— Пугацёнак — пад усе бочкі шпунт. Фермай загадвае. Перад старшынёй выслужваецца, хоча, каб на курсы брыгадзіраў паслаў — чалавеку заманулася паначальнічаць... Ён жа не быў у войску. Равеснікі яго хапілі гора, палавіну з іх не вярнулася з вайны, а гэты цалёханькі, уратаваўся. — Бацька пачаў апранацца — усцягнуў на сябе суконны пінжак, пашыты з перафар-баванага шыняля, надзеў шапку. — Так і быць, сёння адбуду ноч, пасцерагу, а там — няхай сабе і водпуск!
Маці прынесла збанок малака, паставіла на стол. Замахала рукамі, усклікнула:
— Запіпчылі ўжо, курцы!.. Ты, Граська, хоць бы меншую сусолку рабіў, а то цурбалку скруціш — і так ужо глытаеш гаркоту, так глытаеш, быдта мала з цябе, не накурыўся за свой век. — I — да Малініна: — Выпілі б вячэранкі. — Села на ўслоне ля прачыненага акна. — Вакно разяпілі. Камароў наляціць поўная хата — не да сну будзе. Граська?!. — раптам спахапілася яна. — Нам жа скора кароў гнаць, радоўка, а ты з'едзеш. Я тут з дзецьмі хіба ўпраўлюся?
— Радоўка — праз два тыдні, — не падае бацька духам. — З Валькай Мішуравай пагавары — яна паможа... З Нінай адпасуць.
— Ну калі Валька, то я — спакойная, — лёгка пагадзілася маці. — Валька не адмовіць. Яна для мяне ўсёдно як і свой родны дзіцёнак. Скора, во, і замуж ёй — хай бы ручыла дзеўцы. Ніколі не забуду тую нашу радоўку, калі Валька памагала. Якраз і Ніна са мной была, дзве памочніцы мае.
Бацька дадае:
— Было тут ім без мяне.
— Немцы адступалі, а нам якраз кароў выпала пасвіць, — маці засяродзілася. — А яшчэ ж я ў той дзень узялася палоску ўзараць і жыта пасеяць...
— А-а, так, — падтакнуў бацька. — Прыйшоў я з лесу, ступіў на падворак і бачу: Ева мая з плужком важдаецца. Ішоў гародамі, краўся. От ужо — паўсотня якая двароў, а як хто з партызанаў заявіцца ў вёску, тут жа і грыміць машына — паліцыя з «куратніка». У Ходараў, праўда, не лёгка было заехаць — грэбля не давала. Яе стараліся загаціць: пяском усыпалі, голлем усцілалі. Ды пахвошча дождж паўдня — і куды дзяецца той пясок. Бухціць, як рошчына, багна, хлякоча. Як толькі машына ўссунецца на подсціл, так і пачынае выць, буксаваць, пакуль і зусім на кардан не сядзе. I што — у паліцаяў была такая панароўка: машына загрузла, закапалася ў гразь, дык яны выскокваюць з кузава, рассыпаюцца ў ланцуг і бегма лятуць вёску акружаць. Двое партызан з нашага атрада забавіліся і не паспелі ўцячы. Не наськія былі. Іх сюды з Масквы прыслалі. А такія хлопцы — маладыя, студэнты нядаўнія. Загаварыліся з дзеўкамі, а паліцаі тут як тут. Нехта ім падказаў, данёс.
— Хлопчыкі тэя, бядняжачкі, усё не верылі — думалі, што іх акружылі не паліцэйныя, а свае, з суседняга атрада. Цюцькі ж гэтыя, паліцэйныя, у цывільным лахалі, формы нямецкай не насілі: ці не было, ці пад сваіх падстройваліся. I яны абазналіся — не ўцякалі, не адстрэльваліся. Нявопытныя. Што ўжо з імі рабілі — горай за немцаў зругваліся тэя паліцэйныя. Аднаго дык у нужнік галавой торкалі. Ён маўчыць, акамянеў быдта. Нічога не сказаў... Не дай Бог успамінаць тое ліхалецце, — маці маркотна апусціла голаў, уздыхнула.
— Нехта ў вас тут служыў немцам верна, — сказаў Малінін. — Даносіў... Відаць, па рацыі перадаваў.
— Хто ён, той даносчык, мне і цяпер рупіць дазнацца. — Бацька прытушыў папяросу. — Можа, і поўзае, гад, паблізу, заціснуўшы ў кулак сваю злосць.
— Я тады й не змеціла, як ты, Граська, на двор узышоў... — Вярнулася маці да ранейшай размовы.
— Ты не магла ўбачыць, бо плужком занялася. Стукаеш малатком па крывым злізаным лемяшы, а ён задраў свой бліскучы нос і не паддаецца.
— Я з-за лемяша таго памучылася... Ару, а плужок выскоквае з баразны, слізгае па зямлі. I хоць плач — ніякай жа рады не даць яму ў полі, ніякай! А дома — малаток у руках. Хацела ўправіцца, адкладваць не было як — назаўтра ж кароў пасвіць. Прамлю лямеш і думаю, куды іх гнаць? Молічка круцілася са статкам ля Торхвішча, дык немцы ехалі з Гіжэнкі — убачылі, выбралі дзве цёлкі, ускінулі на машыну і павезлі. — Маці паглядзела на гадзіннік. — Ідзі ўжо, Граська, ідзі. Яшчэ не хапала Екалы тут — нахопіцца і ўсякае пляўкаць пачне, балабоніць.
Бацька выпіў дзве шклянкі малака і пайшоў, а маці зноў разгаварылася:
— Ранічкай ганю кароў па вуліцы, а над вёскай «рама» нямецкая кружыць. «Не к дабру, — думаю, — гэты самалёт». Тут жа, пры мне, Мішурава Валька і Нінка мая — памагаюць. Загналі статак у лес, аж, вуна, у саракавэй квартал. Сама двору вярнулася — трэба ж управіцца з палоскай, бо Граська не памог: ноч была неспакойная, дык мы з ім пазюкалі, пасядзслі ў паграбні — ён і пайшоў... Узяла каня ў Рыжчыхі, паехала на сваю палоску — давай даворваць загон. Тут і стала бухаць! Ляцяць снарадчыкі: у лесе рвуцца, у вёсцы, на лажках... Я ўжо бачу, што не ўціхамірыцца ліха гэтае, каня адпрагла, завяла ў кусты — пусціла. А сама двору пабегла.
— Зпачыць, немцы адступалі й стралялі па сваім, так сказаць, тыле?.. — Малінін уважліва слухаў маці, падтакваў, а часам і перапытваў, калі што не разумеў.
— Аняго ж!.. Партызанаў баяліся. Пусцілі наперадзе спецыяльныя атрады, і тэя прачэсвалі лсс ад бандытаў, як самі ж казалі. Ды шчэ хаты палілі, млыны рушылі. Такі самы атрад і ў той дзень праходзіў. Я з поля вярнулася, сабрала дзяцей — павяла да Сямёна Сэйкі ў зямлянку, каб хоць ад ашкроткаў схавацца. Толькі паткнулася, а як загундосіць гэты Сэйка:
«Нарыца, вас будуць сянні калоць, на штыках круціць, вешаць. А вы тута схавацца думаеце?.. Кыш з маёй зямлянкі! Вядзі свой вывадак да мужа ў лес — хай ён там хавае вас... Я хачу жыць!»
Ага, сядзіць на пярыне Мойчыха — яна спакойная. У яе пісьмо за пазухай ад мужа, які ў Германіі, можа, немцам служыць. Дунька, суседка наша, таксама, як мыш, прыціхла — яе мужык паліцэйны. Граська мне шапнуў-такі, што ён з партызанамі заадно, але ж паліцэйны. Калі што — даведку пакажа. Дык гэтых Сэйка не праганяе. Прыкрыўся імі, хітруе. Я вытыркнулася з дзецьмі вонкі, а снарады свішчуць, бухаюць. Прыбегла да Луцэі. Яна мне і стала расказваць, як Валька з Нінай напужаліся і кароў назад у вёску прытурылі. Яна ўпрасіла Іллюху, каб памог, а тут і Лаўрэн падвярнуўся — і яны загналі статак ажно за Майдан. Я і кажу Луцэі:
«Дзядзіна, няхай дзеці ў вас пабудуць — пабягу да кароў!»
Мінавала Майдан, гукаю Ніну, Вальку. Чую, выюць мае дзеўкі. Толькі, гэта, знайшла іх, супакоіла, як бачу — смыліць Луцэя з Ленкай, унучкай сваёй і Надзькай маёй, Колю на руках нясе — малы ж. А за імі следам — Лаўрэн з Хімай, Іван Кароценькі з усёй планідай свай і Вася Цімошыха. А снарады ўжо і сюды далятаюць. Як упадзе каторы, бухне, дык Іван Кароценькі — брык пад сасонку, ляжыць. I смешна, і дзіўна — Іван жа глухі. Хіма крычыць яму ў самае вуха:
«Кум, не хавайся — гэта ж не самалёт, а снарады!»
Ён падымаецца, атрэсвае шыгалле. А хлопцаў маіх, большых, бачу, няма з Луцэяй, пытаю ў яе:
«Дзе мае сыны?»
«А яны, пакуль я сабралася, на Усох пабеглі. I дзеўка мая з імі. Я наказала ім, каб да бабы Кордзіхі йшлі». — I перадала мне Колю, заплаканага, напужанага.
«Во што, людзі добрыя, — кажу ім усім. — Цяпер ужо бярыце кожны сваю карову ды глядзіце самі, бо я ўжо за іх не ручаюся, пасвіць сёпня няма як. Вы бежыцё хавацца, то і я не адна — з дзецьмі...»
Дзядзіна, праўда, засталася са мною. Тут жа і Цімошыха. Сядзім. А тэя ўсе патахоніліся далей. Я дастала з хатулька праснакі, што пастушкам сваім брала. Сталі есці насухама. Якраз і стральба ўціхла. Дзядзіна кажа:
«Вярнуся двору... Ленку з сабой вазьму і Надзьку, а ты будзь з каровамі», — і пайшла. Цімошыха — следам за ёй: крыў-крыў, бы качка.