Я пачакаў яшчэ некалькі хвілін, але марна. I толькі раз ці два мне здалося, што аканіцы зварухнуліся, быццам нехта хацеў іх рассунуць, каб выглянуць на вуліцу. Праз чвэрць гадзіны, страціўшы цярплівасць, я запаліў цыгару і пайшоў далей, папярэдне добра запомніўшы, дзе стаіць гэты дом з замком на дзвярах.
Назаўтра, раздумваючы над гэтай прыгодай, я спыніўся на наступных высновах: маладая рымлянка, магчыма, вельмі прыгожая, убачыла мяне падчас маіх прагулак у горадзе і была зачараваная маёй сціплай знешнасцю. Што яна аб’явіла мне свае пачуцці, толькі падараваўшы гэтую таямнічую кветку, дык, пэўна, яе стрымала цнатлівасць або ёй замінала прысутнасць дуэньі ці апекуна, накшталт Бартола ў Разіны[214]. Я вырашыў распачаць рэгулярную аблогу дома, дзе жыла гэтая інфанта.
З гэткімі высакароднымі намерамі я выйшаў з дома, зухавата ўчасаўшы валасы. Я надзеў новы сурдут і жоўтыя пальчаткі. У гэткім убранні, у ссунутым на вуха капелюшы, з прывялай ружай у пятліцы я пайшоў на вуліцу, назвы якой я яшчэ не ведаў, але знайсці яе было няцяжка. Надпіс над выявай мадонны паведамляў: il viccolo di Madama Lucrezia.
Гэтае імя мяне здзівіла. Я адразу згадаў партрэт Леанарда да Вінчы, а таксама гісторыі аб нядобрых прадчуваннях і д’яблавых штуках, чутыя напярэдадні ў маркізы. Пасля я падумаў, што існуе ў свеце каханне, наканаванае небам. Чаму б прадмету маёй страсці не звацца Лукрэцыяй? Чаму б ёй не быць падобнай да Лукрэцыі з галерэі Альдабрандзі?
Стаяў дзень, я быў за два крокі ад прынаднай асобы, і ніводная змрочная думка не трывожыла маіх пачуццяў.
Я быў перад тым домам. На ім стаяў нумар 13. Благі знак... Авох, дом быў зусім не такі, якім я сабе яго ўяўляў, пабачыўшы яго ўначы. Гэта быў зусім не палац. Перада мною быў двор, абнесены замшэлым і пачарнелым ад часу мурам, за якім віднеліся галіны недагледжаных фруктовых дрэваў. У кутку двара стаяў двухпавярховы дамок з двума вокнамі на вуліцу. Вокны былі закрытыя старымі аканіцамі з цяжкімі жалезнымі накладкамі. На нізкіх дзвярах, над якімі быў след ад сцертага герба, вісеў, як і напярэдадні, вялікі замок на ланцугу. На дзвярах было напісана крэйдай: Дом прадаецца або здаецца ў наём.
Аднак я не памыліўся. З гэтага боку вуліцы дамоў было мала, і таму зблытаць было немагчыма. Гэта быў той самы замок, і што яшчэ важнейшае, два ружовыя пялёсткі на бруку каля дзвярэй паказвалі дакладнае месца, дзе я атрымаў знак ад маёй каханай, і сведчылі пра тое, што перад домам не надта звыклі прыбіраць.
Я звярнуўся да суседзяў, каб даведацца, дзе можна знайсці даглядчыка гэтага таямнічага жытла.
— Гэта не тут,— непрыязна адказвалі мне ў кожным доме.
Здавалася, што маё пытанне не падабалася тым, у каго я пытаўся, і гэта яшчэ больш распаліла маю цікаўнасць. Ходзячы ад адных дзвярэй да другіх, я ўрэшце апынуўся ў нейкай цьмянай пячоры, дзе я ўбачыў старую жанчыну, якую можна было палічыць за вядзьмарку, бо побач з ёю сядзеў чорны кот, а ў сагане варылася невядома што.
— Вы хочаце паглядзець дом пані Лукрэцыі? — спыталася яна.— Ключы ад дома ў мяне.
— Ну дык пакажыце мне дом.
— Вы хацелі б зняць яго ў наём? — сказала яна з недаверлівай усмешкай.
— Так, калі ён мне спадабаецца.
— Ён вам не спадабаецца. А вы дасцё мне срэбную манету, калі я вам яго пакажу?
— Ну, вядома, дам.
Усцешаная маім запэўненнем, яна падхапілася са свайго ўслончыка, зняла са сцяны ржавы ключ і павяла мяне да дома нумар 13.
— Чаму гэты дом называюць домам Лукрэцыі? — спытаўся я.
— А чаму вас называюць іншаземцам? Ці не таму, што вы іншаземец? — з’едліва перапытала яна.
— Ну добра, а хто ж была гэтая пані Лукрэцыя? Нейкая славутая рымская дама?
— Ды што ж гэта! Вы прыехалі ў Рым і не чулі пра пані Лукрэцыю! Калі мы зойдзем у дом, я раскажу вам пра яе. Але што за ліха з гэтым ключом! Ніяк не павярну. Можа, вы паспрабуйце.
I сапраўды, ключ, відаць, ужо даўно не бачыўся з замком. Аднак, тройчы выкляўшы і ключ і замок і гэтулькі ж скрыгнуўшы зубамі, я здолеў павярнуць ключ. Але пры гэтым я падраў свае жоўтыя пальчаткі і звярэдзіў далонь. Мы трапілі ў цьмяны праход, з якога вялі дзверы ў некалькі нізенькіх пакояў.
Столі са старасвецкімі ляпнымі ўпрыгожаннямі былі затканыя павуціннем, пад якім праглядалі ледзь заўважныя сляды залачэння. Затохлы пах, што стаяў ва ўсіх пакоях, сведчыў пра тое, што тут ужо даўно ніхто не жыў. Нідзе не было ніякай мэблі. Сям-там са сцен, збялелых ад салетры, звісалі шматкі старых скураных шпалераў. Мяркуючы па скульптурах на кансолях і па форме камінаў, дом быў пабудаваны ў XV стагоддзі, і, магчыма, некалі ён быў даволі шыкоўна ўпрыгожаны. Вокны з маленькімі шыбкамі, з якіх амаль усе былі пабітыя, выходзілі ў сад, дзе я заўважыў ружоўнік у квецені, колькі фруктовых дрэваў і безліч капусных качаноў.
Абышоўшы ўсе пакоі на першым паверсе, я падняўся на верхні паверх, дзе ўбачыў напярэдадні маю незнаёмку. Старая спрабавала мяне стрымаць, кажучы, што там няма чаго глядзець, дый сходы былі благія. Але, пабачыўшы маю ўпартасць, яна саступіла і пайшла за мною з відавочнай агідай. Пакоі на гэтым паверсе былі падобныя да іншых, хіба што яны былі не такія сырыя. Столь і вокны таксама захаваліся лепей. У апошнім пакоі стаяў вялікі фатэль з чорнай скуры, на якім — о дзіва! — не было пылу. Я сеў і, вырашыўшы, што,седзячы ў ім,будзе ўтульней слухаць гісторыю, папрасіў старую расказаць пра пані Лукрэцыю, але спачатку, каб асвяжыць яе памяць, я адшкадаваў ёй некалькі паола. Яна адкашлялася, высмаркалася і пачала гэткімі словамі:
— За паганскіх часоў быў імператар Аляксандр[215]. У яго была дачка, прыгожая, як сонца, яе звалі пані Лукрэцыя. А во, вось яна!..
Я рэзка павярнуўся. Старая паказала мне скульптуру на кансолі, якая трымала цэнтральную бэльку столі. Гэта была даволі груба вылепленая сірэна.
— О, гэтая пані надта любіла забаўляцца,— працягвала старая.— Але яе бацьку гэта не вельмі падабалася, і таму яна загадала збудаваць сабе гэты дом, дзе мы цяпер ёсць.
Кожнае ночы яна спускалася з Квірынала[216] і прыходзіла сюды. Яна садзілася каля гэтага акна, і калі па вуліцы ішоў прыгожы кавалер, ну вось як вы, пане, яна яго клікала. ці добра яна яго прымала — здагадвайцеся самі. Але мужчыны — балбатуны, прынамсі некаторыя, і яны маглі б ёй нашкодзіць сваімі языкамі. Дык яна прыдумала, што рабіць. Калі яна развітвалася з кавалерам, яе збройныя слугі ўжо чакалі на сходах, па якіх мы сюды падняліся. Тут яны яго і канчалі ды закопвалі ў капусных градах. Во пасля пазнаходзілі костак у гэтым садзе!
Гэтыя забавы цягнуліся нейкі час. Аж неяк вечарам яе брат, якога звалі Сікст Тарквін[217], праходзіў пад акном. Яна яго не пазнала. Паклікала. Ён падняўся. Поначы ўсе каты шэрыя. З ім сталася тое, што і з іншымі. Але ён пакінуў у яе сваю насоўку, на якой было вышыта яго імя.
Не паспела яна зразумець, якога ліха яны нарабілі, як яе агарнула роспач. Дык яна хуценька зняла падвязку і засілілася на гэтай бэльцы. Вось вам прыклад для моладзі!
[214] ...накшталт Бартола ў Разіны...— персанажы камедыі Бамаршэ «Севільскі цырульнік».
[215] Імператар Аляксандр.— Старая мае на ўвазе Аляксандра Македонскага, блытаючы яго з папам Аляксандрам VI Борджа, бацькам Лукрэцыі Борджа.
[216] Квірынал — адзін з узгоркаў, на якіх пабудаваны Рым.
[217] Сікст Тарквін — апошні сын рымскага цара Тарквіна Гордага (VI ст. да н. э.). Старая ў сваім апавяданні блытае Лукрэцыю Борджа з рымлянкай Лукрэцыяй, зняслаўленай Сікстам Тарквінам, які зусім не быў яе братам. Прычынаю для гэтай блытаніны магла стацца распаўсюджаная легенда пра сувязь Лукрэцыі Борджа з яе братам Чэзарэ.