Прыехаўшы ў Рым, свой першы візіт я нанёс маркізе. Яна жыла ў прыгожым палацы побач з плошчай святога Марка.
Я ўручыў ліст і візітную картку лёкаю ў жоўтай ліўрэі, і ён правёў мяне ў прасторную, амаль пустую залу, цьмяную і панылую. Але ва ўсіх рымскіх палацах ёсць карціны вялікіх майстроў. Нямала іх было і ў гэтай зале, а сярод іх некалькі вельмі цікавых.
Спачатку я заўважыў жаночы партрэт, як мне здалося, работы Леанарда да Вінчы. З багатай рамы і палісандравай падставы, на якой стаяла карціна, можна было меркаваць, што гэта быў найкаштоўнейшы твор у калекцыі. Маркізы ўсё не было, і ў мяне было досыць часу, каб уважліва разгледзець карціну. Я нават паднёс яе да акна, каб пабачыць яе пад лепшым асвятленнем. Без сумнення, гэта быў партрэт, а не мастакова фантазія, бо такі твар было немагчыма выдумаць: прыгожая жанчына з пульхнымі вуснамі, густымі бровамі, з позіркам адначасова ласкавым і напышлівым. У куце карціны быў герб, увенчаны герцагскай каронай. Але найбольш мяне ўразіла тое, што ўбранне жанчыны, за выключэннем пудры ў валасах, было такое самае, як у бакханкі ў кабінеце майго бацькі.
Калі ўвайшла маркіза, я яшчэ трымаў партрэт у руцэ.
— Ну, зусім як бацька! — засмяялася яна, падышоўшы.— Во ўжо французы! Не паспеў прыехаць, як ужо схапіў пані Лукрэцыю.
Я адразу ж папрасіў прабачэння за сваю недалікатнасць і пачаў выхваляць, што было слоў, гэты шэдэўр Леанарда, які я насмеліўся парушыць.
— Гэта сапраўды Леанарда[207],— сказала маркіза,— гэта партрэт ліхаслыннай Лукрэцыі Борджа. З усіх маіх карцін ваш бацька найбольш любіў гэтую... Але ж, Божа, якое падабенства! Здаецца, перада мною ваш бацька, якім ён быў дваццаць пяць гадоў таму. Як ён пачуваецца? Што парабляе? Ці не збіраецца некалі заехаць да нас у Рым?
Хоць маркіза была без пудры і без тыгровай шкуры, я з першага позірку, сілаю натхнення, пазнаў у ёй бацькаву бакханку. Нейкія там дваццаць пяць гадоў не маглі сцерці дашчэнту сляды вялікае прыгажосці. Змяніўся толькі выраз твару, а таксама ўбранне. Яна ўся была ў чорным, а яе трайное падбароддзе, паважная ўсмешка, светла-ўрачысты позірк сведчылі, што яна сталася вельмі пабожнай.
Прыняла яна мяне, зрэшты, надзвычай сардэчна. Без лішніх цырымоній яна сказала, што я магу распараджацца яе домам, яе грашыма і яе сябрамі, сярод якіх яна назвала і некалькі кардыналаў.
— Будзьце са мною, як са сваёй маці...— сказала яна і апусціла вочы.— Ваш бацька абавязвае мяне даглядаць за вамі і даваць вам неабходныя парады.
I, каб давесці мне, што яна не лічыць свае абавязкі фармальнымі, яна зараз жа пачала засцерагаць мяне перад усімі небяспекамі, якімі можа пагражаць Рым маладому чалавеку маіх гадоў, і настойліва заклікала мяне пазбягаць гэтых небяспек. Я мусіў унікаць благіх знаёмстваў, асабліва артыстаў, і зносіцца толькі з тымі людзьмі, якіх яна мне параіць. Карацей, мне давялося выслухаць нуднае павучанне. Я адказаў на яго з належнай пачцівасцю і крывадушнасцю.
Калі я ўстаў, каб развітацца, яна сказала:
— Шкада, што мой сын, маркіз, выехаў цяпер у наш маёнтак у Раманью, але я пазнаёмлю вас з другім маім сынам, донам Отавіо, які ў хуткім часе стане папскім прэлатам. Спадзяюся, што ён вам спадабаецца і што вы пасябруеце, бо вы павінны пасябраваць...
I яна паспешліва дадала:
— Вы ж амаль аднагодкі, а ён — хлопец ціхмяны і прыстойны, як вы.
I яна загадала паклікаць дона Отавіо. Перада мною з’явіўся высокі бледны маладзён задуменнага выгляду. Ён стаяў, не паднімаючы вачэй, але за яго пабожнай пакорлівасцю адчувалася прыхаваная крывадушнасць.
Не даўшы яму і рота раскрыць, маркіза запрапанавала мне ад яго імя ўсе магчымыя паслугі. Ён пацвярджаў глыбокімі паклонамі ўсё, што казала яго маці, і мы дамовіліся, што ўжо заўтра ён зойдзе па мяне і мы пойдзем гуляць разам у горад, а пасля завітаем на сямейны абед у палац Альдабрандзі.
Не паспеў я прайсці па вуліцы дваццаці крокаў, як нехта ззаду закрычаў уладарным голасам:
— Куды гэта вы шыбуеце адзін гэткай гадзінай, дон Отавіо?
Я павярнуўся і ўбачыў тоўстага абата, які, вытрашчыўшы вочы, аглядаў мяне з галавы да ног.
— Я не дон Отавіо,— адказаў я.
Святар, склаўшы глыбокі паклон, расплыўся прабачэннямі, і праз хвіліну я бачыў, як ён увайшоў у палац Альдабрандзі. Я рушыў далей, не надта ўлешчаны тым, што мяне прынялі за будучага прэлата.
Нягледзячы на папярэджанні маркізы, а можа, якраз зважаючы на гэтыя папярэджанні, я як найхутчэй знайшоў кватэру аднаго майго знаёмага мастака, і цэлую гадзіну ў яго майстэрні мы гаварылі пра забавы, дазволеныя і недазволеныя, якія Рым мог мне запрапанаваць. Я спытаўся ў яго пра Альдабрандзі.
Маркіза, адказаў ён, быўшы даволі легкадумнай, кінулася ў глыбокую пабожнасць, калі зразумела, што век заваёваў для яе мінуўся. Яе старэйшы сын — грубы, як мядзведзь, і ўвесь свой час займаецца паляваннем або збірае грошы з фермераў у яго абшырных уладаннях. А цяпер яшчэ спрабуюць здзічыць і другога сына, дона Отавіо, з якога хочуць зрабіць кардынала. Пакуль што ён аддадзены пад нагляд езуітам. Ён ніколі не выходзіць з дому адзін. Яму не дазваляецца глядзець на жанчын, і ён не можа зрабіць і кроку, каб за ім не пайшоў святар, што выхоўвае яго для служэння Богу, і які, быўшы апошнім amico[208] маркізы, трымае цяпер яе дом пад сваёй амаль дэспатычнай уладай.
Наступнага дня дон Отавіо разам з абатам Негроні, тым самым святаром, які за дзень перад тым прыняў мяне за свайго выхаванца, заехаў па мяне на брычцы і запрапанаваў сябе ў якасці правадніка.
Першым помнікам, каля якога мы спыніліся, была царква. Следам за святаром дон Отавіо ўкленчыў, ударыў сябе ў грудзі і пачаў доўга жагнацца. Устаўшы, ён паказаў мне фрэскі і статуі і гаварыў са мною разважліва і густоўна. Гэта прыемна мяне здзівіла. Мы разгаварыліся, і размова нашая мне спадабалася. Нейкі час мы гаварылі па-італьянску. I раптам ён сказаў мне па-французску:
— Мой выхавальнік ні слова не разумее ў вашай мове. Давайце гаварыць па-французску, так мы будзем вальнейшыя.
Змяніўшы мову, гэты хлопец непазнавальна змяніўся сам. Нічога ў яго словах не выдавала святара. Здавалася, я слухаю нейкага нашага правінцыйнага вальнадумца. Я заўважыў, што ён наўмысна гаварыў нудлівым, аднастайным голасам, і аднастайнасць гэтая дзіўным чынам кантраставала з яскравасцю выразаў. Відаць, ён прызвычаіўся такім чынам уводзіць у зман Негроні, які час ад часу прасіў ператлумачыць яму нашую размову. Вядома ж, перакладалі мы яму надзвычай вольна.
Перад намі прайшоў малады чалавек у бэзавых панчохах.
— Вось,— сказаў мне дон Отавіо,— нашы цяперашнія патрыцыі. Паскудныя апранахі! I на мне будуць гэткія праз колькі месяцаў! Якое шчасце,— дадаў ён, памаўчаўшы,— якое шчасце жыць у такой краіне, як ваша! Калі б я быў французам, я б, можа, калі-небудзь стаў дэпутатам!
[207] Гэта сапраўды Леанарда. — Карціна Леанарда да Вінчы, пра якую ідзе гаворка ў навеле, відаць, не існуе.
[208] Сябрам, каханкам (італ.).