Справа ад нас — да самага лесу — зіхціць на сонцы блакітная стужка старыцы, якую тут называюць Крынкаю. Раскошныя берагі яе ўвіты густой кучаравістай лазой.
Бацька папрасіў каб перавезлі яго. Падрульваем да берага, і ён з ходу ўсаджваецца ў нос лодкі — як сініца на кол: гатовы, вязіце! Джульбарс прыляпіўся побач, ля ног, глядзіць у бок старыцы, прынюхваецца — прагна ловіць аднаму яму даступныя і, пэўна, хвалюючыя пахі. Лодка яшчэ і не пабукалася з берагам, а ён ужо спружыніста-мякка — не ўтрымаўся! — гупнуў на пясок. Не пабег уцякаць — стаў і здаволена азіраецца, віхляе хвастом. Бацька таксама скокнуў, пры гэтым так падладзіўся піхнуць лодку нагой, што яна стала носам наперад, як і трэба нам, грабцам.
Праз які час каўчэг наш павярнуў у старыцу. Плыні няма, і Малінін лёгка ўпраўляецца з лодкай адзін. Тут, у старыцы, куды ні глянь — усюды, асабліва ля берагоў, плавае свежая, здаецца, гэтай ноччу пагрызеная лаза. Там-сям між кустоўя цягнуцца ад вады ўверх, на бераг, коўзанкі-сцежкі, на якіх поўна слядоў, падобных на гусіныя. Трава мясцінамі паўз ваду так згамзана, так паклычана, нібы ўсю ноч бабры адно і качаліся па ёй. Усё гэта, як заўважыў Малінін, і ёсць бабровыя палазы. Выходзіць, бабры й сапраўды недзе тут, зусім блізка.
Кучомкі лазы звісаюць над вадой, укрываюць утравелы бераг. I не толькі — навісь зацяняе прыбярэжнае дно, таму на глыбіні ўваходы ў бабровыя норы няпроста ўбачыць. Затое ў надводнай паласе іх добра відаць. Гэта верхнія норы. Як правіла, яны пустыя. Хаця, калі верыць Малініну, дык і ў такіх норах, верхніх, ёсць таксама насельнікі: жывуць там звычай-на норкі, а то і выдры нават.
Бацька чакае нас — рашыў сесці ў лодку. Джульбарса даручыў мне.
I вось — я на беразе. Іду паволі, лодку не абганяю. Джульбарс аж высільваецца — цягне наперад, і яго даводзіцца злёгку асаджваць.
Бачу, насцярожыўся нечага бацька, прыгнуўся і засяроджана ўзіраецца ў бераг. Ён раптам падняў руку ўверх — даў знак Малініну, каб прытрымаў лодку. А тут, як на грэх ні кусточка лазы на беразе — прагалінка выдалася, няма за што ўхапіцца, і Малінін запускае руку ў асаку, але шорсткія сцяблінкі вострай, як лязо брытвы, травы абрываюцца, раняць пальцы, далонь. I тады ён кавілкай вясла чапляецца за сухі, зрэзаны бабрамі на конус, збуцвелы пяньчук. Лодка нечакана зыбнулася, бацька згубіў раўнавагу і ўпаў грудзьмі на лавушкі. Усчаўся бразгат, шум і гамана. Малінін ушчыльную падцягнуўся да берага і прывязаў лодку за пяньчук.
Я ўвесь гэты час не спускаў вачэй з бацькі. Ён асцярожна, без плёскату, браў нашыя снасці-драцянкі, кідаў іх, наструненыя, кудысьці пад наплывісты, спавуцінены дробным лазовым карэннем бераг.
Малінін упаўголаса сказаў:
— Андрэевіч, трэба будзе зрабіць у кузні доўгі штыр, каб ім прыштырваць лодку. Якраз у боцях, пасярэдзіне лодкі, калечкі ўробім, і ў тое, каторае будзе пры беразе, прадзяваем штыр... Шарах — і лодка на якары!
— Правільна, такі штыр трэба. — Бацька ўсё яшчэ ўзіраецца пад берагавую навісь. Нарэшце як не ў роспачы заўважае: — Лаўкі пакідалі, а от як нам іх даставаць з гэтага прадоння? Ускочыць бабёр у каторы, намуціць... Пакуль мы дабярэмся да яго, ён і захлынецца, прападзе звер у нас на вачах.
— Хай толькі патрапіць — кавілкай лавок падчаплю і дастаўлю бабра ў лодку, як міленькага, — запэўніў бацьку Малінін.
— Кавілкай нязручна, кажу, — хмурыцца бацька. — Хлуды трэба начапіць на кожны лавок. — I — да мяне: — Пачынай там шарудзіць... Гані баброў!
Я падвёў Джульбарса да нары, некім праломленай ужо, і ён — які малайчына! — смела ўсунуў галаву ў прадушыну, стаў прынюхвацца. Нарэшце і зусім знік пад зямлёй, прытым са шворкай, і я мусіў сказаць аб гэтым:
— Сабака ў нары!.. Я не паспеў павадка адчапіць.
— Джульбарс не гаўкае. Няўжо няма бабра? — Малінін пакінуў лодку, прыйшоў мне памагаць. Яму не верылася, што нара пустая.
I мне ў гэта не хацелася верыць. Бо, нават бацька не вытрымаў — карабкаецца з лодкі, трымае ў руцэ металічны шчуп, знарок затуплены на канцы. Гэтай прыладай зараз пачне абследаваць бераг. I праўда, адразу ж запусціў шчуп у зямлю паблізу ад вады, знайшоў нару, пустую, з дзіркаю што. Пасля ўзяўся шукаць новую, жылую. Аднак такой не выявіў. Парушаная нара аказалася не вельмі каб і мудрагелістай: была без адноркаў, толькі з адной лёжкай, над якой якраз і зеўрыў пралом.
— На Глупцы саўсім іначай усё, — кажа бацька Малініну. — Там скрозь, дзе ні ступіш, торф, норы капаць лёгка, бераг увесь збузаваны — проста вісіць на вадзе. А тут, на рацэ, выходзіць, бабрам лацвей жыць: адну-дзве нары выведуць куды-небудзь пад куст, на сухое, дзе каровы не ходзяць, пакінуць над лёжкай танюткі пласт зямлі, каб дыхаць можна было праз яго, паветра каб прасочвалася, і ўся мудрагель. Калі хто і папудзіць часам, хавацца ёсць куды — у раку, у свае запасныя норы. На канавах ды азёрах, дзе вады мала, бабры мусяць рабіць мноства хадоў у падзямеллі, дзе і хаваюцца ў крытычны момант.
Бацька мусіў здзейсніць сваю задуму — сабраўся ісці ў лазняк і насекчы там пруткіх, як грабільны, палак, і таўсцейшыя канцы іх, крыху сцясаўшы, сагнуць, начапіць на лаўкі й дротам, ціска, акуратна перавязаць сугібы. Лепш, здаецца, і не прыдумаць. Да ўсяго гэтага верхнія канцы палак намерыўся абкарыць, каб іх добра было відаць на вадзе. Малінін заўпарціўся, сказаў, што ўсё гэта лішняе, адно трата часу — і прывязаў да пяці лаўкоў драцяныя павадкі. Бацька не запярэчыў, і мы падаліся далей.
Чарговая нара была таксама нежылая, хоць і не парушаная нікім. Джульбарс, праўда, і ў ёй пабыў — панюхаў, пахліпаў носам дый вылез вонкі. Абтрасаўся доўга і старанна. Усё-ткі ён для бабровых нораў велікаваты.
Праз колькі метраў лодка зноў была прышвартаваная — Малінін надзейна прывязаў яе за лазовы куст. Джульбарса я ні на крок не адпускаў ад сябе. Бацька тым часам старанна ўкладваў лавушкі ўсутык да берага — адну пры адной, упобачкі. Ён спяшаўся — гэта каб не ўпусціць зручную хвіліну: пакуль спрасонку бабры расшалопяць, што іх патурбавалі не пастухі, а паляўнічыя, дык ужо і ў абкладзе апынуцца, зачыненыя.
— Гатова! — сказаў бацька натхнёна і заспяшаўся з лодкі на бераг.
Сабака цярпліва чакаў, затое, калі пачуў «гатова», яго ўжо няможна было ўтрымаць — валок мяне, як конь, да пралому, што быў спраўна заглушаны абкоранымі лазовымі цурубалкамі.
— Джульбарс нервуецца — значыць, бабры тут! — Бацька радуецца, як дзіця. — Зачынілі хэўру!.. Сашка, скачы ў лодку, пільнуйце там удвух, а я ім зараз прачуханку ўстрою. — I ўзяўся асцярожна намацваць шчупам нару. (Шчуп — гэта звычайны сталісты прут з ручкай, абкручанай ізаляцыйнай стужкай, каб пры рабоце не так націралася далонь). — Ды не спяшайцеся — чуеце? — цягнуць: няхай увесь у лавок зойдзе... Гарачку мне не парыце!
Я сеў у носе лодкі. Нарыхтаваў вясло і трымаў яго напагатове. Малінін сабраў у руку павадкі ад лавушак — ці не ўсе пяць? — I не спускаў вачэй з доннага, падобнага на шырокі раўчук, бабровага хода.
Бацька лёжку ўжо знайшоў, прапароў яе і раскручваў шчупам шырэйшую дзірку каб можна было сабаку ўзяць як найбольш паветра на пробу. Джульбарс з енкам, азартна дзёр лапамі зямлю наўкол шчупа, а калі сунуўся ў дзірку пысай, нюхнуў раз, другі, дык і зусім забрахаў. Бацька не спяшаўся рабіць пралом — яго пагляд быў скіраваны да нас.
Джульбарс усё яшчэ быў вонках, тым не менш увесь бераг ажно гудзеў ад яго брэху. Я першы заўважыў ля лаўкоў бабра: у адзін торкнуўся, у другі... Чорны, скрозь ваду аж серабрыўся — прыгожы звярына! Я ўжо ведаў, ад чаго ён серабрыцца — футра ўтрымлівае ў падшэрстку паветраныя пухіркі, яны й свіцяцца бялюткімі пацеркамі.
Бабёр асцярожна павярнуўся, варухнуў хвастом-лапатай і аціх. Нейкі час і сядзеў так, непаварушна, тырчаў, нібы корч. Як відаць, непакоіла яго сярэдняя пастка, што загароджвала раўчук, бо нездарма двойчы кратаў менавіта яе. Нарэшце чапіў і крайнюю, змыкнутую з берагам. Пусціўшы колькі бурбалак, стаў пяціцца назад. Яшчэ бадай і не схаваўся ў нару як Малінін падняў руку ўверх: знак, што і ён бачыць бабра.
— Гэ-эпа-а-эп! — выгукнуў раптам Малінін, рашуча пацягнуўшы на сябе павадок. — Гатоў, харошы, тут!
Як лёгка кульнуў ён бабра ў лодку, як хутка накінуў поверх расхлістаны плашч. Як спрытна была наструнена запасная лавушка і пастаўлена на свабодны ход.