А пачыналася ўсё з легенды, з Радзіма, Дрыгавіта і Крывы. Значыць, недарэмна складаюцца легенды! З веку ў век рымляне перадавалі паданні пра сваіх легендарных продкаў Энея і Ромула. Старажытныя грэкі беражліва захоўвалі імя легендарнага Эліна. I краіна ў яго гонар узнёсла называлася Эладай. I нам трэба ведаць, захоўваць і шанаваць імёны Радзім, Дрыгавіт і Крыва, што стаяць у пачатку нашага народа, нашай гісторыі.
Першы князь Полацкай зямлі
Рагвалод і яго дачка Рагнеда
РАГВАЛОД — першы гістарычна вядомы полацкі князь, бацька Рагнеды Рагвалодаўны. Год нараджэнняневядомы. Памер ў 980 г.
РАГНЕДА РАГВАЛОДАЎНА — поладцая князёўна, дачка князя Рагвалода, жонка вялікагакнязя Уладзіміра Святаслававіча. Год нараджэння невядомы. Памерла ў 1000 г.
УЛАДЗІМІР СВЯТАСЛАВАВІЧ — вялікі кіеўскі князь, муж Рагнеды Рагвалодаўны. Год нараджэння невядомы. Памер ў 1015 г.
Крывічы, што пасяліліся на берагах Заходняй Дзвіны, называліся палачанамі. Гэта назва пайшла ад невялікай рэчкі Палаты, што ўпадала ў Дзвіну. На ёй крывічы пабудавалі свой галоўны горад, і ён таксама атрымаў імя ад гэтай рэчкі — яго назвалі Полацк.
Першым полацкім князем, пра якога захаваліся летапісныя звесткі, і быў Рагвалод.
На той час на поўнач ад Полацка ўжо існаваў славянскі горад Ноўгарад. Ноўгарад значыць Новы Горад — так яго назвалі ў адрозненне ад старога легендарнага Славянска, пабудаванага продкам славян Славенам. А на поўдзень ад Полацка на Дняпры ляжаў старажытны славянскі горад Кіеў. Паводле легенды, яго пабудаваў князь Кій, таму горад і назвалі Кіевам.
За Ноўгарадам, за сучасным Балтыйскім морам жылі розныя германскія плямёны. Найбольш ваяўнічыя людзі з гэтых плямён збіраліся ў дружыны і на лодках плылі ў іншыя краіны, рабавалі гарады, прымушалі плаціць даніну. Іх называлі вікінгамі, а на старажытнай славянскай мове — варагамі. Вікінгі дабіраліся і да Англіі, і да Францыі, і нават да Італіі.
А на поўдзень ад Кіева, за морам, якое цяпер называецца Чорным, знаходзіўся горад Канстанцінопаль, сталіца ўсходняй часткі Рымскай імперыі. У адрозненне ад заходняй часткі і самога Рыма ўсходняя з Канстанцінопалем здолела абараніцца ад набегаў маладых ваяўнічых народаў. Яна атрымала назву Візантыя — ад старажытнагрэчаскага горада Візантый, на месцы якога і ўзнік Канстанцінопаль. Насельніцтва Візантыі ў асноўным складалася з нашчадкаў старажытных грэкаў. Сам Канстанцінопаль славяне называлі Царградам, царом гарадоў, бо ён быў самы вялікі, славуты і багаты горад у свеце ў тыя часы. Купцы і варагі з далёкай поўначы часта плавалі да Царграда. Купцы гандляваць, варагі рабаваць. Плылі на лодках па рэках, а дзе рэк не было, валачылі лодкі па зямлі. Шлях, якім яны дабіраліся да Царграда-Канстацінопаля называўся шляхам «з варагаў у грэкі». Ён ішоў па рэках Волхаў, Заходняя Дзвіна, Дняпро. Полацк якраз знаходзіўся на гэтым шляху, што было і выгадна, і небяспечна. Выгадна, бо спрыяла гандлю, а небяспечна, бо варагі маглі захапіць горад.
Таму полацкі князь Рагвалод меў моцную дружыну, якая абараняла Полацк. З яе дапамогай Рагвалод падпарадкаваў сабе ўсе суседнія землі — у тым ліку і тыя, на якіх жылі дрыгавічы. Паводле легенды, ён паслаў да дрыгавічоў свайго брата Тура. Тур заснаваў на рацэ Прыпяць горад-крэпасць Тураў і стаў першым тураўскім князем. Гэта яшчэ больш умацавала Полацкае княства. Рагвалод быў мужны і разумны кіраўнік. Ён хацеў аб'яднаць плямёны, што жылі па Дзвіне, Дняпры і Прыпяці. Пры Рагвалодзе Полацкае княства стала адным з самых моцных сярод славянскіх княстваў, а Полацк — адным са знакамітых гарадоў таго часу.
Яшчэ да таго, як у Полацку пачаў княжыць Рагвалод, славяне, што жылі ў Ноўгарадзе, запрасілі да сябе княжыць аднаго з правадыроў варагаў — Рурыка. Ад яго пайшла дынастыя князёў, што княжылі ў Кіеве, бо наступны князь, сваяк Рурыка Алег захапіў Кіеў. Гэты князь праславіўся сваім паходам на Царград. Алег вярнуўся з паходу з вялікай данінай, і яму далі празванне Мудры — па-стараславянску Вешчы (ад слова «ведаць»). Алег выхоўваў малалетняга сына Рурыка — Ігара. I калі той стаў дарослым, ажаніў яго з князёўнай Вольгай. Ігар княжыў нядоўга — яго забілі, калі збіраў даніну з аднаго славянскага племя — драўлян. Княгіня Вольга жорстка адпомсціла драўлянам — спаліла іх галоўны горад. Сын Вольгі і Ігара — князь Святаслаў — вельмі многа ваяваў. Ён перамог многіх ворагаў, але сам хацеў жыць не ў Кіеве, а ў Балгарыі, дзе захапіў шмат гарадоў. Вольга не дазваляла яму. Калі маці памерла, Святаслаў са сваёй дружынай зноў пайшоў у Балгарыю. На гэты раз яму не пашанцавала, і, вяртаючыся ў Кіеў, ён загінуў у бойцы з печанегамі-качэўнікамі, што часта нападалі на Кіеў.
Калі Святаслаў ад'язджаў з Кіева, ён пакінуў замест сябе княжыць трох сыноў. Старэйшы — Яраполк — заняў прастол у Кіеве. Сярэдні — Алег — стаў княжыць у зямлі драўлян. Малодшаму — Уладзіміру — не дасталося княжання, бо яго маці не была князёўнай. Яе звалі Малуша, і яна служыла ключніцай у княгіні Вольгі. Таму Уладзіміра лічылі сынам рабыні. Брат Малушы — дружыннік Дабрыня — параіў наўгародцам, якія на той час засталіся без князя, запрасіць да сябе Уладзіміра. Так Уладзімір апынуўся у Ноўгарадзе.
Хутка паміж братамі пачалася вайна за тое, каму стаць галоўным князем. Яраполк забіў Алега і рыхтаваўся да паходу на Ноўгарад. Уладзімір таксама збіраў войскі.
Полацк ляжаў на шляху абодвух братоў, што вось-вось павінны былі пачаць бойку. I Яраполк і Уладзімір хацелі перацягнуць полацкага князя на свой бок і спадзяваліся на яго дапамогу.
У Рагвалода былі два сыны і дачка. Дачку звалі Рагнеда. Слава пра яе прыгажосць дайшла і да Ноўгарада, і да Кіева. Уладзімір паслаў у Полацк сватоў. Кіеўскі Яраполк таксама хацеў узяць яе за жонку. Рагвалод не стаў прымушаць Рагнеду і дазволіў ёй самой выбраць мужа. Гордая палачанка адмовіла паслам Уладзіміра. «Не хачу разуць сына рабыні», — адказала яна ім. Па старажытным славянскім звычаі жонка ў дзень вяселля здымала з ног мужа абутак. Атрымаўшы адказ, Уладзімір наняў варагаў і пайшоў на Полацк. Войска прыплыло на ладдзях і з усіх бакоў акружыла Полацк. Штурм цягнуўся некалькі дзён — палачане што ёсць сілы баранілі родны горад. У баі загінулі адважны Рагвалод і абодва яго сыны. Ворагі ўзабраліся на сцены. падпалілі дамы. Уладзімір і Дабрыня загадалі разбурыць Полацк дашчэнту. Большая частка жыхароў загінула, а тых, хто застаўся жывы, забралі ў палон.
Рагнеду Уладзімір сілаю прымусіў пайсці за яго. Заступіцца за яе не было каму, і ёй давялося стаць жонкай ненавіснага забойцы сваіх родных. А Уладзімір, каб яна заўсёды помніла пра паражэнне Полацка, даў ёй другое імя — Гарыслава.
Пасля разгрому Полацка Уладзімір асадзіў Кіеў. Ваявода Яраполка Блуд здрадзіў свайму князю і, ашукаўшы, завабіў Яраполка да Уладзіміра, дзе ворагі і забілі яго. Уладзімір стаў адзін княжыць у Кіеве. Рагнеда нарадзіла яму чатырох сыноў і дзвюх дачок. Старэйшымі з іх былі Ізяслаў і Яраслаў. Славяне тады пакланяліся паганскім багам. Паводле паганскіх звычаяў князь мог мець некалькі жонак. Уладзімір узяў сабе і жонку забітага Яраполка.
Візантыя, як і многія іншыя краіны, ужо мела хрысціянскую рэлігію. У 988 годзе Уладзімір пачаў хрышчэнне Русі. Цяпер ужо нельга было мець адразу некалькі жонак, хрысціянскія законы забаранялі гэта. I Уладзімір ажаніўся з сястрою візантыйскага імператара. Але пакідаць прыгажуню Рагнеду-Гарыславу ён не хацеў. Таму недалёка ад Кіева ён пабудаваў для княгіні сяло і часта наведваў яе. Аднойчы, калі Уладзімір заснуў, Рагнеда хацела забіць яго. Уладзімір прачнуўся і адабраў нож.
Бацьку майго ты забіў, зямлю маю ты захапіў, а мяне як паланянку ўзяў за жонку! — усклікнула Рагнеда. Разгневаны Уладзімір загадаў апрануць ёй самае прыгожае адзенне, у якім яна хоча памерці, сесці на ложа і чакаць смерці, а сам пайшоў па меч. Рагнеда паклікала свайго старэйшага сына Ізяслава, зусім яшчэ хлопчыка. I калі Уладзімір увайшоў, каб забіць Рагнеду, сын аклікнуў яго:
Бацька, ты тут не адзін!
Уладзімір убачыў сына, у руках якога быў аголены меч, сумеўся і не крануў Рагнеду. Ён сабраў баяраў і расказаў ім пра тое, што здарылася. Баяры параілі яму адпусціць Рагнеду з дзецьмі на радзіму — у Полацкае княства. Полацк быў разбураны, і Уладзімір загадаў пабудаваць для сваёй былой жонкі новы горад і назваў яго імем сына, які ўратаваў маці ад смерці, — Ізяслаўлем (цяпер горад Заслаўе).
Праз нейкі час Рагнеда таксама прыняла хрысціянства. Яна заснавала каля Ізяслаўля першы на ўсходнеславянскай зямлі манастыр і жыла ў ім, прыняўшы манастырскае імя Анастасія. Праз нейкі час Рагнеда-Гарыслава-Анастасія памерла. Усе гэтыя падзеі адбыліся вельмі даўно — у дзесятым стагоддзі, амаль тысячу гадоў таму назад.
Імя Рагвалода ў гісторыі нашай зямлі займае пачэснае месца. Кожны народ памятае заснавальнікаў княжацкіх і царскіх дынастый. У французаў гэта Меравінгі і Бурбоны, у аўстрыйцаў Габсбургі, у немцаў Гогенцолерны, у рускіх Рурык і Раманавы. У нас жа Рагвалод і яго дачка Рагнеда, дзеці і ўнукі якой прадоўжылі дынастыю полацкіх князёў.
Сыны Рагнеды Ізяслаў і Яраслаў Мудры
ІЗЯСЛАЎ УЛАДЗІМІРАВІЧ — полацкі князь з 988 г. Сын полацкай князёўны Рагнеды Рагвалодаўны і вялікага кіеўскага князя Уладзіміра Святаслававіча. Нарадзіўся кала 978 г. Памёр у 1001 г.
ЯРАСЛАЎ МУДРЫ — вялікі кіеўскі князь з 1019 г., сын полацкай князёўны Рагнеды Рагвалодаўны і вялікага кіеўскага князя Уладзіміра Святаслававіча. Нарадзіўся каля 980г. Памер у 1054 г.
БРАЧЫСЛАЎ ІЗЯСЛАВАВІЧ — полацкі князь, сын Ізяслава Уладзіміравіча. Год нараджэння невядомы. Памер ў 1044 г.