«А іх ці не пабілі там... Чула дзве вочарадзі. I Надзька твая крыкнула раз і не азвалася болей. Я кінулася кустамі ўцякаць, па мне стралялі, ды неяк вырвалася, не пацэлілі...»
Што ж мне ўжо заставалася рабіць — сяджу на загаваліне, выю. Кордзіха не сцярпела ды як стукне-грукне кулаком па сцяне, аж хата загула. I пачала суцяшаць мяне:
«Можа, нам усім скора хана... Чаго ты развылася, душу рвеш? Глядзі ўжо гэтых дзетак, што пры табе!»
Ноч настала. Неба чырвонае — скрозь вёскі гараць. Ходараў наш гарыць, Гіжэнка... Яшчэ ж трывожуся і за Граську — мадзяры гэтыя партызанаў шукаюць...
Уранні паклікала Зою. А тут жа Усох уласаўцамі забіты — кішыць вёска не германцамі, а рускімі людзьмі, здраднікамі. Гэтыя — страшнейшыя за немцаў, свае ж. Распалажыліся дзе толькі можна. Адзін уласавец, малады такі, прыгожы — рускі, сказана, чалавек, пачуў, што я Зою прашу нікуды не адлучацца, пытае:
«Ваша дочка?» — I глядзіць-глядзіць на яе. «Ну, дочка...» — кажу так, а сама думаю: з чаго б гэта ён, што яму трэба? Не, бачу, павярнуўся і пайшоў да сваіх, а тады, спагадзя, вярнуўся, але ўжо з хлебам, і мёдам хлеб той памазаны. Пытае:
«Цётка, дзе вашы дзеці?» — I стаў гэтым хлебам намазаным частаваць нас.
Уласаўцы ж тады пчол Адамовічавых выдралі. Пчолы пакусалі аднаго з іх. Пакусанага заматалі ў прасціну і ўсё ранне вадой халоднай аблівалі. Ён апух, енчыць, корчыцца ў прасціне, а салдаты ўсё ллюць на яго вёдрамі ваду з крыніцы. I не адхаялі — памёр, наеўся мёду... А як закапалі «пчаляра», падышоў гэты самы ўласавец, што мёдам часціў, і стаў плакаць. Сядзеў і плакаў, доўга! Тады прызнаўся, што яго нявесту звалі Зояй. I забіў яе нехта са сваіх, з-за рэўнасці. Кулю паказаў — У кашалёчку насіў. Дык ён не ведаў — хто. А цяпер яму сказалі, што гэты самы й забіў, што пчол выдраў... Знябыўся ў горкім плачы хлапчына, і якраз апоўдні, бедалажка, наклаў на сябе рукі — застрэліўся. Ды акурат на дворышчы ў Кордзіхі, ля нас. Прыбег яго начальнік, пухлясты, з двума наганамі ў руках. Злюшчы-празлюшчы. Крычыць хлапцу гэтаму, ужо мёртваму:
«Гніда, трус!..» А тады загадаў нам, каб закапалі яго. Забраў аўтамат, дакументы.
Назаўтра мы двору падаліся, у Ходараў. Прыйшлі, а хаты нашай няма, згарэла. Лазня, праўда, стаіць. Мама мая з Нінай і Надзькай сядзяць на пажарышчы на абгарэлым бярне, вы-юць: думаюць жа, што нас ужо ў жывых няма. Трухалле, якое ўцалела, мама ў пограб сабрала, замкнула і хацела ўжо забіраць маіх дзевак да сябе. Эх, убачыла іх здаровымі — радуюся, пры мне ўсе, жывыя.
А ўсё так атрымалася. Ніна, калі сталі страляць, кінулася мяне шукаць, ды ўзбілася на мінавіцу партызанскую, сцежку, і апынулася аж, вуна, на Латачку, куды партызаны на абстрэл шашы хадзілі. Прыбегла, а там гільзы пустыя — кучамі. Шаша блізка, і немцаў на ёй поўна. Дык яна павярнула назад... Блукала па лесе, пакуль і не выйшла на сакалоўскае поле. Там убачыў яе Лапацуй, паклікаў да сябе. Ён быў у Сакалоўцы ў сваякоў і вяртаўся двору. За руку — прывёў Ніну дадому. А Луцэю і дзяцей немцы забралі й затахонілі аж у «куратнік». 1х бы там, няшчасных, і пастралялі, ды, праўда, мясцовыя паліцаі ведалі Луцэю, сказалі, што мужа ў яе няма, памёр яшчэ да вайны, і яе адпусцілі. А Надзя — Васіліна не ачулася — сапраўды крыкнула, бо куля, трасіруючая, чырканула ёй па назе, апякла.
Уселіся мы радком на бярно-асмалак, гаворым. Сямейка мая пры мне, і я клапачуся ўжо за Граську: дзе ён, што з ім?..
Як без яго жыць? Хаты няма — на цяплянішчы голая печ чорная, глядзець страшна. I тут — Мойчыха падышла. Злая. I пачала:
«О, дзе ні валачылася, а сама і дзеці неўрадзімыя... Кароўку маю збаёдала. Чуеш, дзе мая карова?!. Мужык, можа, забраў ды ўходаў там, у лесе?..»
Гэтымі словамі, як нажом пырнула. Во суседка — такая нягодніца.
«Ці йта ж можна так?.. Што ты вярзеш, баба? — кажу і як не заплачу. — Партызаны карову тваю з'елі?.. Сорам такое выдумляць. Столькі немцаў пёрла тэй дзень, яны й забралі. Не толькі ж тваёй — і маёй каровы няма!»
«Можаш не клапаціцца — тваю карову я забрала ўзамен на сваю. А што ж, не ўпільнавала маю — сваю аддай... Толькі так!»
Мне стала крыўдна. Камяк сухі падкаціўся да горла, душыць — не дыхнуць. «I бяры!.. Бяры, гадаўка чорная, бяры!» — Душа рвецца сказаць ёй так, адкрыта, у вочы. Ды сцерпела, пабаялася, што загалашу тут, на вуліцы. Хоць бы ж карова была, а то ж доіцца ўсяго на дзве дойкі, вымя тое — з кулачок, і яна пазарылася, забрала...
Мойчыха пазругвалася з мяне, а тады й кажа:
«Не ўбівайся — выпусціла тваю здыхлю. Вуна, бачыш, на лажках пасецца. — I — з раскаяннем: — Чорт мяне папутаў — стаяла б скаціна ў пуні, дык немцы, забіраючы, хоць бы які дакумент выпісалі. Паказвала б цяпер захадзяшчым, то, можа, кублы мае не трэслі б так пільна, не лазілі б у пограб прысмакаў шукаць. Каторы дзень усё пруць і пруць, хто ні забяжыць у двор, так і наровіць ухапіць якую рэч... Абагачаюцца».
Якраз Лаўрэн падышоў і ўсё гэта чуў. А па вуліцы міма нас абоз нямецкі валіць. Едуць жараўком на конях: сядзяць бабы маладыя — шлюхі, і немцы з кукардамі, п'яныя, у абнімку з імі. Можа, яны й не германцы — паліцэйныя, можа, здраднікі, ды ўсе ў нямецкай адзежы.
«Што, Грунька, — не змоўчаў Лаўрэн, — ад гэтых бандзюкоў ласкі чакаеш? Яны шчодрыя. Могуць выпісаць дакумент на той свет: чышчане каторы з аўтамата — і на ўсё адразу забудзеш. Павер мне, гэта ўсё так. — I — здзіўлена: — Як гэта ніхто з іх не залучыў цябе, такую разумніцу, і не выбіў дуроту з пустой тваёй башкі. — Пакасіўся ў бок адступанцаў з перапоўненымі каламажкамі. — Калі дужа ўлюбёная ў ахвосце гэта, дык не стой — хапай транты свае і гайсуй, пакуль не позна, за імі ўслед. Якраз і ў форме іхняй, гатовенькая. — Мойчыха апранута была ў нямецкі мундзір; на нагах — яшчэ зусім новыя салдацкія чаравікі, нямецкія. Лаўрэн падазрона жмурыць вочы, кідае кепік: — Во, сілком напяліла. Уціснулася-такі. Шкада расстацца з барахлом нямецкім. Не баішся, што каторы падыдзе і кулю ў тваю пустую ветранку ўсодзіць?..»
Зачапіў жанчыну за жывое — усхадзілася Мойчыха не на жарт:
«Ты ўжо хоць бы маўчаў, старастаў прыхлябацель! Сам жа немцам памагаў... Не помніш, як шашу скарадзіць выязджаў? Партызаны ставілі міны, каб нямецкія грузавікі падрываліся, а ты, цюцька, вынюхваў шашу... У самога ў цябе ветранка! Лысая, зморшчаная... Цьфу!» — Плюнула як не ў твар Лаўрэну.
Паслухаць Мойчыху, дык Лаўрэн па сваёй волі шашу скарадзіў, добраахвотна на пагібель ішоў. Я ўступілася:
«Яго ж бы бобікі застрэлілі, калі б адмовіўся. Дый не адзін ён скарадзіў — усе мужчыны, хто быў, выязджалі па чарзе. — I бадай нарошня, каб дапячы, спытала: — Гэты фрэнч табе ўдружыў той самы кабель фельдфебель, што на пастоі быў?»
Лаўрэн засмяяўся, а Мойчыха — ых! — зацыўкала вачыма, пачала юліць, дзе і зло дзелася:
«Няго ж, той гад удружыў бы... Гэта я дзён колькі таму ля калодзежа падабрала. Немцы спыніліся, сталі ваду піць, мыцца, а тут самалёт наш наляцеў, з кулямёта пачаў страчыць. Ваякі ўцякаць кінуліся, і нехта пакінуў мундзір ля камягі. Я ўзяла — не прападаць жа дабру. Шаўроны абрэзала, гузікі замяніла, у жлукце адпарыла, каб чортам не смярдзеў, выпаласкала — і во, ёсць хоць чым цела прыкрыць. — Такая гаротная, так прыбеднілася, нібы й праўда не было ёй у што адзецца. Пяць гадоў жылі з Мінькам бяздзетна, смачна елі ды ўбор-на адзяваліся — і яна, бедная, пагалілася на трафейныя бала-хон і чаравікі. Граську майго пачала хваліць: — Твой жа му-Жык — маладзец, наўчыў цябе шыць, дык з палаткі й кофту змудрожыла, і спадніцу. А я — не шваха, пагуляха. I Мінька мой такі ж. З яго кравец, — паказала на Лаўрэна, — як з гэтага во курдыякі — лётчык...» — I ўсё балабоніць, не адступаецца. На Лаўрэна як гляне, дык ажно чарнее ад злосці. Мне ўжо хоць зноў станавіся ў абарону. Ды ён, праўда, насмешліва зіркнуў на яе поўныя грудзі й шкадобна сказаў:
«Табе ж, Грунька, няўтульна — расшпіліся, дай цыцкам волю, каб пустымі вісёлькамі не сталі. Мінька вернецца з хронту — народзіш, будзе радасці дзіцёнку. Няхай большаюць, не душы іх».
Во, які ні курдыяка, а знайшоў чым дапячы вастраслоўку, збіў гонар.