— А я, дзядзечка, дам вам параду: калі вы яшчэ тут забавіцеся, Джанэта ўцячэ ў макі, і спатрэбіцца нямала такіх малойцаў, як вы, каб яго там знайсці.
Сяржант выцягнуў з кішэні срэбны гадзіннік, што каштаваў добрых дзесяць экю, і, убачыўшы, як заззялі Фартунатавы вочы, сказаў, трымаючы гадзіннік за канец сталёвага ланцужка:
— О, бэйбус, ты б хацеў пачапіць такі гадзіннік на камізэльку, ты б гуляў па вуліцах Порта-Век'я ганарліва, бы паўлін, а людзі б пыталіся: «Каторая гадзіна?». А ты б адказваў: «Паглядзіце на маім гадзінніку».
— Калі я вырасту, мой дзядзька капрал падаруе мне гадзіннік.
— Так, але сын твайго дзядзькі ўжо мае гадзіннік... праўда, не такі прыгожы... А ён жа малодшы за цябе.
Хлопчык уздыхнуў.
— Ну што, пляменнічак, хочаш мець гэты гадзіннік?
Фартуната, які крадком зірнуў на гадзіннік, нагадваў ката, якому прапануюць цэлую куру. Адчуваючы, што з яго насміхаюцца, ён не наважваецца варухнуць лапаю і раз-пораз адводзіць вочы, каб не паддацца спакусе, штохвіліны аблізваецца і ўсім сваім выглядам нібы кажа гаспадару: «Які ж ваш жарт жорсткі!»
Але, здавалася, сяржант Гамба шчыра прапаноўваў гадзіннік. Фартуната не варухнуўся, але сказаў, горка ўсміхаючыся:
— Чаму вы насміхаецеся з мяне?
— Дальбог, не насміхаюся. Скажы мне, дзе Джанэта, - і гэты гадзіннік твой.
Фартуната не ўтрымаў недаверлівае ўсмешкі і, пільна гледзячы сваімі чорнымі вачыма ў вочы сяржанту, намагаўся расчытаць у іх, ці варта верыць ягоным словам.
— Каб з мяне пагоны сарвалі, - закрычаў сяржант, - калі гадзіннік не будзе твой! Сябры засведчаць, я ад сваіх словаў не адступлюся.
Гаворачы гэта, ён падносіў гадзіннік так, што нарэшце ён амаль крануўся збялелае шчакі Фартуната. На хлопчыкавым твары выразна вымалёўвалася барацьба паміж прагаю і законамі гасціннасці, што ішла ў ягонай душы. Аголеныя грудзі яго рэзка ўздымаліся, здавалася, ён ледзь не задыхаецца. А гадзіннік пагойдваўся, круціўся, часам дакранаючыся да кончыка ягонага носа. Нарэшце правая Фартунатава рука паволі пацягнулася да гадзінніка, датыкнулася да яго; ён ужо адчуў цяжар гадзінніка ў руцэ, але сяржант не адпускаў ланцужка... Колца было блакітнае... вечка нядаўна вычышчанае... на сонцы яно ззяла агнём... Спакуса была занадта моцная.
Фартуната падняў левую руку і вялікім пальцам паказаў цераз плячук на стог, да якога ён прытуліўся. Сяржант зразумеў адразу. Ён пусціў ланцужок, і Фартуната адчуў сябе адзіным уладаром гадзінніка. Спрытна, як лань, ён адскочыў крокаў на дзесяць ад стога, які вальтыжоры адразу ж узяліся раскідваць. І тут усе ўбачылі, што сена заварушылася і вылез скрываўлены чалавек з кінжалам у руцэ. Ён спрабаваў стаць на ногі, але запечаная рана не давала яму падняцца. Ён упаў. Сяржант скочыў на яго і вырваў кінжал. Нягледзячы на супраціўленне, бандыта моцна звязалі.
Джанэта, што ляжаў на зямлі, звязаны, нібы бярэмак галля, павярнуў галаву да Фартуната, які падышоў да яго.
— С... сын! - сказаў ён больш з пагардаю, чым з гневам.
Хлопчык кінуў яму манету, адчуваючы, што больш не мае на яе права, але бандыт нібыта й не заўважыў гэтага. Ён спакойна сказаў сяржанту:
— Дарагі Гамба, я не магу ісці, вы мусіце несці мяне да горада.
— Ты нядаўна скакаў спрытней за казу, - запярэчыў жорсткі пераможца. - Але будзь спакойны: я так рады, што злавіў цябе, што пранёс бы цябе на сваіх плячах цэлы лье і не стаміўся б. Аднак, дружа, мы зробім табе насілы з галля і тваёй буркі, а на ферме Крэсполі знойдзем коней.
— Добра, - сказаў вязень. - Але падкладзіце трохі саломы ў вашы насілы, каб мне было ямчэй.
Пакуль вальтыжоры займаліся, хто вязаннем насілаў з галля каштанаў, хто перавязкаю Джанэтавай раны, на павароце сцяжынкі, што вяла ў макі, раптоўна з'явіліся Матэа Фальконэ з жонкаю. Жанчына ішла, сагнуўшыся пад цяжарам вялізнага меха з каштанамі, а яе муж крочыў лёгка, несучы адну стрэльбу ў руках, а другую за плячыма, бо нягожа мужчыне насіць іншы цяжар, апроч зброі.
Убачыўшы салдатаў, Матэа адразу падумаў, што яны прыйшлі яго арыштаваць. Але адкуль такая думка? Хіба Матэа меў калі справы з судоўцамі? Не. Ён меў добрую рэпутацыю. Ён быў, як кажуць, прыстойны грамадзянін; але ён быў карсіканец і горац, а мала хто з карсіканскіх горцаў, добра пакалупаўшыся ў памяці, не знойдзе там якога грашка накшталт стрэлу, удару кінжалам ці іншае драбніцы. Сумленне Матэа было чысцейшае за чыё, бо апошнія дзесяць год ён не падымаў стрэльбы на чалавека, але, ва ўсялякім разе, ён быў асцярожны і стаў так, каб пры нагодзе было зручна абараніцца.
— Жонка, - сказаў ён Джузэпе, - скінь мех і будзь напагатове.
Яна адразу ж паслухалася. Ён аддаў ёй стрэльбу, што вісела за плячыма і магла яму замінаць, узвёў тую, што была ў яго ў руках, і павольна рушыў да хаты, хаваючыся за дрэвамі, што раслі абапал сцежкі, гатовы на любы варожы рух схавацца за таўсцейшы камень і страляць. Жонка ішла за ім, несучы другую стрэльбу і торбу з набоямі. Падчас бою абавязак добрае жонкі - набіваць стрэльбу свайму мужу.
Сяржант таксама моцна збянтэжыўся, убачыўшы, што Матэа падыходзіць з перасцярогаю, гатовы да бою. «А калі раптам акажацца, - падумаў ён, - што Матэа сваяк альбо сябра Джанэта калі ён захоча яго адбараніць, дык дзве кулі з яго стрэльбаў даляцяць да нас гэтаксама, як лісты па пошце. А калі ён стрэліць па мне, нягледзячы на сваяцтва!..»
І ў такім няпэўным стане ён прыняў адважнае рашэнне: выйсці самому насустрач Матэа і распавесці як старому знаёмаму, што тут здарылася. Але кароткая адлегласць паміж ім і Матэа здалася яму жахліва доўгаю.
— Гэй, дружа! - закрычаў ён. - Як маешся, даражэнькі? Гэта я, Гамба, твой сваяк.
Матэа моўчкі падымаў рулю стрэльбы ўгару, так што, калі той падышоў да яго, яна глядзела ў неба.
— Дзень добры, браце[6], - сказаў сяржант, падаючы яму руку. - Даўно я цябе не бачыў.
[6] Buen giorno, fratello! - звычайнае прывітанне карсіканцаў (аўт.).