Гэтыя шляхотныя памкненні нямала мяне рассмяшылі. Наш абат гэта заўважыў, і я мусіў яму тлумачыць, што мы гаварылі пра памылку аднаго археолага, які палічыў статую Берніні[209] за антычную.
Мы вярнуліся на абед у палац Альдабрандзі. Амаль адразу пасля кавы маркіза папрасіла ў мяне прабачэння за сына, які мусіў дзеля нейкіх пабожных абавязкаў пайсці ў свой пакой. Я застаўся адзін з ёю і абатам Негроні, які, адхіліўшыся ў вялікім фатэлі, спаў сном праведніка.
Тым часам маркіза падрабязна распытвала мяне пра бацьку, пра Парыж, пра маё жыццё, пра мае планы на будучыню. Яна здалася мне ласкавай і добрай, але крыху занадта цікаўнай і над меру пільнай аб збаўленні маёй душы. Зрэшты, яна гаварыла цудоўнай італьянскай мовай, і я атрымаў выдатны ўрок вымаўлення, які я паабяцаў сабе паўтарыць.
Я часта заходзіў да яе. Амаль штораніцы я хадзіў аглядаць старажытнасці з яе сынам і заўсёдным Негроні, а вячэраў я з імі ў палацы Альдабрандзі. У маркізы госці бывалі рэдка, дый тыя выключна царкоўнікі.
Але аднойчы яна адрэкамендавала мяне адной немцы, нованаверненай каталічцы і яе блізкай сяброўцы. Гэта была пані Штраленхайм, даволі прыгожая асоба, што ўжо даўно жыла ў Рыме. Пакуль гэтыя дамы гаварылі пра нейкага славутага прапаведніка, я разглядаў пад лямпай партрэт Лукрэцыі, і раптам мне захацелася перапыніць іх размову.
— Якія вочы! — сказаў я захоплена.— Здаецца, зараз у яе задрыжаць павекі!
Пачуўшы гэтую крыху вычварную гіпербалу, на якую я насмеліўся, каб выставіцца знаўцам перад пані Штраленхайм, яна здрыганулася ад страху і схавала твар у насовачку.
— Што з вамі, даражэнькая? — спыталася маркіза.
— Ай, нічога! Але ж гэты пан сказаў...
Яе засыпалі пытаннямі, і як толькі яна прызналася, што мае словы нагадалі ёй адно жахлівае здарэнне, мы прымусілі яе расказаць.
Вось, у двух словах, што яна сказала:
Залвіца пані Штраленхайм, якую звалі Вільгельміна, была заручаная з маладым чалавекам з Вестфаліі, Юліусам Кацэнэленбогенам, наймітам у дывізіі генерала Кляйста[210].
Язык можна паламаць, вымаўляючы столькі дзікунскіх імёнаў, але ж неверагодныя гісторыі здараюцца толькі з асобамі, чые імёны вельмі цяжка вымаўляць.
Юліус быў ладны хлопец, поўны патрыятызму і метафізікі. Адыходзячы ў войска, ён падараваў Вільгельміне свой партрэт, а Вільгельміна падаравала яму свой, які ён заўсёды насіў каля сэрца. Гэтак часта робяць у Нямеччыне.
13 верасня 1813 года, каля пятай гадзіны ўвечары, Вільгельміна сядзела разам з маці і швагеркай у гасцёўні іх дома ў Касэлі і вязала. На століку перад ёй стаяў партрэт яе жаніха, на які яна раз-пораз паглядала. I раптам яна нема закрычала, паднесла руку да сэрца і страціла прытомнасць. Што толькі не спрабавалі, каб яе ачуціць, і як толькі ёй вярнулася мова, яна закрычала:
— Юліус памёр! Юліус забіты!
Яна сцвярджала, і жах, адбіты на яе твары, ва ўсім пацвярджаў яе ўпэўненасць, што бачыла, як партрэт заплюшчыў вочы, і ў той самы момант яна адчула нясцерпны боль, быццам ёй працялі сэрца распаленым жалезам.
Дарма ўсе стараліся яе пераканаць, што гэты відзеж не меў нічога агульнага з сапраўднасцю і што не трэба надаваць яму ніякае ўвагі. Бедная дзяўчына была несуцешная. Яна праплакала ўсю ноч, а назаўтра вырашыла надзець жалобнае ўбранне, ужо пэўная свайго няшчасця, таемным чынам ёй абвешчанага.
Праз два дні надышла навіна пра крывавую бітву пад Лейпцыгам[211], Юліус напісаў сваёй нарачонай 13-га а трэцяй гадзіне. Ён не быў паранены, адзначыўся ў бітве і ўвайшоў у Лейпцыг, дзе меркаваў заначаваць разам са штабам, беражоны такім чынам ад небяспекі. Але гэтае суцяшальнае пасланне не супакоіла Вільгельміну, яна, убачыўшы, што ліст быў напісаны а трэцяй гадзіне, усё роўна казала, што яе каханы загінуў а пятай.
Няшчасная дзяўчына не памылялася. Неўзабаве мы даведаліся, што а палове пятай Юліус выправіўся з Лейпцыга з даручэннем, і за тры чвэрці лье ад горада, па той бок Эльстэра, варожы салдат, які адстаў ад свайго войска і хаваўся ў рове, забіў яго адным стрэлам. Куля, трапіўшы ў самае сэрца, прабіла партрэт Вільгельміны.
— А што сталася з гэтай няшчаснай маладой асобай? — спытаўся я ў пані Штраленхайм.
— О, яна цяжка хварэла. Цяпер яна замужам за панам фон Вернерам, дараднікам юстыцыі, і калі вам давядзецца быць у Дэсаў, яна пакажа вам партрэт Юліуса.
— Усё гэта адбываецца не без удзелу д’ябла,— сказаў абат, які, пакуль пані Штраленхайм апавядала, спаў толькі на адно вока.— Той, хто змушаў прамаўляць паганскіх аракулаў, можа гэтак жа проста прымусіць партрэт міргаць вачыма, калі яму толькі захочацца. Гадоў дваццаць таму ў Цівалі аднаго англічаніна задушыла статуя.
— Статуя! — закрычаў я.— Але як?
— Гэта быў адзін мілорд, які вёў раскопкі ў Цівалі. Ён знайшоў статую імператрыцы Агрыпіны[212] ці Месаліны[213]... ну, гэта не так важна. Карацей, ён загадаў перанесці статую да сябе і ад доўгага на яе глядзення і захаплення звар’яцеў. Усе гэтыя пратэстанты і так ужо больш чым напалову вар’яты. Ён зваў яе сваёй жонкай, мілэдзі, абдымаў яе, мармуровую. Ён казаў, што кожнага вечара статуя, на ягоную радасць, рабілася жывая. Аж пакуль аднойчы раніцай яго не знайшлі мёртвага ў ложку. I, ці паверыце, знайшоўся другі англічанін, які купіў гэтую статую. Што да мяне, дык я лепш загадаў бы перавесці яе на вапну.
Калі ўжо бяруцца апавядаць пра звышнатуральныя здарэнні, спыніцца бывае цяжка. Кожнаму было што расказаць, і я таксама выступіў у гэтым спаборніцтве жахлівых гісторый. Урэшце, калі настаў час развітацца, усе мы былі парадкам узрушаныя і прасякнутыя павагай да д’яблавай магутнасці.
Я пайшоў дадому пешкі і, каб выйсці на вуліцу Корса, звярнуў у вузенькі крывы завулак, якім я яшчэ ніколі не хадзіў. Завулак быў пусты. Быў відаць толькі доўгі садовы мур і колькі ўбогіх дамкоў без ніводнага агеньчыка. Толькі што прабіла поўнач, навокал было цёмна. Ішоў я даволі хутка і быў ужо ў сярэдзіне завулка, калі раптам пачуў над галавой нейкі гук, нейкае ціхае «Цссс!», і ў той самы момант пад ногі мне ўпала ружа. Я падняў вочы і, хоць было цёмна, заўважыў у акне жанчыну ў белым, яна працягвала мне руку. Мы, французы, ведаем сабе цану, калі мы ў іншай краіне, бо нашы бацькі, заваёўнікі Еўропы, выгадавалі нас на традыцыях, уцешных для нацыянальнага гонару. Я непахісна верыў, што ўсе немкі, іспанкі і італьянкі, як толькі пабачаць француза, адразу запальваюцца гарачым каханнем. Карацей, тады я яшчэ быў істым французам, дый ружа ці не гаварыла яна лепш за любыя словы?
— Пані,— сказаў я ціха, падняўшы ружу,— у вас упаў букет.
Але жанчына ўжо знікла, і акно было зачыненае. Я зрабіў тое, што зрабіў бы любы на маім месцы. Я пашукаў найбліжэйшыя дзверы — яны былі за два крокі ад акна. Знайшоўшы дзверы, я стаў чакаць, пакуль мне адчыняць. Пяць хвілін было ціха. Тады я пакашляў, пасля ціхенька паскробся, але дзверы не расчыніліся. Я разгледзеў іх уважлівей, спадзеючыся знайсці ключ або засаўку, але, на маё вялікае здзіўленне, убачыў навясны замок.
«Значыць, раўнівец яшчэ не вярнуўся»,— сказаў я сам сабе. Я падняў каменьчык і кінуў яго ў акно. Ударыўшыся аб драўляныя аканіцы, ён упаў мне пад ногі. «Што за халера,— падумаў я,— што яны, гэтыя рымлянкі, думаюць, што ўсе носяць у кішэні лесвіцу? Мне не казалі пра такі звычай».
[209] Берніні, Джаванні Ларэнца (1598—1680) — італьянскі архітэктар, скульптар і мастак, адзін з найвыдатнейшых майстроў мастацтва эпохі барока.
[210] Кляйст, Фрыдрых-Хайнрых-Фердынанд (1762—1823) — прускі фельдмаршал, удзельнік вайны з Напалеонам.
[211] ...бітву над Лейпцыгам.— Гэтая бітва паміж войскамі Напалеона і арміяй саюзнікаў скончылася паражэннем французаў, што абумовіла вынікі кампаніі 1813 года.
[212] Агрыпіна (15—59) — рымская імператрыца, Неронава маці; каб аблегчыць сыну шлях да трона, атруціла свайго трэцяга мужа Клаўдзія, але Нерон, незадаволены яе апекаваннем, у сваю чаргу, загадаў яе забіць.
[213] Месаліна (15—48) —рымская імператрыца, трэцяя жонка імператара Клаўдзія I, яе імя сталася сімвалам распусты.