Ягайла не хацеў залежаць ні ад каго і адмовіўся. Ён скіраваў сваю ўвагу на падзеі, якія адбываліся ў заходніх суседзяў Вялікага княства — Польшчы, Венгрыі, Аўстрыі і Брандэнбургу. Кароль Венгрыі Людовік Вялікі хацеў аб'яднаць Аўстрыю і Венгрыю і мець уплыў на Польшчу і Брандэнбург. У яго было тры дачкі: Кацярына, Марыя і Ядвіга. Польскія паны згадзіліся прызнаць Кацярыну сваёй каралевай. Марыю Людовік аддаў за ўладальніка Брандэнбурга, а Ядвігу пасватаў за наследніка аўстрыйскага прастола эрцгерцага Вільгельма. Але планы венгерскага караля не ажжыцявіліся. Яго старэйшая дачка Кацярына памерла. Тады польскія паны прапанавалі карону яе сястры Марыі і яе мужу. Яны патрабавалі, каб каралева і кароль жылі ў Польшчы. Марыя не згадзілася, бо ў гэты час памёр сам Людовік Вялікі і яна стала каралевай Венгрыі.
Тады палякі абралі каралевай пятнаццацігадовую Ядвігу. Яна яшчэ не паспела выйсці замуж, і было вырашана прапанаваць яе за жонку Ягайлу. Польскія паны хацелі заключыць саюз з Вялікім княствам, каб мець ад яго ваенную і эканамічную падтрымку. Кажуць, што Ядвіга вельмі кахала свайго жаніха эрцгерцага Вільгельма, і калі яе зачынілі ў Кракаўскім замку, яна сякераю пасекла браму, каб вырвацца на спатканне. Кракаўскі епіскап Пятро Выш пераканаў Ядвігу згадзіцца на шлюб, бо Ягайла паабяцаў, што пасля таго, як стане каралём, ахрысціць жыхароў сваёй дзяржавы па каталіцкім абрадзе. Каб пазбегнуць сваркі з аўстрыйскім эрцгерцагам, Ягайла заплаціў яму 200 тысяч залатых форынтаў, і Вільгельм забыў пра сваю каханую.
Пасля пышнага вяселля Ягайла стаў каралём. Яго каранацыю прызналі папа рымскі і германскі імператар.
Па загадзе Ягайлы язычніцкі храм у Вільні разбурылі. Патушылі свяшчэнны агонь, пазабівалі свяшчэнных змей, што жылі ў дупле старога дуба, а сам дуб пасеклі. Усё насельніцтва пачалі хрысціць па каталіцкім абрадзе. Літоўцы, што жылі ў Вялікім княстве, былі язычнікамі. Яны хрысціліся з ахвотаю. Іншыя нават стараліся зрабіць гэта некалькі разоў, бо пры хрышчэнні кожнаму давалі каптан і чырвоныя боты. У Вільні пасяліўся першы каталіцкі епіскап — духоўнік каралевы Ядвігі.
Але жыхары гарадоў Гродна, Навагрудка, Полацка, Турава, Віцебска і Кіева хрысціцца па каталіцкім абрадзе не захацелі: яны ж ужо былі хрышчоныя як праваслаўныя. Іх незадаволенасць і скарыстаў сын Кейстута князь Вітаўт. Ён пачаў барацьбу супраць Ягайлы за незалежнасць Вялікага княства ад Польшчы.
Сем гадоў цягнулася вайна. У Ягайлы было войска, Вітаўта падтрымаў народ. Акрамя таго, Вітаўт вызначаўся як здольны палкаводзец, смелы і рашучы воін. Ягайла не вытрымаў і пайшоў на перамір'е. Па агульнай згодзе Вялікае княства зноў стала незалежнае, Вітаўт атрымаў тытул вялікага князя, Ягайла застаўся польскім каралём. Дзяржавы заключылі саюз, які меў вельмі важнае значэнне і даў выдатныя вынікі. Аб'яднаўшы свае ваенныя сілы дзве славянскія краіны нанеслі канчатковы ўдар па нямецкіх рыцарах-крыжаках. У бітве пры Грунвальдзе яны ўшчэнт разбілі ворагаў. Кіраваў аб'яднанымі сіламі Польшчы і Вялікага княства князь Вітаўт.
Вітаўту даводзілася многа ваяваць. Калі абараняцца, а калі і нападаць. Ён далучыў да Вялікага княства Смаленск. Сваю дачку Соф'ю Вітаўт аддаў за сына Дзмітрыя Данскога, але тройчы вадзіў свае палкі на Маскву. Мяжа паміж Вялікім княствам і Масковіяй у выніку заваёў Вітаўта праходзіла недалёка ад самой Масквы. Вітаўт прадоўжыў справу Альгерда — пры ім Вялікае княства дасягнула самых значных памераў.
Вітаўт быў не толькі знакамітым палкаводцам, але і дыпламатам, і дзяржаўным дзеячам. На перамовах, якія праходзілі ў Польшчы, германскі імператар Сігізмунд прапанаваў Вітаўту карону. Гэта не спадабалася Ягайлу, які хацеў трымаць Вялікае княства ў залежнасці ад Польшчы. Вітаўт не мог паступіць па сваім жаданні. Паводле легенды, ён прасіў Ягайлу дазволіць яму хоць тры дні пабыць каралём, але зайздроснік Ягайла адмовіў. Сіла была на яго баку.
Праз год у Вільні ў Вітаўта сабраліся паслы многіх суседніх дзяржаў, прыехаў і ўнук Вітаўта, вялікі князь маскоўскі Васіль. Вітаўта абвясцілі каралём і паведамілі імператару Сігізмунду. Імператар адправіў карону і іншыя рэгаліі, патрэбныя для каранавання. Але ў Гданьску па загадзе Ягайлы карону адабралі. Вітаўт так і не стаў каралём і, паводле легенды, памёр ад смутку.
Ягайла заснаваў славянскую польскую каралеўскую дынастыю. Ён жа фактычна ахрысціў літоўцаў. У беларускай гісторыі больш шануюць князя Вітаўта — воіна, пераможцу Грунвальда, князя, што ўсё жыццё імкнуўся да кароны і не дасягнуў яе, але назаўсёды праславіў сваё імя тым, што адстаяў незалежнасць Вялікага княства.
Соф’я Вітаўтана і яе сын Васіль Цёмны
СОФ’Я ВІТАЎТАНА — жонка вялікага князя маскоўскага Васіля І, маці і суправіцельніца вялікага князя маскоўскага Васіля ІІ. Нарадзілася ў 1371 г. Памёрла ў 1453 г.
ВАСІЛЬ ІІ ЦЁМНЫ — вялікі князь маскоўскі, унук вляікага князя Вялікага княства Вітаўта. Нарадзіўся ў 1415 г. Памёр ў 1462 г.
Асаблівасць гістарычнага лёсу беларускай зямлі ў тым, што яна заўсёды аказвалася на перакрыжаваннях барацьбы. Барацьбы веры, барацьбы ідэй, інтарэ саў. На перакрыжаванні еўрапейскага Захаду і расійскага Усходу. Сапраўдны цуд, што наш народ змог вытрымаць такі націск з абодвух бакоў, ды не адно стагоддзе! I не толькі не знікнуць, неперайначыцца, не згубіць свой характар, свой першародны сэнс, але і паўплываць на абодва бакі гэтай адвечнай барацьбы Захаду і Усходу.
Нашчадкі Рагнеды далі Кіеўскай Русі пісаныя законы. Нашчадак князёў Вялікага княства заснаваў польскую каралеўскую дынастыю. Другі нашчадак князёў Вялікага княства здолеў супыніць феадальнае разбурэнне Масковіі і закласці аснову будучай Расіі. Гаворка ідзе пра ўнука Вітаўта, сына Соф'і Вітаўтаўны Васіля II Цёмнага.
Татарскія ханы патрабавалі, каб дзеці маскоўскіх князёў знаходзіліся ў Ардзе як заложнікі. Калі Дзмітрый Данскі рыхтаваўся да барацьбы з татарамі, яго сын уцёк з Арды. Здарылася так, што князь Вітаўт дапамог яму схавацца ў Малдавіі. У памяць аб гэтых падзеях Вітаўт і аддаў сваю дачку Соф'ю за сына Дзмітрыя Данскога.
Сына Соф'і Вітаўтаўны і Васіля чакаў вельмі складаны лёс. Пасля смерці свайго бацькі ён у дзесяцігадовым узросце заняў маскоўскі прастол. Але ў яго быў моцны сапернік — дзядзька Юрый, родны брат бацькі Васіля. Юрый хацеў сам стаць вялікім князем маскоўскім, але Соф'я Вітаўтаўна перашкодзіла гэтаму. Юрый спалохаўся, што яна папросіць дапамогі ў свайго бацькі — ваяўнічага Вітаўта і адступіўся. Калі Вітаўт памёр, Юрый пачаў зноў дамагацца прастола. Каму быць вялікім князем, звычайна вырашаў татарскі хан. Юрый адвёз у Арду багатыя падарункі і спадзяваўся, што пераможа Соф'ю Вітаўтаўну і яе сына, свайго пляменніка.
Соф'я паслала да хана вельмі хітрага і спрытнага баярына Усеваложскага. Той перасварыў паміж сабой хана і яго падначаленых, якія падтрымлівалі князя Юрыя, і дамогся, каб прастол застаўся сыну Соф'і — Васілю.
Усеваложскі спадзяваўся, што малады князь ажэніцца з яго дачкою. Але Соф'я Вітаўтаўна абрала сыну іншую нявесту. У Маскве жыў князь Уладзімір Храбры, герой Кулікоўскай бітвы. Ён меў за жонку дачку вялікага Альгерда — Алену. Соф'я сама была замужам далёка ад роднае стараны, і добра ведала, што гэта такое. Таму яна ажаніла сына з дачкой Уладзіміра Храбрага і Алены.
Гэта пакрыўдзіла Усеваложскага. Ён пакінуў Маскву, княжацкі двор і паступіў на службу да Юрыя. Юрый не пакінуў намеру завалодаць прастолам. Супраць былі яго сыны — Шчамяка і Касы. Яны хацелі памірыць бацьку з Васілём і Соф'яй Вітаўтаўнай. Шчамяка і Касы прыехалі на вяселле вялікага князя. На Касым быў пояс, аздоблены каштоўнымі камянямі. Некалі ён належаў жонцы Дзмітрыя Данскога, ды потым яго хітра падмянілі і ён знік. Соф'я ведала гэтую гісторыю. Калі б пояс не ўкралі, ён бы дастаўся ёй у спадчыну. Убачыўшы пояс у Касога, Соф'я не стрымала свайго гневу і сарвала яго. Касы і Шчамяка абурыліся — пояс яны не ўкралі, а купілі і не ведалі, каму ён належаў раней.
Усе гэтыя падзеі выкарыстаў Усеваложскі. Пачалася міжусобная вайна. Князь Юрый і яго сыны перамаглі, выгналі Соф'ю і Васіля з Масквы, захапілі велікакняжацкі прастол. Але князь Юрый раптоўна памёр, а Касы трапіў у палон, і яго асляпілі. Тады Шчамяка падсцярог Васіля, калі той паехаў маліцца, і, помсцячы за брата, тут жа ў царкве асляпіў яго. З тае пары Васіля пачалі называць Цёмным.
Міжусобная вайна працягвалася. I здарылася так, што баяры і народ падтрымалі сляпога князя і Соф'ю Вітаўтаўну. Сабраўшы моцнае войска, Васіль Цёмны разграміў Шчамяку і вярнуўся ў Маскву. Маладая дзяржава была выратавана ад распаду.
I лёс Соф'і, і лёс Васіля Цёмнага мала звязаны з іх радзімай — беларускай зямлёй. Але нам, іх нашчадкам, трэба памятаць пра сваіх продкаў, ведаць іх след у гісторыі, дзе б ён ні застаўся...
Свідрыгайла
СВІДРЫГАЙЛА — Вялікі князь Вялікага княства з 1430 г. па 1432 г. Нарадзіўся ў 1370 г. Памёр ў 1452 г.
Пасля смерці Вітаўта ўнутранае становішча краіны пагаршалася з году ў год. Частка насельніцтва Вялікага княства была праваслаўная, а другая — каталіцкая. Католікаў падтрымлівала Польшча. На соймах-з'ездах шляхты прымаліся законы супраць праваслаўных. Беларускую мову, якая лічылася дзяржаўнай, спрабавалі памяняць на польскую. Праваслаўныя памяталі свае старыя прывілеі і ўзняліся на барацьбу. Яны сабраліся на з'езд і абвясцілі вялікім князем Свідрыгайлу. Усе ведалі, што ён падтрымліваў праваслаўе. Да таго ж беларуская шляхта паважала гэтага князя-вандроўніка і ваяку.
Калісьці яшчэ Вітаўт выгнаў яго з Віцебска, дзе ён княжыў. Свідрыгайла ўцёк у Маскву. У Маскве высока ацанілі яго воінскія здольнасці. Князю далі ва ўладанне горад Уладзімір. Але ён не ўседзеў доўга на адным месцы і збег з Масковіі аж да немцаў, бо хацеў адпомсціць Вітаўту. У адным з баёў ён трапіў да Вітаўта ў палон і аказаўся ў падзямеллі віленскай турмы.
У ноч перад Вялікаднем два праваслаўныя князі Фёдар Астрожскі і Аляксандр Нос патаемна вызвалілі Свідрыгайлу, і ён зноў набыў волю.