Пакуль старая блытала ўсе часы і эпохі, мяшаючы Тарквінаў з Борджамі, я неадрыўна глядзеў на падлогу. Я ўгледзеў там некалькі пялёсткаў ружы, яшчэ свежых, і яны змусілі мяне задумацца.
— Хто даглядае за гэтым садам? — спытаўся я ў старой.
— Мой сын, пане, садоўнік пана Ваноццы[218], чый сад побач. Пан Ваноццы сядзіць увесь час у Марэмах[219] і рэдка прыязджае ў Рым. Вось чаму сад не надта дагледжаны. А мой сын з язджае разам з ім. I я баюся, што яны яшчэ не хутка вернуцца,— дадала яна, уздыхнуўшы.
— Дык ён вельмі заняты з панам Ваноццы?
— Ай, гэта дзівак, які што толькі яму не даручае... Баюся, каб што кепскае здарылася... Авох, мой бедны сыночак!
Яна ступіла крок да дзвярэй, нібыта хочучы скончыць размову.
— Дык тут ніхто не жыве? — перапытаўся я, спыняючы яе.
— Ніхто, а хто ж?
— А чаму?
Яна паціснула плячыма.
— Паслухайце, — сказаў я, паказаўшы ёй піястр,—скажыце мне праўду. Сюды прыходзіць адна жанчына.
— Жанчына? Божа барані!
— Так, я бачыў яе ўчора вечарам. Я нават гаварыў з ёй.
— Святая мадонна! — закрычала старая і пабегла да сходаў.— Дык гэта пані Лукрэцыя? Уцякайма, уцякайма, пане! I праўда, мне казалі, што яна прыходзіць начамі, але ж я не хацела вам гаварыць, каб не нашкодзіць гаспадару, бо я думала, што вы хочаце зняць дом у наём.
Утрымаць яе было немагчыма. Яна спяшалася выйсці з дома, каб, як яна тлумачыла, хутчэй паставіць свечку ў найбліжэйшай царкве.
Я таксама выйшаў і, не спадзеючыся дазнацца болей, не стаў яе даганяць.
Вядома ж, у палацы Альдабрандзі я нічога не расказаў пра мае прыгоды: маркіза была занадта цнатлівая, а дон Отавіо, якога цікавіла выключна палітыка, не мог парадзіць у гэткай сардэчнай справе. Тады я пайшоў да майго мастака, які ведаў увесь Рым да апошняга ката, і спытаўся, што ён пра гэта думае.
— Думаю, што вы бачылі прывід Лукрэцыі Борджа,— адказаў ён.— Вам пагражае страшная небяспека! Яна і жывая была небяспечная, а вы падумайце, якая яна цяпер, мёртвая! Дрыжыкі бяруць.
— Толькі без жартаў, што б гэта магло быць?
— А, дык, значыць, вы атэіст і філосаф і не верыце ў самыя паважныя рэчы. Добра. Тады што вы скажаце пра другую версію: дапусцім, што старая здае свой дом жанчынам, здольным вабіць людзей, якія праходзяць па вуліцы. Колькі ўжо было такіх старых распусніц!
— Цудоўна,— адказаў я.— Дык я, мабыць, падобны да святога, калі старая не запрапанавала мне паслугі. Гэта мяне абражае. А пасля, шаноўны, прыгадайце сабе абсталюнак гэтага дома. Наўрад ці яго было б дастаткова для такой справы, хіба што ўжо калі надта прыпячэ.
— Ну дык тады гэта прывід. Пачакайце! Яшчэ адна версія. Можа, вы пераблыталі дом. Да д’ябла! Як вы кажаце: каля саду? маленькія дзверы?.. Дык жа гэта мая добрая сяброўка Разіна. Года паўтара таму яна была ўпрыгожаннем гэтае вуліцы. Праўда, яна з тых часоў аслепла на адно вока, але гэта дробязі... У яе ўсё яшчэ вельмі прыгожы профіль.
Усе гэтыя тлумачэнні мяне не задаволілі. Калі настаў вечар, я няспешна прайшоўся перад домам Лукрэцыі. Я нічога не ўбачыў. Прайшоў яшчэ раз — нічога. I так тры ці чатыры вечары запар я спыняўся пад яе вокнамі, вяртаючыся з палаца Альдабрандзі, і ўсё марна. Я ўжо пачаў забывацца на таямнічую насельніцу дома нумар 13, калі аднойчы, ідучы каля паўночы па завулку, я выразна пачуў жаночы смех за акном, дзе мне некалі з’явілася даравальніца руж. Я пачуў гэты смех двойчы і не мог адолець страху, калі пабачыў у тую хвіліну, як на другім канцы завулка паказалася жалобнае шэсце — манахі ў каптурах, са свечкамі, неслі хаваць нябожчыка. Калі яны зніклі з вачэй, я стаў, нібы на варту, пад акном, але болей нічога не пачуў. Я паспрабаваў кідаць каменьчыкі і нават досыць выразна паклікаў. Ніхто не аб’явіўся, паліў дождж, і я мусіў адступіць.
Мне сорамна прызнацца, колькі разоў я спыняўся перад гэтым праклятым домам, няздольны разгадаць таямніцу, якая мяне непакоіла. Аднойчы я праходзіў гэтым завулкам з донам Отавіо і яго неадступным абатам.
— Вось,— сказаў я,— дом Лукрэцыі.
Дон Отавіо змяніўся з твару.
— Так,— адказаў ён,— народнае паданне, зрэшты, даволі блытанае, сцвярджае, што ў Лукрэцыі Борджа быў тут свой дамок. Калі б гэтыя муры ўмелі гаварыць, колькі жахаў яны б нам адкрылі! Аднак, мой дружа, калі параўнаць тыя часы з нашымі, дык робіцца зайздросна. За часы Аляксандра VI [220] яшчэ можна было сустрэць рымлянаў. Цяпер іх болей няма. Чэзарэ Борджа[221] быў пачварай, але гэта быў вялікі чалавек. Ён хацеў выгнаць з Італіі варвараў, і, можа, калі б ягоны бацька пражыў болей, ён бы споўніў свае вялікія намеры. Ах, каб жа неба даслала нам тырана накшталт Борджа і каб яно вызваліла нас ад гэтых дэспатаў, што робяць з нас жывёлу!
Калі дон Отавіо пачынаў гаварыць пра палітыку, спыніць яго было немагчыма. Мы ўжо былі на плошчы дэль Попала, а ён яшчэ не скончыў прамовы, у якой услаўляў асвечаны дэспатызм. Затое мы былі ўжо за сотні лье ад мяне і маёй Лукрэцыі.
Аднаго вечара, калі я прыйшоў даволі позна засведчыць пашану маркізе, яна сказала, што яе сыну няможацца, і папрасіла мяне падняцца ў яго пакой. Калі я зайшоў, ён ляжаў у ложку апрануты і чытаў французскую газету, якую я пераслаў яму раніцай, старанна схаваўшы яе ў том Айцоў Царквы. Ад пэўнага часу збор пісанняў Айцоў Царквы служыў нам за сродак зносін, калі трэба было нешта перадаць патаемна ад абата і маркізы. У дзень, калі прыходзіла пошта з Францыі, мне прыносілі том ін-фоліо. Я вяртаў другі такі самы том, уклаўшы ў яго газету, якую я пазычаў у сакратара пасольства. У выніку ў маркізы складалася ўражанне аб маёй пабожнасці, а яе духоўны настаўнік часам нават спрабаваў загаварыць са мной на багаслоўскія тэмы.
Пагаварыўшы нейкі час з донам Отавіо і заўважыўшы, што ён нечым надзвычай узрушаны і нават палітыка яго не займае, я параіў яму раздзецца і развітаўся з ім. Было халодна, а я быў без плашча. Дон Отавіо ўгаварыў мяне апрануць ягоны, я згадзіўся і папрасіў павучыць мяне складанаму мастацтву апранацца, як сапраўдныя рымляне.
[218] Ваноццы — Мерымэ дае гаспадару дома прозвішча Ваноццы, якое нагадвае імя каханкі папы Аляксандра VI і маці Лукрэцыі і Чэзарэ Борджа — Ваноццы Катанэі.
[219] Марэмы — мясцовасць недалёка ад Рыма.
[220] Аляксандр VІ Борджа (1431—1503) — папа рымскі з 1492 года. Пра яго сквапнасць, падступнасць і распуснасць хадзіла шмат паданняў яшчэ пры яго жыцці. Не хаваючы гэтага, ён меў некалькі каханак, але хадзілі пагалоскі, што ён жыў са сваёй дачкой Лукрэцыяй. Як кажа легенда, ён памёр, выпадкова выпіўшы атруту, што прызначалася ім для іншага.
[221] Чэзарэ Борджа (1475—1507) — герцаг Валентынуа, сын папы Аляксандра VI і Ваноццы Катанэі. Як і ягоны бацька, ён імкнуўся аб’яднаць пад уладаю сваёй сям’і ўсю Сярэднюю Італію. У гэтай барацьбе ён выкарыстоўваў любыя сродкі, не грэбуючы подкупам, забойствамі і атручаннямі.