Маці з Малініным доўга так гаманілі, уважліва слухаючы адзін аднаго. Мне хацелася спаць, аднак трымаўся, перасільваў сон — не губляў нітку размовы. Асабліва чуткі быў да слоў Малініна, лавіў на ляту і стараўся запомніць.
Малінін працягваў:
— Калі мы на новы аэрадром перабазіраваліся, самалёты замаскавалі так, што, здавалася, самы зіркаты фашыст не ўбачыць звысака. Елак наўтыкалі густа — суцэльны лес. I якраз у той дзень, помню, акурат з разведкі вярнуліся. Самалёту перапала здорава: правае крыло зенітчыкі прарашэцілі ў трох месцах, дзіркі вялікія, ды ўсё ж так-сяк дацягнулі, прызямліліся. Камандзір пайшоў адпачываць у зямлянку, а я застаўся з рамонтнікамі. Знялі крыло, гадаем-кумекаем, як найлепей залатаць прабоіны. I якраз нашы два знішчальнікі на ўзлёт пайшлі. Толькі адарваліся ад зямлі, эх, тут і пачалося — шасцёра «месераў» выкаўзнуліся з-за лесу і такі ўраганны агонь адкрылі, што ад усяго аэрадрома, мы думалі, нічога ўжо і не застанецца. Ажно і самалёты гэтыя, што ўзляцелі, нейкім чынам вывернуліся з-пад абстрэлу, і ўсе тыя, што былі на стаянках пад елкамі, таксама ацалелі. Суседнюю ўзлётку, падманную, з макетамі самалётаў і зенітак, ускапалі фрыцы як мае быць. Урону ніякага не ўчынілі, хоць колькі бомбаў скінулі й паблізу. Штурманулі дзёрзка, на брыючым. На другі віток не рашыліся, бо ўжо напароліся б на зеніткі. Мы хоць і нарабілі шчылін-укрыццяў, але хавацца не пабеглі — зашыліся пад гэтае самае крыло, з прабоінамі, знятае з самалёта. Ляжым. Ніяк ачомацца не можам... Я першы падняўся, кажу:
«Ну, братва, няблага ж мы ўкрыліся — фанера, абцягнутая паркалем, надзейней за любую браню!» — I зарагатаў на ўсё горла. Хутчэй — ад радасці, што ўсе жывыя-здаровыя. I тут убачыў побач з замаскаваным «ЛАГ-3», знішчальнікам, нейкі круглы, як мячык, прадмет. Дзіўлюся: што за штука, адкуль? У полк я прыбыў нядаўна, навічок, і не ведаў, што перада мной — «лягушка», бомба з сакрэтам: пры ўдары аб зямлю яна раскрываецца з падскокам і ўся сіла выбуху скіроўваецца строга ўверх. А тут нечага не раскрылася, можа, што «месер» нізка ляцеў, скінуў, а яна ж круглая, упала на галлё, котма пайшла, без удару аб зямлю. Не доўга думаючы, я падфутболіў «мячык», ён заляцеў акурат пад фюзеляж знішчальніка і — гух! Самалёт — напалам. Мяне адкінула ўбок, кантузіла. Ляжу. У вушах звініць — нічога не чую. Хлопцы падбеглі, раскатурхалі — жывы, не паранены. А самалёта няма. Так я тады перажываў — плакаў, верыце, як бабёр. Самалёт хоць і драўляны напалавіну, але ж — баявая машына, у паветры лёгкая, увішная. I галоўнае — новая, толькі што аблятаная. Мяне сабраліся судзіць за ўрон, ды камандзір заступіўся, узяў на парукі. Дзён праз пяць вылецелі зноў на заданне, у разведку, на паўдарозе нас залучылі трое «месераў», дык мы пастараліся і двух збілі... Мяне тады ў ногі параніла, трапіў у шпіталь. Вылечыўся — і назад у свой полк, лятаў стралком-радыстам да канца вайны.
Досвіткам бацька вярнуўся з фермы й першым пабудзіў мяне — спаў я, скурчыўшыся, у кабіне, паклаўшы пад галаву ватоўку. Потым успароў і Малініна з Пецькам — ім, як і пажадаў Малінін, мама паслала ў пуні на сене.
Зборы былі кароткімі. Асабліва не набіралі рыззя — у кузаве ляжаў новенькі брызент, які й павінен быў хаваць нас ад буйных летніх дажджоў і золкіх лугавых начэй.
Перагружаны каўчэг
З Іванам Сомавым бацька пасябраваў, калі рабіў лесніком. Было тое адразу пасля вайны. Нярэдка ў час добрых парошак яны, а часам і я з імі, выпраўляліся сумесна на паляванне і бадай ніколі не вярталіся без здабычы — аднаго-двух зайцоў меў кожны з нас у сваёй торбе. Сабака Сомава, Джульбарс, яшчэ калі шчанюком быў, спрабаваў употай раскопваць бабровыя норы, за што звычайна і пакутаваў дзень пры дні на ланцугу: гаспадар рэдка браў яго з сабою на абход. I вось — выплыў, як з туману, верагодны й надзейны план: прыпуціць Джульбарса да справы, досыць яму браканьернічаць...
Бацькавай ідэяй Малінін таксама захапіўся — прыняў яе без дапаўненняў. I не дзіўна. Наша брыгада адначасам набывала лодку, класнага грабца Сомава, і калі апраўдае надзеі Джульбарс, то і сабаку.
I ўсё ж бацька сумняваўся — турбавала адно: надта ж вымахаў Джульбарс, яму зручней быць ваўкадавам, чым бабрагонам. Проста не верылася, што граміла такі, большы за авечку, можа ўплішчыцца ў бабровую нару.
Іван Сомаў, як мы й чакалі, даў згоду і на лодку, і на сабаку, і сам прыняў прапанову Малініна ўсім сэрцам. Да таго ж ён ведаў у лугах азёры, дзе здаўна жывуць бабры. I ў Проні ледзь не кожнае бабровае жытло мог паказаць, нават колькасць зверукоў назваць. А гэта ўжо многа значыла.
Як толькі разгрузіліся і занеслі ўсе чатыры клеткі ў пуню, утульную і чыстую, вялікую, як стадола, Малінін закамандаваў, каб Пецька сёння ж прывёз яшчэ столькі клетак. Такім чынам у нас тут атрымліваўся нібы філіял базы, свой прыстанак. Сомаў тым часам павінен быў ісці ў лясніцтва браць водпуск. Ён прызнаўся, што ўжо сам не помніць, калі быў у адпачынку, таму цешыў сябе надзеяй, што ў гэтым яму не адмовяць.
Джульбарс слухаўся бацьку. У яго, пэўна, выпрацаваўся ўжо такі рэфлекс: калі гэты бязрукі чалавек заяўляецца ў двор яго гаспадара, то абавязкова быць добраму паляванню. Цяпер Джульбарс, вясёлы й паслухмяны, так і ладзіў нам, лашчыўся і прыслужваў — адганяў ад лодкі, дапаўна закладзенай лавушкамі, цікаўную дзятву. На ўсякі выпадак я мусіў начапіць яго на ланцуг — гэта, каб не пабег услед за гаспадаром: нагоніць дзе-небудзь пад Гіжэнкай, і калі тады лавіць баброў — Сомаў вернецца, можа, к вечару.
Перавозіў Сомава я. Знарок напрасіўся за вясло. Сеў у карме, каб хоць крыху авалодаць грэбляй. I тут жа апаў духам, бо адчуў, што кіраваць лодкай не так ужо і проста. Сомаў тое-сёе падказаў мне, павучыў. Асабліва важна было ведаць, як правільна падвесліваць, каб лодка ішла роўна і каб грэбці толькі з аднаго боку, з левага, не перакідаючы вясло направа ды налева.
1 вось — наш бабралавецкі каўчэг адчаліў ад берага. Малінін за шкіпера ўсеўся. Дзіва дзіўнае! Ён жа і блізка не ўмее абыходзіцца з лодкай. Прызнацца, гэтага я не чакаў ад яго. Бацька адно спатайка пазіраў і маўчаў.
— Няходкая Сомікава лодка, — абураўся Малінін, ціха лаяўся. — Ніякай устойлівасці — карыта! — I быў заняты тым, што пачаргова перакідваў вясло з аднаго боку лодкі на другі. Лодка ані не слухалася наваяўленага весляра, небяспечна зыбалася, цягнула ўбок. — Ну і ну! Такую лодку зрабіў... Няўме-ка ён, гэты ваш Сомік!
Зрэшты, у сям'і Сомавых бытаваў звычай звяртацца адзін да аднаго ў памяншальна-ласкальнай форме. Калі гэта дачка, то — Манечка, калі сыны — Ванечка, Мішачка. Адсюль і сам гаспадар не Сомаў, а — Сомік. Так яго вяскоўцы звалі. Так пачалі зваць і мы. Адно за вочы, міжсобку. Гэтай жа завядзёнкі, як відаць, мусіў трымацца і Малінін.
Ён, канешне, несур'ёзна паставіўся да лодкі Сомава, па-дылетанцку — якраз-такі яна зручная і зусім не карыта: умесцістая, знешне прыгожая.
— Стой, тармазі!.. — Нечага ўспалашыўся Малінін, ліхаманкава цярэбячы вяслом па вадзе, — спрабваў рэзка павярнуць лодку да берага. — Спінінг не ўзяў!
Бацька тут жа спыніў гэтыя яго памкненні:
— Лавіць трэба, Аляксандравіч, баброў, а не шчупакоў! Здаецца, так?
— I то праўда, Андрэевіч, — пагадзіўся, не стаў пярэчыць Малінін. Праз колькі хвілін ён ужо зноў наракаў на лодку: — Карыта брухатае, віляе, круціцца, не ведаю, як і трымаць яе па курсе... Не-е, з такой лодкай не наловім баброў.
— Гэта ўсё ад няўмельства, Аляксадравіч. Ад нявопытнасці, — заўважыў бяскрыўдна бацька. Ішоў ён па беразе, часта прыпыняўся і назіраў, як мы, двое недалэгаў мардуемся з лодкай. Яшчэ б! Яму не вельмі падабаўся наш спрыт. — Сомік грабе толькі злева і павольна, спакойна, гоніць лодку нячутка, без плёскату... Сомік умее!
Джульбарс быў яўна незадаволены непрадбачлівай затрымкай — нервуецца, з сілай тузае павадок, так і глядзі, што парве. З дакорам, нецярпліва пазірае на бацьку, як не скажа: не стой, паляўнічы, не чакай гэтых валтузаў — хадзем хутчэй да баброў.
Малінін недзе правароніў, усчаўшы грэбці толькі злева. Нас пачало разварочваць. Ён паспешліва перакінуў вясло на правы бок, стаў выпраўляць лодку.
— Мы з табой, Сашок, да вечара гэтак во кантавацца будзем, ніводнага бабра не зловім, — смяецца яўна з сябе Малінін, са свае нязграбнасці. — Андрэевіч, на буксір вазьмі!
— Не лезьце дужа на глыб, паўз бераг трымайцеся — лягчэй будзе, — дае парады бацька.
I праўда, як толькі прыблізіліся да берага, лодка пайшла шпарчэй. Стоячы ў носе, я арудаваў доўгім і вузкім вясельцам, якое, пэўна, і прыдумана для такой грэблі. Малінін па-ранейшаму веславаў з пырскамі й шумам, а то і зусім цаляў папіхнуцца ў бераг.
Мы не проста спацелі, а добра ўваўрэлі, пакуль, трымаючыся ўвесь час левага берага, падняліся да Сінявіра, мясціны надзіва маляўнічай, з адхоннымі, аплыўшымі дзёрнам берагамі, якія густа зараслі кучмастым ліпняком, калючай шыпшынай і кустоўем здзічэлай смуроды, спрэс запалоненай разгата-тлустымі касмыкамі дзядоўніку.
Берагі прыкметна пачалі аддаляцца, стужка ракі ўвачавідкі шырэла. Плынь памацнела. Дно Проні стала добра відаць. I вось лодка застапарылася — села на мель. Малінін чартыхнуўся і назваў мяне лоцманам-варонай — не папярэдзіў капітана, пасадзіў судна на грунт! Ён рупна скочыў у ваду, узяў ланцуг і, як бурлак, пацягнуў лодку за сабой. На глыбокім зноў усеўся ў карму. Мы троху ўжо налаўчыліся грэбці, прызвычаіліся, не паддаемся плыні.