— Дзень добры, браце.
— Зайшоў павітацца з табою і маёй кузінаю Пэпай. Сягоння мы добра папабегалі, але няма чаго скардзіцца, здабыча ў нас слаўная. Мы ўзялі Джанэта Санп'ера.
— Дзякуй богу, - сказала Джузэпа. - На тым тыдні ён украў у нас дойную казу.
Гэтыя словы ўсцешылі Гамбу.
— Бедны, - сказаў Матэа. - Ён, відаць, галодны.
— Гэты лайдак абараняўся, як леў, - гаварыў сяржант трохі збянтэжаны. - Ён забіў аднаго майго вальтыжора, апрача таго, ён перабіў руку кардыналу Шардону. Але такое бяды, гэта ўсяго толькі француз... А пасля ён так удала схаваўся, што сам д'ябал не змог бы яго знайсці. Каб пляменнічак Фартуната не дапамог, я б век яго не знайшоў.
— Фартуната! - ускрыкнуў Матэа.
— Фартуната! - паўтарыла Джузэпа.
— Так, Джанэта схаваўся вунь там, у сене. Але пляменнік выкрыў ягоныя хітрыкі. Я раскажу пра гэта яго дзядзьку капралу, няхай дашле яму дарунак за клопат. І я адзначу ваша прозвішча ў рапарце, які дашлю пану генеральнаму адвакату.
— О ліха! - ціха сказаў Матэа.
Яны падышлі да вальтыжораў. Джанэта ўжо ляжаў на насілах, гатовы ў дарогу. Убачыўшы Матэа ў кампаніі з Гамбам, ён дзіўна ўсміхнуўся і, павярнуўшы галаву да дома, плюнуў на ганак і сказаў:
— Хата здрадніка!
Адно чалавек, асуджаны на смерць, наважыўся б назваць Фальконэ здраднікам. Адзін удар кінжалам, другога б і не спатрэбілася, адразу ж адплаціў бы за абразу. Аднак зараз Матэа, нібы спакутаваны, толькі паднёс руку да лба.
Убачыўшы бацьку, Фартуната пайшоў у хату. Хутка ён вярнуўся з міскаю малака і, апусціўшы вочы, падаў яе Джанэта... «Прэч ад мяне!» - грымотна крыкнуў бандыт. Потым павярнуўся да аднаго з вальтыжораў і папрасіў:
— Таварыш, дай мне напіцца.
Салдат паднёс баклагу, і бандыт напіўся вады, пададзенае чалавекам, з якім ён толькі што перастрэльваўся. Пасля ён папрасіў звязаць яму рукі так, каб яны былі не за спінаю, а крыжам ляжалі на грудзях.
— Люблю ляжаць з выгодаю, - сказаў ён.
Просьбу ягоную задаволілі. Пасля сяржант даў знак рушыць, развітаўся з Матэа, які не адказаў яму, і вальтыжоры хутка пайшлі да даліны.
Мінула ўжо хвілін дзесяць, а Матэа ўсё маўчаў. Хлопчык занепакоена пазіраў то на маці, то на бацьку, які стаяў, абапершыся на стрэльбу, і глядзеў на яго са стрыманым гневам.
— Добра ж ты пачынаеш! - нарэшце сказаў Матэа голасам спакойным, але страшным таму, хто ведаў гэтага чалавека.
— Татка! - крыкнуў хлопчык са слязьмі на вачах, падаўшыся наперад, нібы хацеў укленчыць.
— Прэч ад мяне! - злосна адказаў Матэа, і хлопчык, загаласіўшы, знерухомеў.
Падышла Джузэпа. Яна заўважыла ланцужок ад гадзінніка, што звісаў з-пад Фартунатавае кашулі.
— Хто табе даў гэты гадзіннік? - спыталася яна сурова.
— Дзядзечка сяржант.
Фальконэ схапіў гадзіннік і, ляснуўшы яго аб камень, разбіў ушчэнт.
— Жонка, ці маё гэта дзіця? - спытаўся ён.
Загарэлыя шчокі Джузэпы колерам зрабіліся як цэгла.
— Што ты кажаш, Матэа? Каму ты гэта кажаш?
— Тады гэты хлопец першы з нашага роду, што стаў здраднікам.