— О, я яшчэ не такі вялікі, як вы, дзядзечка, - адказаў малы праставата.
— Паспееш яшчэ вырасці. Можа, ты бачыў, ці праходзіў тут мужчына, га?
— Ці праходзіў тут мужчына?
— Так, мужчына ў вастраверхім каптуры з чорнага вельвету і ў куртцы, вышыванай чырвонымі і жоўтымі ніткамі.
— Мужчына ў вастраверхім каптуры і ў куртцы, вышыванай чырвонымі і жоўтымі ніткамі?
— Так, кажы хутчэй, я не люблю паўтараць пытанні.
— Сёння ўранку пан кюрэ праехаў ля нашага дома на сваім коніку П'еро. Ён спытаўся, як маецца тата, а я адказаў...
— О, малы круцель, ты мне дурыш галаву! Ану кажы, дзе прайшоў Джанэта, бо мы шукаем яго, а ён не мог мінуць гэтае сцежкі.
— Хто яго ведае?
— Хто ведае? Я ведаю, што ты яго бачыў.
— Хіба бачыш падарожных, калі спіш?
— Ты не спаў, нягоднік, стрэлы разбудзілі цябе.
— Вы лічыце, дзядзечка, што вашы стрэльбы робяць столькі шуму? Але карабін майго бацькі б'е мацней.
— Каб цябе чорт звалок! Бэйбус кляты! Я ўпэўнены, што ты бачыў Джанэта. Можа, ты нават схаваў яго. Гэй, хлопцы, скочце ў хату, зірніце, ці не там наш дружбак. Ён скакаў на адной лапе, а ён, халера, не такі дурны, каб спрабаваць дабегчы да макі кульгаючы. Вось і крыві далей няма.
— А што скажа тата? - спытаўся Фартуната, усміхаючыся. - Што ён скажа, калі даведаецца, што нехта заходзіў у хату, калі яго не было?
— Нягоднік! - сказаў сяржант Гамба, хапаючы хлопца за вуха. - Хочаш, каб я прымусіў цябе заспяваць на іншы лад? Відаць, трэба пляснуць табе разоў са дваццаць шабляю, то загаворыш.
Але Фартуната ўвесь час усміхаўся.
— Мой бацька - Матэа Фальконэ, - сказаў ён напышліва.
— А ведаеш ты, круцель малы, што я магу завезці цябе ў Корту альбо і ў Бастыю. Будзеш там спаць у астрозе на саломе з жалезамі на нагах, а я ўжо пастараюся, каб табе адсеклі галаву, калі не скажаш, дзе Джанэта Санп'ера.
Хлопец зарагатаў з гэтае смеху вартае пагрозы і паўтарыў:
— Мой бацька - Матэа Фальконэ!
— Сяржант, - ціхенька сказаў адзін вальтыжор, - давайце не будзем сварыцца з Матэа.
Гамба быў відавочна заклапочаны. Ён ціха гутарыў з салдатам, што ўжо агледзелі хату Матэа. Гэта была нядоўгая справа, бо карсіканская халупа складаецца з аднаго квадратнага пакоя. З мэблі ў ёй ёсць стол, лавы, скрыні, паляўнічыя прылады і кухонны посуд. Тым часам Фартуната гладзіў кошку і, здавалася, хітра цешыўся з канфузіі вальтыжораў і свайго дзядзькі.
Адзін салдат падышоў да стога. Ён убачыў кошку, абы-як пырнуў штыхом сена і паціснуў плячыма, нібы адчуваючы, што гэтая перасцярога выглядае смешна. Нічога не зварухнулася, а ў хлопчыка на твары не выявілася аніякага пачуцця.
Сяржанту і ягонаму атраду пачала надакучваць гэтая справа, яны ўжо сур'ёзна пазіралі ў бок даліны, нібы намерваючыся вярнуцца туды, адкуль прыйшлі. І тут сяржант, пераканаўшыся, што пагрозамі сына Фальконэ не напалохаеш, вырашыў зрабіць апошняе намаганне і паспытаць сілу ўгавораў і дарункаў.
— Пляменнічак, ты, відаць, спрытны малец. Ты далёка пойдзеш. Але ты выкінуў са мною кепскую штучку, каб я не баяўся засмуціць майго кузэна Матэа, дальбог, я забраў бы цябе.
— Ого!
— Але, калі ён вернецца, я яму ўсё раскажу, і ён табе добра ўваліць за хлусню.
— Тады й пабачым!
— Пабачыш... але слухай... ты ж добры хлопец, а я табе нешта дам.