— Так, я кахала яго, як і цябе, нейкую хвіліну, можа, нават менш, чым цябе. Цяпер я не люблю нікога, я ненавіджу сябе за тое, што цябе кахала.
Я кінуўся ёй у ногі, я браў яе рукі і заліваў іх слязьмі. Я нагадваў ёй усе хвіліны шчасця, што мы правялі разам. Я абяцаў, што застануся бандытам, каб толькі ёй падабацца. Усё, пане, усё, я абяцаў ёй усё, каб толькі яна захацела зноў мяне пакахаць!
Яна сказала:
— Зноў пакахаць цябе я не магу. Жыць з табой я не хачу!
Я зайшоўся ад гневу і схапіў нож. Я б хацеў, каб яна спалохалася і прасіла ў мяне літасці, але гэта была не жанчына, а сам д’ябал.
— Прашу цябе апошні раз! — закрычаў я.— Застанься са мною!
— Не! Не! Не! — адказала яна, затупаўшы нагамі.
I яна зняла з пальца пярсцёнак, што я ёй падараваў, і кінула яго ў хмызняк.
Я ўдарыў яе два разы. Гэта быў нож Крывога, я ўзяў яго, калі мой зламаўся. Пасля другога ўдару яна ўпала, нават не крыкнуўшы. Я і дагэтуль бачу, як наяве, яе вялікія чорныя вочы, яе нязводны позірк. Пасля вочы прыцьмеліся і заплюшчыліся. Яшчэ добрую гадзіну я сядзеў перад трупам, прыгнечаны горам. Пасля я ўспомніў, як Кармэн часта казала мне, што хацела б, каб яе пахавалі ў лесе. Я выкапаў нажом магілу і паклаў яе туды. Я доўга шукаў яе пярсцёнак, урэшце знайшоў і паклаў у магілу побач з ёй разам з маленькім крыжыкам. Можа, і не трэба было гэтага рабіць. Пасля я скочыў на каня і паскакаў наўзгалоп у Кордаву, дзе здаўся на першай вартоўні. Я сказаў, што забіў Кармэн, але не захацеў гаварыць, дзе яна пахаваная. Пустэльнік быў святы чалавек. Ён памаліўся за яе! Ён адслужыў імшу за спачын яе душы... Беднае дзіця! Калэс вінаватыя, што так яе выхавалі.
IV
Іспанія — адна з тых краін, дзе сёння яшчэ вельмі часта можна сустрэць гэтых вандроўнікаў, рассеяных па ўсёй Еўропе, вядомых пад імем цыганы, Bohémiens, Gitanos, Gypsies, Zigeuner і г. д. Большасць з іх засяляе ці, лепш сказаць, вядзе вандроўнае жыццё ў паўднёвых і ўсходніх правінцыях: Андалусіі, Эстрэмадуры, каралеўстве Мурсія, багата іх і ў Каталоніі. Каталонскія цыганы часта пераходзяць у Францыю. Іх можна сустрэць на ўсіх нашых паўднёвых кірмашах. Мужчыны звычайна гандлююць коньмі, лечаць жывёлу або стрыгуць мулаў. Да гэтых заняткаў часам дадаецца напраўка патэльняў і медзянога начыння, не кажучы пра кантрабанду і іншыя забароненыя промыслы. Жанчыны варожаць, жабруюць і прадаюць розныя лекі, часам бясшкодныя, а часам і не.
Знешнія рысы цыганоў лягчэй распазнаць, чым апісаць, і калі ўжо пабачыш аднаго, дык пасля пазнаеш асобіну гэтага племені з тысячы людзей. Аблічча, выраз твару — вось што асабліва адрознівае іх ад народаў, што насяляюць той самы край. Твар у іх вельмі смуглы, заўсёды цямнейшы, чым у людзей, сярод якіх яны жывуць. Адсюль і імя калэс — чорныя, якім яны сябе часта называюць[197]. Вочы скошаныя, прыгожага разрэзу, надта чорныя, прыцененыя доўгімі густымі веямі. Іх позірк можна параўнаць хіба што толькі з позіркам драпежнага звера. У ім адначасова відна адвага і баязлівасць, і ў гэтым даволі добра выяўляецца іх нацыянальны характар: яны хітрыя, дзёрзкія, але з натуры баяцца, калі іх б'юць, як Панург. Мужчыны збольшага самавітыя, зграбныя, спрытныя. Здаецца, я ніколі не бачыў ніводнага тоўстага цыгана. У Германіі цыганкі часта бываюць вельмі прыгожыя, а вось сярод іспанскіх хітан прыгажосць — рэдкая з’ява. Маладзенькія, яны могуць быць хоць і не прыгожыя, але прыемныя. Аднак, нарадзіўшы дзіця, яны робяцца проста агідныя. I мужчыны, і жанчыны неверагодна брудныя і неахайныя. Таму, хто ніколі не бачыў валасоў цыганскай кабеты, цяжка будзе іх сабе ўявіць, нават калі ён намалюе ў думках густыя патлы, самыя жорсткія, самыя тлустыя, самыя пыльныя. У некаторых вялікіх гарадах Андалусіі прыгажэйшыя дзяўчаты трошкі болей сябе даглядаюць. Яны танчаць за грошы, і танцы гэтыя надта нагадваюць тыя, што ў нас забароненыя на карнавальных балах. Пан Бороў[198], англійскі місіянер, аўтар двух вельмі цікавых твораў пра іспанскіх цыганоў, якіх ён узяўся навярнуць у ісцінную веру за кошт Біблейскага таварыства[199], сцвярджае, што няма прыкладаў, каб хітана калі-небудзь мела хоць бы якую прыхільнасць да чужога яе племені чалавека. Мне здаецца, што аўтар значна перабольшыў, так усхваліўшы іх цнатлівасць. Па-першае, абсалютная іх большасць знаходзіцца ў становішчы Авідыевай брыдулі[200]: Casta quam nemo rogavit[201]. Што да прыгажэйшых, дык яны, як і ўсе іспанкі, надта пераборлівыя ў выбары каханкаў. Ім трэба падабацца, іх трэба заслужыць. Пан Бороў прыводзіць як доказ іх прыстойнасці прыклад, які робіць гонар яго ўласнай прыстойнасці, а таксама наіўнасці. Адзін яго знаёмы, чалавек амаральны, марна прапанаваў некалькі унцый адной прыгожай хітане. Андалусіец, якому я расказаў гэту гісторыю, сказаў з пэўнасцю, што гэты амаральны чалавек меў бы больш поспеху, калі б паказаў ёй пару піястраў, і што прапанаваць цыганцы залатыя унцыі — гэткі ж няўдалы спосаб яе спакусіць, як паабяцаць мільён або два дзеўцы з заезнага двара. Як бы там ні было, аднак і папраўдзе цыганкі праяўляюць да сваіх мужоў незвычайную адданасць. Яны не баяцца ні небяспекі, ні нягодаў, каб толькі дапамагчы мужу, калі той трапляе ў цяжкае становішча. Адно з імёнаў, якім яны сябе называюць, ромэ, што значыць сужонцы, на маю думку, выяўляе павагу гэтага племені да малжонскага стану. А ўвогуле можна сказаць, што найвялікшай іх цнотай ёсць патрыятызм, калі можна гэтак назваць вернасць, якую яны праяўляюць у дачыненні да асобаў аднаго з імі паходжання, іх гатовасць дапамагаць адно аднаму, непарушная сакрэтнасць у іх цёмных справах. Зрэшты, ва ўсіх таямнічых або супрацьзаконных згуртаваннях можна заўважыць штосьці падобнае.
Некалькі месяцаў таму я наведаў цыганскі табар, што стаяў у Вагезах. У будане адной старой жанчыны, правадыркі племені, жыў смяротна хворы цыган чужога роду. Гэты чалавек не захацеў ляжаць у шпіталі, дзе за ім быў добры догляд, і пайшоў адтуль, каб памерці сярод сваіх супляменнікаў. Вось ужо трынаццаць тыдняў ён меў прытулак у сваіх гасцінных гаспадароў, і абыходзіліся з ім значна лепш, чым з сынамі і зяцьмі, што жылі ў тым самым доме. У яго была добрая пасцель з саломы і моху, даволі чыстая бялізна, тым часам як уся сям’я, адзінаццаць чалавек, спалі на дошках даўжынёю ў тры стапы. Гэта што тычыцца іх гасціннасці. Тая самая старая, гэтак добрая да свайго госця, казала мне ў прысутнасці хворага: Singo, singo, homte hi mulo. Скора, скора ён мусіць памерці. Урэшце, людзі гэтыя жывуць так убога, што вестка аб смерці зусім іх не страшыць.
Адметнай рысай характару цыганоў ёсць іх абыякавасць да пытанняў рэлігіі, і не таму, што яны скептыкі або вальнадумцы. Яны ніколі не былі бязбожнікамі. Наадварот, яны вызнаюць веру той краіны, у якой жывуць, але мяняюць веру, калі мяняюць радзіму. Не ведаюць яны і забабонаў, якія ў адсталых народаў замяняюць рэлігійныя пачуцці. Дый сапраўды, ці могуць быць забабоннымі людзі, якія часцей за ўсё жывуць з даверлівасці іншых? Аднак я заўважыў у іспанскіх цыганоў незвычайную боязь дакрануцца да мёртвага цела. Мала сярод іх знойдзецца такіх, хто б згадзіўся нават за грошы несці нябожчыка на могілкі.
Я ўжо казаў, што большасць цыганак займаецца варажбой. I робяць яны гэта даволі спраўна. Але асабліва вялікія прыбыткі ім прыносіць продаж розных магічных сродкаў і нагаворных зелляў. Яны не толькі трымаюць у сябе жабіныя лапкі, каб утрымліваць пераменлівыя сэрцы, або магнітны парашок, каб абудзіць каханне ў бяздушных. У разе патрэбы яны прамаўляюць страшныя заклёны, якія змушаюць д’ябла ім дапамагаць. Летась адна іспанка расказала мне такую гісторыю: аднойчы яна ішла вуліцай Алькала, засмучаная і задуменная. Цыганка, што сядзела на ўзбоччы, крыкнула ёй: «Гэй, прыгажуня, ваш каханак вам здрадзіў». Гэта была праўда. «Хочаце я вам яго вярну?» Можна зразумець, з якой радасцю была прынятая гэтая прапанова і які давер выклікала жанчына, якая з першага погляду адгадала ўсе сардэчныя тайны. Але ж нельга было займацца магічнымі дзействамі на самай люднай вуліцы Мадрыда, і таму дамовіліся сустрэцца наступнага дня. «Няма нічога прасцейшага, як вярнуць нявернага да вашых ног,— сказала цыганка.— Ці ёсць у вас хустачка, шалік ці мантылья, якія ён вам падараваў?» Знайшлася шаўковая хустка. «Цяпер зашыйце ў ражок хусткі піястр. У другі ражок зашыйце паўпіястра; тут — песету, а тут — манету ў два рэалы. А пасярэдзіне трэба зашыць залатую манету. Лепш за ўсё дублон». Зашываецца дублон і ўсё астатняе.
«А цяпер дайце мне хустку, я пайду з ёй апоўначы на Кам-па-Санта. Хадземце са мною, калі хочаце пабачыць нячыстую сілу. Абяцаю вам, што ўжо заўтра вы ўбачыце, каго кахаеце». Цыганка пайшла на Кампа-Санта адна, бо жанчына надта баялася нячысцікаў. А цяпер здагадайцеся самі, ці няшчасная пакінутая каханка бачыла пасля сваю хустку або свайго нявернага.
Нягледзячы на сваю галечу і гідкасць, цыганы карыстаюцца, аднак, пэўнай павагай сярод неадукаваных людзей і вельмі гэтым ганарацца. Яны лічаць сябе вышэйшай расай за свой розум і ад усёй душы пагарджаюць народам, які дае ім прытулак. «Паганцы такія дурныя,— казала мне адна цыганка ў Вагезах,— іх так проста абдурыць. Надоечы на вуліцы мяне паклікала сялянка, я іду да яе. Яе печ дыміць, і яна просіць, каб я яе адваражыла. Я спачатку прашу добры кавалак сала. Пасля мармычу на рамані: «Ты дурная,— дурная нарадзілася, дурная і памрэш...» Падышоўшы да дзвярэй, я сказала ёй на чыстай нямецкай мове: «Найлепшы спосаб зрабіць, каб печ не дыміла, гэта не паліць у ёй». I дай бог ногі».
Гісторыя цыганоў — усё яшчэ загадка. Дакладна вядома, што першыя іх гурты, вельмі нешматлікія, з’явіліся на ўсходзе Еўропы на пачатку пятнаццатага стагоддзя. Але немагчыма сказаць, ні адкуль яны прыйшлі, ні чаму яны прыйшлі ў Еўропу, і, што самае незвычайнае, невядома, як яны за такі малы тэрмін так шырока распладзіліся ў розных самых адлеглых краях. У саміх цыганоў не засталося ніякіх паданняў пра іх паходжанне, і калі большасць з іх гаворыць пра Егіпет як пра сваю першую радзіму, дык гэта проста байка, што ўзнікла і распаўсюдзілася ўжо вельмі даўно.
Большасць арыенталістаў, што вывучалі мову цыганоў, лічаць, што яны паходзяць з Індыі. I сапраўды, падобна на тое, што вялікую колькасць каранёў і граматычных формаў рамані можна сустрэць у мовах, што паходзяць ад санскрыту. Зразумела, што за час сваіх доўгіх вандраванняў цыганы пазычылі шмат іншамоўных слоў. Ва ўсіх цыганскіх дыялектах ёсць пэўная колькасць грэчаскіх слоў. Напрыклад: сосаі, косць — ад χόχχαλον; ρétalli, падкова — ад πέταλον; cafi, цвік — ад χαρφί і г. д. Сёння ў цыганоў амаль столькі розных гаворак, колькі ходзіць паасобных гуртоў. Паўсюль яны гавораць на мове краіны, у якой жывуць, лягчэй, чым на сваёй роднай, якую яны ўжываюць толькі тады, калі трэба паразумецца ўпрысутнасці чужакоў. Калі параўнаць гаворку нямецкіх цыганоў з гаворкамі цыганоў іспанскіх, якія ўжо стагоддзямі не мелі між сабою зносін, можна знайсці вельмі шмат агульных слоў. Але першапачатковая мова паўсюль, хоць і ў рознай ступені, значна змянілася праз кантакт з больш развітымі мовамі, якімі гэтыя вандроўнікі былі вымушаныя карыстацца. Нямецкая мова, з аднаго боку, і іспанская — з другога, настолькі змянілі саму аснову рамані, што цыган са Шварцвальда не здолеў бы зразумець свайго андалусійскага брата, хоць ім было б дастаткова абмяняцца парай сказаў, каб згадзіцца, што яны гавораць абодва на дыялектах, што адгалінаваліся ад адной мовы. Некалькі найчасцей ужываных слоў будуць агульныя, відаць, для ўсіх дыялектаў. Так, ва ўсіх слоўніках, што мне давялося бачыць: рапі значыць «вада», manro — «хлеб», mâs — «мяса», lon — «соль».
Лічэбнікі паўсюль амаль аднолькавыя. Нямецкі дыялект, на маю думку, значна чысцейшы за іспанскі, бо ён захаваў значную колькасць старажытных граматычных формаў, тым часам як іспанскія цыганы прынялі формы кастыльскае мовы. Аднак некалькі слоў складаюць выключэнне, што сведчыць пра даўнейшую агульнасць мовы. Мінулы час у нямецкім дыялекце ўтвараецца, калі дадаць суфікс -ium да формы загаднага ладу, якая заўсёды супадае з дзеяслоўнай асновай. Усе дзеясловы іспанскага рамані спрагаюцца паводле мадэлі кастыльскага першага спражэння. Ад неазначальнай формы jamar, есці, паводле правілаў, мы б мелі jamé, я з’еў, ад lillar, узяць, было б lillé, я ўзяў. Аднак некаторыя старыя цыганы кажуць: jayon, lillon. Я не ведаю іншых дзеясловаў, якія захавалі б гэтую архаічную форму.
Пахваляючыся гэтак маёй дэталёвай разазнанасцю ў мове рамані, я мушу адзначыць некалькі словаў французскага арго, якія нашы зладзеі запазычылі ад цыганоў. З «Парыжскіх таямніцаў»[202] прыстойнае таварыства даведалася, што chourin значыць «нож». Гэта чыстая цыганская мова, tchouri — гэта адно са словаў, уласцівых усім дыялектам. Пан Відок называе каня grès, гэта яшчэ адно цыганскае слова: gras, gre, graste, gris. Дадайце сюды яшчэ слова romanichel, якім на парыжскім арго называюць цыганоў. Гэта перакручанае romané tchave — «цыганскія хлопцы». Але асабліва я ганаруся тым, што вывеў этымалогію слова frimousse — «твар, пыса», слова, што ўжываюць або ўжывалі за мае часы ўсе школьнікі. Заўважце спачатку, што Удэн[203] у сваім цікавым слоўніку пісаў у 1640 годзе — firlimouse. Дык вось, firla, fila на рамані значыць «твар», mui мае тое самае значэнне, гэта дакладны адпаведнік лацінскага os. Адзін цыган, што змагаецца за чысціню мовы, адразу зразумеў спалучэнне firlamui, і я лічу, што яно адпавядае духу яго мовы.
Гэтага дастаткова, каб даць чытачам «Кармэн» уяўленне аб маіх даследаваннях пра цыганскую мову. Дазволю сабе скончыць прыказкай вельмі тут дарэчнай: En retudi panda nasti abela macha. Як рот закрыць — муха не заляціць.
Il vicolo[204] di madama Lucrezia[205]
Напісаная ў 1846 годзе, гэтая навела пры жыцці аўтара не друкавалася. Выйшла ўпершыню ў яго пасмяротным зборніку «Апошнія навелы» (1873).
Калі мне было дваццаць тры гады, я паехаў у Рым. Бацька даў мне з сабой каля тузіна рэкамендацыйных лістоў, адзін з якіх, не менш чым на чатыры старонкі, быў запячатаны. На канверце было пазначана: «Маркізе Альдабрандзі».
— Напішаш мне,— сказаў бацька,— ці маркіза яшчэ гэткая прыгожая, як і раней.
Варта адзначыць, што я, колькі сябе помню, заўсёды бачыў у яго ў кабінеце над камінам мініяцюрны партрэт вельмі прыгожай жанчыны з напудранымі валасамі, з плюшчовым вянком на галаве і тыгровай шкурай на плячы. Збоку быў надпіс: Roma, 18...[206] Убранне яе здавалася мне дзіўным, і таму я не раз пытаўся, хто была гэтая дама. Мне адказвалі:
— Гэта бакханка.
Але гэты адказ не надта мяне задавальняў, я нават падазраваў, што тут хаваецца нейкая таямніца, бо на гэтае простае пытанне мая маці падціскала вусны, а бацька рабіўся паважны.
Гэтым разам, даючы мне запячатаны ліст, ён крадком глянуў на партрэт. Я мімавольна зрабіў тое самае, і мне ў галаву прыйшла думка, што гэтая напудраная бакханка якраз і ёсць маркіза Альдабрандзі. Я пачынаў ужо нешта разумець у гэтым свеце і зрабіў сякія-такія высновы з незадавальнення маці і гэтага позірку бацькі.
[197] Мне здалося, што нямецкія цыганы, хоць яны і разумеюць слова Cales, зусім не любяць, калі іх так называюць. Яны завуць сябе Romané tchavé (аўт.).
[198] Бороў, Джордж (1803—1881) — англійскі даследчык і вандроўнік, аўтар прац «Цыганы» (1841) і «Біблія ў Іспаніі» (1843), з якімі Мерымэ быў добра знаёмы.
[199] Біблейскае таварыства — заснаваная ў 1649 годзе ў Лондане арганізацыя, якая займалася перакладам на жывыя мовы і распаўсюджваннем Бібліі.
[200] ...у становішчы Авідыевай брыдулі...— Далей ідзе цытата з «Мілосных элегій» Авідыя (кн. I, элегія VII, верш 43).
[201] Цнатлівая, якой ніхто не пажадаў (лац.).
[202] «Парыжскія таямніцы» — папулярны раман французскага пісьменніка Эжэна Сю (1804—1857), выдадзены ў 1842—1843 гг.
[203] Удэн, Антуан (памёр 1653) — лексікограф, выкладчык італьянскай мовы Людовіка XIV. Яго слоўнік выйшаў не ў 1640, а ў 1649 годзе.
[204] Il viccolo...— У італьянскім слове «vicolo» — адно «С».
[205] Завулак пані Лукрэцыі (італ.).
[206] Рым, 18... (італ.).