Каб умацаваць сваю ўладу і паслабіць сілу баярства, Іван загадаў вянчаць яго на царства і стаў такім чынам першым рускім царом. Пасля каранацыі абвясцілі, што ўладу ён атрымаў ад Бога і адказваць будзе толькі перад Богам. А калі хто з баяраў паспрабуе адабраць у цара ўладу, яго праклянуць у царкве.
Вельмі складана асэнсаваць ролю цара Івана, які ў гісторыі атрымаў мянушку Грознага. Ён пакараў смерцю многіх баяраў, нарабіў шмат зла. Але ж ён заваяваў Казань, назаўсёды пакончыў з ардою, што некалі валодала Масковіяй, пры ім склалі судзебнік — збор законаў, пры Грозным да Масковіі пачалі далучаць Сібір.
Шмат гора пацярпелі ад цара Івана Грознага беларускія землі. Ён распачаў вайну з Вялікім княствам, захапіў Полацк. Загінула шмат людзей.
Але з гісторыі не выкрасліш ні слова, ні падзеі. Звернемся да той думкі, што нам трэба ведаць пра сляды, якія пакінулі нашы продкі. Іван Грозны — нашчадак выхадцаў з беларускіх зямель Глінскіх адкрыў новую эпоху ў Масковіі — Расіі. Яго імя стала сімвалам жорсткасці і самаўладдзя. Тым не менш народ з усіх расійскіх цароў найперш памятае яго ды Пятра Першага, які таксама загубіў мноства людзей. Можа, у гэтым і ёсць нейкі патаемны сэнс чалавечай гісторыі.
Францыск Скарына
ФРАНЦЫСК СКАРЫНА — Беларускі першадрукар. Нарадзіўся ў 1490 г. Памер у 1551 г.
Францыск Скарына — наш самы славуты зямляк. Сярод вялікіх людзей нашай зямлі ён стаіць, бадай што, на першым месцы. Скарына і вучоны, і пісьменнік, і выдатны асветнік. Але самае галоўнае — ён першадрукар не толькі ў Беларусі, а наогул на ўсіх усходнеславянскіх землях.
На жаль, пра жыццё Скарыны захавалася вельмі мала звестак. Ён нарадзіўся ў сям'і купца ў старажытнай сталіцы беларускай зямлі — Полацку. У Полацку ён атрымаў першапачатковую адукацыю, вывучыў лацінскую мову. У той час гэтая мова лічылася міжнароднай мовай навукі, на ёй чыталі лекцыі ва універсітэтах усіх краін. Веданне лацінскай мовы адкрывала шлях да адукацыі. Скарына паехаў у Кракаў і паступіў вучыцца ў кракаўскі універсітэт. Ён скончыў яго з вучонай ступенню бакалаўра філасофіі. Але юнак прагнуў ведаў і праз некаторы час апынуўся ў Італіі. Закончыўшы Падуанскі універсітэт, Скарына атрымаў дыплом доктара медыцыны.
Скарына бачыў, што Еўропа больш адукаваная, чым усходнія землі і яго радзіма. У Італіі, Германіі было шмат кніг, бо іх друкавалі ў друкарнях, а не перапісвалі ад рукі. I ён вырашыў друкаваць кнігі на беларускай мове. У той час галоўнай кнігаю лічылася Біблія. Скарына паехаў у Прагу і там надрукаваў Біблію на роднай мове. А потым вярнуўся ў Вільню і заснаваў першую ў Вялікім княстве друкарню.
Скарына пражыў складанае жыццё, падрабязнасці пра якое гісторыя да нас не данесла. Вядома толькі, што ў апошнія гады ён вымушаны быў зноў паехаць у Прагу, дзе працаваў каралеўскім батанікам. У Празе, далёка ад роднага Полацка, Скарына і памёр.
Нашчадкам засталася справа Скарыны. Пасля яго кнігадрукаванне распаўсюдзілася на ўсходнеславянскіх землях, у тым ліку ў Беларусі. Паслядоўнікі беларускага друкара Пётр Мсціславец і Іван Фёдараў заснавалі друкарню і ў Маскве.
Але Скарына быў не толькі друкаром. З гравюр, змешчаных у кнігах, відаць, што ён выдатны мастак. А прадмовы, пасляслоўі, каментарыі сведчаць аб ім як адным з найцікавейшых пісьменнікаў. У адной з прадмоў Скарына выказаўся як узнёслы патрыёт сваёй зямлі: «...звяры, што ходзяць у пустыні, ведаюць ямы свае, птушкі, што лётаюць у паветры, ведаюць гнёзды свае, рыбы, што плаваюць па моры і ў рэках, адчуваюць віры свае, пчолы і ім падобныя бароняць вуллі свае. Гэтак жа і людзі, — дзе нарадзіліся, да таго месца і вялікую ласку маюць».
З гэтымі словамі Скарына і ўвайшоў у гісторыю нашай радзімы.
Апошнія князі Вялікага княства
ЖЫГІМОНТ СТАРЫ — вялікі князь Вялікага княства і кароль Польшчы. Нарадзіўся ў 1467 г. Памёр ў 1548 г.
ЖЫГІМОНТ ІІ АЎГУСТ — вялікі князь Вялікага княства з 1544 г,кароль Польшчы з 1548 г. Нарадзіўся ў 1520 г. Памёр ў 1572 г.
У той час, калі Міхаіл Глінскі вёў сваё прыгодніцкае жыццё ў Масковіі, Вялікае княства зноў стала незалежным. Кароль польскі і адначасова вялікі князь Вялікага княства Жыгімонт Стары дазволіў беларускім панам абраць свайго сына Жыгімонта II вялікім князем. Наогул, праваслаўная беларуская шляхта шмат дамаглася ад Жыгімонта Старога. Самае галоўнае дасягненне — прыняцце Статута Вялікага княства. Гэта быў найвыдатнейшы збор законаў, якія потым выкарыстоўваліся ў многіх суседніх краінах.
Але хутка зноў паўтарылася тое, што ўжо двойчы здаралася: пасля смерці свайго караля палякі запрасілі вялікага князя Вялікага княства Жыгімонта II Аўгуста на свой прастол. Зноў дзвюма дзяржавамі кіруе адзін уладар.
Жыгімонт II Аўгуст меў за жонку сястру беларускага магната Радзівіла — прыгажуню Барбару Радзівіл. Свякроў, жонка Жыгімонта Старога, каварная італьянка каралева Бона атруціла яе. З тае пары кароль стаў усё больш прыслухоўвацца да думкі польскіх прыдворных і прытрымлівацца інтарэсаў Польшчы.
Пры Жыгімонце II Аўгусце расійскі цар Іван Грозны пачаў вайну з Вялікім княствам. Ён лічыў землі аж да Гродна сваімі на той падставе, што на іх жылі праваслаўныя, і патрабаваў, каб Вялікае княства ўвайшло ў склад Масковіі. Вайна ўспыхнула з-за Лівоніі (так называліся землі, дзе яшчэ засталіся нямецкія рыцары Лівонскага ордэна).
Спачатку войскі Івана Грознага атрымлівалі адну перамогу за другой. У хуткім часе здаўся Полацк. Некалькі год вайны знясілілі Вялікае княства. Беларускія паны папрасілі дапамогі ў Жыгімонта II Аўгуста. На з'езд у горадзе Любліне сабраліся прадстаўнікі польскіх і беларускіх зямель. Палякі згадзіліся дапамагчы. Але запатрабавалі, каб Польшча і Вялікае княства ўз'ядналіся ў адну дзяржаву — Рэч Паспалітую, што значыць Рэспубліка Народная. Мелася на ўвазе, што кіраваць дзяржавай будзе адзін кароль Рэчы Паспалітай. Беларускія паны адмовіліся. Дэпутаты Вялікага княства пакінулі з'езд. Тады Жыгімонт II Аўгуст нанёс Вялікаму княству ўдар у спіну. Ён абвясціў закон, паводле якога землі сучаснай Украіны, што ўваходзілі ў склад Вялікага княства, адышлі да Польшчы.
Узнікла пагроза, што Вялікае княства знішчаць націскам з двух бакоў — з усходу і з захаду. Беларускім дэпутатам давялося вярнуцца на сойм і пагадзіцца на аб'яднанне з Польшчай. Спрэчкі цягнуліся некалькі месяцаў. Беларускіх паноў узначальваў самы багаты і славуты магнат — Мікалай Радзівіл. Вялікае княства здолела захаваць юрыдычную і фактычную самастойнасць. Яно падпарадкоўвалася агульнаму каралю, але соймы, на якіх вырашаліся ўсе галоўныя пытанні, павінны былі праходзіць па чарзе ў Варшаве і Гродне. Вялікае княства мела сваё, асобнае войска, свае грошы, свой суд і законы, дзяржаўнай мовай засталася беларуская. Але ўсё ж афіцыйна незалежнасць была страчана, і ў роспачы Мікалай Радзівіл назваў сойм у Любліне пахаванне Вялікага княства. I гэта было так, бо вялікая і славутая дзяржава, што прасціралася ад мора да мора, як самастойная перастала існаваць. З гэтага часу Беларусь уваходзіла як частка ў феадальную дзяржаву Рэч Паспалітая, а пазней была ўключана ў склад Расійскай імперыі.
Мялецій Сматрыцкі і Іасафат Кунцэвіч
СМАТРЫЦКІ МЯЛЕЦІЙ — царкоўны дзеяч. Нарадзіўся ў 1572 г. Памёр у 1630 г.
КУНЦЭВІЧ ІАСАФАТ — царкоўны дзеяч. Нарадзіўся ў 1580 г. Загінуў у 1623 г.
Імёны Сматрыцкага і Кунцэвіча яскрава паказваюць усю супярэчлівасць таго часу. У іх дзейнасці адлюстравалася барацьба католікаў і праваслаўных. Гэта барацьба мела свае прычыны. Некалі большая частка беларускага насельніцтва ахрысцілася па праваслаўным абрадзе. Пазней многія перайшлі ў каталіцтва. У нап час і католікі і праваслаўныя імкнуцца жыць мірна. Але раней спрэчкі паміж імі прыводзілі і да жорсткіх сутыкненняў, і да войнаў. У гэтым няма нічога надзвы чайнага. Так было ў многіх краінах. У Расіі праваслаўныя і раскольнікі доўгі час варожа ставіліся адзн да аднаго. У Еўропе католікі і пратэстанты неаднойчы ваявалі. Адна з такіх войнаў цягнулася аж трыццаць гадоў, у ёй удзельнічалі амаль усе краіны Еўропы. А жорсткая міжусобіца паміж пратэстантамі і католікамі ў Францыі сёння прыводзіць у жах — пасля іх бойкі па вуліцах Парыжа цяклі рэкі крыві. Стагоддзямі ваявалі хрысціяне і мусульмане.
У Вялікім княстве рэлігійныя супярэчнасці таксама даходзілі часам да варожасці і крыві. Вялікае княства ўжо ўвайшло ў Рэч Паспалітую, дзе галоўнай рэлігіяй лічылася каталіцкая. Рэч Паспалітая вяла цяжкія войны з Масковіяй — Расіяй. А праваслаўныя жыхары беларускіх зямель, якія духоўна падпарадкоўваліся маскоўскаму мітрапаліту, былі як дзяржаўныя здраднікі. З другога боку, тыя, што адракліся ад праваслаўя і сталі католікамі, выглядалі здраднікамі ў вачах праваслаўных. Узаемныя прэтэнзіі і даводзілі да сварак.