— Яму і дзесяцігодка не зашкодзіць! — узрушылася раптам маці. Бач, і думаць не жадае, каб я ў Маскву ехаў, удалячынь. Аб гэтым і гаворкі не магло быць. Прапанова Малініна не толькі насцярожыла, а проста напалохала яе, і яна, відаць жа, хвалюецца ўжо, недзе разважае ўпотай: «Гэта ж, калі сказаў, дык і забярэ сына, зробіць і з яго такога ж, як і сам, лайдака. Гойсае па свеце, бадзяжнічае, ад сям'і адбіўся і на тое ж іншых спрагнушчае. Бабры яму трэба — ліха шукае на сваю галаву, бяду!.. Што сабе чалавек думае, як збіраецца сустракаць старасць? Вумны-разумны, нябось, ды нечага, во, у падзёртых портках ходзіць».
Малінін перахапіў грэбліва-насмешлівы позірк маці, спы-таў:
— Што, Мікалаеўна, глядзіш на мае каленкі? Дзярэцца — на новае бярэцца. Заўтра мы ў такія робы адзенемся — не пазнаеш!
— Можа б, пакінулі дранцё сваё, дык я тут памыю ды палаплю...
— Хто ж летам дзіркі ў штанах зашывае? Хай вецер шастае, дзе яму хочацца. А мыць — на рацэ самі ўправімся. — Малінін падміргнуў мне. — Правільна я кажу? — Кіўнуў у бок ложка, на якім спачываў шафёр, зазначыў: — Пецька сапраўды, што ёг: не паспеў легчы — і ўжо храпе.
— I вам пасцеля гатова, — сказала маці.
— На гарышчы хіба? — Малінін глядзіць на яе і смяецца. — Мне пад бок, спадзяюся, хопіць сена, Мікалаеўна?
— Там якіх дзве ношкі й ёсць... Пад голаў толькі й хопіць.
— Нічога... Будзе і сена, усё будзе, — паспачуваў ен маці.
— А ўжо ж, і як нам без сена зімаваць? — Гэты зварот тычыцца хутчэй бацькі. — I што ты сабе, Граська, думаеш?
— А што мне думаць?.. Во скончым адлоў дый сена вазы тры куплю. З чаго тут бедаваць-перажываць: сена маё, сена!.. Не панікуй і не ківай на людзей — без сена не застанемся!
— Мікалаеўна, і сена раздабудзем, і нават мукі на бліны, вальцовачкі, першага гатунку падкіну мяшкі тры. Пабачыш, таго-сяго для сваіх лаўцоў-малайцоў дастукаюся, абы ловы толкам пайшлі. — Малінін падняў конаўку з бярозавікам, нібы чарку з гарэлкай, сказаў: — Чуў я тут у вас прыгаворку такую: усе бабры дабры, адна выдра ліхая. Дык вось, Мікалаеўна, п'ю гэты напой за тое, каб і выдры ўсе, як і бабры, былі таксама добрыя! — Выпіў, адставіў конаўку ўбок. — Калі ты, Мікалаеўна, думаеш, што мая суночніца адпусціла мяне мірна-спакойна, дык ведай: пабіліся на ад'езд. Такое яно жыццё: тут і клопат, і трывога, і няласка, і любоў, і рэўнасць дурацкая... Усё ў адзін клубок згарнулася, сплялося, што і не разблытаць ужо. Дзе ж гэта — ого! — жыў хто адно добрым? I тут: з чаго крыўдаваць? Мы ж не гуляць сабраліся. А вернемся, лазню выпалім, памыемся, гарэлачкі зальем за губу, закусім — і радасць... Дык што, будзем мірыцца?
— Я з вамі, добры чалавек, не лаялася, — пасміхнулася маці. — За чубы не браліся. — I ўжо не чужыцца, наўпрост глядзіць на Малініна. — Чаму я так за сена пякуся? У пячонках яно ў мяне, сена... Карова ж наша ў вайну ўбераглася. Сама сябе захавала. Гэта ж, калі немцы ў першы раз ішлі, наступалі, і сталі па вёсцы снарады рвацца, дык яна дзверы выбіла ў пуні й збегла ў лес. Вуна, аж у Брындзікі, у гусцеж зашылася. Яе, праўда, раніла ў бок. Рана доўга не зажывала, гнаілася. Немцы прыйдуць, цапком у рану папораць, пагергечуць дый хадыля з пуні: худая карова, хворая. А што дойшчыкі — гэтыя быту не давалі, разоў па дваццаць на дні заяўляліся. I ўсё новыя. Адзін панадзіўся быў — гад з гадаў, відаць. Рыжы ўвесь, такі, як усё роўна гарыць знутры, свіціцца. З малаком яму не аблапілася, дык у гарод залез і стаў квасолю латашыць. Стручок дзе які завязаўся — зрывае і кідае ў кацялок. Думаю, чорт з табой, гарыда, суп зварыш — мытух прабярэ, пабегаеш. Ажно нічога з ім не зрабілася — праз дзень зноў прывалокся і стаў квакушку лавіць, загнаў пад бярвенне, сам не можа дастаць, дык наставіў наган мне ў грудзі й камандуе, каб злавіла курыцу. Жэнік палез — злавіў, аддаў яму, абы ад мяне адкаснуўся. Гэты ж самы вылюдак, трасца яму ў бок, пасля і авечку нашу са свету звёў. Купілі на развод маладзенькую, хавалі, а ён апароў і зжэр. I ўсё не пераставаў хадзіць. Адзін раз доўга ныкаў па двары, агледзеў касу ў падстрэшку, ухапіў і — на гарод, стаў каноплі касіць. Быдта коням на скорм. Лён таксама паклаў. Нарошня, гад: коні ж ні каноплі, ні лён не ядуць. Упёкся ён мне хаднёй сваёй. Баялася, што карову звядзе. А яна ж, кароўка мая, толькі й карміла дзяцей. I ў вайну, і пасля вайны. Як-ніяк, а ўсё ж па тры-чатыры літры надойвала ўранні. Ды столькі ўвечары. Улетку дзеці шчавель з лугу неслі, з лесу — ягады, грыбы... Так і перабіваліся. — Маці прымоўкла на якую хвіліну, працяжна ўздыхнула і звярнулася непасрэдна да Малініна: — Я, добры чалавек, так скажу: калі б Граська гэтак, як я, з дзецьмі застаўся, то нізашто не ўбярог бы каровы. Збахрыў бы ў першы год вайны. I пухлі б дзеткі з голаду, качаліся б не еўшы... Граська — безалаберны чалавек, бесклапотны.
— Не-е, Мікалаеўна, няпраўду кажаш: Герасім такі ж клапатун, як і сама, — уступіўся Малінін за бацьку. — Што не гультай ён — у гэтым я ўжо неаднойчы пераканаўся.
— Не гультай на дурную работу. Дзе п'юць ды ядзяць, там на Граську не глядзяць, а дзе цяжка — ідзі туды, Граська. Прыдумка гэта акурат пра яго. — Маці схмурыла лоб. — Сваім жа мазалём, справядліва жыць у такі круцялюшны час хіба лёгка? А красці ж мы не ўмеем. Я, праўда, пагалілася была на чужое, дык пракаялася пасля, зарок дала на ўсё жыццё.
— Гэта калі ж ты крала?.. — здзівіўся бацька. — Ну-ну, раскажы. Хм, ні разу не хвалілася.
Ну во, бацька і троху не закрыўдаваў на маці, хоць назвала яго і безалаберным, і бесклапотным.
— Цябе параніла ўжо, у Іркуцку быў. Тэй год я цёлачку пакінула: няхай, думаю, расце на змену карове. I як у ваду глядзела, бы хто нараіў: вясной карову прыйшлося прырэзаць — іголку з'ела. А пакуль у мяне дзве каровы ў пуні стаяць. Зіма. Карміць іх чым-та ж трэба. Увосень тут скрозь па лесе салдаты нашы стаялі, жылі ў зямлянках. Дык мы з Жэнікам усе подсцілы ператрэслі. Сена хоць і прэлае, улежанае, а ўсё ж сена. Адзін раз хадзілі з Васілінай патруху збіраць і нагледзелі стажок — стаіць пры дарозе, абскубаны. Васіліна мне кажа: «Усе скубуць, а мы што — святыя?..» I ўгаварыла набраць па ношцы з гэтага стажка. Тут якраз — мужчыны нашы сена везлі. З Казінкі ажно. А мы стаім — збочылі, чакаем, пакуль праедуць. Яны ж думаюць, што мы на Казінку дубічым, будзем там адонне з-пад снегу цягаць. I пашкадавалі нас. Іван Трусевіч кажа: «Навошта вам, дзеўкі, перціся ў свет? Во я піхну гэты стог плячом, ужо цёмна, дык вы наберыцё як панесці». Мы й рады. Праўда, сказалі, каб не валіў стажка. Тут і Анюта, суседка мая, прылучылася. Ужо тройца злодзеяў, весялей. Я ж ведаю: ля стога калі заловяць — турма. Мне страшна, трасуцца рукі, нічога не магу рабіць. Піліп Рахвяёнак бачыць, што мы ледзь варушымся, узяўся памагаць: быдта душой чуў, што спяшацца трэба. А недаскубак гэты стаяў во так, як узгалле, за аблогай. I толькі мы з паўвярсты адышліся — шыбуюць нам насустрач удвох. Адзін, бачу, аднарукі. Правай няма. Другі — Раманок, стораж. Малінаўскі. Мяне добра ведае.
«Здарова, Ева! — павітаўся. I — сур'ёзна, набычана: — Чыё сена, гавары?!.»
Я спужалася, кажу:
«А гэта адонне са стагоў... З нашых. Ісцінны Бог, адонне».
Раманок павярнуўся да аднарукага:
«Кладу галаву на адсяканне, — у яго гаворка такая, як тапаром сячэ: бэх, бэх, бэх, — сена з вашых стагоў, Іванавіч. З гэтага, што скора паваліцца. — Вышмаргнуў жмак з маёй ношкі — і ў крык: — Такое адонне?!. Ліха тваёй мацеры, маніш! — Падбег да Васіліны: — Хамілія?!.»
Яна назвалася нейкай бабай ажно, вуна, з Крамянкі. Ён — да Анюты:
«А ты хто?»
I гэтая зманіла не маргнуўшы. Раманок насупіўся:
«Не чуў я такіх хамілій... Ой, бабы, не веру я вам. — I — да мяне: — Ты іх выкрыеш. Твая ношачка ўдвая меншая, а ўсё роўна ж ты — злодзей, расхіціцель народнага дабра. Судзіць вас будзем, так!»
I тут аднарукі пытае ў мяне:
«Радня ў Бакаве ёсць у вас?»
«Ёсць», — адказваю.