Фартуната загаласіў яшчэ мацней, а Матэа не адводзіў ад яго сваіх рысіных вачэй. Потым ён стукнуў прыкладам аб зямлю, закінуў стрэльбу за плячук і рушыў у макі, крыкнуўшы Фартуната, каб ішоў за ім. Джузэпа пабегла за Матэа і схапіла яго за руку.
— Гэта ж твой сын, - сказала яна дрыготкім голасам, упіўшыся чорнымі вачыма ў вочы мужу, нібы імкнучыся расчытаць у іх тое, што адбывалася ў ягонай душы.
— Адыдзі, - сказаў Матэа. - Я ягоны бацька!
Джузэпа пацалавала сына і з плачам пайшла да хаты. Яна ўкленчыла перад абразом Багародзіцы і пачала горача маліцца. Тым часам Фальконэ прайшоў крокаў дзвесце сцежкаю і спусціўся ў неглыбокі яр. Памацаўшы зямлю прыкладам, ён пераканаўся, што яна досыць мяккая і капаць яе не будзе цяжка. І месца падалося яму адпаведным.
— Фартуната, ідзі да таго вялікага каменя.
Хлопчык зрабіў загаданае і ўпаў на калені.
— Кажы малітвы.
— Татка, татка, не забівайце мяне!
— Кажы малітвы, - паўтарыў ён страшным голасам.
З плачам і перапынкамі хлопчык прачытаў «Патэр» і «Крэда». На заканчэнне кожнае малітвы бацька цвёрда казаў: «Аман!»
— Гэта ўсё, што ты ведаеш?
— Я ведаю яшчэ «Авэ Марыю» і літанію, што навучыла мяне цёця.
— Яна трохі задоўгая, але давай.
Хлопчык дагаварыў літанію амаль бязгучна.
— Ты скончыў?
— Ой, тата, даруйце! Прабачце мяне! Я больш так не буду! Я папрашу дзядзьку, каб з Джанэта злітаваліся!
Ён яшчэ гаварыў, а Матэа ўзняў стрэльбу, склаўся і сказаў: «Божа, даруй яму!» У роспачы хлопчык хацеў падняцца і кінуцца да бацькавых каленяў, але не паспеў. Матэа стрэліў, і Фартуната ўпаў нежывы.
Не зірнуўшы на сына, Матэа пайшоў па рыдлёўку, каб пахаваць цела. Ён ступіў усяго некалькі крокаў, калі ўбачыў Джузэпу, што з лямантам бегла на стрэл.
— Што ты ўчыніў? - закрычала яна.
— Справядлівасць.
— Дзе ён?
— У яры, я яго пахаваю. Ён памёр хрысціянінам. Я закажу па ім паніхіду. Трэба сказаць зяцю Тэадора Б'янкі, каб пераходзіў жыць да нас.
Таманго
Капітан Ледý быў добры марак. Пачаў ён простым матросам, потым зрабіўся памочнікам стырнавога. У Трафальгарскай бітве[7] зламаная мачта раструшчыла яму левую руку, яе аднялі, а Леду быў спісаны з карабля з добрымі паперамі. Да адпачынку ён не быў ахвочы, і калі здарылася нагода зноў наняцца на карабель, ён пайшоў другім памочнікам капітана на карсар[8]. Грошы, здабытыя ў бойках, дазволілі яму купіць кніжкі і вывучыць тэорыю мараплаўства, практыку якога ён ужо цудоўна ведаў. З часам ён зрабіўся капітанам люгера, што меў тры гарматы і шэсцьдзесят чалавек экіпажа. Маракі з Джэрсі і дагэтуль памятаюць аб ягоных подзвігах. Мір расчараваў яго[9]: падчас вайны ён сабраў невялічкі набытак і спадзяваўся яшчэ павялічыць яго за кошт англічан. Ён мусіў прапанаваць свае паслугі мірным гандлярам, і яму лёгка даверылі карабель, бо ён быў вядомы як чалавек разважлівы і спрактыкаваны. Калі гандаль неграмі быў забаронены, а каб ім займацца спатрэбілася ўменне не толькі падмануць пільнасць французскіх мытнікаў, што было не надта цяжка, але яшчэ, і гэта было значна небяспечней, унікнуць англійскіх крэйсераў, капітан Леду зрабіўся каштоўным чалавекам для гандляроў «чорным дрэвам»[10].
У адрозненне ад большасці маракоў, што, як і ён сам, доўга хадзілі ў падначаленых, ён не меў таго глыбокага страху да новых завядзёнак і тае руціннае свядомасці, якую яны занадта часта захоўваюць і на вышэйшых пасадах. Наадварот, капітан Леду першы параіў судаўладальніку выкарыстоўваць жалезныя скрыні на захаванне вады; на ягоным караблі кайданы і ланцугі, якіх на нявольніцкіх судзінах заўжды мноства, былі зроблены паводле найноўшае сістэмы і заўсёды шчодра змазаны ад ржавення. Але найбольшую славу сярод гандляроў рабамі прынесла яму пабудова карабля, якою ён кіраваў асабіста. Гэта была лёгкая судзіна пад ветразямі, вузкая і доўгая, як ваенны карабель, але здольная змясціць вялізную колькасць неграў. Ён назваў яе «Надзея». Прастору паміж палубамі, вузкую і з увагнутымі бакамі, ён загадаў зрабіць усяго на тры футы чатыры цалі вышыні, бо лічыў, што такія памеры дазволяць неграм сярэдняга росту ўтульна сядзець, а ўставаць, дык нашто ім? «Прыедуць у калоніі, там настаяцца аж занадта»,— казаў Леду. Негры сядзелі двума радамі спінаю да бартоў, між імі заставаўся пусты прамежак, па якім на іншых нявольніцкіх караблях яны маглі хадзіць. Леду прыдумаў размясціць у гэтым прамежку іншых неграў, якія ляжалі перпендыкулярна да першых. Такім чынам ягоны карабель змяшчаў на дзесятак неграў болей, чым любы іншы такога самага танажу. Пры патрэбе можна было б размясціць і болей, але трэба ж быць чалавечным і пакінуць на аднаго нявольніка, прынамсі, пяць футаў даўжыні і два шырыні, каб ён мог варушыцца падчас тых шасці ці нават болей тыдняў падарожжа. «Бо, зрэшты,— казаў Леду гаспадару судзіны, каб апраўдаць гэтую ліберальную меру,— негры, апрача ўсяго, такія самыя людзі, як і белыя».
«Надзея» выйшла з Нанта ў пятніцу, як заўважылі забабонныя людзі. Інспектары, што правяралі карабель, не знайшлі шасці вялікіх скрыняў, поўных ланцугоў і кайданоў, гэтых жалязякаў, якія невядома чаму завуцца «бярвеннямі справядлівасці». Іх не здзівіў і вялізны запас вады, хоць, згодна з дакументамі, «Надзея» ішла толькі ў Сенегал, каб закупіць там дрэва і слановую косць. Шлях, праўда, недалёкі, але, зрэшты, лішнія перасцярогі нікому не шкодзяць. А калі карабель захопіць бязветра, што рабіць без вады?
Такім чынам, «Надзея» выйшла ў пятніцу, маючы добры запас усяго неабходнага. Леду хацеў бы, каб мачты былі больш трывалыя, але пакуль ён камандаваў караблём, яму не выпадала нагоды на іх скардзіцца. «Надзея» шчасліва і хутка дасягнула ўзбярэжжа Афрыкі. Карабель стаў на якар на рацэ Жааль (калі я не блытаю) у той час, калі англійскія крэйсеры не сачылі за гэтаю часткаю ўзбярэжжа. На карабель адразу ж заявіліся пасярэднікі. Момант быў неверагодна спрыяльны: Таманго, славуты ваяўнік і гандляр людзьмі, нядаўна прыгнаў на бераг безліч рабоў і аддаваў іх танна, упэўнены, што знойдзе сілы і сродкі зноў хутка забяспечыць гандаль, пасля таго як прадасць прыгнаных рабоў.
Капітан Леду пераправіўся на бераг ракі і наведаў Таманго. Той сядзеў у саламяным будане, спешліва для яго збудаваным, разам з дзвюма сваімі жонкамі, памочнікамі і паганятымі рабоў. Да прыезду белага капітана Таманго раскошна апрануўся. На ім быў стары сіні вайсковы фрэнч, на якім яшчэ трымаліся капральскія нашыўкі, а з кожнага плечука звісала па два залатыя эпалеты, прышпіленыя на адзін гузік, адзін спераду, другі ззаду.
Кашулі ён не меў, фрэнч быў закароткі для чалавека ягонага росту, і паміж белым краем вопраткі і порткамі з гвінейскага палатна відаць была паласа чорнае скуры, што нагадвала шырокі пояс. Доўгая кавалерыйская шабля вісела пры баку на вяроўцы, а ў руцэ ён трымаў доўгую дубальтоўку англійскага вырабу. Убраны такім чынам, афрыканскі ваяўнік лічыў сябе элегантнейшым за самага дасканалага модніка з Парыжа ці Лондана.
Капітан Леду пэўны час моўчкі пазіраў на яго, а Таманго, выпрастаўшыся, нібы грэнадзёр, які праходзіць агляд перад замежным генералам, цешыўся з уражання, што, як яму здавалася, ён зрабіў на белага. Спрактыкаваным вокам агледзеўшы яго, Леду павярнуўся да свайго намесніка і сказаў: «Калі б вось гэтага дзецюка давезці цэлага і здаровага на Марцініку, я б узяў за яго там, прынамсі, тысячу экю».
[7] У Трафальгарскай бітве...— 21 кастрычніка 1805 года англійскі адмірал Нельсан разбіў аб’яднаны франка-іспанскі флот каля мыса Трафальгар. У гэтай бітве Нельсан загінуў.
[8] Карсар — ваенны карабель, выстаўлены прыватнымі асобамі з дазволу ўрада. Люгер — маленькі трохмачтовы карабель. Крэйсер — ваенны карабель, які ахоўвае марскія шляхі.
[9] Мір расчараваў яго...— мір з Англіяй, заключаны ў 1814 г.
[10] Так самі сябе называюць людзі, што гандлююць рабамі (аўт.).