Асабліва ўскладніліся абставіны пасля ўвядзення уніі. Унія — значыць «саюз», саюз праваслаўных і католікаў. Улады Польшчы і папа рымскі хацелі, каб праваслаўныя, захаваўшы свае абрады, падпарадкоўваліся не маскоўскаму мітрапаліту, а папе рымскаму. Некаторыя праваслаўныя згадзіліся, некаторыя адмовіліся. Вось і прычыны для новых спрэчак.
У гэты час і жылі Мялецій Сматрыцкі і Іасафат Кунцэвіч.
Сматрыцкі нарадзіўся ў гарадку Смотрыч на Украіне (у той час землі Украіны ўваходзілі ў склад Вялікага княства). Бацька яго быў пісарам у князя Астрожскага. Астрожскі, багаты магнат, чалавек, з якім лічыліся ўсе, нават кароль, праславіўся як стойкі абаронца праваслаўя. У яго маёнтку друкар Іван Фёдараў надрукаваў славутую Астрожскую Біблію. Бацька Сматрыцкага дапамагаў рыхтаваць гэта выданне. Астрожскі заснаваў школу — нешта накшталт універсітэта. Мялецій закончыў гэтую школу. I князь, ведаючы пра яго поспехі ў навуках, даў яму магчымасць працягваць вучобу — паехаць у Вільню, дзе адкрылася акадэмія. Вучыліся ў ёй толькі католікі, езуіты. Але там можна было атрымаць сапраўдную адукацыю.
У гэты час і ўзнікла царкоўная унія. Рэктар Віленскай акадэміі бліскучы прапаведнік Пётр Скарга падтрымліваў яе. Апякун і заступнік Сматрыцкага князь Астрожскі пачаў барацьбу супраць уніі.
Мялецій Сматрыцкі скончыў акадэмію і стаў хатнім настаўнікам дзяцей князя Саламярэцкага. Разам са сваімі вучнямі ён едзе ў Заходнюю Еўропу, разам з імі слухае лекцыі ва універсітэтах Нюрнберга, Лейпцыга, Вітэнберга. Сматрыцкі нават паспеў здаць экзамены і атрымаць дыплом доктара медыцыны. Пасля вяртання на радзіму ён становіцца настаўнікам у адной з брацкіх школ Вільні.
Брацтвамі тады называлі аб'яднанні праваслаўных, якія не паддаліся ўплыву палякаў і католікаў. Яны засноўвалі школы, дзе вучылі дзяцей не на лацінскай, а на роднай мове. Брацтвы мелі свае друкарні, выпускалі кнігі. На Украіне іх падтрымлівалі казакі. Так запарожскае войска ўваходзіла ў адно з такіх брацтваў у горадзе Кіеве. Многія праваслаўныя магнаты давалі брацтвам грошы. У гэты час абвастрыліся адносіны паміж католікамі, уніятамі і праваслаўнымі. Праваслаўны мітрапаліт Вільні Пацей прызнаў унію. З яго дазволу ў праваслаўных пачалі адбіраць цэрквы. Дайшло да сутычак.
Мялецій Сматрыцкі ў адказ на ўсе гэтыя падзеі выдаў кнігу «Фрынас, або Плач адзінай усходняй царквы аб сваіх дзецях». Ён апісаў пакуты праваслаўных, асудзіў усіх, хто здрадзіў праваслаўнай царкве, і на высокім філасофскім і багаслоўскім узроўні даказваў правы праваслаўных.
Кніга мела вялізны поспех сярод праваслаўных. Яе перадавалі з рук у рукі, чыталі патаемна, за яе, як пісалі сучаснікі, многія былі гатовы аддаць жыццё. Аўтара называлі абаронцам веры, ён аказаўся ў першых радах барацьбітоў за праваслаўе.
Католікі і уніяты сустрэлі кнігу варожа. Польскі кароль Жыгімонт III Ваза загадаў спаліць яе, а аўтара кінуць у турму. Сматрыцкага выратавала тое, што кніжку ён падпісаў не сваім імем, а псеўданімам. Друкарню брацтва, дзе друкавалі кнігу, закрылі.
Пастрыгшыся ў манахі, Мялецій Сматрыцкі год неадступна працаваў і стварыў «Граматыку» славянскай мовы. Гэта быў сапраўдны подзвіг. Больш за пяцьсот гадоў існавалі ўсходнеславянскія дзяржавы Кіеўская Русь, Полацкае княства, Масковія-Расія, Вялікае княства; больш за пяцьсот гадоў на стараславянскай мове размаўлялі, пісалі летапісы і мастацкія творы, дзяржаўныя акты і законы, а граматыкі гэтай мовы не было. I вось яна створана Мялеціем Сматрыцкім. Па ёй сотні гадоў будуць вучыць мову, і Ламаносаў некалі скажа «Граматыка Сматрыцкага... — «врата» маёй вучонасці», Так, для мноства тых вучоных і пісьменнікаў, што чыталі і пісалі славянскімі літарамі, «Граматыка» Сматры цкага стала «вратами» ў навуку. Па яе ўзору стваралісі ўсе пазнейшыя граматыкі рускай, а таксама балгарскаі моў. Аўтарытэт Сматрыцкага вырас яшчэ больш. У Кіеі прыехаў адзін з патрыярхаў усходняй праваслаўнай царквы. Ён назначыў чатырох новых праваслаўных архіепі скапаў — намеснікаў мітрапаліта. Адным з іх — архіепіскапам Полацкім, Віцебскім і Мсціслаўскім — стаў Мялецій Сматрыцкі.
Так сын простага пісара, звычайны манах дзякуючь сваім талентам дасягнуў вышэйшай царкоўнай улады. тут яго шлях перакрываўся з шляхам другога царкоў нага дзеяча — Іасафата Кунцэвіча.
Іасафат Кунцэвіч нарадзіўся ў сям'і небагатага шаўца.
Ён трапіў у езуіцкую школу і перайшоў з праваслаўя ў каталіцтва. Усёй душой Кунцэвіч аддаўся барацьбе за перамогу сваіх новых уяўленняў аб веры. Поспехі ў вучобе і выдатны талент прамоўцы дазволілі яму хутка а простага званара стаць архіепіскапам Полацка. Яму ўдалося пераканаць многіх — ад простых гараджан да знатных князёў. Сам папа рымскі ведаў пра яго дзейнасць і падтрымліваў.
Сматрыцкі і Кунцэвіч сталі архіепіскапамі аднаго горада — Полацка. Гэта парадзіла варожасць паміж імі.
Аднойчы ў Віцебску, агітуючы за каталіцтва і унію, Кунцэвіч узбудзіў супраць сябе натоўп праваслаўных гараджан, і тыя, раз'ярыўшыся ад яго прамоў, забілі Кунцэвіча. Каталіцкая царква пасля гэтага абвясціла яго святым.
Сматрыцкі, спалохаўшыся, што яго абвінавацяць у падбухторванні да забойства саперніка, з'ехаў у Кіеў, а потым — у Канстанцінопаль. Пасля вяртання ён пасварыўся ў Кіеве з праваслаўнымі манахамі і нечакана для ўсіх адрокся ад праваслаўя і стаў уніятам. Гэта абурыла ўсіх, хто шанаваў яго як барацьбіта з католікамі і уніятамі. Казакі нават абяцалі, што заб'юць здрадніка. I Мялецій хаваўся ў манастырах. Пражыў пасля гэтых падзей ён нядоўга, але паспеў напісаць кнігу, у якой услаўляў унію.
Жыццё гэтых двух царкоўных дзеячаў адлюстравала тую складаную барацьбу, якая ахапіла Вялікае княства. Раней адны вучоныя ўслаўлялі Сматрыцкага і ганьбілі Кунцэвіча, другія наадварот. Цяпер многія пачынаюць разумець, што так рабіць нельга. I Сматрыцкі, і Кунцэвіч — сыны свайго часу. I адзін, і другі пакінулі глыбокі след у духоўнай культуры. Кожнаму з іх належыць дастойнае месца ў гісторыі Беларусі.
Сімяон Полацкі
СІМЯОН ПОЛАЦКІ — Пісьменнік. Нарадзіўся ў 1629 г. Памёр у 1680 г.
На старонках гэтай кнігі мы ўжо не раз сутыкнуліся з тым, што выхадцы з беларускіх зямель мелі ўплыў на суседнія дзяржавы, асабліва Масковію, Расію. Успомнім значэнне для Кіеўскай Русі законаў, што ўпершыню запісаў сын Рагнеды Полацкай Яраслаў Мудры, успомнім творы Кірылы Тураўскага, дзейнасць Ефрасінні Полацкай. Адукацыю і культуру неслі на ўсход жонкі вялікіх князёў маскоўскіх Соф'я Вітаўтаўна і Алена Глінская. Францыск Скарына даў народам усходнеславянскіх зямель друкаваную кнігу.
Нельга забыць і Сімяона Полацкага, які адыграў вельмі важную ролю ў гісторыі Масковіі-Расіі.
Сімяон Полацкі нарадзіўся ў Полацку, у сям'і купца. Доўгі час ён вучыўся ў Кіеве, а потым у Віленскай акадэміі. Яго лічылі адным з самых адукаваных людзей таго часу. Сімяон Полацкі пастрыгся ў манахі і доўгі час працаваў у брацкай школе ў Полацку. Яго ведалі як славутага настаўніка, выкладчыка. Калі пачалася чарговая так званая руска-польская вайна, войскі расійскага цара Аляксея Міхайлавіча захапілі Полацк. Сімяон быў праваслаўны, і ён вітаў гэта. Манах, паэт і настаўнік сустрэўся з царом. Цар запрасіў яго ў Маскву, бо спадзяваўся, што вучоны дапаможа наладзіць адукацыю ў Расіі.
Апынуўшыся ў Маскве, Сімяон Полацкі па загадзе цара ўзначаліў школу, у якой вучыліся будучыя дыпламаты.
У царкоўных справах Сімяон падтрымаў патрыярха Нікана. Калі ў Маскве склікалі вялікі сабор, на якім вырашаліся галоўныя пытанні веры, ён быў там перакладчыкам, бо добра ведаў і грэчаскую і лацінскую мовы. Неўзабаве цар даручыў Сімяону Полацкаму выхаванне сваіх дзяцей. Дзякуючы адукацыі і шырокаму кругагляду наследнікі цара заклалі асновы тых перабудоў і перамен, якія завяршыў Пётр I. Так просты полацкі манах паўплываў на лёс вялікай дзяржавы.
Але Сімяон Полацкі вядомы ў гісторыі не толькі як выхавацель царскіх дзяцей. Ён стаў адным з пачынальнікаў рускай паэзіі. Сімяон быў вядомым паэтам яшчэ ў Полацку. Ён пісаў на лацінскай, польскай, беларускай мовах. У Маскве паэт напісаў па-руску некалькі п'ес для прыдворнага тэатра. Па сутнасці, гэта першыя драматургічныя творы ў рускай літаратуры. Але найбольш праславіўся Сімяон Полацкі як паэт. Зборнікі яго вершаў «Рыфмалагіён, або Вершаслоў» і «Вертаград многакаляровы» паклалі пачатак новай, пасля старажытнага перыяду, рускай літаратуры. Падмурак, што заклаў беларус Сімяон Полацкі, умацуюць Ламаносаў і Дзяржавін, а цудоўны палац на гэтым падмурку збудуе геніяльны Пушкін.
Славутыя магнаты
РАДЗІВІЛ ЮРЫЙ — ваявода і гетман. Нарадзіўся ў 1480 г. Памёр у 1541 г.
РАДЗІВІЛ БАРБАРА — жонка караля Жыгімонта ІІ Аўгуста. Нарадзілася ў 1520 г. Памерла ў 1551 г.