— Так, пане. I мне здаецца, што яна таксама збіраецца ехаць, бо яна перадала мне невялічкі пакунак, і я паклаў яго на валізу.
Сэрца маё шалёна закалацілася. Забабонны страх і цікавасць разам агарнулі мяне. Я паволі паднімаўся па сходах. На другім паверсе (я жыў на трэцім) пакаёвы спатыкнуўся, свечка выпала ў яго з рук і патухла. Ён папрасіў у мяне тысячу прабачэнняў і спусціўся, каб запаліць яе зноў. Я тым часам паднімаўся далей.
Я ўставіў ключ у дзверы. Я вагаўся. Які новы прывід мяне чакае? Не раз у цемры ў маёй памяці паўставала гісторыя крывавай манашкі[222]. Можа, мяне апанаваў д’ябал, як дона Алонса? Мне здалося, што пакаёвы страшэнна марудзіць.
Я расчыніў дзверы. Дзякуй Богу! У маёй спальні гарэла святло. Я хуценька прайшоў туды праз маленькую залу. Агледзеўшыся, я пераканаўся, што ў спальні нікога не было. Але ў гэты момант я пачуў за спінай лёгкія крокі і шоргат сукенкі. Мне здалося, што мае валасы ўсталі дыбарам на галаве. Я рэзка павярнуўся.
Жанчына ў белым з чорнай мантыльяй на галаве набліжалася, выцягнуўшы рукі мне насустрач.
— Нарэшце ты прыйшоў, каханы! — закрычала яна, схапіўшы мяне за руку.
Яе рука была халодная як лёд, а твар — белы, як у нябожчыка. Я адступіў да сцяны.
— Святая мадонна, гэта не ён!.. Ах, пане, вы сябар дона Отавіо?
Гэтыя словы тлумачылі ўсё. Маладая жанчына, нягледзячы на бледнасць, зусім не была падобная на здань. Яна апусціла вочы, што ніколі не робяць прывіды, і склала рукі на поясе. Яе цнатлівая пастава дазволіла мне меркаваць, што мой сябра дон Отавіо быў не такі ўжо вялікі палітык, якім я яго ўяўляў. Карацей, быў самы час выкрасці Лукрэцыю, і мне ў гэтай прыгодзе была адведзена толькі роля паверніка.
Праз хвіліну прыйшоў пераапрануты дон Отавіо. Прывялі коней, і мы паехалі. У Лукрэцыі пашпарта не было, але хіба можа выклікаць падазрэнні жанчына, ды яшчэ такая прыгожая? Аднак жандар на мяжы заўпарціўся. Я сказаў яму, што ён проста герой і што, па ўсім відаць, ён служыў у арміі вялікага Напалеона. Ён прызнаўся, што так. Я падараваў яму партрэт гэтага вялікага чалавека ў залатой рамцы і сказаў, што звычайна падарожнічаю з амікай[223], каб было весялей. А калі ўлічыць, што я мяняю іх даволі часта, дык нашто іх усіх запісваць у пашпарт.
— Гэтая,— дадаў я,— едзе са мною да наступнага горада. Кажуць, што там я знайду яшчэ лепшых.
— Ну, гэтую не варта было б і мяняць,— сказаў жандар і з павагай зачыніў дзверы.
Калі ўжо казаць вам усё, пані, дык гэты здраднік дон Отавіо пазнаёміўся з гэтай мілай асобай, сястрой нейкага Ваноццы, багатага земляроба, чалавека падазронага, бо трошкі ліберала і вельмі кантрабандыста. Дон Отавіо добра ведаў, што, нават калі б яго сям’я і не прысвяціла яго Царкве, яна б ніколі не дазволіла яму ажаніцца з дзяўчынай значна ніжэйшага стану, чым ён сам.
Але каханне падкажа выйсце. Гадаванцу абата Негроні ўдалося наладзіць таемную перапіску са сваёй каханкай. Штоночы ён уцякаў з палаца Альдабрандзі, і з увагі на тое, што прабрацца ў дом Ваноццы было вельмі небяспечна, каханкі прызначалі спатканне ў доме пані Лукрэцыі, благая слава якога была ім найлепшай аховай. Маленькія веснічкі, схаваныя за фігавым дрэвам, злучалі абодва сады. Маладыя і закаханыя, Лукрэцыя і Отавіо, не скардзіліся на нястачу абсталюнку, які складаўся, як я ўжо, здаецца, гаварыў, з аднаго старога скуранога фатэля.
Аднаго вечара, чакаючы дона Отавіо, Лукрэцыя паблытала мяне з ім і зрабіла мне падарунак, які прызначаўся яму. Праўда, узростам і паставай мы былі трохі падобныя з донам Отавіо, і зласліўцы, якія ведалі майго бацьку за часы яго побыту ў Рыме, казалі, што на гэта былі свае прычыны. Здарылася так, што нягоднік-брат дазнаўся пра таемную сувязь, але, як ён ні гразіўся, Лукрэцыя не выдала імя свайго спакусніка. Вы ўжо ведаеце, якая была яго помста і як я збіраўся разлічыцца за ўсіх. Няма таксама патрэбы расказваць вам, як абое каханкі, кожны па-свойму, уцяклі з дому.
Заключэнне.— Мы ўтраіх прыехалі ў Фларэнцыю. Дон Отавіо ажаніўся з Лукрэцыяй і адразу ж выехаў з ёю ў Парыж. Мой бацька прыняў яго гэтак жа цёпла і гасцінна, як мяне маркіза. Ён узяў на сябе клопаты ў справе замірэння сына з маці і, хоць і з пэўнай цяжкасцю, дасягнуў поспеху. Вельмі дарэчы маркіз Альдабрандзі захварэў на балотную ліхаманку і памёр. Дону Отавіо застаўся яго тытул і яго багацце, а я — хросны бацька яго першага дзіцяці.
Локіс
Рукапіс прафесара Вітэмбаха[224]
I
— Тэадор,— сказаў прафесар Вітэмбах,— падайце мне, калі ласка, вунь той абкладзены пергаментам сшытак, на другой паліцы над пісьмовым сталом. Не, не гэты, а той маленькі, in octavo. Там усе мае дзённікавыя запісы за 1866 год, прынамсі, тыя, што дачытаць графа Шэмета.
Усе прыціхлі. Прафесар надзеў акуляры і прачытаў наступнае:
ЛОКІС
з літоўскай прыказкай у якасці эпіграфа:
Калі ў Лондане быў выдадзены першы пераклад Святога пісання на літоўскую мову, я змясціў у кёнігсбергскай «Навукова-літаратурнай газеце»[226] артыкул, дзе, аддаўшы належнае намаганням дасведчанага перакладчыка і пачцівым намерам Біблейскага таварыства, я ўсё ж звярнуў увагу на некаторыя дробныя памылкі, а таксама адзначыў, што гэты пераклад мог быць карысны не ўсяму літоўскаму насельніцтву, а толькі яго частцы. I сапраўды, выкарыстаны ў перакладзе дыялект з вялікай цяжкасцю зразумеюць жыхары таго краю, дзе гавораць па-жамойцку, ці, як яшчэ кажуць, па-жмудску. Я маю на ўвазе Жамойцкае староства.
Мова гэтага краю стаіць яшчэ бліжэй да санскрыту, чым верхнелітоўская. Гэтая заўвага, нягледзячы на рэзкую крытыку з боку аднаго добра вядомага прафесара Дэрпцкага універсітэта, была з цікавасцю прынята шаноўнымі членамі праўлення Біблейскага таварыства, і яны не вагаючыся даслалі мне пачэсную прапанову рэдагаваць выданне Евангелля паводле Мацвея на жамойцкай мове. На той час я не мог узяцца за шырэйшую працу — пераклад усіх чатырох евангелляў, бо быў заняты даследаваннямі ва ўральскіх мовах. Мне прыйшлося адкласці шлюб з паннай Гертрудай Вебер і выехаць у Коўна, дзе я меўся сабраць усе, якія толькі магчыма, пісьмовыя помнікі на жамойцкай мове, як друкаваныя, гэтак і рукапісныя, не забываючыся, вядома, і пра народныя песні, дайны, апавяданні або легенды, пасакі, якія забяспечылі б мяне матэрыяламі да жамойцкага слоўніка,— працы, што мусіла папярэднічаць перакладу.
Я меў ліст да маладога графа Міхала Шэмета, бацьку якога, як мяне запэўнілі, некалі належаў вядомы Catechismus Samogiticus[227] айца Лявіцкага, такі рэдкі, што яго існаванне нават аспрэчвалася, асабліва згаданым ужо прафесарам з Дэрпта. У графавым кнігазборы, паводле звестак, захоўваўся стары збор дайнаў, а таксама вершаў на старажытнай прускай мове. Я напісаў графу Шэмету ліст, дзе вытлумачыў мэту майго візіту, і атрымаў ад яго найласкавейшае запрашэнне правесці ў ягоным замку ў Мядзінцілтасе гэтулькі часу, колькі запатрабуюць мае даследаванні. У канцы ліста ён асцярожна пахваліўся, што гаворыць па-жамойцку не горш за сялян і з прыемнасцю дапамог бы ў маёй працы, якая здаецца яму ўхвальнай і цікавай. Як і некаторыя іншыя найбагацейшыя літоўскія землеўласнікі, ён быў евангеліцкага веравызнання, святаром якога я маю гонар быць. Мяне папярэдзілі, што граф трохі дзівакаваты, але вельмі гасцінны, любіць навукі і зычліва ставіцца да навукоўцаў. I я паехаў у Мядзінцілтас.
Каля замкавага ганка мяне сустрэў графаў аканом. Ён адразу правёў мяне ў пакой, адмыслова для мяне падрыхтаваны.
— Пан граф, на жаль, не можа сёння абедаць з панам прафесарам,— сказаў аканом.— У яго прыступ мігрэні. Калі пан прафесар не хоча есці ў сваім пакоі, ён можа паабедаць з доктарам Фробэрам, лекарам пані графіні. Абед пададуць праз гадзіну, гарнітур не абавязковы. Калі пану прафесару што-кольвек спатрэбіцца, хай ён пазвоніць у гэты званочак.
Ён нізка пакланіўся і адышоў.
Пакой быў прасторны, багата абсталяваны, аздоблены люстрамі і залачэннем. З аднаго боку ён выходзіў на сад ці, хутчэй, замкавы парк, з другога — на вялікі парадны двор. Нягледзячы на папярэджанне: «Гарнітур не абавязковы», я палічыў патрэбным дастаць з куфра чорны фрак. Я пачаў разгортваць свае сціплыя пакункі, калі маю ўвагу прыцягнуў нейкі грукат, і я падышоў да акна, што выходзіла на двор. Да замка пад’ехала прыгожая карэта. Там сядзелі дама ў чорным, нейкі пан і жанчына, убраная, як літоўская сялянка, але такая высокая і мажная, што я быў прыняў яе за пераапранутага мужчыну. Яна выйшла першая. Дзве іншыя жанчыны, гэтакія ж дужыя з выгляду, ужо стаялі на ганку. Мужчына схіліўся да дамы ў чорным і, на маё вялікае здзіўленне, адшпіліў шырокі скураны пас, якім дама была прымацаваная да свайго месца ў карэце. У чорнай дамы былі доўгія раскудлачаныя сівыя валасы, а яе шырока расплюшчаныя вочы былі нібы пазбаўленыя жыцця, як у васковай фігуры. Адшпіліўшы даму, яе спадарожнік зняў капялюш і з вялікай павагай нешта ёй сказаў, але здавалася, што яна не звярнула на гэта ніякай увагі. Тады ён павярнуўся да чалядніц і кіўнуў ім галавой. Тры жанчыны ўраз падхапілі даму ў чорным і, не зважаючы на яе спробы ўчапіцца за карэту, узнялі яе, як пярынку, і панеслі ў замак. Сведкамі гэтага відовішча было некалькі чаляднікаў, і здавалася, што для іх у гэтым не было нічога незвычайнага.
Мужчына, які ўсім гэтым кіраваў, выняў гадзіннік і спытаўся, ці хутка пададуць абед.
[222] ...гісторыя крывавай манашкі.— Адзін з эпізодаў рамана англійскага пісьменніка Мэцью-Грэгары Льюіса (1775—1818) «Манах» (1795). Дон Алонса — персанаж гэтага рамана.
[223] Amica — сяброўка, каханка (італ.).
[224] Вітэмбах.— Як мяркуюць даследчыкі, пад гэтым імем у навеле паказаны вядомы нямецкі лінгвіст Аўгуст Шляйхер (1821—1868), аўтар граматыкі літоўскай мовы (1856) і яе слоўніка (1857). Ён выдаў таксама зборнік літоўскага фальклору (1857) і творы паэта К. Данелайціса (1865).
[226] «Навукова-літаратурная газета». — Такога выдання ніколі не існавала.
[227] Жамойцкі катэхізіс (лац.).