэвалюцыйную гульню, мы павінны ў той ці іншай ступені яе выйграць. Бо калі прайграем - і падчыстую! - адыграцца не дадуць.
«Не дадуць...» - пагадзіўся ў думках Ковач і потым, не адразу заўважыўшы, што думка не адпусціла, што два гэтыя словы перакочваліся ў мазгах і хвіліну, і другую, і трэцюю: не дадуць!
Машына з дазволенай хуткасцю рухалася ў накірунку горада, пакінуўшы ззаду асенні дождж, залітыя дажджом алеі загараднай сядзібы, доўгую гаворку з кіраўніком рэспублікі ўбаку ад чужых вушэй, а ён ніяк не мог пераключыцца на новую хвалю часу, на запозненую нядзельную раніцу, якая быццам не хацела аддаваць свае правы новаму дню.
***
- Што да сумленнасці - яна ў цане, тым большае, калі манарх здурнеў... - другі раз, быццам смакуючы, паўтарыў шэкспіраўскую фразу Гукаў, кіруючыся да выхада. Потым, перш чым выйшаў, азірнуўся на Любу, якая ўсё яшчэ корпалася ў сваім кутку. - Штосьці згубіла, Любаша?
- Ды завушніца недзе падзелася... Шкада будзе, калі не знайду.
- 3 маім зрокам дапамагчы не здолею.