Валодзю падабалася лодка, ён лічыў, што ў ёй сама што дастаўляць бабровы корм з прыбярэжных лазовых шатаў. Але найбольш ён быў у захапленні, падобна, не так ад лодкі, як ад цыганіста-ўзвейнай Лоры, Пагаркавай дачкі, з якою, як правіла, і выпраўляўся па лазу. Лору Малінін сагітаваў быць даглядчыцай баброў. Дзяўчына ў мінулым годзе скончыла дзесяцігодку, паступала ў педінстытут на бібліятэкара, але няўдала. Робіць паштальёнам. I вось — намерылася звольніцца з пошты.
— Папрацуе — і падасца ў заатэхнікум, гэты самы, што я заканчваю, — шчыраваў Валодзя. — Я глядзеў яе атэстат — ніводнага траяка, а па біялогіі, матэматыцы, хіміі — пяцёркі... Могуць без экзаменаў залічыць. А што — могуць, калі напіша Малінін характарыстыку. У яго сувязь з выкладчыкамі тэхнікума трывалая — жонка выкладае рускую мову старшыня прыёмнай камісіі.
Як мне паказалася, Валодзя проста закахаўся ў Лору. Ён ужо колькі разоў хадзіў з ёй у кіно, былі нават у гарадскім парку на танцах, дзе яму троху перапала — арганізаваў бойку адзін з Лорыных кавалераў. I не дзіўна: як можна назваць дзяўчыну сваёй, калі цябе не аддубасілі з-за яе!
Мы вярнуліся з ракі. Неўзабаве і Малінін з Пецькам прыехалі са Слаўгарада. Міхалькоў з Маргуном, выходзіць, няблага пастараліся — злаівілі двух баброў. Праўда, адзін з іх — сяголетак. I такі чарныш, такі харашун, хоць бяры ў рукі й любуйся ім. Дзіўна, што бабрыха, маці яго, колерам і блізка не падобная — выразна бурая ўся, з цёмна-каштанавым адлівам па баках.
Валодзя не верыў сваім вачам: чорнае бабраня — роднае дзіця рыжай бабрыхі? Гэта ж якраз тое, што і трэба яму.
Значыць, бабрыха ў Сож нядаўна патрапіла, да гэтага жыла недзе на балоце. Валодзя ўголас, каб усе чулі, сказаў мне аб сваёй дагадцы. Я паглядзеў на яго: засяроджаны, надзіва глыбакадумны твар — як ёсць прафесар, адно нестае на носе акуляраў у залачонай аправе.
— Кірыла Аляксандравіч, па-мойму, бабраня прыёмнае. — Валодзя кпліва прыжмурыўся. — Магло ж і так быць: бабрыху воўк задраў ці ад рук браканьера загінула, а дзяцей-сіротак пабралі ў свае сем'і бабры-суседзі.
— А ты ўважліва паназірай... Па колеру, бачыш, яны не падобныя, і ў той жа час такія блізкія, неразлучныя. — Малінін адной рукой трымаў прыўзнятае вечка клеткі, другой — каторы ўжо раз адцягваў бабраня ад маці, і яно зноў вярталася да яе, нават падавала голас — угукала, падобна, прасіла абараніць. — Маці бурая, отрак — чорны, як вугалёк. Сярод баброў звычайная з'ява. Тут усё, думаю, як і ў людзей. — Апусціў вечка і яўна жартам дадаў: — Аб'яўлю Міхалькову вымову, што не ўзяў усёй сям'і разам — не мог пастарацца для навукі. — Паглядзеў на Валодзю наўспрам. — Тваё, Братчанка, не ўцячэ — не спяшайся з адкрыццямі. Але і не ўпускай нічога — усё занатоўвай у дзённік, нават гэтыя нашы спрэчкі. Праўда, старайся не гаварыць мне сёння таго, што можна сказаць заўтра.
Выбраліся з Чэрыкава надвечар. Пецька газаваў на ўсю «жалезку» — прызнаўся, што пакутуе ад смагі, таму і спяшаецца, маўляў, каб удосыць напіцца бярозавіку. Заехалі ў Бакаў. Гэта якраз па дарозе. Патрапілі на юшку: як ведалі, што дзядзька Мікіта налавіў рыбы. Ніколі такой смачнай юшкі я не еў — густая, наварыстая. Усе казалі: трайная, хвалілі. Цішком спытаў у бацькі, чаму юшка «трайная», і ён растлумачыў: жыжка ў чыгуне заставалася адна і тая ж, а рыбу тройчы мянялі.
Дзядзька Мікіта быў у цэнтры ўвагі. Юшка ўдалася, госці задаволеныя пачастункам. Нарэшце Малінін пацікавіўся, якой снасцю ён ловіць рыбу і ў адказ пачуў, што, маўляў, апрача сеткі, нічога больш і не прызнае; тады-сяды восці выкарыстоўвае, з падсветам.
— А я — прызнаю толькі спінінг. — Малінін далікатна даў зразумець, што не церпіць браканьерства.
— Спінінг?.. — дзядзька Мікіта пасміхнуўся. — Няўжо ўсё шчэ ёсць дурная рыба? Нармальная за бляшку не будзе хапацца.
— Упаляваць шчупака на спінінг — гэта ж радасць! — Малінін узрушыўся: — Цягнеш, а ён упіраецца, не ідзе — тармозіць, чорт. Даеш яму ход — ён і папёр... I так вымучае, пакуль сам не правароніць — хопіць паветра, і тады ўжо не супраціўляецца вельмі, і яго — шах на бераг, гатовы!
Неўпрыкмет дзядзька Мікіта перавёў размову ў іншае рэчышча:
— Я ж быў і на фронт увесь свой інструмент завёз... Камандзір палка трапіўся талковы, з рабочых. Неяк спыніў мяне і кажа:
«Кухня прахудзілася, зможаш залатаць?»
«Змагу, — адказаў я ўпэўнена. — Абы штукавінне было».
«А дома ў цябе што засталося?» — Сказана, рабочы чалавек, дагадлівы.
«Дома ўсё ёсць: мех кузнечны, накавальня, ціскі, малаткі, паяльнік, волава... Закапаў».
I ён распарадзіўся, каб з'ездзіў і ўсё прывёз. А мне адзін дзень дома пабыць — шчасце. Стаялі блізка — на Проні. На падводу — паехаў... Вярнуўся і арганізаваў кузню. Фарсіравалі Проню, фронт спыніўся пад Быхавам. Кузню разгарнуў на пячышчы. Горн прыладкаваў, накавальню... Пад хатай пограб быў, там бульба засталася. Хата згарэла, а пограб цэлы. Добры пограб. Я палок зрабіў, то і спаў там. Да мяне ў пограб хлопцы прыбягалі хавацца, калі самалёты наляталі. Адзін раз пачалася бамбёжка, мы пахаваліся. Узводны прыбег, разяпіў дзверы й стаў сарамаціць нас: «Ну і ваякі — у склеп зашыліся, палахліўцы. На перадавую б вас!» I якраз бомба паблізу разар-валася. Яго ззаду — шах асколкам, ён і ўпаў, забіла.
— Відаць, падчас бамбёжкі руку пакурожыла? — Малінін надзіва стрыманы, у гаворку асабліва не ўстраваў, і гэта зразумела: дзядзька Мікіта хоць і не вельмі пахваляўся, аднак не-не ды ставіў сябе здатнейшым за іншых, сваю прыродную кемлівасць падкрэсліваў пастаянна, а Малінін, як мне падалося, не цярпеў выхвалякаў.
— За Дняпром раніла, — казаў далей дзядзька Мікіта. — Значыць, выбілі немца з траншэй, занялі плацдарм. Нас паслалі ачышчаць акопы. Загружаны былі поўнасцю — хапала і нямецкіх салдат, пабітых, і нашых... Трупы ўбралі, сталі падраўноўваць брустверы, і тут мая лапатачка — стук аб нешта. Ці якая граната была, ці галоўка снарадная... Я толькі ўправіўся прыгнуцца, так бы знесла галаву. Руку здорава пасекла. Мяне — у медсанбат. А там як павезлі, дык затарабанілі ажно ў Валынск. Тры месяцы прабыў. Заражэнне пайшло, хацелі адцяпаць кісць, ды я не даўся.
Малінін сказаў да бацькі:
— Чуеш, Герасім, як паступіў твой брат?.. Не даўся — і цяпер з рукой.
— Мне спачатку па локаць аднялі, куцобка была, і я рады быў гэтаму, — бацька хітнуў бязрукім плячом. — Але як узяліся рэзаць, дык і сустаў выкруцілі — гангрэна пачыналася... Выбару не было.
Дзядзька Мікіта глянуў на бацьку — даў зразумець, што ён не ўсё яшчэ расказаў.
— Пасля шпіталю адправілі на ваенны завод, прызначылі слесарам у механічны цэх, — працягнуў свой аповед. — Пры заводзе вучэбка — школа аўтамеханікаў. I якраз пасялілі мяне з абслугай гэтай школы. Суседзямі маімі былі пісар і цырульнік. Пісар чабатаром да вайны рабіў, боты шыў. А цырульнік — гэты прымазаўся да школы, абы на фронт не загрымець. Стане стрыгчы — абалваніць, як авечку... I вот — у школе танцы, вечар выпускны. Старшына Пасынкаў купіў перад гэтым гарманёшку, ды яна крыху падпорчаная была. Я парамантаваў, зайграў. Ён пачуў і ацаніў маё гранне — запрасіў на вечар за музыканта. А пагаліцца не было чым. Цырульнік наш так абскобліць, што змардуе ўвесь твар. Я кажу хлопцам:
«Можа б, знайшлі мне кусок штыха — брытву зраблю. Як-раз і прычахморымся ўсе. Танцаваць будзем».
Пісар высмеяў мяне:
«Ты хоць бы нож які, тупіцу, зрабіў. Няма чым бульбу абіраць».