Частка першая
Беларуская зямля старажытных часоў
Легендарныя продкі беларусаў
АДАМ — паводле Бібліі і Карана, першачалавек, продак усіх людзей, якога Бог стварыў з зямнога праху.
ЕВА —жонка Адама, якую Бог стварыў з рабра Адама, першая жанчына, прамаці ўсіх людзей.
ЯФЕТ — сын біблейскага Ноя, які пасля патопу стаў продкам індаеўрапейскіх народаў — індусаў, персаў, грэкаў, славян, германцаў і кельтаў.
СЛАВЕН — паводле легенд, продак славянскіх народаў.
РАДЗІМ — паводле «Аповесці мінулых гадоў», продак радзімічаў, якіх ён прывёў на пасяленне на раку Сож.
ДРЫГАВІТ — на думку гісторыка М.Ермаловіча, продак дрыгавічоў.
КРЫВА — на думку гісторыка М.Ермаловіча, продак крывічоў.
Кожны чалавек хоча ведаць, адкуль і калі з'явіўся яго народ, як жылі далёкія продкі і хто з іх праславіўся подзвігамі і вялікімі справамі. Гісторыя беларусаў, як і іншых народаў, пачынаецца ў далёкім мінулым, і вучоныя не могуць дакладна растлумачыць, як ўсё было на самым пачатку. Але захаваліся легенды і паданні, якія апавядаюць пра гэта. Яны іншы раз падобныя на казкі, але, па-першае, нават у казцы ёсць нейкая кропля праўды, а па-другое, лепш мець адзінае ўяўленне, хай сабе і напалову казачнае, чым блытацца ў недакладных звестках. Таму, каб вызначыць месца беларусаў сярод іншых народаў свету, мы і звернемся да паданняў і легендаў, якіх шмат у адной з самых старажытных кніг свету — Бібліі, у летапісах, у старых хроніках.
Паводле Бібліі, Бог стварыў неба і зямлю, расліны, жывёл і першых людзей — Адама і Еву. Адама і Еву мы лічым найстаражытнейшымі продкамі ўсіх людзей, у тым ліку і беларусаў. Гэта прапрапрапродкі.
Адам і Ева жылі ў раі, але яны парушылі загад Бога, і ён выгнаў іх на зямлю. У Адама і Евы нарадзіліся два сыны — Каін і Авель. Каін быў земляробам. Авель пасвіў жывёлу. З зайздрасці Каін забіў Авеля. Так людзі зрабілі грэх — братазабойства.
Калі людзей стала шмат, яны натварылі столькі грахоў, што Бог затапіў зямлю вадой, каб знішчыць іх. Толькі аднаму чалавеку, які не грашыў, Бог загадаў пабудаваць каўчэг і ратавацца ад патопу. Звалі гэтага чалавека Ной. У каўчэг ён узяў па пары ўсіх жывёл і сем'і сваіх сыноў — Хама, Сіма і Яфета. Ад іх пайшоў пасля патопу род людскі на зямлі.
Ад Хама пайшлі егіпцяне. Самыя вядомыя з іх — фараон Хеопс, які пабудаваў найвялікшую ў свеце піраміду, і прыгажуня Неферціці. Паводле легенды, ад Хама паходзяць таксама ўсе жыхары Афрыкі і старажытныя фінікійцы, якія прыдумалі першы алфавіт. Фінікійцам быў і славуты палкаводзец Ганібал.
Ад Сіма пайшлі яўрэі, вавіланяне і арабы. Яўрэі захавалі легенды і паданні старажытных народаў і склалі святое пісанне — Біблію. Самыя славутыя сярод іх былі цар Давід, мудры Саламон і Ісус Хрыстос, пачынальнік хрысціянскай рэлігіі. Вавіланяне праславіліся самым вялікім горадам таго часу — Вавілонам, а арабы — прарокам Мухамедам, пачынальнікам мусульманскай рэлігіі — іслама.
Ад сыноў Яфета пайшлі народы, што жывуць ад Індыі да Еўропы і размаўляюць на індаеўрапейскіх мовах. Гэта і індусы, і персы, і грэкі, і германцы, і кельты, і славяне. Сярод індусаў жыў Буда, стваральнік яшчэ адной сусветнай рэлігіі — будызму. Персы заваявалі мноства краін ад Індыі да Грэцыі. Грэкі вядомыя імёнамі вялікіх філосафаў Сакрата, Платона, Арыстоцеля, а яшчэ больш — імем славутага паэта Гамера. Блізкія сваякі грэкаў македонцы на чале з Аляксандрам Македонскім заваявалі амаль увесь свет. А нашчадкі далёкіх сваякоў грэкаў — траянцы заснавалі ў Італіі горад Рым, які пасля стаў цэнтрам сусветнай імперыі. Вялікія рымляне — палкаводзец Юлій Цэзар, аратар Цыцэрон. Ад кельтаў (іх яшчэ называюць гагамі) і германцаў паходзяць сучасныя французы, немцы, англічане, аўстрыйцы, сярод якіх таксама было шмат славутых людзей.
Аднаго з сыноў Яфета звалі Славенам. Ад яго пайшлі славяне. Таму біблейскі Яфет — наш агульнаеўрапейскі прапродак, а Славен — агульнаславянскі прапродак. Славен пасяліўся ў лясах, там дзе цяклі рэкі Лаба (Эльба), Вісла і Дунай. Славяне былі высокага росту, стройныя, з русымі валасамі. Сярод іншых народаў яны вылучаліся сілай, вынослівасцю. Калі ў баі ў першых шэрагах стаяць славяне, то яны зломяць любога праціўніка. Змагаліся яны ў пешым страі мячом і дзідай, у простых кашулях, а то і напаўголыя, без кальчуг і даспехаў. Трапіўшы ў палон, цярпліва зносілі любыя пакуты і катаванні і паміралі мужна, не просячы літасш. З гэтай прычыны славян часта ўцягвалі ў войны як саюзнікаў. Да нас дайшлі словы аднаго з іхніх ваенных правадыроў Лаўрытаса: «Ніхто не зможа нас, пакужі ёсць на свеце вайна і мячы», — горда сказаў ён.
Але ўвогуле славяне не любілі ваяваць. Яны пасвіл: лугах свае статкі, карчавалі лес, аралі зямлю. Жылі славяне ў драўляных дамах, елі простую ежу: проса. грэчку, мёд і малако. Усе ведалі іхнюю гасціннаспь выходзячы з дому, славянін не зачыняў дзверы, а на стале пакідаў ежу — раптам завітае які-небудзь госць!
Славянскія жанчыны насілі доўгае адзенне. Яны славіліся прыгажосцю і адданасцю. Нашы продкі пакланяліся Богу маланкі і неба Перуну, Богу сонца Даждж-богу, духам лесу, рэк і балот. Памерлых спальвалі на пахавальных вогнішчах. У гонар славутых правадыроў і герояў насыпалі курганы. Славяне любілі скакаць. спяваць песні, слухаць гуслі і паданні аб мінулых часах Але найбольш яны любілі волю.
У некаторых славянскіх плямёнах усё ж выбіралі вярхоўную ўладу. Той, каго пасля доўгіх абмеркаванняў і парадаў старых дамаўляліся абраць правадыром, павінны быў з'явіцца перад народам босы і ў лахманах. На троне ўзвышаўся просты хлебароб, а будучы валадар станавіўся побач з ім і кляўся перад усімі берагчы веру продкаў, абараняць сірот і захоўваць справядлівасць.
Пасля гэтага хлебароб саступаў яму трон, а народ прысягаў на паслушэнства. Калі ж ён парушаў клятву, яго адразу ж праганялі. Нават палонных славяне не ператваралі назаўсёды ў рабоў, як гэта рабілі іншыя, а прымушалі адрабіць колькі гадоў і адпускалі дамоў або пераконвалі заставацца жыць у іх свабоднымі і як роўныя з роўнымі. Славяне так шанавалі волю, што ім было балюча пазбаўляць яе нават сваіх ворагаў. Такія былі легендарныя дзеці і ўнукі Славена.
На той час усе народы, якія жылі на беразе Міжземнага мора (найстаражытнейшага Егіпта і старажытнай Грэцыі, будучай Францыі і іншыя), уваходзілі ў Вялікую Рымскую імперыю. Рым ўжо не меў моцы ўтрымліваць уладу над імі. I тады маладыя суседзі пачалі нападаць на Рымскую імперыю. Разбураліся старыя дзяржавы. Узнікалі новыя. Тут жа разбураліся новыя і ўзнікалі найноўшыя. Іншыя гінулі, не паспеўшы ўзнікнуць. Раптам аднекуль з'яўляліся незлічоныя народы. Раптам бясследна знікалі. Усе гэтыя падзеі атрымалі ў гісторыі назву «вялікае перасяленне народаў».
Жыць у такі час было вельмі цяжка. Асабліва славянам, якія ад прыроды былі спакойныя і лагодныя. Звычайна славяне не працівіліся, калі іншыя плямёны з розных бакоў прыходзілі ў іхнія ўладанні. Яны лічылі, што месца хопіць усім, зямлі ў славян было шмат. Але потым узнікалі спрэчкі і сваркі. I славяне паступова перасяляліся далей ад неспакойных суседзяў. Аднойчы славуты князь Бурывой, прапраўнук Славена, сабраў славян і павёў іх на ўсход. Там раскінуліся маланаселеныя землі з мноствам рэк, лугоў і густых лясоў. Так славяне паступова рассяліліся ад Чорнага да Балтыйскага мора. Тыя плямёны, што аселі ў лясах, па словах летапісцаў, пачалі называцца драўлянамі (ад слова «дрэва»), тыя, што на мяжы са стэпамі, — палянамі (ад слова «поле»), а тыя, што апынуліся на поўначы ад іх, — севяранамі. Было шмат і іншых плямён, якія атрымалі розныя назвы.
Плямёны, што аселі на тэрыторыі Беларусі, атрымалі назвы ад сваіх старэйшын. На рацэ Сож спынілася племя, якое прывялі два браты — Радзім і Вятка. Вятка пайшоў са сваім родам на раку Ака. Радзім застаўся на Сожы. Радзімічы жылі на гарадзішчах. Гарадзішчы засцерагалі іх ад нападаў суседзяў і стэпавых качэўнікаў, якія часта ўчынялі набегі на славян. Радзімічы займаліся паляваннем і рыбалоўствам. Іх любімым упрыгожаннем былі сяміпрамянёвыя скроневыя кольцы. Пазней на зямлі радзімічаў узнікнуць гарады Гомель, Чачэрск, Прапошаск (сучасны Слаўгарад).
Легендарны Дрыгавіт прывёў на раку Прыпяць другое славянскае племя. Тут было шмат балот. Па-стараславянску балота называецца дрыгва. Таму многія вучоныя лічылі, што племя атрымала сваю назву — дрыгавічы — ад мясцовасці, на якой пасялілася. Дрыгавічы занялі значную частку Беларусі ад Прыпяці да Дняпра, Нёмана, Буга і Дзвіны. Апроч палявання і рыбалоўства яны займаліся і земляробствам: высякалі лясы, разворвалі зямлю і сеялі збожжа. Некаторыя пасяленні дрыгавічоў станавіліся гарадкамі, у якіх жылі рамеснікі, купцы вялі гандаль. Так узніклі Пінск, Брэст, Клецк, Слуцк, Капыль, Рагачоў, Тураў. Сёння на зямлі дрыгавічоў стаяць і Гродна, і Менск.
Апынулася на Беларусі і частка племя, якое сталі называць крывічамі, па імю свайго правадыра Крыва. Гэта было адно з самых шматлікіх славянскіх плямён. Крывічы пасяліліся ад Нёмана да Дзвіны і Дняпра. Іхнія супляменнікі дайшлі да Чудскага возера і да Волгі.
Крывічы займаліся земляробствам і рамёствамі. Іх жанчыны насілі пазалочаныя шкляныя пацеркі. Крывічы ўжо аб'ядноўваліся ў ваенныя саюзы і выбіралі князёў-правадыроў.
Цяпер азірнёмся назад. Нашыя агульначалавечыя прапродкі — Адам і Ева, агульнаеўрапейскі прапродак — біблейскі Яфет, агульнаславянскі прапродак — легендарны Славен, а нашыя непасрэдныя легендарныя продкі — Радзім, Дрыгавіт і Крыва.
Зразумела, усё гэта легенды. Імя Радзіма захавалася ў летапісах, а імёны Дрыгавіта і Крывы — толькі ў назвах плямён. Але ж легенды складаюцца недарэмна. Услед за імёнамі Радзіма, Дрыгавіта і Крывы ў гісторыі з'яўляецца імя першага полацкага князя Рагвалода і яго дачкі Рагнеды, а потым яе сыноў — Ізяслава і Яраслава Мудрага, які княжыў у Кіеве і даў усходнім славянам першыя законы. А потым ідзе імя Ефрасінні Полацкай. Імёны заснавальнікаў Вялікага княства Міндоўга і Войшалка і тых, хто працягваў іх справу: Гедзіміна і Альгерда, Ягайлы і Вітаўта, імёны Скарыны, народных песняроў Коласа і Купалы.