Як чакаць, дык і гадзіна мінула, і другая; можа, і болей часу прайшло — гадзінніка ў нас не было, — а мы ўсё ніяк не маглі дачакацца «сваёй» спадарожнай машыны.
Манатонна гудуць тэлефонныя правады. Ім туруюць камары. Рознагалосна, бязладна — хто як выцінае. Але ж быту нам яны не давалі — сляпіцай лезлі, нахабы, у вочы, у вушы. Мы развялі цяпельца, і камарыныя атакі прыкметна аслаблі. А бабёр знаў сваё: варта было адступіцца, пакінуць без прыгляду — адшчэпіны так і ляцелі ў бакі. Вельмі ж прагнуў свабоды нявольнік наш. I не спадзяваўся, пэўна, не здагадваўся, што свабоду ўсё ж ён атрымае, адно замест балотнай канавы давядзецца абжываць паўнаводную сібірскую раку.
Так усю ноч і праседзелі на абочыне. I недзе апоўдні трапілі ў Чэрыкаў. Малінін, калі ўбачыў бабра ў непазнавальна зглямежанай лавушцы, здзівіўся:
— Ай-я-я-й, і нічым не ўкрыты... Гэта я вінаваты — забыў табе, Герасім, сказаць, што бабёр святла баіцца. I як жа ты яго ўтрымаў у гэтай сваёй лазянцы?
— Не даваў... Пачне бушаваць — сцябну па мысе хлабазінкай, ён і аціхае.
— Цяпер, брыгадзір, ведай: няма ў што лавушку агарнуць — Порткі здзень, сарочку, а так не пакідай. Для бабра і перагрэў страшны. Пабудзе на сонцы з паўгадзіны — і ўсё, ужо ён не жылец.
Малінін перасадзіў нашага першынца ў стацыянарную клетку, тут жа наліў у паілку вады, апусціў вечка і заплікнуў на зашчапку. Да скабы, на якой трымалася зашчапка, прывязаў фанерную бірку, дзе пазначыў пол бабра, яго афарбоўку і хто злавіў.
Нечым яны спадабаліся адзін аднаму: Малінін — бацьку, а бацька — Малініну. I што — нават умовіліся сумесна і баброў лавіць, і базай кіраваць. Дакладней, Малінін папрасіў бацьку памагчы ўпарадкаваць бабровую гаспадарку, і праз два дні нядаўна заснаваная база ў хлеўчуку на ўскраі горада ператварылася ў абнесены драцяной сеткай шырокі падворак.
Я за гэты час пасябраваў з Валодзем Братчанкам, студэнтам заатэхнікума. Прыехаў Валодзя з Масквы. Тут, на базе, ён будзе за практыканта. Мне спадабаўся — надзіва адкрыты, абаяльны. Паслухаць яго, дык ведае пра баброў, здаецца, усё: і як правільна іх браць рукамі, каб пазбегнуць укусаў, і колькі дзён зняволены звер будзе адмаўляцца ад ежы, і што ён, гэты звер, даволі няблага арыентуецца ў самых неверагодных абставінах, праўда, калі знаходзіцца ў абжытым вадаёме, ва ўмовах, да якіх прызвычаіўся ўжо; і што ў малым узросце вельмі ж цікаўны й даверлівы, — бывае, бярэ з рук чалавека ласункі, і што ўвогуле бабёр незлапомны й ціхі, высакародны, не такі пранырліва-прыткі, як выдра ці норка, і хутка прывыкае да няволі, асабліва калі дагаджаюць яму: зроблена адментнае жытло, своечасова падаецца любімы корм і свежая вада.
Валодзя нават сцвярджаў, нібыта афарбоўка бабра ў асноўным залежыць ад якасці й хімічнага саставу вады. Трэба ж, падзяліў баброў на балотных — рыжых, так званых канадскіх, і на рачных — чорных, еўрапейскіх. Атрымлівалася, быццам сама прырода паклапацілася за бабра: чорны — амаль нябачны ў рачной, чыстай вадзе, рыжы — па колеру блізкі да балот-най, настоенай на торфе. Зрэшты, ён жа, Валодзя, ужо на другі дзень пасля таго, як быў залічаны ў штатныя работнікі базы, спрабаваў пераканаць Малініна ў тым, каб паіць баброў не калодзежнай сцюдзёнкай, а браць з Сожа ваду, у якой, лічыў будучы заолаг, арганічных рэчываў, карысных для бабра, значна больш. Малінін і блізка не ўсумніўся ў арганічных рэчывах: так, іх багата ў рацэ, аднак жа стае там і хімічных канцэрагенаў — Сож парадкам забруджаны ўсялякімі адходамі прамысловага Крычава дый Чэрыкава таксама.
— Вада з прамысловымі сцёкамі ўздзейнічае не столькі на колер, як на якасць бабровага футра — ад брудзі яно хутка лямчыцца, каржэе і, несумненна, выдае непрыгожым, — слушна даводзіў Малінін. — Нехлямяжы бабёр, калі й не хворы, дык надта блашывы, худы. I нас гэтакі экзэмпляр, разумеецца, задаволіць не можа.
— Выходзіць, бабры таксама хварэюць? — спытаў заклапо-чана бацька.
— Жывучы на волі, хварэюць рэдка. — Малінін нарыхтаваўся закурыць: дастаў з кішэні цыгарэты, запалкі. — Пры ўмове, што ім не шкодзіць чалавек: не атручвае вадаём і навакольную расліннасць, не страляе і не ставіць на бабровых сцежках наструненыя капканы. — Узрушыўся. — Я што заўважыў тут: людзі бязбожна сякуць на дровы й для ўсякіх там кашоў-пляцёнак берагавы лазняк. I ніхто за гэта нікога не штрафуе. А па-мойму, за адзін знішчаны прыбярэжны парастак лазы трэба наказваць гэтак жа, як і за спілаваную сасну.
— З чаго ж тады карзіны плясці? — Бацька глядзеў на Малініна, як на дзівака. — У нас тут дазволена лазовую кару сушыць і здаваць... Жывыя грошы.
— Лазовыя шаты прырэчных лугоў — бабровая вотчына! — У Малініна знаёма заторгаліся губы й нос. — Што ж атрымліваецца? Мы, людзі, свядома глумім кармавыя запасы баброў, так?.. Свядома! Таму і рэдкі гэты звер, таму і выміраючы. Якія ж мы гаспадары?!. — I — да бацькі: — Няўжо табе, Андрэевіч, карзіна мілей за бабра? Хм, лазняк прыносіць грошы... Не чакаў.
— Дык жа, Аляксандравіч, мне і карзіна трэба!
— Далася яна табе, карзіна!.. Я хіба супраць? Пляціце гэтыя свае кашы-карзіны, хоць і на продаж, але ж, чорт пабяры, умейце быць гаспадарамі на зямлі, а не бяздумны жыўцамі!.. Паслухай-ка, Андрэевіч, паслухай, — гарачыўся Малінін. — У той жа Амерыцы паблізу рэчак і азёраў, дзе жывуць бабры, на адлегласці ста метраў нават трава не выкошваецца, не тое што лазняк сякуць. А ў нас?.. Ат, — махнуў ён рукой, апанурыўся.
— Скажы, Аляксандравіч: смажаніна з бабра смачная? — Пецька, аматар добра паесці, клапаціўся, як відаць, перш-наперш за свой страўнік.
— Не каштаваў, — ціха буркнуў Малінін. I — памяркоўна, ужо наўздзіў спакойна: — Вядома, што царкоўнікі спакон веку лічылі бабра адной з разнавіднасцей рыб і ў пост бабровае мяса елі, канешне, напоўніцу. Дабытчыкам баброў для духавенства выдаваліся спецыяльныя ліцэнзіі-граматы, дзе ўказвалася, што ім сам Бог дазваляе забіваць рыбнага звера. Але варта было каму іншаму трапіць з такой каштоўнай дабычай у рукі служкам закону, небараку без суда ссылалі на катаргу або, калі падыходзіў узрост, здавалі ў салдаты. Царкоўнікі з вырабленага бабровага футра шылі жаночыя і мужчынскія шапкі, каўняры, шубы. Праўда, шубы атрымліваліся даволі цяжкія, і апраналі іх звычайна падчас зімовых выездаў у санях.
— Яно і мне, шафёру «Заацэнтра», такая шуба, думаю, не зашкодзіла б. Аднак я — чалавек бязбожны, і мушу прызнацца вам, хлопцы: задаволюся шапкай з бабра ды каўняром. Так сказаць, прашу гэта ўлічыць і помніць. — Пецька надзіва шчыры ў сваіх жаданнях і нязвычна адкрыты ў думках. — Я спадзяюся, Аляксандравіч, на цябе — ты ж паабяцаў. А так — нявырушна мне толькі за камандзіровачныя і зарплату мудохацца тут, пуп надрываць, цягаючы клеткі з гэтымі малахольнымі грызунамі. Я, можа, баюся іх, баюся!
Малінін спадылба зіркнуў на Пецьку, але тут жа ўсміхнуўся і папіхнуў яго ў плячук, сказаў да ўсіх нас:
— Вы толькі гляньце — перад вамі самы што ні ёсць патэнцыяльны браканьер, а корчыць з сябе — падумаць страшна! — Яўгенія Анегіна: каўнер яму бабровы падавай! I гэта яшчэ не ўсё, — трубна рагатнуў і зноў даў Пецьку таўхаля. — Наш гурман, ён жа — Пётра Іванавіч Хвост, прагне закусіць шашлыком з бабраціны!
Пецька парыўна ўскочыў з услона і замахаў рукамі:
— Цьфу! Слухаць нават брыдка... Аляксандравіч, як можна так жартаваць?!. Бабра я стану есці?.. Ён жа, чорт, страшна смярдзючы. Не-е, я не царкоўнік, не поп і не дзяк. Я ўжываю мяса толькі парнакапытных, — правая рука яго шырокай распасцёртай даланёй легла на жывот. — Ну, калі чэсна, дык люблю яшчэ і трусяціну маладую, зайца, вымачанага ў мадэры. Самачка лепей. Яе мяса больш далікатнае, — пры гэтым закаціў вочы пад лоб і прагавіта каўтнуў сліну. — I ад свойскай птушкі таксама не адмоўлюся, роўна як ад баравой — цяцёркі, глушца, касача... Ых, смажаная касачовая грудзінка ў грыбным соусе са смятанай — гэта ж верх асалоды, казка! — I нечага раптам засмуціўся, як не з плачам дадаў: — Я ўсё і ўсіх люблю, апрача свайго прозвішча... Ды яшчэ, прызнацца, баброў не ўзлюбіў за іх дурацкія хвасты. Глядзіш на каторага, дык ён гэтым сваім плескачом усё роўна як насміхаецца з мяне, дражніць... Не хвост — брыдоцце!
Мы ў ахвотку пасмяяліся з Пецькавых, як бацька сказаў, фантазій. Па-мойму, ён і пра шапку з каўняром хлусіў — проста так, абы не маўчаць.
Малінін з бацькам закурылі, адышліся і сталі аб чымсьці гаварыць. Памяркоўна, заклапочана. Валодзя прапанаваў мне схадзіць з ім разам пакупацца. Тут жа і Пецька прыкампаніўся да нас. Ён трымаў у руках мыльніцу, плаўкі й махрастую, як абрус, уцірку, калі Малінін махнуў яму рукой і паказаў на машыну:
— Запраўляйся, паедзем да Міхалькова... А вы, — гэта значыць, Валодзя і я, — напаіце баброў, памерайце тэмпературу ў кожнага і пачынайце клеткі збіваць. Ды каб усё было якасна, праверу! — Жартам кінуў бацьку: — Андрэевіч, не давай ім тут сачкаваць.
Пецька падудукаў. Малінін няспешна сеў у кабіну.
За даабеддзе мы ўправіліся скляпаць з нарыхтаваных загатовак, што ярусам ляжалі ўсцяж прасла, больш за дзесяць клетак, і цяпер усіх стала ўжо каля пяцідзесяці. Чатыры з гэтых, новых, забярэм з сабой у Чырвоную Слабаду, на Проню, дзе мусім быць калі не заўтра ўранні, дык недзе а другой палавіне дня. Так вырашылі бацька з Малініным яшчэ ўчора вечарам.
Але ж мы й пакупацца таксама збегалі, балазе Сож недалёка — у канцы сотак Івана Пагаркі, гаспадара падворка і хлеўчука, дзе размясцілася база. Меў ён, Пагарка, і сваю маторную лодку, не надта каб вялікую, але даволі ўстойлівую, плыткую. У гэтай лодцы вазіў дровы, сена, перапраўляў з берага на бераг у кірмашовыя дні людзей.