Гэтую барацьбу ён пачаў з нападу на Пскоў. Не здолеўшы ўзяць яго, Усяслаў нечакана пайшоў на Ноўгарад. Ноўгарад не вытрымаў удару, і войскі полацкага князя захапілі яго. Сучаснікі называлі Усяслава чарадзеем. Яны лічылі, што ён мог абарачацца ў ваўка і з'яўляцца то каля сцен Ноўгарада, то каля Кіева.
«Тройчы здабываў ён перамогу, адчыніў браму Ноўгарада, разбіў славу сыноў Яраслава, скочыў воўкам на Нямігу», — пісаў аўтар у паэме «Слова аб паходзе Ігаравым» пра славутага полацкага князя.
Сыны Яраслава павялі свае дружыны супраць Усяслава. Войскі сустрэліся на рацэ Нямізе. «I была сеча жорсткая, і многія пагінулі», — чытаем мы ў летапісе. А аўтар «Слова аб паходзе Ігаравым» апавядае: «На Нямізе снапы сцелюць з галоў, малоцяць цапамі булатнымі, на таку жыццё кладуць, веюць душу ад цела».
Сілы сыноў Яраслава аказаліся мацнейшыя, Усяслаў адышоў да Дняпра. Тады кіеўскія князі запрасілі яго на перагаворы. «Прыйдзі да нас, не зробім табе ніякага зла», — сказалі яны, пакляліся і пацалавалі крыж.
Усяслаў паверыў клятве, пераплыў на лодцы Дняпро і прыйшоў у шацёр да сыноў Яраслава. Кіеўскія князі схапілі яго, адвезлі ў Кіеў і пасадзілі ў цямніцу.
Летапісец піша, што Бог пакараў сыноў Яраслава за гэтую здраду — наслаў на іх страшэнных качэўнікаў-полаўцаў. У бітве з кіеўскай дружынай яны ўшчэнт разбілі сыноў Яраслава, і давялося ім зачыніцца ў Кіеве.
Жыхары Кіева, абражаныя паражэннем сваіх князёў, запатрабавалі даць зброю. Яны хацелі самі прагнаць качэўнікаў, якія рабавалі наваколлі Кіева. Але князі пабаяліся ўзбройваць народ. Тады натоўп гараджан кінуўся да княжацкага палаца. Князі ўцяклі з Кіева. Кіяўляне вызвалілі Усяслава і, па словах летапісца, праславілі яго сярод княжацкага двара — абралі вялікім князем.
Сем месяцаў Усяслаў Чарадзей княжыў у Кіеве. Ён прагнаў полаўцаў, зрабіў некалькі пераможных паходаў. Упершыню пад уладай полацкага князя аказаліся славянскія землі ад Ноўгарада і Полацка да берагоў Чорнага мора і горада Тмутаракань на яго ўзбярэжжы.
Але гэта былі вельмі ненадзейныя і нетрывалыя ўладанні. Усяслаў добра разумеў гэта. I калі старэйшы сын Яраслава, які збег з Кіева, з дапамогаю свайго цесця — польскага караля — рушыў на Кіеў, Усяслаў вярнуўся ў Полацк. Старэйшы сын Яраслава аднавіў сваю ўладу ў Кіеве, асадзіў і ўзяў Полацк. Усяслаў Чарадзей праз нейкі час адбіў сваю сталіцу. Увесь час, пакуль ён княжыў у Полацку, кіеўскія князі не пакідалі намеру перамагчы яго. Але гэта не ўдалося ні сынам Яраслава, ні Уладзіміру Манамаху, які авалодаў кіеўскім прастолам пасля іх. Усяслаў Чарадзей адстаяў і горад, і незалежнасць свайго княства, незалежнасць Полацкай зямлі — так у той час называлі беларускую зямлю.
Князі Полацкай зямлі
БАРЫС УСЯСЛАВАВІЧ — полацкі князь, сын Усяслава Брачыслававіча. Год нараджэння невядомы. Памер у 1128 г.
ГЛЕБ УСЯСЛАВАВІЧ — першы менскі князь. Нарадзіўся ў 1070г. Памёр у 1119 г.
ВАСІЛЬКА — полацкі князь. Жыў у 12 ст.
Цяжкія часы чакалі Полацкую зямлю пасля смерці Усяслава Чарадзея. Яго дзеці валодалі кожны сваім горадам і часта ваявалі паміж сабой. Улада аслабла. У Полацку сход гараджан — веча — то выганяў князёў з горада, то запрашаў зноў, потым зноў выганяў.
Нашчадкі Усяслава Полацкага ваявалі з нашчадкамі Яраслава Мудрага, кіеўскімі князямі. Але ніхто не праславіўся перамогамі ў гэтых войнах, бо родзіч ішоў на родзіча, славянін забіваў славяніна.
Такія падзеі адбываліся на той час не толькі на беларускай зямлі. Усе краіны сярэднявечча прайшлі праз гэта: і Францыя, і Італія, і Англія. Развальвалася і старажытная Кіеўская дзяржава.
Але, нягледзячы на тое, што час не нарадзіў сапраўдных князёў-герояў, варта расказаць пра некаторых з тых, каму дасталася спадчына Усяслава Чарадзея, бо і яны пакінулі след у нашай гісторыі.
Старэйшага сына Усяслава Полацкага звалі Барысам. Гэта імя, якое ён атрымаў пры хрышчэнні. А бацька назваў яго Рагвалодам, у гонар славутага прапрадзеда. Барысу-Рагвалоду і дастаўся полацкі прастол пасля смерці Усяслава Чарадзея. Князь Барыс Усяславіч быў жанаты з дачкою вялікага кіеўскага князя. Ён зрабіў некалькі паходаў на суседнія плямёны яцвягаў і земгалаў. Апошні паход скончыўся вельмі няўдала, і гараджане, сабраўшыся на вечы, прагналі Барыса і пасадзілі на трон аднаго з яго братоў.
Але не гэтым праславіўся Барыс. Вярнуўшыся са свайго пераможнага паходу супраць яцвягаў, князь Барыс Усяславіч Полацкі заснаваў на рэчцы Бярэзіне горад і назваў яго сваім імем — Барысаў. Горад гэты прастаяў не адну сотню гадоў, стаіць і цяпер; сваёй назвай шануе памяць аб полацкім князю.
Засталася памяць пра Барыса і дзякуючы Барысавым камяням. Гэтыя вялізныя валуны ляжалі ў рэчышчы Заходняй Дзвіны, а таксама каля вёскі Каменка недалёка ад Вілейкі і каля вёскі Высокі Гарадзец у Талачынскім раёне. На камянях высечаны шасціканцовыя крыжы і надпіс «Господи, помози рабу своему Борису». Гэтыя надпісы загадаў выбіць Барыс Усяславіч у 12 стагоддзі, 800 гадоў назад, каб увекавечыць сваё імя. Частка камянёў прапала. Да нашага часу захаваліся толькі 4 такія камяні. Яны данеслі да нас праз гады імя полацкага князя. Усе Барысавы камяні сёння з'яўляюцца гістарычнымі помнікамі.
Другі сын Усяслава Чарадзея — князь Глеб — атрымаў ва ўладанне невялікі тады гарадок Менск. Князь Глеб шмат ваяваў. Ад яго ішлі спрэчкі і сваркі паміж сынамі Усяслава Чарадзея. Ён рабіў набегі на сваіх суседзяў, рабаваў іх гарады і вёскі.
Такі тады быў час, так дзейнічалі многія князі. Кіеўскі князь Уладзімір Манамах перамог Глеба і асадзіў Менск. Глебу давялося заключыць з ім мір. Праз некаторы час Глеб Менскі ўзнавіў напады. I тады сын Уладзіміра Манамаха захапіў Менск, а самога Глеба адвезлі ў Кіеў і кінулі ў цямніцу. Так склаўся лёс Глеба Усяславіча Менскага.
Але імя князя Глеба назаўсёды звязана з Менскам. Прайшлі стагоддзі, Менск стаў сталіцай Беларусі, галоўным горадам беларускай зямлі. I мы заўсёды будзем памятаць, што першым князем у Менску быў сын Усяслава Чарадзея Полацкага — князь Глеб Усяславіч Менскі.
Усе гэтыя падзеі адбываліся ў 12 стагоддзі. Славянскія землі былі ахоплены войнамі паміж князямі-родзічамі. У Кіеве памёр князь Уладзімір Манамах, апошні магутны ўладар, які стрымліваў спрэчкі і бойкі. Цяжкі лёс чакаў і Полацкае княства. Яго князі — прамыя нашчадкі Рагнеды і Уладзіміра — заўсёды былі сапернікамі кіеўскіх князёў. Але ў часы Усяслава Чарадзея Полацк змог адстаяць сябе. Цяпер жа яго сыны і ўнукі ваявалі між сабой. Кіеўскі князь Мсціслаў, сын Уладзіміра Манамаха, аб'яднаў сваіх родзічаў і напаў на Полацк і іншыя гарады княства. Войскі рухаліся з усіх чатырох бакоў — з захаду, з поўначы, усходу і поўдня. Князі Полацкага княства пацярпелі паражэнне. Іх землі былі абрабаваны, гарады разбураны, вёскі спалены. Саміх князёў захапілі ў палон. Разам з жонкамі і дзецьмі іх пасадзілі на тры лодкі і завезлі ў Царград-Канстанцінопаль. Гэта была ссылка — яны не мелі права вяртацца на радзіму.
Але адзін князь — яго імя Васілька — збег з гэтага палону і вярнуўся дамоў. Гараджане Полацка сабраліся на веча, выгналі князя, якога ў іх пакінулі захопнікі, і абралі сваім князем Васільку.
Унутраныя войны разрывалі на часткі і старажытную Кіеўскую дзяржаву. Жыхары Ноўгарада выгналі з горада сына князя Мсціслава кіеўскага. Уцякаючы з Ноўгарада, ён нечакана сустрэў па дарозе полацкага князя Васільку з дружынаю. Васілька мог адпомсціць за жорсткасць, з якой яго бацька абышоўся з полацкімі князямі. Але Васілька не стаў карыстацца няшчасцем сына свайго ворага. Ён не крануў яго і даў клятву не памятаць зла.
У той час, калі князі ваявалі між сабою, здаралася нават, што брат прагнуў крыві роднага брата, велікадушша полацкага князя здзівіла многіх гісторыкаў. Дарэчы, Васілька Полацкі быў братам славутай Ефрасінні Полацкай.
Зразумела, падзеі 12 стагоддзя цяжкія і сумныя ў гісторыі беларускай зямлі. Але ўсё ж такі яны пакінулі нам імёны трох князёў, якія варта памятаць: імя заснавальніка горада Барысава — полацкага князя Барыса Усяславіча, першага князя Менска Глеба Менскага і Васількі Полацкага.
Княгіня Прадслава, Ефрасіння Полацкая