Святаполк разумеў, што Яраслаў як старэйшы сын Рагнеды мае правы на кіеўскі прастол і ім не пазбегнуць барацьбы.
Яраслаў ужо быў жанаты з дачкой шведскага караля Інгігердай. Ён сабраў вялікую дружыну і рушыў на поўдзень. Святаполк запрасіў на дапамогу ворагаў славян — печанегаў. Войскі сустрэліся на Дняпры. Воіны Яраслава ведалі пра злачынства Святаполка і былі гатовы змагацца супраць яго да перамогі. Яны пераправіліся цераз Дняпро і адштурхнулі ад берага ладдзі, каб не было магчымасці бегчы з поля бою. Кіяўляне не любілі Святаполка і не хацелі ваяваць за яго.
Святаполк пасля разгрому схаваўся ў цесця — польскага караля Баляслава, які згадзіўся дапамагчы яму ў барацьбе за прастол. Яраслаў не чакаў нападзення, ён паспешліва сабраў дружыну, выйшаў насустрач і пацярпеў паражэнне. Ад усяго яго войска засталося толькі чатыры воіны, з якімі ён і ўцёк у Ноўгарад. Яраслаў ужо хацеў плысці да свайго цесця — шведскага караля, але наўгародцы пасеклі ладдзі і не адпусцілі князя. Сабралася апалчэнне. Яно было гатова зноў біцца са Святаполкам, якога за яго злачынства празвалі Акаянным. Яраслаў папрасіў дапамогі ў Полацка, у Брачыслава. Малады полацкі князь даводзіўся Яраславу родным пляменнікам, бо род абодвух вёўся ад Рагвалода. Абодва яны мелі права на кіеўскі прастол — Брачыслаў як унук Уладзіміра, а Яраслаў як адзін з яго старэйшых сыноў. З гэтай нагоды яны і аб'ядналіся ў барацьбе супраць Святаполка, які ў той час пры дапамозе польскага войска захапіў Кіеў. Але, сеўшы на велікакняжацкі прастол, Святаполк загадаў перабіць палякаў, якія перашкаджалі яму цяпер валодаць Кіевам. I калі Яраслаў і Брачыслаў пайшлі на яго, ён зноў паклікаў печанегаў. Войскі сустрэліся на тым месцы, дзе быў забіты князь Барыс. Яраслаў і Брачыслаў разбілі Святаполка і вызвалілі Кіеў. Святаполк уцёк з поля бою на яго напаў страх, яму здавалася, што за ім ідуць услед. I ён памёр ад гэтага страху. А Яраслаў і Брачыслаў тры гады разам займалі велікакняжацкі прастол.
Здавалася, павінен наступіць мір, бо цяпер усе галоў ныя гарады — Кіеў, Полацк і Ноўгарад — былі ў руках нашчадкаў полацкага Рагвалода — сына і ўнук Рагнеды. Але Яраслаў у хуткім часе выжыў пляменніка са сталіцы, і пакрыўджаны Брачыслаў вярнуўся ў Полацк.
Полацкае веча прыняло Брачыслава і вырашыла адпомсціць Яраславу. Так пачалася шматгадовая барацьбг полацкіх і кіеўскіх князёў. Кіеў хацеў падпарадкавапь сабе Полацкае княства, а палачане са сваімі князям: абаранялі незалежнасць і заўсёды памяталі пра тое, што яны маюць права і на кіеўскі велікакняжацкі прастол.
Пасля выгнання Брачыслава з Кіева, полацкае войска на чале са сваім князем напала на Ноўгарад. Палачане штурмам узялі горад. Брачыслаў пакінуў кіраваць Ноўгарадам сваіх намеснікаў і з багатым набыткам пайшоў у Полацк. Яраслаў даражыў Ноўгарадам не менш, чым Кіевам. Даведаўшыся пра тое, што здарылася, ён кінуўся са сваёй дружынай напярэймы Брачыславу і дагнаў яго на рэчцы Судоме. Большая часа дружыны Яраслава складалася з наўгародцаў, якія ваявалі перад тым са Святаполкам. У жорсткім баі перамагло войска Яраслава. Брачыслаў пайшоў у Полацк і падрыхтаваўся да абароны. Але Яраслаў не стаў нападаць. Ён адправіў да Брачыслава паслоў з прапановай міру і ўступіў яму два гарады — Усвяты і Віцебск, якія раней падпарадкоўваліся Полацку. Брачыслаў згадзіўся. Ён заключыў з Яраславам саюз і пазней дапамагаў яму ў многіх ваенных паходах. Яны разам хадзілі вайною на суседнія з полацкім княствам плямёны яцвягаў і літоўцаў і прымусілі іх плаціць даніну. Калі памёр Брачыслаў, Яраслаў пасля аднаго з такіх паходаў заснаваў горад Новагародак — сучасны Навагрудак. Гэты горад пазней адыграе важную ролю ў беларускай гісторыі.
Яраслаў стаў адным з самых знакамітых князёў, якія валодалі Кіевам. Сын Полацкай Рагнеды ўпершыню сярод усходніх славян увёў у сваёй дзяржаве пісаныя законы. Яны былі сабраны ў кнізе, якая атрымала назву «Руская праўда». Летапіс апавядае, што склаўшы гэты першы судзебнік, ён сказаў:
— Па гэтай грамаце жывіце, як напісана, гэтым і кіруйцеся.
Пазней законы Яраслава дапаўняліся іншымі князямі. Па іх у старажытнай Кіеўскай дзяржаве судзілі некалькі стагоддзяў. У гісторыі ўсходніх славян летапісны спісак законаў Яраслава можна параўнаць з тым каменем, на якім былі запісаны першыя ў гісторыі чалавецтва законы цара Хамурапі ў Старажытным Вавілоне, або з меднымі дошкамі законаў Старажытнага Рыма, на якія потым раўняліся законы ўсіх еўрапейскіх дзяржаў. На іх аснове заключаліся палітычныя дагаворы, перамір'і і саюзы. За сваё жыццё Яраслаў зрабіў шмат чаго, што назаўсёды ўвайшло ў гісторыю. Але самае значнае — гэта яго законы. Менавіта за іх яго празвалі Мудрым.
Яраслаў Мудры клапаціўся і пра адукацыю. Ён сам умеў чытаць і пісаць, што ў тыя часы было вялікай рэдкасцю. Пры ім у Кіеве пачалі перапісваць кнігі, ён стварыў і першае вучылішча, у якім трыста юнакоў набылі пісьменнасць, адкрыў першую на той час бібліятэку, якая месцілася ў царкве. Летапісец, апавядаючы пра яго клопат аб кнігах, напісаў словы, якія сталі славутыя:
— Вялікую карысць маюць людзі ад кнігі. Кнігі настаўляюць і навучаюць, менавіта ад слоў кніжных маем мы мудрасць.
Пры Яраславе Мудрым быў пабудаваны і храм Святой Сафіі, які сваім багаццем і прыгажосцю сапернічаў з цэрквамі Царграда-Канстанцінопаля. Яраслаў упершыню абнёс Кіеў каменнымі сценамі са славутаю Залатою Брамаю. Пры Яраславе каля Кіева ўзвялі і першы манастыр — Пячэрскі. Такую назву ён атрымаў таму, што да Яраслава манахі жылі у пячорах, якія капалі пад узгоркамі. Пасля таго як Яраслаў адбудаваў Пячэрскі манастыр, у ім жылі многія вядомыя манахі. Гэты манастыр стаў цэнтрам праваслаўнай рэлігіі ў старажытнай Кіеўскай дзяржаве.
Да Яраслава Мудрага мітрапалітаў — галоўных свяшчэннікаў — прысылалі ў Кіеў з Царграда-Канстанцінопаля. Яраслаў упершыню сам паставіў мітрапаліта — славяніна Іларыёна. Іларыён быў адукаваным чалавекам, пісьменнікам. Ён напісаў вядомае «Слова пра закон і пра ласку божую», якое заканчвалася малітвай у гонар непераможнасці вялікага славянскага народа.
Яраслава Мудрага называлі не проста вялікім князем, а самадзержцам і нават царом. Яго параўноўвалі з візантыйскім імператарам. Пры ім пачалі вырабляць і першыя на ўсходнеславянскіх землях грошы «яраславава серабро».
Дзякуючы поспехам Яраслава Мудрага старажытная Кіеўская дзяржава стала сусветна вядомай. Адну са сваіх дачок Яраслаў аддаў за венгерскага караля, другую — за нарвежскага, а трэцюю, Ганну — за французскага. Яна пасля смерці мужа доўгі час разам з сынам кіравала Францыяй.
Сыны Яраслава пабралі сабе за жонак дачок імператара Візантыі і польскага караля.
Усё гэта сведчыць пра тое, што ў Еўропе паважалі Яраслава і лічылі за гонар парадніцца з ім.
Летапісцы апавядаюць, што паміраў Яраслаў Мудры ў ясным розуме. У апошнюю хвіліну ён загадаў сабрацца ўсім сваім сынам і сказаў ім такія словы:
— Дзеці мае! Вось я пакідаю гэты свет. Любіце адзін аднаго, шануйце і бараніце. Памятайце: усе вы браты. I калі будзеце жыць у любві паміж сабою, Бог будзе за вас і вы пераможаце ўсіх ворагаў. А калі ўзненавідзіце адзін аднаго, пачняце сваркі і бойкі, то загінеце самі і загубіце зямлю бацькоў сваіх і дзядоў сваіх, што дабывалі гэтую зямлю цяжкай і вялікай працай.
А звяртаючыся да свайго старэйшага сына, Яраслаў пакінуў яму такі запавет:
— Калі хто з братоў узніме руку на брата свайго, дапамагай таму, каго крыўдзяць, а не таму, хто мацнейшы.
Яраслава пахавалі ў Сафійскай царкве, у мармуровай труне, якая захавалася да сённяшняга часу.
Звычайна, калі апавядаюць пра гісторыю беларускай зямлі, забываюць расказаць пра Яраслава Мудрага. Ён жа княжыў не ў Полацку, а ў Кіеве. Але ж быў ён сынам полацкай Рагнеды, унукам полацкага Рагвалода! I мы павінны ганарыцца, што менавіта сын Рагнеды здолеў умацаваць старажытную Кіеўскую дзяржаву, даць ёй пісаныя законы. Ганарыцца тым, што дзякуючы намаганням менавіта ўнука Рагвалода старажытная Кіеўская дзяржава набыла тую моц і слыннасць, якія далі ёй магчымасць стаць вялікай славянскай дзяржавай, агульнай гістарычнай радзімай сучасных беларусаў, украінцаў і расіян.
Усяслаў Чарадзей
УСЯСЛАЎ БРАЧЫСЛАВАВІЧ — полацкі князь з 1044 г., сын князя Брачыслава Ізяслававіча. Год нараджэння невядомы. Памёр у 1101 г.
Усяслаў Полацкі — адзін з самых знакамітых полацкіх князёў. Прыгадаем яго продкаў: прапрадзед Усяслава — вялікі Рагвалод, заснавальнік дынастыі полацкіх князёў, прабабка — славутая Рагнеда, яго прадзед — Ізяслаў Полацкі, той што аднавіў дынастыю Рагвалодавічаў, яго бацька — Брачыслаў Полацкі, родны пляменнік Яраслава Мудрага.
Летапісы апавядаюць, што Усяслаў нарадзіўся ў сарочцы, таму і стаў удалым воінам. Ён заняў полацкі прастол пасля смерці свайго бацькі. Калі памёр Яраслаў Мудры і да ўлады прыйшлі яго сыны, выявілася, што на кіеўскі прастол маюць больш правоў нашчадкі Ізяслава, які быў старэйшым братам памерлага.
Але Усяслаў не думаў пра тое, каб перабрацца ў Кіеў, а хацеў узвысіць і ўмацаваць Полацк, каб надаць яму большую значнасць сярод галоўных гарадоў таго часу. Ён загадаў пабудаваць у Полацку Сафійскую царкву, бо такія ўжо былі ўзведзены ў Кіеве і ў Ноўгарадзе. Полацкі князь набраў дружыну і доўгі час рыхтаваўся да барацьбы з сынамі Яраслава Мудрага.