— Няма куды ім бегчы, акрамя лаўкоў — Сомаў супакоіў бацьку, прысеў і засяродзіўся. — Шуруй, Андрэевіч, не праваронім.
I сапраўды — бабёр неўзабаве скаціўся, як камень, да лавушак. Аж плёхнуў і ўзгайдаў ваду. Імгненне — і Сомаў выцягнуў яго ў лодку. Але ж і здаравушчы, кілаграмаў, можа, пад трыццаць. I зноў жа — чорны, нібы пень-асмалак.
Бацька яго бачыў, расказвае:
— Ну ж і лапацеў — клубком каціўся! Во нагнаў Джульбарс страху!
Джульбарс не пераставаў гаўкаць. Падобна, што не ўсіх апароў. Калі так, то будзем чакаць...
Спякотны дзень, ціхі. Добра п'ецца вада.
Далёка не ўсе бабры вось так, на злом галавы, лятуць у рэчку. Некаторыя падчас яўнай небяспекі пераходзяць з лёжкі ў загадзя падрыхтаваныя катухі-заглушы, так званыя адноркі. Упершыню такі адмысловы закутак выявлі мы акурат напярэдадні ад'езду Малініна ў Чэрыкаў. У той дзень Джульбарс вызначыўся — высачыў пры вадзе ў кустах норку, ухапіў і ўжо не выпусціў, хоць і ўпрошвалі, каб аддаў; Сомаў нават палкай спрабаваў расцяць яму пашчу. Дзе там! Умалоў трафей са шкуркай, чым азадачыў і гаспадара свайго, і ўсіх нас. Потым — ці ён засердаваў, што пагаліліся на яго ласунак, ці проста ад сытнага перакусу надумаў адпачыць — незразумелае нешта здзеялася з ім, страціў азарт. Алянеў. Калі б на яго паспадзяваліся, то прамінулі б цэлую бабровую сям'ю.
Бацька з Сомавым знаходзіліся ў лодцы, а я з Малініным тупалі пры сабаку, па беразе. Дакладней — тупацелі як мае быць. Малінін цяжкі на хаду, скрадам, бясшумна ісці не ўмее — дзугае так, аж увесь бераг дрыжыць. Размаўляючы, мы не ўсачылі, як апярэдзілі лодку. Бацька загадаў вярнуцца: ён ужо абставіў выхад з нары й прасіў, каб правялі Джульбарса далей ад вады, дзе, па яго разліку, павінна быць лёжка. Правялі. Але Джульбарс ніводнага разу нават галавы не прыгнуў, каб панюхаць. Хоць бы, здаецца, збольшага праверыў. Няйнакш гэта яго фанабэрыя, і падштурхнула Малініна гучна, без ценю сумнення сказаць, што бабрамі тут, маўляў, і не пахне. А зрэшты, сабаку магло збіць з панталыку і тое, што набярэжжа спрэс аказалася бясхмызым — спярэшчаная кратовымі пагоркамі мурожная пагорбіна, наўзбоччы якой адзінока тырчаў схілены над вадой, дуплясты зломак усохлай вярбы з абгрызенымі атожылкамі.
Паляўнічае чуццё не падвяло — нара, як ні дзіўна, была заселеная, у чым бацька меў шчасце ўпэўніцца цвёрда: бадай адначасам ён пачуў трубны голас Малініна і ўбачыў бабра, які, падалося, плёхнуўся на ваду аднекуль зверху, як з прыпечка, даўся ў вочы й шуснуў назад, знік і больш ужо з намі не жадаў знацца. Затое мы ўсе праглі сустрэчы з ім. I прытым неадкладнай!
Бабровае жытло выдавала ўсё роўна як архітэктурна незавершаным, прымітыўным — няйнакш часовы прыстанак. Доказ гэтаму — хоць бы й той жа выхад: вузкі, без патайных бакавых закуцін, зручных звычайна пры ўцёках. I ўсё ж — было чаму падзівіцца: бацька напераменку з Малініным спаролі ўвесь бераг, але не тое што лёжку — рукаво лёха не выявілі. Грунт — суцэльная спрасаваная гліна, і шчуп даводзілася ўганяць, дзе б яго ні ўтыкалі, з неймаверным намаганнем. I тады бацька высек у лазняку доўгі, каля пяці метраў, спружыніста-пруткі хлуд з крывіной у камлі, паспрабаваў запусціць яго ў бабровую нару. Рабіў гэта проста з лодкі, бо пры беразе неглыбока было. Аднак праз які метр, не больш, «крывая» (так бацька назваў няхітры, але ў нашым абыходку патрэбны прадмет) упёрлася ў берагавую цвердзь. I тут — нарэшце-такі ачнуўся! — узяў на сябе ініцыятыву Джульбарс, які да гэтага бесклапотна спачываў пад вярбою ў цяньку, зрэдку цяўкаючы пашчай, — хапаў на ляту дакучлівых аваднёў. Падскочыў ён так раптоўна і прытка, акурат яму бок прыпякло, загаўкаў, стаў дзерці лапамі й калашмаціць зубамі ссохлае, усё ў патырчаках карнявішча, падобнае на барану, перавернутую кляцамі ўверх.
Малінін падбег да сабакі, утрапёна галёкнуў і, не перастаючы лёгка шоргаць шчупам, пабраўся па крутым схіле абрыву ў бок лодкі, коўзаючыся і чартыхаючыся. Прамацаў ход гэткім чынам аж да самай вады, аднак пяткі бабру не здолеў падма-заць, бо, па ўсім відаць, звера ўжо не было ў нары. Зноў мусіў вярнуцца да карнявішча. Гэты раз лёжку знайшоў хутка. Ну так, яна пуставала. Тым часам — не ўседзеў у лодцы! — падышоў заклапочаны бацька і загадаў мне адвесці сабаку, каб не замінаў. Сомаў вынес на бераг лапатку і адну лавушку, захапіў таксама «крывую», якая, зрэшты, і была задзейнічана.
Аднорак з лёжкі йшоў няроўна — забіраў уніз, і, здавалася, яму канца-краю няма. «Крывую» наддаўжылі. Дакладна вызначыўшы месца знаходжання схоўні, бацька прапанаваў пракапаць над ёй дзірку. Малінін прыняў другі, больш далікатны, як сам жа ён і адзначыў, варыянт: заліць схоўню вадой. Умомант разуўся — і мы выкарысталі яго гумовыя, з надкаленнымі надбаўкамі «скараходы» замест вёдраў. Выплеснуўшы ў аднорак ваду з пятнаццатага па ліку гумовіка, прычакалі нарэшце бабра. Мокры, усхваляваны, ён спыніўся перад лавушкай, уціснутай у вузкае жарало хода і загадзя накрытай плашчом, колькі разоў зласліва чыхнуў і нечага засоп, пасунуўся наперад. Ваяўніча сарпаючы, другі бабёр напіраў на першапраходца ззаду... Такое не часта ўбачыш!
Злоўленых баброў мы дастаўляем да Сомава звычайна ў лавушках і, як правіла, на сваіх гарбах. Для мяне заўсёды заставаўся самы меншы — гадавічок ці сяголетак. Але і я за дарогу вымучваўся так, што быў гатовы збегчы дамоў. Толькі ж паляванне, відаць, тым і забаўна, што сілай ніхто цябе не прымушае ім займацца: можаш, калі ласка, адмовіцца — і ты вольны казак, і не будуць так глыбінна садніць спіна і плечы, перастануць нават немцы сніцца, якія ўсё ловяць цябе і кідаюць пад гусеніцы танка, а ён цісне, цісне...
Праўда, колькі разоў Сомаў браў у лясніцтве каня — гэта, калі наш улоў быў надзіва багаты: пяць, а то і шэсць баброў. Радасць мая ў такія часіны падвойвалася: па-адно, не трэба несці бабра, і потым — можна самому ехаць.
Гэткім жа чынам, на кані, дапялі мы да Вужоўні — балотнай рачулкі з каскадам даўжэзных плацін і даволі ўнушальных памераў дагледжанай бабровай хаткай. Без лодкі заявіліся. Была б якая маленькая, лёгкая, накшталт надзіманкі, узялі б, канешне. З лодкай і на балоце зручна, асабліва такім, як гэтае, з рачулкай, дарма што і нагадвае канаву, звычайны сцёк.
На пастой спыніліся ў прыбалотнай вёсцы. Бацька выбраў хату бедную, саломай крытую, маленькую. Царавала ў ёй бабуля Хрышчоніха. Не ведаю, чаму яе так Сомаў назваў. Магчыма, вясковая мянушка такая ў жанчыны. Праўда, ён жа, Сомаў, спрабаваў завесці нас да некага іншага, хата ў цэнтры недзе, ды бацька адхіліў яго прапанову.
Не, Хрышчоніха была не адзінокая. Жыла з мужам, Данілам, здаецца, маладзейшым за яе. Тым не менш на вуліцу, як заўважыў Сомаў, Даніла не выходзіў каторы ўжо год — най-больш на печы ляжыць. I заўсёды апрануты ў кажух. На нагах — чорныя валёнкі...
Хрышчоніха, падобна, дзеля таго і жыве на свеце, каб штодзённа карміць свайго Данілу ды прыбіраць за ім. Да ўсяго гэтага яна тройчы на дні мацюкае яго, праклінаючы на чым свет стаіць. Першы раз — турыць з печы, каб садзіўся снедаць, другі — абедаць, трэці — вячэраць.
Не жыццё — стыхія звыклай будзёншчыны, ідылія навыварат.
Мы патрапілі якраз на сняданак. Вывернуўшы з закуранага чыгунка свяржыва-дуплястую паранку на голы, чорны ад брудзі стол, Хрышчоніха колькі разоў чаўпянула мужа вілашнікам па стаптаных падэшвах валёнкаў, што тырчалі на хату, і сварліва затараторыла:
— Лябюг, чорт лазаты, паўзі долкі, каб ты недаждаў! — I следам — ужо незласліва, спакойна: — Лежань, мянтуз... Бульба стыне!
У адказ шмякнулася на падлогу проста да ног Сомава згамтана-зашмальцаваная падушка. Хрышчоніха прытка ўхапіла яе і запусціла назад, на печ, рухава павярнулася да нас:
— Бачыце, напіханкай шубаецца, паразіт. — Сумелася. — Вы ўжо, людцы добрыя, не падзівіце... Сядайце, паснедайце з намі, чым Бог адарыў. Бульбы ўсім хваця.
Даніла згрэбся з печы, кіўком галавы паздароўкаўся з намі, памыў твар і сеў за стол — у покуць, пад абразы. Быў ён задумана-самотны, аж ці не абыякавы. Вочы — сінія, чыстыя, як у дзіцёнка. I каб не суглобасць ды не горбіўся лішне, то можна было б параўнаць гэтага старога мацака з ясенем, які патрапіў у палон да станіста-вабнай бярозкі, што абвілася вакол, скавала рухі, счарніла душу, скамяніла сэрца, і ён чэзне, небарака, на карані, пакутуе...
Сомаў не сеў за стол, а я з бацькам для прыліку з'елі колькі бульбін з селядцом. I ўжо не бавіліся — рушылі на балота. Усе снасці знарок размеркавалі між сабой — гэта каб потым, пасля ловаў, нічога не забыць. Мне выпала несці тапорык і дзве лавушкі; Сомаву — чатыры лавушкі, лапатку і два вялікія крапіўныя мяшкі, якімі ўкрываем злоўленых баброў. Бацька ўзяў, як звычайна, шчуп і адну лавушку, утаптаўшы ў яе свой плашч, зверху паклаў торбу з прадуктамі.
Праз паўгадзіны недзе былі на месцы.
Джульбарса не пазнаць — рухавы стаў, засяроджана-пільны. Не вольнічае, аднак, трымаецца пры нас; адно час ад часу зіркае на бацьку.
Загадзя нарыхтавалі кладак, зрабілі з іх падыход да хаткі. Вада спала тым часам бадай ці не на метр — давялося злёгку парушыць плаціны: ацалелыя бабры, так званыя ўцекачы, потым іх зноў адрамантуюць.
I ўсё ж, як гэта ні крыўдна, ловы давялося спыніць: бацька агледзеў вывернутыя бабрамі нямецкія міны — плоскія металічныя скрынкі, ад якіх цягнуліся ў бакі па дзве драцяных нержавейкі. Наснуджаныя міны!
Адкуль тут гэтае злавеснае ліха? Проста ўсё — немцы падчас акупацыі, віжуючы за партызанамі, мініравалі выхады з балота. Паблізу бабровай хаткі выявілі ажно пяць бляшаных скрынак. Бабры выгарнулі іх з торфу з такой далікатнасцю, што ніводная не ўзарвалася. Хатка акружана запоўненымі вадой хадамі, скрозь відаць бабровыя сцежкі-натапты. Але там, дзе міны, — ні слядка. Выходзіць, балотныя жыхары знарок абыходзяць небяспечныя месцы?