АЛЬГЕРД — вялікі князь Вялікага княства з 1345 г. Нарадзіўся ў 1296 г. Памёр ў 1377 г.
Князь Гедзімін стаў заснавальнікам новай княжацкай дынастыі, другой у гісторыі беларускіх зямель дзяржавы — Вялікага княства.
Пасля смерці Войшалка, сына Міндоўга, пачалася барацьба за ўладу. Карона князя на нейкі час дасталася аднаму з літоўскіх князёў — Трайдзену. Ён здолеў перамагчы суседзяў, навесці парадак унутры дзяржавы. Але Трайдзен застаўся язычнікам. Ён быў чужы і варожы да асноўнай часткі насельніцтва Княства. Таму пасля яго смерці зноў настала безуладдзе.
Аб'яднаў і ўмацаваў краіну новы князь — Віцень. Паводле падання, ён быў сынам Лютавера. Адзін з летапісаў паведамляе, што Віценя паклікалі да сябе жыхары Полацка. Там тады княжыў нашчадак Таўцівіла, які ахрысціўся па каталіцкім абрадзе. Пры ім у Полацку з'явіліся каталіцкія манахі. Гэты князь наладзіў дружалюбныя адносіны з нямецкімі рыцарамі-крыжакамі і нават пайшлі чуткі, што перад смерцю ён перадаў уладу крыжакам. Вось тады гараджане і звярнуліся да Віценя.
Віцень загадаў разбурыць касцёл, выгнаць каталіцкіх манахаў і разграміў нямецкіх рыцараў-крыжакоў. Барацьба з нямецкімі захопнікамі стала галоўнай справай яго жыцця. У войску Віценя было шмат літоўскай знаці, якая служыла яшчэ Трайдзену. Многія з іх прыхільна ставіліся да немцаў. Віцень жорстка пакараў усіх здраднікаў. У часы праўлення Віценя праславіўся выдатны палкаводзец таго часу — Давыд Гарадзенскі. Калі крыжакі накіраваліся да сталіцы Вялікага княства — Новагародка, войскі пад кіраўніцтвам Давыда Гарадзенскага ўшчэнт разграмілі іх.
Пасля Віценя вялікім князем стаў яго брат Гедзімін. Гісторыкі не могуць дакладна вызначыць, хто былі Віцень і Гедзімін па паходжанні. Адны кажуць, што яны сыны ўпамянутага князя Лютавера. Калі гэта так, то і Гедзімін і Віцень славяне. Другія гісторыкі сцвярджаюць, што яны продкі літоўскіх князёў. Трэція ўпэўнены, што Віцень і Гедзімін выйшлі з асяроддзя смаленскіх князёў. Чацвёртыя даказваюць, што яны нашчадкі полацкіх князёў, якія малалетнімі былі сасланы ў Канстанцінопаль.
Як бы там ні было, менавіта Гедзімін даў імя новай княжацкай дынастыі Вялікага княства і менавіта пры ім яно сапраўды стала вялікім. Гедзімін нанёс шэраг удараў па нямецкіх рыцарах, пасля якіх крыжакі ўжо не асмельваліся нападаць на беларускія землі. Вялікае княства заключыла саюз з Польшчай. Сыны Гедзіміна княжылі на Валыні і нават у Ноўгарадзе. Смаленск і Кіеў прыслухоўваліся да патрабаванняў Гедзіміна.
Гедзімін увайшоў у гісторыю яшчэ і таму, што перанёс сталіцу Вялікага княства з Новагародка ў заснаваны ім горад Вільню. З тае пары гэты цудоўны горад на некалькі сотняў гадоў стаў цэнтрам беларускай дзяржавы.
Умацаваўшы сваю ўладу, Гедзімін афіцыйна абвясціў сябе вялікім князем. Карона Гедзіміна — шапка Гедзіміна — стала галоўнай велікакняжацкай рэгаліяй. Ёй потым каранаваліся ўсе вялікія князі Вялікага княства. У гісторыі беларускіх зямель яна мае такое ж сімвалічнае значэнне, як і шапка Манамаха ў гісторыі Расіі.
З часоў Гедзіміна пачалі складвацца асаблівыя адносіны паміж Вялікім княствам і Руссю, Масковіяй. Сталіцай Русі тады лічыўся Уладзімір. Русь знаходзілася яшчэ пад прыгнётам мангола-татараў. Адным з найбольш выдатных ваенных і палітычных дзеячаў тагачаснай Русі быў князь Аляксандр Неўскі, пасля смерці якога тытул вялікага князя ўладзімірскага перайшоў да яго пляменніка Міхаіла Цвярскога, што княжыў у Цверы, якая сапернічала з Масквою. Маскоўскі князь, у якога былі добрыя адносіны з татарскім ханам, хацеў пры яго дапамозе дамагчыся тытула вялікага князя. Цвярскія князі больш спадзяваліся на законныя правы і на моц войска.
Гедзімін выдаў сваю дачку Марыю за вялікага князя Цвярскога Дзмітрыя Грозныя Вочы і доўгі час дапамагаў Цверы ў барацьбе супраць Масквы. Але маскоўскія князі падкупілі і паклёпамі перацягнулі на свой бок татарскага хана і перамаглі Цвер. Асабліва вызначыўся ў гэтай барацьбе заснавальнік будучай Маскоўскай дзяржавы Іван Каліта. Гедзіміну давялося змагацца супраць яго. Аднак праз нейкі час другая дачка Гедзіміна Аўгуста-Анастасія стала жонкаю сына Івана Каліты Сямёна Гордага.
Пасля ўсіх гэтых падзей гістарычныя шляхі Вялікага княства і Масковіі неаднойчы перакрыжуюцца. Многія з вялікіх князёў у Вільні будуць мець жонак з Масквы або Цверы, а маскоўскія ўладары — жонак з Вільні. Здавалася б, з тае нагоды абедзве дзяржавы павінны жыць мірна. На самай справе было наадварот. Узаемныя непаразуменні і прэтэнзіі распальвалі войны, якія і пагубілі Вялікае княства.
На той час у кожнай дзяржавы вялікае значэнне мела духоўная ўлада. У Еўропе яе трымаў у руках папа рымскі, якому былі падначалены ўсе хрысціяне-католікі. На ўсходзе духоўная ўлада належала патрыярху канстанцінопальскаму і яго намесніку мітрапаліту маскоўскаму. Ім падпарадкоўваліся хрысціяне-праваслаўныя. Жыхары Вялікага княства — продкі сучасных беларусаў — былі ў асноўным праваслаўнымі хрысціянамі. Але паколькі яны не мелі свайго мітрапаліта, то знаходзіліся пад духоўнай уладай маскоўскага.
Сам жа Гедзімін заставаўся язычнікам, ён не прыняў новай веры. Пры ім у Вільні пабудавалі язычніцкі храм. Але Гедзімін ажаніўся з праваслаўнай князёўнай, пяцёра яго сыноў ахрысціліся. Каб насельніцтва краіны не залежала ад маскоўскай духоўнай улады, Гедзімін выпатрабаваў свайго мітрапаліта. Першага на беларускіх землях мітрапаліта звалі Феафілам. Пры ім хрысціянам Вялікага княства ўжо не трэба было падпарадкоўвацца мітрапаліту маскоўскаму.
Загінуў Гедзімін як сапраўдны князьвоін, у баі. Яго войскі ўзялі ў асаду крэпасць крыжакоў Баербург. Пад яе сценамі і забілі Гедзіміна.
Паводле завяшчання бацькі карона дасталася яго малодшаму сыну — Яўнуцію, або ў хрышчэнні Іаану. Але старэйшыя сыны Альгерд і Кейстут захапілі ўладу. Яўнуцій-Іаан збег у Маскву. Гэта пагоршыла адносіны дзвюх дзяржаў і браты вылучылі яму невялікае Заслаўскае княства (пад Мінскам).
Вялікім князем стаў Альгерд. Ён захаваў Кейстуту яго правы і правіў разам з ім.
Альгерд увайшоў у гісторыю як адзін з найбольш значных палкаводцаў таго часу. На захадзе ён адбіў усе напады нямецкіх рыцараў-крыжакоў. На ўсходзе падпарадкаваў Смаленск і Пскоў. Ноўгарад таксама знаходзіўся пад яго ўплывам. Ля рэчкі Сінія Воды ён ушчэнт разграміў татараў і іх саюзнікаў, былых кіеўскіх князёў. Кіеў увайшоў у склад дзяржавы Альгерда. У ім княжыў яго сын Уладзімір. Тэрыторыя Вялікага княства дзякуючы Альгерду павялічылася ўдвая і распрасцёрлася ад Балтыйскага мора да Чорнага. Вялікае княства стала буйнейшай еўрапейскай краінай.
Першы раз Альгерд ажаніўся з віцебскай князёўнай Марыяй Яраслаўнай. Пасля яе смерці ён узяў за жонку дачку цвярскога князя Ульяну Цвярскую. Адносіны з Масквой былі вельмі складаныя. У Маскве тады княжыў Дзмітрый (пазней стане вядомы як Дзмітрый Данскі). Тройчы Альгерд падступаў пад сцены Масквы — сталіцы свайго суседа-саперніка.
Альгерд пакінуў пасля сябе аж дванаццаць сыноў. Нягледзячы на тое што ён быў хрышчоны, князь-воін загадаў пахаваць сябе паводле язычніцкага звычаю — спаліць на свяшчэнным вогнішчы разам са сваім любімым канём. Імёны Гедзіміна і Альгерда займаюць у нашай гісторыі вельмі пачэснае месца. Першы — заснавальнік княжацкай дынастыі, сапраўдны стваральнік новай дзяржавы — Вялікага княства. Другі — заснавальнік велічы і славы гэтай дзяржавы.
Ягайла і Вітаўт
ЯГАЙЛА — вялікі князь Вялікага княства з 1377 г. па 1392 г., кароль Польшчы з 1386 г. Нарадзіўся ў 1348 г. Памёр ў 1430 г.
ВІТАЎТ — вялікі князь Вялікага княства з 1392 г. Нарадзіўся ў 1350 г. Памёр ў 1430 г.
Вялікі князь Ягайла, сын Альгерда і Ульяны Цвярской стаў заснавальнікам славутай каралеўскай дынастыі Ягелонаў. Яе прадстаўнікі правілі Польшчай, Чэхіяй, Венгрыяй і Прусіяй. Але, праславіўшы сваё імя, Ягайла не праславіў сваю Радзіму — Вялікае княства.
Ягайла з дзяцінства ведаў пра палітычныя і ваенныя поспехі свайго бацькі — вялікага князя Альгерда. Маці расказвала яму пра барацьбу за ўладу паміж князямі Масквы і Цверы. Мабыць, з юнацкіх гадоў Ягайла марыў аб велічы. Калі памёр бацька, Ягайла заняў прастол у Вільні. Браты не пярэчылі.
Але на дарозе Ягайлы стаяў яго дзядзька — Кейстут, які пры жыцці Альгерда лічыўся князем-суправіцелем і меў пасля брата ўсе правы на прастол. Спачатку Кейстут прызнаў Ягайлу, але потым сагнаў яго з прастола. Тады Ягайла захапіў Кейстута і кінуў яго ў падзямелле Крэўскага замка. Праз нейкі час яго там і задушылі. Людзі Ягайлы схапілі жонку Кейстута Біруту і іх дарослага сына Вітаўта. Бірута была жрыцай язычніцкага храма. Некалі Кейстут сілаю ўзяў яе за жонку. Паводле адных звестак Ягайла загадаў утапіць Біруту ў рацэ, паводле другіх — яна выратавалася і вярнулася ў язычніцкі храм. Сын Кейстута Вітаўт уцёк з Крэўскага замка, пераапрануўшыся ў адзенне сваёй жонкі, і знайшоў прытулак у нямецкіх рыцараў-крыжакоў.
Так Ягайла авалодаў княжацкім прастолам. У Маскве на той час княжыў славуты Дзмітрый Данскі. Ягайла паслаў да яго сватоў. Ён хацеў ажаніцца з дачкою Дзмітрыя Данскога — Соф'яй. Гэты шлюб умацаваў бы Вялікае княства, і Ягайла, магчыма, меў бы правы на маскоўскі прастол. Дзмітрый Данскі згадзіўся, але запатрабаваў, каб Ягайла прызнаў залежнасць Вялікага княства ад Масквы.