«А хто?»
«Мікіта, мужа майго родны брат», — і ад спугу смяюся.
«Дык чыё будзе сена?» — I ён, Іванавіч гэты, зазірнуў мне ў вочы.
Што ж мне яму сказаць?.. Зноў прыйшлося зманіць:
«Са стагоў... З нашых стагоў, адонне».
Раманок успыліў:
«Ды брэша яна, не вер... Белябенькі ўсе хітрыя. — Во, мянушку, шаматун, прыгадаў — злаўрэдны чалавек: гэта ж яго бацька страляў у Піліпа праз акно, калі той старшыняваў у Малінаўцы. — Бацькі мае хата ў хату жылі з яе бацькамі. Не вер!.. Ты, паблажлівец, сабраўся Еву адпусціць? Тады й гэтых зладзюжак пашкадаваць прыйдзецца. А скубуць яны ваш стог, яны!.. Не сысці мне з гэтага месца, — клянецца. — Я зараз акт складу, хай падпішуцца. А ўжо там — сам рашай, мая хата з краю».
Я стаю і думаю: «Госпадзі, Найвышненькі, я ж так баялася. Першы раз красці пайшла — і во, залучылі». Стаяць жа з ношкаю цяжка, ісці лягчэй: тупаеш, ношка вагаецца, а калі стаіш — вяроўка ўразаецца ў цела, цісне. А мы ж стаім. Раманок узяўся акт пісаць. I тады гэты аднарукі, Іванавіч, кажа яму:
«Пачакай з актам. Мы хіба іх ля стога злавілі?.. Не! То ж гэта будзе фальшывы дакумент».
Стораж ажно нагамі затупацеў:
«Не адпускайце іх!.. Судзіць будзем... Яны скубуць, яны!»
Я заплакала. Здаецца, калі б яшчэ раз спыталі, дык і прызналася б. Ды не — чую:
«Ідзіце, жанчынкі, дамоў. Толькі сюды ўжо больш не паказвайцеся. У другі раз не адпусцім». — Паспагадаў-такі аднарукі.
Малінін не ўтрымаўся:
— Бачыш, Мікалаеўна, аднарукія ўсе добрыя. — Павярнуўся да бацькі: — Андрэевіч, можа, з'ездзім да яго?.. Дзе жыве, у якой вёсцы?
— Няма ўжо... памёр, — сказала маці. — Добры быў чалавек, пяром яму зямелька.
Малінін, адчуваецца, пачынаў падабацца маці. А чаму б і не — ён жа і ўдумліва-ўважны, спагадлівы, і, пэўна ж, зусім не ветрагон, як паказаўся напачатку. Гэта ж — калі й паспеў толькі! — сустрэўся са старшынёй калгаса, і той лёгка адпусціў бацьку на бабровыя ловы. Цяпер маці карцела ўведаць, як ішоў торг: не можа быць, каб старшыня не ўпарціўся. Нецярпліва спытала:
— I як жа паводзіў сябе Змітравіч, калі пачуў пра баброў ды Граську?
Малінін з посмехам кінуў:
— Як? Бутэльку каньяку — на стол! Ён і здаўся, ваш Змітравіч: «Адпускаю Герасіма, забірайце!» Праўда, пасля ўжо, калі выпіў, ніяк не мог пагадзіцца з маім выбарам: чаму іменна Герасіма бяру, а не каго-небудзь іншага, з рукамі... Пагаварыў я з ім сур'ёзна. Папярэдзіў, каб з вамі больш не заядаўся — прыпужнуў. Ёсць у яго нялюдскае штось, з паршывінкай чалавек.
— Гэта ж ён, вірлак, паднукнуў Кавалюка, і той перавёў Граську на трэцюю групу інваліднасці. — Маці адкрылася — не стала ўтойваць сваіх адносін да старшыні, слоў не падбірала— што думала, тое і гаварыла.
— Ведаю, Мікалаеўна, не перажывай... За Герасіма любому чорту рогі скручу. — Знаёма заміргаў вачыма і чмыхнуў носам Малінін. — Герасіма ў крыўду не дам. Як бабралоў — ён у мяне на першым месцы. — Пасміхнуўся. — Бабры — не бабы... Бабровыя ловы — га, Герасім? — не такі ўжо і ўтомны промысел, па сіле нам.
Бацька не азваўся, адно галавой кіўнуў, пагадзіўся. Мама:
— А Граська ж, верыце, раней, да вайны, і не думаў пра паляванне. Гэта, калі ўжо стаў калекам — купіў ружжо і давай па лесе гойсаць: брындае цэлы дзянёчак. Яно, можа, і добра, што так зрабіў, хоць во — акрыяў. А то ж гаварылі ў нас тут, быдта ў яго, калі запіпчыць, дык з левага боку, з раны, дым курыцца... Во, чаго толькі людзі не скурдыячаць. Чужое горла нічым не заткнеш.
— Чыстае паветра, так, многа значыць, — азваўся бацька. — Дзень жа ўвесь па лесе валочышся, пра яду і не ўспомніш... Ліжба курыць было што.
— Калі не сакрэт, якога звера высочваў: лася, ваўка ці зайца? — жартам спытаў Малінін. — Ты ж, Андрэевіч, не проста лесам любаваўся, не гультайнічаў?
— Лесніком быў.
— А-а, ясна.
— Ішоў бы ўжо, Граська, на ферму, а то каб не было позна, — сказала маці. — Прыбяжыць Ёкала, зойдзецца ў крыку...
— Ёкала? — ажывіўся Малінін. — Гэта хто ж такі?